Касцёл Святога Міхала Арханёла і кляштар бернардзінак (Вільнюс)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Славутасць
Касцёл Святога Міхала Арханёла і кляштар бернардзінак
54°40′58″ пн. ш. 25°17′32″ у. д.HGЯO
Краіна  Літва
Месцазнаходжанне
Канфесія каталіцтва
Епархія Архідыяцэзія Вільнюса
Архітэктурны стыль архітэктура барока[d]
Архітэктар Джавані Батыста Джызлені[d]
Дата заснавання 1495
Будаўніцтва 15941625 гады
Матэрыял цэгла
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Касцёл Святога Міхала Арханёла і кляштар бернардзінак (літ.: Švento Mykolo bažnyčia) — рымска-каталіцкі культавы комплекс у Вільнюсе. Размешчаны ў Старым горадзе, паблізу ансамбля касцёлаў бернардзінцаў і Святой Ганны, на процілеглым боку вуліцы Майронё (Майроніса) каля скрыжавання вуліц Бярнардзіну (Бернардзінскай) і Андрыуса Волана (Андрэя Волана), па адрасе вуліца Швянта Мікала (Святога Мікалая), 9 (Šv. Mykolo g. 9). Ансамбль манастыра, які ўключае будынкі касцёла, кляштара і яго гаспадарчых пабудоў, агароджу, браму са званіцай і рэшткі галерэі, уключаны ў Рэгістр культурных каштоўнасцей Літоўскай Рэспублікі і ахоўваецца дзяржавай як аб’ект нацыянальнага значэння (код 764)[1]. Цяпер у храме размяшчаецца Музей царкоўнай спадчыны[2].

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Кляштар бернардынак быў заснаваны ў 1495 годзе дачкой віленскага ваяводы Ганнай Аляхновіч, якая стала ігуменняй. Знаходзіўся на Зарэччы, за ракой Віленкай (манашкі называліся бернардзінкі зарэцкія, або кларыскі). Свайго касцёла манашкі не мелі, карысталіся бернардзінскім.

Фундацыя касцёла святога Міхала і перанос кляштара[правіць | правіць зыходнік]

Распаўсюджана паданне, што Леў Сапега, які ў 1594 годзе набыў у Валовічаў кавалак зямлі з палацам (насупраць касцёла Святой Ганны і бернардзінскага касцёла)[3],

праз акно назіраў за манашкамі з Зарэчча, якія са свайго беднага і сціплага кляштара, па шчыкалатку ў гразі і штурхаючыся з мінакамі, пад дажджом ішлі праз мост на службу ў бернардзінскі касцёл. Гетман злітаваўся над беднымі манашкамі, бачачы, якія прыкрасці ім даводзіцца цярпець, ходзячы па некалькі разоў на дзень у чужую царкву, і неўзабаве задумаў высакародна дапамагчы ім, пабудаваўшы жаночы кляштар з касцёлам[4].

У 1594—1596 гадах Леў Сапега перарабіў свой палац пад кляштар, дакупіў некалькі дамоў і пляцаў і заснаваў касцёл св. Міхала Арханёла. У сваім прывілеі (1 кастрычніка 1599 года, віленскі капітул) канцлер запісаў:

А значыць, да гонару і хвалы Усемагутнага Бога, Найсвяцейшай Дзевы Марыі і Усіх Святых, на маёй уласнай зямлі, месцы і плошчы ў горадзе Вільні на рацэ Віленка побач з касцёлам і кляштарам бернардзінцаў св. Францішка абсервантаў, на вуліцы Зарэчнай, я пабудаваў мураваны з цэглы касцёл каталіцкага веравызнання пад тытулам св. Міхала Арханёла, пры гэтым касцёле таксама кляштар манашак рэфармаваных Св. Францыска, трэцяга правіла, за свой уласны кошт, з мноствам упрыгожванняў, золатам, срэбрай і вопраткай я забяспечыў, упрыгожыў, з розумам і прадпрымальнасцю, каб зрабіць вечную і незваротную аснову з маіх уласных дабротаў для жыцця і адзення 24 манашак у гэтым кляштары[4].

Адзінаю ўмоваю фундацыі было маленне за караля, сенат, усю краіну і за сям’ю фундатара. На пражыццё і адзенне 24 манашак Сапега запісаў мястэчкі Стары Лепель, Белы (Новы) Лепель з вёскамі Стаі, Лепль, а таксама Бела, Бароўна, Залессе, Слабада, Зорніца, Зежлін, Пелевіж у Полацкім ваяводстве і Кежы ў Віленскім. 29 красавіка 1596 года бернардзінкі з працэсіяй перайшлі з Зарэчча ў новы кляштар. Канцлер падараваў у галоўны алтар касцёла старажытны абраз Маці Божай («Мадонна Сапегаў»). Дзякуючы шчодрасці Сапегаў кляштар лічыўся адным з самых багатых кляштараў кларысак у свеце.

Мадонна Сапегаў

Хоць кляштар быў зафундаваны для 24 манашак, часам іх колькасць дахадзіла да 30-ці.

На фасадзе касцёла пазначаны 1625 год, але кансекрацыя адбылася 8 верасня 1629 года.

У 1633 памёр фундатар касцёла і кляштара Леў Сапегі, ён загадзя пабудаваў пад прэзбітэрыем прасторны склеп для сябе і сваёй сям’і, дзе хацеў быць пахаваным. Воля нябожчыка была ўрачыста выканана і 21 ліпеня адбылося пышнае пахаванне знакамітага канцлера ў прысутнасці караля Уладзіслава IV, саноўнікаў, войска, прадстаўнікоў духоўных ордэнаў і незлічоных натоўпаў народу. Знутры царква была пакрыта паліяй, а ўнутры быў размешчаны катафалк, які ззяў тысячамі свечак і лампадаў і ўпрыгожаны эмблемамі, гербамі і надпісамі. Цела Сапегі паклалі на катафалк у бляшаную труну, пакрытую срэбранымі лістамі з гербам Сапегаў. Унізе ляжала гетманская булава, загорнутая ў крэп[4].

Касцёл стаў пахавальняй для Льва Сапегі, яго жонак Дароты Фірлей і Альжбеты Радзівіл, сыноў Крыштофа і Яна Станіслава, а таксама іншых прадстаўнікоў роду Сапегаў, іх жонак і дзяцей.

Канфлікт з кальвінскім зборам (1639—1640)[правіць | правіць зыходнік]

Насупраць касцёла св. Міхала ў першай палове XVII стагоддзя быў кальвінскі збор, іх школа, некалькі дамоў, дзе жылі пастары і некалькі іншых кальвіністаў. Такое суседства нараджала шмат канфліктаў з манашкамі. Паводле сведчанняў манашак, пададзеных у 1639 і 1640 гадах, кальвіністы спрабавалі крыкамі сарваць набажэнствы, якія праводзіліся ў касцёле св. Міхала або малітву цішыні ў кляштары. Акрамя таго, часта былі такія крыкі і словы, «што ні прамовяць сумленныя вусны, ні вушы сур’ёзнага сената не могуць пачуць без жаху». Акрамя таго, падчас каталіцкіх рэлігійных абрадаў кальвіністы вывешвалі пратэстанцкія харугві на сваім зборы. Магчыма, некаторыя з гэтых фактаў маглі мець месца, паколькі манашкі перанеслі свае келлі на другі бок кляштара, манастырскія вокны прама насупраць збора замураваны, а сцены вакол кляштара бернардзінак узведзены вышэй.

4 кастрычніка 1639 года нейкі Пякарскі са сваім слугой Родзевічам, будучы нападпітку, пачалі страляць з лука ў бок касцёла св. Міхала і манастыр. Адна страла ўваткнулася ў выяву св. Рафала на фасадзе касцёла, іншыя патрапілі ў сад і напалохалі манашак, якія маліліся і шпацыравалі.

Ян Булгак. Касцёл Святога Міхала. 1917 год.

Гэта выклікала рэакцыю з боку студэнтаў-езуітаў, а таксама радыкальных элементаў з гарадскога плебсу. На наступны дзень яны напалі на кальвінскі збор і прылеглую да яго школу і шпіталь. Евангелісты, аднак, з дапамогай пехоты віленскага ваяводы, здолелі адстаяць збор. Аднак зламыснікі знішчылі дах школы (кідаючы ў яго камяні), а таксама ўварваліся ў шпіталь, разбурыўшы яго абсталяванне і пазбівалі там людзей. 6 кастрычніка для абароны збора прыйшлося выкарыстоўваць агнястрэльную зброю. Падчас перастрэлкі загінулі двое католікаў, сакрыстыян касцёла св. Яна Анджэй Клачковіч, а таксама жабрак Якуб. Рэктара кальвінскай школы Ежы Гартліба, двойчы збівалі і скідвалі ў раку Вілейку. Таксама студэнты-іезуіты напалі на суседнюю камяніцу, якая належала французскаму пратэстанту, гандляру Якабу Дэзау і, зламаўшы браму, нарабавалі ў ёй дабро.

Разбіральніцтвы па гэтых замешках доўга цягнуліся, была створана асобная камісія, якая збірала сведчанні бакоў. Урэшцэ справа дайшла да Сената і мела сумныя наступствы для кальвіністаў. Дэкрэтам ад 25 чэрвеня 1640 года Уладзіслаў IV загадаў перанесці кальвінскі збор за гарадскі вал, каб у будучым прадухіліць спрэчкі і бойкі з-за блізкасці касцёла да кальвінскага збору і школы[5][6][7].

Гэты канфлікт стаў сюжэтам дэбютнай гістарычнай аповесці Юзафа Крашэўскага «Касцёл Святога Міхала ў Вільні» (першая публікацыя — 1833)[8].

Кляштар падчас расійскай акупацыі Вільні (1655)[правіць | правіць зыходнік]

Ян Булгак. Касцёл Святога Міхала і кляштар бернардынак.

Касцёл і кляштар моцна пацярпелі ў 1655 годзе падчас маскоўскай вайны. Яшчэ да таго, як непрыяцель захапіў Вільню, манашкі па загаду біскупа пакінулі горад і схаваліся на Падляшшы, у Юхнавіцах, але перад гэтым схавалі ў садзе больш каштоўныя рэчы — срэбра, посуд і прылады. У кляштары засталіся толькі настаяцельніца Дарота Сядлешчынская і пара манашак. Калі 10 жніўня 40 000 казакоў на чале з Залатарэнкам увайшлі ў Вільню, яны ўчынілі страшэнную бойню; потым, разрабаваўшы горад, спалілі яго. Частка жыхароў хавалася ў касцёлах — св. Міхала і бернардынаў, але і тут казакі іх забілі. Паводле тагачаснай бернардзінскай хронікі, загінула тады больш за 10 тысяч чалавек. Жорсткім спосабам была забітая настаяцельніца кляштара Дарота Сядлешчынская. Яе труп, які добра захаваўся, дагэтуль знаходзіцца ў склепе касцёла св. Міхала. Непрыяцель знайшоў і забраў частку схаваных манашкамі скарбаў і цалкам разрабаваў касцёл, але не крануў цудатворны вобраз Маці Божай, потым разрабаваў склеп, забраў каштоўную труну Льва Сапегі і абабраў трупы яго і яго сваякоў, якія цягнулі па вуліцах.

Пажар спустошыў горад, не пашкадаваў кляштара і касцёла св. Міхала і моцна пашкодзіў іх, так што калі манашкі вярнуліся ў горад пасля адступлення ворага, то знайшлі кляштар у поўным разбурэнні.

Настаяцельніца Канстанцыя Сакалінская знайшла труп Льва Сапегі, кінуты і распрануты, і, апрануўшы яго ў манаскі габіт, вярнула ў склеп і паклала ў дубовую труну. Таксама былі сабраны косці іншых прадстаўнікоў дому Сапегаў, якія былі змешчаны ў адну вялікую труну.

Становішча манашак, калі яны вярнуліся ў Вільню пасля адыходу маскоўскага войска, было адчайным, бо яны не мелі ні прытулку, ні сродкаў, каб аднавіць разбураны касцёл і кляштар. Але знайшлі дабрадзея ў асобе віленскага ваяводы і гетмана вялікага літоўскага Паўла Яна Сапегі, які прыпісваў усе свае перамогі апецы «Мадонны Сапегаў», у 1661 годзе ён амаль нанова адбудаваў і вялікім коштам упрыгожыў касцёл і кляштар, а Казімір Леў Сапега пакінуў завяшчаннем касцёлу св. Міхала дарагія тканіны і залаты посуд[4].

13 лютага 1670 года камісія біскупа прызнала абраз Маці Божай цудатворным, каранацыя яго адбылася 8 верасня 1750 года (цяпер знаходзіцца ў архікафедральным касцёле).

Кляштар бернардзінак і касцёл святога Міхала ў XVIII—XX стагоддзях[правіць | правіць зыходнік]

У 1737 годзе касцёл св. Міхала абрабаваў вартаўнік касцёла св. Ганны, нейкі Бартламей. Ён скраў залатыя паціны, сярэбраныя воты, залатую ружу, прысланую Эльжбеце Сапезе Кліментам VII, сарваў перлы з арнату і інш., і прадаў усё гэта яўрэйскім гандлярам. Схоплены, ён ва ўсім прызнаўся і быў павешаны на плошчы. Яўрэйскіх гандляроў прысудзілі вярнуць усё скрадзенае, а таксама выплаціць штрафы[4].

Для пабудовы званіцы па хадайніцтву манашкам было дазволена выкарыстаць цэглу з разбуранай сцяны мураванай праваслаўнай царквы, якая знаходзілася побач з былым кальвінскім зборам.

У 1812 годзе падчас нашэсця французаў кляштар і касцёл амаль не пацярпелі, але патрабавалі рамонту. Апошні раз яны былі рэканструяваны ў 1828 годзе.

Колькасць манашак у манастыры не заўсёды была аднолькавай і вагалася ад 10 да 30 чалавек, а ў 1813 годзе іх было 33.

23 студзеня 1885 года кляштар быў закрыты, а манашкі пераведзены ў кляштар бенедыкцінак пры касцёле св. Кацярыны. Паколькі пробашча не было каму ўтрымліваць, той звярнуўся да капітула, які, аднак, не згадзіўся плаціць за ўтрыманне касцёла і пробашча. Тады, у 1888 годзе, на загад віленскага генерал-губернатара, касцёл святога Міхала быў закрыты. Абраз «Мадонны Сапегаў» быў перанесены ў касцёл бернардзінаў.

Ян Булгак. Касцёл Святога Міхала і кляштар бернардынак. 1938 год.

Кляштар быў ператвораны ў пансіён і сталоўку для бедных старых[4].

Княгіня Севярына Сапежына, якая пражывала ў Галіцыі, у 1902 годзе дамовілася з расійскімі ўладамі, каб касцёл св. Міхала, як радавую капліцу-пахавальню, вярнулі Сапегам, якія абавязаліся яе рамантаваць і ўтрымліваць за ўласныя сродкі. Рэстаўрацыйныя работы вёў горадабудаўнік Вацлаў Міхневіч пад кіраўніцтвам Зыгмунта Гендэля з Кракава.

Пасля Першай сусветнай вайны касцёл быў наноў асвечаны, у 1921 годзе ў кляштар вярнуліся бернардынкі.

У сярэдзіне 1930-х гадоў у гэтым касцёле, як спаведнік сясцёр, служыў ксёндз Міхал Сапоцька. Дзякуючы яго намаганням менавіта ў гэтым храме абраз Міласэрнага Езуса быў выстаўлены для публічнага ўшанавання. Сёння на гэтым месцы знаходзіцца копія карціны[9].

У гады нацысцкай акупацыі ў касцёле Св. Міхала служыў Адам Станкевіч, які праводзіў тут службы на беларускай мове[10]. Таксама тут у 1944 годзе былі схаваны самыя каштоўныя рэчы з калекцыі Віленскага беларускага музея:

Ператранспартаваць скрыні ў касьцёл было нялёгкай справай, але калектыў музэю прылажыў усе свае сілы, і гэта было зроблена. Мы радаваліся, што зрабілі вялікую патрыятычную справу. Радаваліся, што частку экспанатаў здалі ў апеку крыштальнай чэснасьці чалавека, выдатнага беларускага грамадскага дзеяча кс. Адама Станкевіча, які быў у гэты час адміністратарам касьцёла сьв. Міхала[11].

У 1948 годзе касцёл быў наноў закрыты. У 1956 годзе тут быў створаны Музей архітэктуры. Пасля 1990 года будынак быў вернуты каталіцкай царкве і ў 2009 годзе тут адкрыты Музей царкоўнай спадчыны.

Вонкавы выгляд[правіць | правіць зыходнік]

Касцёл пабудаваны ў рэнесансавым стылі з элементамі готыкі.

Звонку аточаны мураванымі сценамі, гэта быў першы жаночы кляштар закрытага тыпу ў Літве.

Фасад падзелены масіўнымі пілястрамі класічнай формы, увенчаны актаганальнымі вежамі. Уверсе фасада знаходзіцца манаграма імя Ісуса, да папулярызацыі якой заклікаў Бернардзін Сіенскі. У трох нішах фасада знахадзіліся выявы трох архіаёналаў, зараз яны амаль не бачныя.

Інтэр’ер[правіць | правіць зыходнік]

Інтэр’ер

Храм аднанефавы, прамавугольны ў плане, унутраная прастора разбіваецца моцнымі пілястрамі, якія выходзяць са сцен. Да нашых дзён захавалася прыгожая аўтэнтычная дэкарацыя цыліндрычнага скляпення, на распалубках аздобленага ляпнымі ўзорамі: антычнымі і рэнесанснымі расліннымі арнаментамі, у цэнтры якога знаходзіцца герб Льва Сапегі з ініцыяламі.

Галоўны алтар створаны нямецкім разбяром у XVII стагоддзі, выкананы з каляровага мармуру ў стылі позняга рэнесансу. Трохузроўнева структура алтара прадстаўляе ідэю Святой Троіцы, у ніжняй частцы абраз Укрыжаванага Хрыста, вышэй над ім — Бог Айцец, у самай верхняй частцы — Святы Дух у форме голуба. Кампазіцыя належыць да іканаграфічнага тыпу «Трон Міласэрнасці», які сцвярджае, што ў фінальнай кульмінацыі збаўлення чалавецтва бярэ ўдзел уся Святая Троіца. Па баках галоўнага алтара размешчаны абразы Святога Міхала Арханёла (патрона касцёла) і Святога Гаўрыіла Арханёла.

Да сярэдзіны XX стагоддзя ў касцёле апроч вялікага мармуровага алтара былі яшчэ чатыры бакавыя алтары, выкананыя ў першай палове XVIII стагоддзя, у стылістыцы ракако са штучнага мармуру (stucco lustro).

Абразы з некаторых бакавых алтароў захаваліся да нашых дзён і размешчаны на сценах касцёла — Святога Міхала Арханёла (XVII стагоддзе) і Святой Клары (1775). Таксама ў бакавым алтары раней знаходзіўся знакаміты абраз «Мадонна Сапегаў».

Да нашага часу не захаваліся дубовы разбяны амвон і і арган[9][12].

Надмагіллі (эпітафіі) Сапегаў[правіць | правіць зыходнік]

Надмагілле Льва Сапегі і яго жонак

Самае знакамітае надмагілле — гэта групавое мармуровае надмагілле Льва Сапегі і яго першай жонкі Дароты з Фірлеяў (пам. 1591) і другой жонкі Эльжбеты з Радзівілаў (пам. 1611). На верхняй частцы размешчана постаць Хрыста, які паўстаў з мёртвых, пад ёю рэльеф з салдатамі, якія спяць. Па абодвух баках рэльефа пра нябесную апеку нагадваюць скульптуры двух святых-патронак абедзвюх жонак — Святой Елізаветы і Святой Дароты. Крыху ніжэй — алегарычныя персаніфікацыя хрысціянскіх цнот — Веры і Надзеі. Надмагілле было выканана ў другой чвэрці XVII стагоддзя.

З іншага боку ўваходу ў неф знаходзіцца манументальны надмагільны помнік Тэадоры Крыстыны з Тарноўскіх Сапегі (пам. 1652), жонкі Казіміра Льва Сапегі. Бела мармуровы бюст прадстаўляе маладую жанчыну са старанна пераданымі дэталямі ўбрання і прычоскі. Аўтарам гэтага помніка лічаць Джаванні Баціста Джызлені, а стварэнне бюста прыпісваюць скульптару Франчэска дэ Росі. Надмагільны помнік аздоблены гербамі роду Тарноўскіх.

Надмагільны помнік Яна Станіслава Сапегі (пам. 1635) валодае досыць рэдкай структурай, ён укампанаваны ў партал дзвярэй, што вядуць у сакрыстыю. Такая кампазіцыя рэдка сустракаецца ў Цэнтральна-Усходняй Еўропе, і прыкладам для пераймання маглі паслужыць італьянскія помнік. Партал сімвалізуе пераход са света жывых у свет памёрлых. На саркафагу раней знаходзіўся мармуровы бюст Яна Станіслава, які знік у савецкія часы.

Надмагільны помнік Крыштафа Сапегі (пам. 1631), рана памёрлага сына Льва Сапегі, выканаў хтосьці з італьянскіх майстраў, якія працавалі ў Вільні ў першай палове XVII стагоддзя, праўдападобна Канстанціна ці Джакоба Тэнкала. Гэты помнік вызначаецца гарманічным стылем і майстэрствам кампазіцыі, бюставы партрэт маладзёна добра перадае індывідуальныя рысы.

Зноскі

  1. Vilniaus bernardinių vienuolyno statinių ansamblis (літ.)(недаступная спасылка). Kultūros vertybių registras. Kultūros paveldo departamentas prie Kultūros ministerijos. Архівавана з першакрыніцы 19 лістапада 2016. Праверана 3 снежня 2017.
  2. Šv. Mykolo bažnyčia (літ.)(недаступная спасылка). Bažnytinio paveldo muziejus. Bažnytinio paveldo muziejus (24 красавіка 2015). Архівавана з першакрыніцы 23 лістапада 2017. Праверана 21 лістапада 2017.
  3. Акты Виленской археографической комиссии: Том XX. Акты, касающиеся города Вильны. Вильна, 1893. С. 92.
  4. а б в г д е Zahorski, Władysław. Kościół św. Michała i klasztory panien Bernardynek w Wilnie. Petersburg : nakładem «Kwartalnika Litewskiego», 1911.
  5. Kempa Tomasz. Konflikty wyznaniowe w Wilnie od początku reformacji do końca XVII wieku. Toruń: Wydawnictwo Naukowe Uniwersytetu Mikołaja Kopernika, 2016. s. 606—632.
  6. Wisner Henrzk. Likwidacja zboru ewangelickiego w Wilnie (1639—1646) Z dziejów walki z inaczej wierzącymi // Odrodzenie i Reformacja w Polsce, XXXVII 1993.
  7. Augystyniak Urszula. Jeszcze raz w sprawie tumultu wileńskiego 1639 i jego następstwach // Odrodzenie i Reformacja w Polsce, L 2006.
  8. Kosmanowa Bogumiła. Sprawa wileńskiego kościoła św. Michała (wizja J. I. Kraszewskiego a rzeczywistość historyczna) // Odrodzenie i Reformacja w Polsce, XL 1996.
  9. а б Vaišvilaitė Irena. Walks in Cristian Vilnius. — Vilnius: Baltos Lankos, 2022. P. 202—211.
  10. Луцкевіч Лявон. Вандроўкі па Вільні. — Вільня, 1998. — С. 32.
  11. Луцкевіч Лявон. З успамінаў Янкі Шутовіча. Спадчына, 1995, № 1, с. 37.
  12. Muzeum Dziedzictwa Sakralnego. Przewodnik. — Wilno, 2010.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]