Перайсці да зместу

Канстанцыя Арагонская

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Канстанцыя Арагонская
Constanza de Aragón y Castilla
каралева-кансорт Венгрыі
1198 — 1204
Папярэднік Маргарыта Французская
Пераемнік Гертруда Меранская
каралева-кансорт Германіі
9 снежня 1212/5 ліпеня 1215 — 23 красавіка1220
Папярэднік Марыя Брабанцкая
Пераемнік Іяланта Іерусалімская
імператрыца Свяшчэннай Рымскай імперыі
22 лістапада1220 — 23 чэрвеня1222
Папярэднік Марыя Брабанцкая
Пераемнік Іяланта Іерусалімская

Нараджэнне 1179
Смерць 23 чэрвеня 1222
Месца пахавання
Род Арагонская (па нараджэнні)
Арпады (па першым мужу)
Гогенштаўфены (па другім мужу)
Бацька Альфонса II Цнатлівы[1]
Маці Санча Кастыльская[d][1]
Муж Імрэ[d][1][2] і Фрыдрых II, імператар Свяшчэннай Рымскай імперыі[1][2]
Дзеці Генрых VII Гогенштаўфен[1][3] і Ласла III[1]
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Канстанцыя Арагонская (1179 — 23 чэрвеня 1222 года, Катанія) — прынцэса з Арагонскага каралеўскага дому (Барселонская дынастыя). У першым шлюбе — каралева Венгрыі, у другім — імператрыца Свяшчэннай Рымскай імперыі, каралева Германіі і Сіцыліі.

Каралева Венгрыі

[правіць | правіць зыходнік]

Канстанцыя — дачка арагонскага караля Альфонса II і Санчы Кастыльскай, сястра Педра II Арагонскага. У 1198 годзе Канстанцыя была выдадзена замуж за венгерскага караля Імрэ, якому нарадзіла сына Ласла (1199). 26 жніўня 1204 года Імрэ каранаваў свайго малалетняга сына Ласла III для забеспячэння бесперашкоднага пераходу ў спадчыну прастола. Андраш, брат і неаднаразовы праціўнік Імрэ, быў прызначаны рэгентам да паўналецця Ласла.

Пасля смерці Імрэ (30 лістапада 1204 года) Ласла III быў прызнаны каралём, але Андраш фактычна трымаў Канстанцыю і яе сына пад хатнім арыштам. У выніку Канстанцыя была вымушана бегчы са сваім сынам у Вену, пад абарону герцага Леапольда VI Аўстрыйскага. 7 мая 1205 года Ласла III памёр у Вене, а яго дзядзька Андраш II узыйшоў на венгерскі прастол. Канстанцыя, якая страціла сына, была накіравана Леапольдам у Арагон.

Жонка імператара Фрыдрыха II

[правіць | правіць зыходнік]

Пасля вяртання ў Арагон Канстанцыя правяла наступныя чатыры гады (1205—1209) у манастыры Нуэстра Сеньёра ў Сіхене, заснаваным яе маці-ўдавой каралевай Санчай Кастыльскай.

Брат Канстанцыі Педра II жадаў скасавання свайго шлюбу з Марыяй Манпелье. Папа Інакенцій III у якасці адной з умоў сваёй згоды прапанаваў выдаць Канстанцыю за свайго падапечнага — сіцылійскага караля Фрыдрыха Гогенштаўфена. Педра II прыняў прапанову Папы, і Канстанцыя адправілася на Сіцылію.

Саркафаг Канстанцыі ў саборы Палерма
Тыяра Канстанцыі (захоўваецца ў рызніцы сабора Палерма

15 жніўня 1209 года Фрыдрых і Канстанцыя пабраліся шлюбам у кафедральным саборы Месіны ці 19 жніўня ў Палерма. Канстанцыя была старэйшай за свайго другога мужа на 15 гадоў. Затое дзякуючы пасагу Канстанцыі — атраду ў 500 воінаў (зрэшты, неўзабаве большасць іх памерла ад эпідэміі), Фрыдрых змог пакласці канец смутам, якія скалыналі Сіцылію ў перыяд яго маленства. У 1211 годзе Канстанцыя нарадзіла Фрыдрыху сына і меркаванага спадчынніка Генрыха (1211—1234) (пазней ён будзе арыштаваны бацькам за здраду і памрэ ў зняволенні).

У 1212-1215 гадах Фрыдрых вёў барацьбу з Атонам IV Вельфам за імперскую карону. 9 снежня 1212 года Фрыдрых быў каранаваны ў якасці караля Германіі, да 1215 годзе яму ўдалося выцесніць Атона IV. 22 лістапада 1220 года Фрыдрых і Канстанцыя былі каранаваны Папам Ганорыем III імперскай каронай. Падчас працяглай адсутнасці мужа (1212—1220) Канстанцыя кіравала Сіцылійскім каралеўствам у якасці рэгенткі. Прыехала ў Германію ўвосень 1216 г.

Канстанцыя памерла ў Катаніі 23 чэрвеня 1222 года. Яна адзіная з жонак Фрыдрыха II была ганаравана гонарам быць пахаванай у сталічным саборы Палерма (наступныя жонкі пахаваны ў Андрыі), у старажытнарымскім саркафагу. Пры распячатванні саркафага ў 1491 годзе ў саркафагу Канстанцыі была выяўлена раскошная тыяра, якая захоўваецца цяпер у рызніцы сабора.

Зноскі

  1. а б в г д е Kindred Britain
  2. а б (unspecified title) Праверана 7 жніўня 2020.
  3. Lundy D. R. The Peerage
  • Вис Эрнст В. «Фридрих II Гогенштауфен», М., АСТ, 2005