Юрый Захаранка

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Юрый Мікалаевіч Захаранка
Захаранка Юрый.gif
Сцяг Міністр унутраных спраў Беларусі Сцяг
28 ліпеня 1994 — 16 кастрычніка 1995
Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка
Кіраўнік урада Міхаіл Чыгір
Папярэднік Уладзімір Ягораў
Пераемнік Валянцін Агалец

Нараджэнне 4 студзеня 1952(1952-01-04)[1]
Васілевічы, Рэчыцкі раён, Гомельская вобласць, Беларусь
Смерць 7 мая 1999(1999-05-07) (47 гадоў)
Месца пахавання
  • невядома
Жонка Вольга Захаранка
Нацыянальнасць беларус
Партыя АГП
Адукацыя
Дзейнасць палітык
Званне генерал, генерал-маёр і палкоўнік
Commons-logo.svg Юрый Захаранка на Вікісховішчы

Юрый Мікалаевіч Захаранка (1 студзеня 1952, Васілевічы, Рэчыцкі раён, Гомельская вобласць, Беларусь — 7 мая 1999) — міністр унутраных спраў Рэспублікі Беларусь (1994 — 1995).

Дэманстранты ў Варшаве з партрэтамі загінулых беларускіх палітыкаў, 12 снежня 2003 года. Партрэт Юрыя Захаранкі першы злева.
Дэманстрацыя ў Варшаве ў памяць загінулых, 7 ліпеня 2004 года.

Біяграфія

У 1977 г. скончыў Валгаградскую вышэйшую школу МУС СССР. З 1977 года — следчы ў Светлагорску, Гомелі, начальнік следчага аддзела. У 1987 г. скончыў Акадэмію МУС СССР. З 1989 г. — намеснік начальніка УУС Гомельскага аблвыканкама. У 1990 г. удзельнічаў у апошнім XXVIII з’ездзе КПСС. З 1991 г. — намеснік начальніка Міжрэгіянальнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю МУС СССР. З 1992 г. — начальнік Следчага ўпраўлення, затым Следчага камітэта МУС РБ. У час прэзідэнцкіх выбараў 1994 году быў у выбарчым штабе кандыдата Аляксандра Лукашэнкі.

Пасля перамогі А. Лукашэнкі на выбарах указам Прэзідэнта № 11 ад 28 ліпеня 1994 г. Ю. Захаранка прызначаны Міністрам унутраных спраў Рэспублікі Беларусь. Указам Прэзідэнта ад № 22 ад 5 жніўня 1994 г. палкоўніку міліцыі Ю. Захаранка прысвоена чарговае званне генерал-маёра ўнутранай службы. Указам Прэзідэнта ад № 47 ад 12 жніўня 1994 г. зацверджаная калегія Міністэрства ўнутраных спраў, а Ю. Захаранка прызначаны яе старшынёй.

Падначаленыя яму падраздзяленні МУС у красавіку 1995 года ўдзельнічалі ў збіцці дэпутатаў Вярхоўнага Савета 12-га склікання, якія пратэставалі супраць правядзення рэфэрэндуму ў Беларусі, а ў жніўні 1995 разагналі страйк работнікаў Мінскага метрапалітэну[2].

Указам № 425 ад 16 кастрычніка 1995 Ю. Захаранка вызвалены ад пасады міністра з фармулёўкай «за дапушчанае грубае парушэнне фінансавай дысцыпліны, якое выявілася ў нямэтавым выкарыстанні бюджэтных сродкаў», в.а. міністра ўнутраных спраў быў прызначаны Віктар Шэйман, а 20 снежня 1995 г. міністрам унутраных спраў быў прызначаны Валянцін Агалец. Указам № 149 ад 16 красавіка 1996 г. Ю. Захаранка быў паніжаны ў званні да палкоўніка і звольнены з МУС РБ.

" Проверкой, проведенной в соответствии с поручением Президента Республики Беларусь от 18 сентября 1995 г., установлено, что бывший Министр внутренних дел Республики Беларусь генерал-майор внутренней службы Захаренко Ю. Н. при осуществлении внепланового капитального ремонта и переоборудования филиала гостиницы Министерства внутренних дел (пос. Ждановичи) допустил грубое финансовое нарушение, выразившееся в нецелевом использовании бюджетных средств в размере 8,9 млрд рублей, а также не принимал действенных мер по борьбе с преступностью в республике[3].

"

Меркавалася, што перад гэтым Захаранка выказаў незадаволенасць прызначэннем сваім намеснікам супрацоўніка КДБ і іншымі кадравымі рашэннямі Аляксандра Лукашэнкі ў сістэме МУС. Журналістам таксама стала вядомая гісторыя канфлікту паміж Юрыем Захаранкам і тагачасным начальнікам упраўлення справамі прэзідэнта Іванам Ціцянковым, апошні прасіў міністра прыслаць салдатаў унутраных войск для працы на будоўлі катэджаў, але Захаранка ў рэзкай форме адмовіў[4].

Пасля звальнення Юрый Захаранка займаўся стварэннем Саюза афіцэраў. Актыўна ўдзельнічаў практычна ва ўсіх публічных акцыях апазіцыі. З 1996 г. — член Палітрады Аб’яднанай грамадзянскай партыі. З лютага 1998 г. у складзе Нацыянальнага выканаўчага камітэта, створанага апазіцыяй — старшыня камітэта па бяспецы. Жанаты, мае дзвюх дачок.

Знікненне і расследаванне

Бясследна знік 7 мая 1999 г. У 2000 г. сям’я Ю. Захаранкі пакінула Беларусь і атрымала палітычны прытулак у Германіі. У студзені 2003 г. Пракуратура г. Мінска прыпыніла расследаванне крымінальнай справы па факце знікнення Ю. Захаранкі. Колішні начальнік СІЗА № 1 Алег Алкаеў, выказаў здагадку, што Юрый Захаранка быў выкрадзены і расстраляны[5][6]. Патрабаванне расследвання знікнення Ю. Захаранкі — адно з асноўных патрабаванняў беларускай апазіцыі, яно таксама прысутнічае ў дакументах міжнародных арганізацый. У датычнасці да знікненняў Юрыя Захаранкі, а таксама Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага і Дзмітрыя Завадскага падазраюцца былы генеральны пракурор і былы Дзяржсакратар Савета бяспекі Віктар Шэйман, былы міністр унутраных спраў Юрый Сівакоў і былы камандзір СОБРа Дзмітрый Паўлічэнка, у дачыненні да іх з 2004 года дзейнічаюць санкцыі Еўрасаюза і ЗША[7].

У 2014 г. маці экс-міністра Ульяна Захаранка звярнулася са скаргай у Камітэт правоў чалавека ААН, у якой даводзіла, што ўлады Беларусі наўмысна зацягваюць расследаванне справы яе сына, у т. л. не інфарміруюць пра захады, каб знайсці тых, хто яго выкраў, і пакараць іх паводле закону. У красавіку 2017 г. Камітэт па правах чалавека ААН пастанавіў, што Беларусь павінна прыняць рашэнне аб завяршэнні расследавання і перадаць справу ў суд не пазней за 180 дзён[8]. Ульяна Рыгораўна Захаранка беспаспяхова падавала заяву аб прызнанні сына памерлым; сама яна памерла ў 2018 на 95-м годзе жыцьця[9].

Версія Юрыя Гараўскага

16 снежня 2019 года «Нямецкая хваля» апублікавала відэа, ў якім 41-гадовы Юрый Гараўскі, які назваў сябе байцом беларускага спецыяльнага атрада хуткага рэагавання, распавёў, як удзельнічаў у выкраданні і забойстве праціўнікаў Аляксандра Лукашэнкі ў 1999 годзе[10].

Пасля таго як Гараўскі трапіў у аўтамабільную аварыю ў Беларусі, якую ён палічыў замаха, ён збег з краіны ў кастрычніку 2018 года і папрасіў палітычнага прытулку. З 1999 па 2003 год служыў пасля войска ў спецыяльным атрадзе хуткага рэагавання Унутраных войскаў МУС Беларусі, быў намеснікам камандзіра групы, асабіста ўдзельнічаў у выкраданнях і забойствах. Паводле яго словаў, гэта адбывалася паводле вусных загадаў, ніякіх пісьмовых дакументаў не было[10].

У інтэрв’ю ён сцвярджаў, што 7 мая 1999 года байцы спецыяльнага атраду хуткага рэагавання Унутраных войскаў МУС Беларусі выкралі ў цэнтры Мінска былога міністра ўнутраных Юрыя Захаранку. На вусны загад Дзмітрыя Паўлічэнкі перад выкраданнем за ім прыблізна паўтра тыдні сачыла група з васьмі чалавек, яны ведалі дзе Захаранка паставіць сваю машыну і колькі метраў яму ісці ад стаянкі да хаты. У той дзень яны прыехалі ў раён вуліцы Варанянскага на двух машынах — BMW 525 чырвонага колеру і Opel Omega цёмнага колеру. Чатыры байцы атраду спынілі па дарозе дадому Захаранку, які быў адзін, без аховы, прадставіўшыся супрацоўнікамі міліцыі. Паводле словаў Гараўскага ён быў у машыне з Паўлічэнкам, з імі таксама сядзелі Юрый Барадач і Сяргей Шкіндэраў. У іншай машыне — Дзмітрый Карповіч, Наваторскі, Кажэўнікаў, Панкоў і Аляксей Румянцаў. Румянцаў і Карповіч сталі ў пачатку і канцы дома. Гараўскі і Шкіндэраў, калі даведаліся, што Захаранка прыпаркаваўся і пайшоў у бок дома, пайшлі за ім, а Кажэўнікаў і Панкоў пайшлі яму насустрач. Захаранка не супраціўляўся, толькі сказаў выкрадальнікам у машыне, каб зрабіла так, каб не было балюча. Яшчэ ў машыне яму надзелі на галаву «балдахін», які закрываў вочы[10].

Захаранку прывезлі на вучэбную базу ўнутраных войскаў у раёне Валоўшчыны пад Мінскам. Яго забілі са спецыяльнага пісталета з глушыльнікам, які выкарыстоўваецца для выканання смяротных прысудаў у Беларусі. У інтэрв’ю Гараўскі сцвярджае, што страляў асабіста Паўлічэнка, былі зроблены два выстралы ў раён сэрца. Пасля забойства цела павезлі ў Мінск, на МКАДзе машына завярнула ў бок Паўночных могілак. Камандзір атраду Дзмітрый Паўлічэнка завёз цела ў крэматорый. Што адбылося з целам далей — невядома[10].

Зноскі

  1. Кто есть кто в Республике БеларусьBiałystok: Podlaski Instytut Wydawniczy, 2000. — С. 290. — 313 с. — ISBN 978-83-913780-0-7
  2. svaboda.org
  3. Указ Президента Республики Беларусь от 16 апреля 1996 г. № 149, г. Минск. «О понижении в специальном звании бывшего Министра внутренних дел Республики Беларусь Захаренко Ю. Н. за грубое финансовое нарушение и упущение в работе.»
  4. svaboda.org
  5. Алкаев О. Расстрельная команда. — М. Партизан. 2006. — 288 с. ISBN 5-91114-003-9
  6. svaboda.org
  7. svaboda.org
  8. Паўгода на справу Захаранкі: ААН абавязала завяршыць расьсьледаваньне гучнай справы і перадаць яе ў суд
  9. Памерла Ульяна Захаранка — маці зніклага апазіцыянера Юрыя Захаранкі. Еўрапейскае радыё для Беларусі (14 мая 2018). Праверана 14 мая 2018.
  10. 10,0 10,1 10,2 10,3 Што былы спэцназавец расказаў пра забойствы апанэнтаў Лукашэнкі. Сьцісла

Літаратура

  • Захаренко Юрий Николаевич // Кто есть кто в Республике Беларусь: Электронный справочник; БДГ on-line. — Эл. ресурс bdg.by

Спасылкі