Перайсці да зместу

Леанід Леанідавіч Судаленка

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Леанід Леанідавіч Судаленка
Род дзейнасці палітычны вязень, праваабаронец
Дата нараджэння 23 верасня 1966(1966-09-23) (57 гадоў)
Месца нараджэння
Грамадзянства
Месца працы
Узнагароды і прэміі

Леанід Леанідавіч Суда́ленка (нар. 23 верасня 1966) — беларускі праваабаронца, палітычны зняволены рэжыму Лукашэнкі.

Нарадзіўся ў Брагінскім раёне Гомельскай вобласці. Юрыст па адукацыі, скончыў Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт. Працаваў па спецыяльнасці ў розных арганізацыях. У 2006 годзе ўвайшоў у ініцыятыўную групу кандыдата ў прэзідэнты Аляксандра Мілінкевіча, пасля чаго з ім не працягнулі кантракт у гомельскім упраўленні «Белтрансгаза». Судаленка ўладкаваўся працаваць інспектарам па працы ў незалежны прафсаюз работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці. Пасля пачаў супрацоўнічаць з праваабарончым цэнтрам «Вясна». Атрымаў дадатковую адукацыю ў Беларускім доме правоў чалавека. У 2016 годзе Судаленка ўдзельнічаў у гучным судовым працэсе аб гібелі 13-гадовай школьніцы падчас уборкі бульбы ў калгасе «Усход-Агра». Суд стаў на бок калгаса, аднак упершыню ў беларускай практыцы прызначыў буйную грашовую кампенсацыю; на думку праваабаронцы Андрэя Стрыжака, у прызначэнні буйной кампенсацыі ёсць вялікая заслуга Судаленкі. Таксама ён актыўна ўдзельнічаў у вырашэнні працоўных спрэчак і дапамагаў рыхтаваць скаргі ў Камітэт па правах чалавека ААН. У 2020 годзе Судаленка аказваў юрыдычную дапамогу ў абскарджанні прысудаў суда за ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах у Гомелі пасля прэзідэнцкіх выбараў[1].

Палітычны пераслед

[правіць | правіць зыходнік]

Старшыня гомельскай філіі Праваабарончага цэнтру «Вясна». У час пратэстаў у Беларусі і рэпрэсій з боку ўладаў арыштаваны 18 студзеня 2021 года ў межах крымінальнай справы па арт. 342 КК РБ (групавыя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак). У той жа дзень адбыўся ператрус у офісе Грамадска-палітычнага цэнтра, дзе месцілася філія.

20 студзеня 2021 года сумеснай заяваю дзесяці арганізацый, сярод якіх Праваабарончы цэнтр «Вясна», Беларуская асацыяцыя журналістаў, Беларускі Хельсінскі камітэт, Беларускі ПЕН-цэнтр, быў прызнаны палітычным зняволеным. 16 чэрвеня 2021 года шэфства над палітвязнем узяў Канстанцін фон Ноц, дэпутат Бундэстагу[2].

Закрыты судовы працэс распачаўся 3 верасня 2021 года ў Гомелі. Дапамогу людзям — юрыдычную, фінансавую — улады трактавалі як «арганізацыю і фінансаванне беспарадкаў»[3]. 3 лістапада Леаніду Судаленку прысудзілі 3 гады турмы[4].

Леанід Судаленка цалкам адбыў тэрмін прызначанага пакарання і выйшаў на волю 21 ліпеня 2023 года. Праз два тыдні пасля гэтага ён з’ехаў з Беларусі[5].

1 лістапада 2023 года супраць Судаленкі распачалі новую крымінальную справу[6]. 17 чэрвеня 2024 года Судаленку па дзвюх частках крымінальнага артыкула аб садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці завочна прыгаварылі да пяці гадоў калоніі строгага рэжыму, а таксама да штрафу[7].

За праваабарончую дзейнасць атрымаў французскую Прэмію «Свабода-Роўнасць-Братэрства»  (фр.) за 2018 год.

У 2019 годзе беларускай праваабарончай супольнасцю быў узнагароджаны Нацыянальнай прэміяй за дасягненні ў галіне правоў чалавека як «Праваабаронца года».

Разам з арыштаванымі калегамі па «Вясне» Марфаю Рабковай, Таццянаю Ласіцаю, Андрэем Чапюком вясной 2021 года атрымаў прэмію «Чалавек чалавеку»  (англ.), узнагароду ў галіне правоў чалавека, за 2020 год[8][9].

У ліку чатырох беларускіх юрыстаў уганараваны прэміяй «За абарону правоў чалавека-2021» Рады адвакатаў і юрыдычных супольнасцей Еўропы[10].

Асабістае жыццё

[правіць | правіць зыходнік]

Жанаты, у сям’і Судаленкаў чацвёра сыноў[1].

Зноскі

  1. а б Ганна Ганчар. «Яго баяліся ў райпо і ненавідзелі ў міністэрствах». Андрэй Стрыжак – пра праваабаронцу Леаніда Судаленку. Белсат (21 лістапада 2021). Архівавана з першакрыніцы 26 лістапада 2021. Праверана 26 лістапада 2021.
  2. Members of the German Bundestag and the European Parliament sponsor Eduard Kudyniuk, Leanid Sudalenka and Volha Klimkova (англ.). Libereco – Partnership for Human Rights  (ням.) (15 чэрвеня 2021). Архівавана з першакрыніцы 23 верасня 2021. Праверана 23 верасня 2021.
  3. «Мы чакаем, калі гэты кашмар закончыцца». Жонка праваабаронцы Судаленкі — пра яго дзень нараджэньня за кратамі. Беларуская служба Радыё «Свабода» (23 верасня 2021).
  4. Праваабаронцам Леаніду Судаленку і Тацяне Ласіцы прысудзілі 3 і 2,5 года турмы. Беларуская служба Радыё «Свабода» (3 лістапада 2021).
  5. Былы палітзняволены Леанід Судаленка выехаў з Беларусі. Наша Ніва (4 жніўня 2023).
  6. На Леаніда Судаленку завялі новую крымінальную справу. Наша Ніва (2 лістапада 2023).
  7. Стаў вядомы завочны прысуд Леаніду Судаленку. Наша Ніва (17 чэрвеня 2024).
  8. THE HOMO HOMINI AWARD FOR 2020 WILL BE PRESENTED TO MARFA RABKOVA, ANDREI CHAPIUK, LEANID SUDALENKA AND TATSIANA LASITSA (англ.). Чалавек у нядолі  (англ.) (27 красавіка 2021). Архівавана з першакрыніцы 28 ліпеня 2021. Праверана 28 ліпеня 2021.
  9. Находящиеся под стражей белорусские правозащитники награждены премией Homo Homini (руск.)(недаступная спасылка). Naviny.by (11 мая 2021). Архівавана з першакрыніцы 3 лістапада 2021.
  10. Леанід Судаленка, Лілія Уласава, Максім Знак і Дзмітрый Лаеўскі атрымалі прэмію “За абарону правоў чалавека”. Праваабарончы цэнтр «Вясна» (9 снежня 2021).