Лета-літоўскія плямёны

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search

Лета-літоўскія плямёныплямёны, якія былі прамымі продкамі сучасных латышоў і літоўцаў. Тэрмін з’яўляецца ўмоўным і не быў саманазвай. Паводле даных гістарычнай дыялекталогіі, прабалцкая супольнасць гаворак існавала ўжо ў II-м тыс. да н.э., у канцы таго ж тысячагоддзя, як мяркуецца, яна падзялілася на 3 буйныя дыялектна-племянныя групоўкі: заходнюю, сярэдзінную (усходнюю), дняпроўскую.

У раннім сярэдневякоўі да заходніх балтаў належалі плямёны прусаў, яцвягаў, галіндаў, скальваў, куршаў; з дняпроўскіх балтаў у пісьмовых дакументах зафіксавана толькі племя голядзь, якое жыло ў цяперашнім Падмаскоўі, на р. Пратва. 3 племянных саюзаў сярэдзінных (усходніх) балтаў у «Кведлінбургскіх аналах» пад 1009 г. і ўсходнеславянскіх летапісах XI ст. ўпершыню згадваецца «літва»[ru], у раннім сярэдневякоўі вядомы земгалы, жэмайты, латгалы, аўкштайты і селы. Літва і латгалы часткова засялялі таксама ўскраінныя землі Беларусі, і таму ў далейшым мелі дачыненне да этнагенезу беларусаў. Падчас барацьбы ў XIII ст. з Лівонскім (Інфлянцкім) ордэнам адбывалася кансалідацыя латгалаў, селаў, земгалаў у латышскую народнасць, у склад якой увайшлі таксама асіміляваныя куршы (заходнія балты) і лівы (фіна-угры). 3 XIII ст. ішла інтэграцыя племянных саюзаў літвы, аўкштайтаў і жэмайтаў чаму спрыяла ўтварэнне Вялікага Княства Літоўскага, пры асіміляцыі ўскраінных земгалаў, куршаў, бежанцаў з прускіх і яцвяжскіх зямель адбывалася фарміраванне літоўскай народнасці.

Адначасова, пачынаючы з XI ст. і да XIX ст., на тэрыторыі летапіснай Літвы, у раннім сярэдневякоўі прадстаўленай у значнай меры культурай усходнелітоўскай курганоў пранікала ўсходнеславянскае насельніцтва (найперш крывічы), што вяло да славянізацыі[ru] (беларусізацыі) у моўнай сферы і да скарачэння этнічнай тэрыторыі літоўцаў. Часам у літаратуры лета-літоўцамі памылкова называюць усіх старажытных балтаў.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Гимбутас, М. Цивилизация Великой Богини: мир Древней Европы: перевод / Мария Гимбутас. — М.: Росспэн, 2006. — 570, [2] с. — (Гендерная коллекция — зарубежная классика). — ISBN 5-8243-0600-1.
  • Зайкоўскі, Э. М. Лета-літоўскія плямёны / Э. М. Зайкоўскі // Археалогія Беларусі: энцыклапедыя: у 2 т. / [склад. Ю. У. Каласоўскі; рэдкал.: Т. У. Бялова (гал. рэд.) і інш.]. Т. 2: Л — Я. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2009. — 492, [1] c. — С. 13—14. — ISBN 978-985-11-0354-2.
  • Финно-угры и балты в эпоху средневековья / [Л. А. Голубева, В. А. Могильников, В. В. Седов, Р. Л. Розенфельдт]. — М.: Наука, 1987. — 509, [1] с., [4] л. ил. — (Археология СССР)
Wiki letter w.svg На гэты артыкул не спасылаюцца іншыя артыкулы Вікіпедыі,
калі ласка, карыстайцеся падказкай і пастаўце спасылкі ў адпаведнасці з прынятымі рэкамендацыямі.