Лісоўчыкі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Рэмбрант «Лісоўчык». Магчыма, адна з найлепшых прац галандскага мастака. Хоць асоба вершніка невядомая, мяркуецца, што гэта партрэт вялікага літоўскага канцлера Марцыяна Аляксандра Агінскага, створаны каля 1655 года. Ён не меў ніякага дачынення да лісоўчыкаў, аднак вопратка і ўзбраенне маглі быць адпаведныя тым, якія насілі сапраўдныя лісоўчыкі 30 гадамі раней.

Лісоўчыкі — назва нерэгулярных падраздзяленняў лёгкай кавалерыі Рэчы Паспалітай у 16081630-х гг. Атрымалі назву ад свайго першапачатковага кіраўніка Аляксандра Юзафа Лісоўскага — таленавітага военачальніка, беларускага шляхціча з Віленшчыны[1][2]. Прымалі ўдзел у вайне Рэчы Паспалітай з Масковіяй, Трыццацігадовай вайне, у бітвах супраць туркаў-асманаў. Тагачасныя гістарычныя крыніцы характарызуюць іх надзвычай спрытнымі, ваяўнічымі і крыважэрнымі.

У адрозненне ад рэгулярных падраздзяленняў конніцы, паслугі лісоўчыкаў не аплочваліся жалаваннем са скарбу Рэчы Паспалітай. Таму лісоўчыкаў наймалі, даючы ім права здабыцця ваенных трафеяў, якія былі іх адзінай аплатай за службу. Заслужылі страх і пагарду цывільнага насельніцтва, сумнеўна праславіўшыся колькасцю ўчыненых імі гвалтаў (рабаванні, згвалтаванні, забойствы і іншыя). Аднак былі паважаны супернікамі за высокае баявое майстэрства.

Лісоўчыкі ваявалі манеўрана, не цягалі за сабой абозу, не накоплівалі ўмацаваных табараў. Паводле ўзбраення яны адносіліся да казакоў ці татараў (мінімум засцерагальных даспехаў, лук, стрэльба, шабля, сагайдак). Вербаваліся з добраахвотнікаў — дробнай шляхты і мяшчан ВКЛ.

Не грэбавалі нават рабаваннем на землях уласнай дзяржавы. Таму польскі кароль Жыгімонт III стараўся трымаць іх як мага далей ад Рэчы Паспалітай. У рэшце рэшт лісоўчыкі былі распушчаны ў 1635 годзе.

Баявыя дзеянні[правіць | правіць зыходнік]

Канфедэрацыя[правіць | правіць зыходнік]

«Лісоўчыкі перад заезным дваром». Карціна Юзафа Бранта

Сваё паходжанне лісоўчыкі вядуць ад канфедэрацыі, арганізаванай Аляксандрам Юзафам Лісоўскім увосень 1604 годзе ў Інфлянтах. Яна была адной з першых салдацкіх канфедэрацый у войску ВКЛ, арганізаваных літвінскай шляхтай у часе вайны са Швецыяй 1601—1605 гадоў, калі Сойм не здолеў заплаціць сваім салдатам, якія ваявалі ў Лівоніі. Канфедэрацыі абіралі сабе ўласных правадыроў і нападалі на мястэчкі і вёскі, адбіраючы ў сялян запазычаную дзяржавай плату рабаваннем, кантрыбуцыямі або накладаннем новых падаткаў. Аляксандр Лісоўскі стаў адным з першых камандзіраў (маршалкаў) такой канфедэрацыі.

Бунт войскаў дапёк гетмана ВКЛ Яна Караля Хадкевіча, і соймавым судом за няяўку на Белакаменскую бітву 24 верасня 1604 г., катаванне і забойства слуг віцебскага ваяводзіча Я. Кішкі, бандытызм у Інфлянтах, Курляндыі і ВКЛ ротмістар Аляксандр Лісоўскі 3 сакавіка 1605 г. быў пазбаўлены дваранства ВКЛ і аб'яўлены па-за законам (завочна асуджаны на вечнае выгнанне і смяротную кару ў выпадку вяртання на радзіму). Любы мог яго забіць без пакарання. У гэты час атрад Лісоўскага займаўся бандытызмам ва Упіцкай аканоміі і, каб пазбегнуць смерці, звярнуўся па апеку да будучага маршалка рокаша 1606—1608 гг. і асабістага ворага Я. К. Хадкевіча — Януша Радзівіла. Неўзабаве яны прынялі ўдзел у рокашы Зэбжыдоўскага — паўстанні часткі польскае і літоўскае шляхты супраць абсалютысцкіх памкненняў караля Жыгімонта III Вазы ў атрадах Я. Радзівіла. Пасля чаго ў 1606—1607 гг. рабавалі Клецк, Брагін, Магілёўскае староства.

У Масковіі[правіць | правіць зыходнік]

«Лісоўчыкі практыкуюцца ў стральбе з лука». Карціна Юзафа Бранта, 1885

Таму пасля разгрому паўстанцаў пад Гузавам Лісоўскі, які там камандаваў атрадам казакоў, як і шматлікія іншыя шляхцічы, звольненыя са службы пасля вайны са Швецыяй ці скампраметаваныя ўдзелам у рокашы, увосень 1607 г. з атрадам у 200 валанцёраў-казакоў ВКЛ са Старадубу накіраваўся далей у Маскоўскую дзяржаву, дзе ў гэты час ішла грамадзянская вайна. Тут яму ўдалося рэкрутаваць у свой атрад каля паўтысячы данскіх казакаў у раёне Арла. Паколькі Ілжэдзмітрый II не валодаў сродкамі для аплаты паслуг добраахвотнікаў, лісоўчыкі зладзілі так званую Маскоўскую канфедэрацыю, заключыўшы ў жніўні 1608 года ўгоду з Ілжэдзмітріем II. Паводле дагаворы, найміты абавязаліся служыць без выплатаў у якасці добраахвотнікаў, а пасля зацвярджэння «царэвіча Дзмітрыя» на стальцы апошні меў ім сплаціць 100 000 дукатаў ці дазволіць збіраць на сваю карысць падаткі ў Северскай і Разанскай землях.

Аляксандр Лісоўскі стаў адным з кіраўнікоў Маскоўскай канфедэрацыі. Яго атрады прынялі актыўны ўдзел у барацьбе Ілжедзмітрыя II за маскоўскі сталец. Так, у 1608 годзе лісоўчыкі разграмілі войскі Захара Ляпунова і Івана Хованскага пад Зарайскам, пасля чаго захапілі Міхайлаў і Каломну. Неўзабаве Лісоўскі пацярпеў паражэнне ад войскаў маскоўскага князя Івана Куракіна, страціўшы большую частку здабычы, аднак няўдача толькі запаліла яго. З гэтага моманту ён больш не гнаўся за колькасцю, а звяртаў увагу на якасць свайго атраду[2]. Ён рэарганізаваў сваё войска і аб’яднаў яго з сіламі усвяцкага старасты Яна Пятра Сапегі. Аб’яднаныя сілы Лісоўскага і Сапегі атрымалі паражэнне ля сценаў Тройца-Сергіевай Лаўры, якую безвынікова абложвалі цягам шаснаццаці месяцаў, аднак неўзабаве перамаглі пад Кастрамой і Салігалічам у 16081609 гадах.

Увесну 1610 года фарміраванні Лісоўскага і атрад казацкага атамана Андрэя Прусавецкага здзейснілі глыбокі рэйд у тыл маскоўскай дзяржавы. Быў захоплены і разрабаваны Растоў, Калязін, Кашын. Далей яны накіраваліся пад Таропец і падступілі да астрогу, але былі адбіты. Адсюль лісоўчыкі рушылі ў раён Вялікіх Лукаў, а затым у пскоўскія прыгарады. Пскову пагражалі ноўгарадцы і шведскія найміты, запрошаныя Шуйскім, і пскавічы вырашылі самі запытаць дапамогі лісоўчыкаў для абароны. Лісоўскі не толькі ачысціў Пскоўшчыну ад пагрозы, але і пераманіў на свой бок 500 англійскіх і 300 ірландскіх наймітаў[2]. Захапіўшы Завалочча (тут яны былі з 1610 па 1613 г.), пачаў абараняць межы ВКЛ і рабіць далёкія рэйды супраць маскоўцаў і шведаў па Пскоўшчыне, Смаленшчыне і Наўгародчыне. Верагодна, па хадатайніцтве Л. Сапегі за паслугі ў вайне супраць Масковіі 7 лістапада 1611 сойм вярнуў А. Я. Лісоўскаму дваранства.

Пазней, пасля далучэння да ваенных дзеяў караля Жыгімонта III, частка канфедэратаў пагражала вайной каралеўскім войскам, што захапілі тэрыторыі, якія яны мелі атрымаць ад маскоўскага цара як аплату за сваю службу. Іншая частка канфедэратаў перайшла на службу да караля, у тым ліку і Аляксандр Лісоўскі. Лісоўчыкі паказалі сябе незаменнымі ў абароне Смаленска ў 1612 годзе, калі большая частка рэгулярнага войска Рэчы Паспалітай узбунтавалася, далучыўшыся да так званай Рагацінскай канфедэрацыі. Цягам трох наступных год лісоўчыкі адыгрывалі істотную ролю ў абароне межаў Рэчы Паспалітай ад маскоўскіх войскаў.

У 1615 годзе Лісоўскі са сваімі атрадамі ўварваўся ў Маскоўскую дзяржаву, аблажыў Бранск і разбіў пад Карачавам атрады князя Юрыя Шахоўскага, якія прыйшлі на дапамогу абложаным. Увосень 1615 года Лісоўскі разбіў авангард войска князя Дзмітрыя Пажарскага пад Арловым гарадзішчам. Неўзабаве лісоўчыкі спалілі Бялёў і Ліхвін, захапілі Перамышль, затым, павярнуўшы на поўнач, разграмілі маскоўскае войска Шарамецева пад Ржэвам, пасля рушылі да Карскага мора. Павярнуўшы да Кашына, спалілі Таржок, разрабавалі Галіч, Угліч, Суздаль, ваколіцы Яраслаўля і Кастрамы, абагнуўшы Маскву з усходу і поўначы на 200 км, вянуліся на Севершчыну і ў ВКЛ, пазбягаючы вялікіх бітваў з маскавітамі.

Захаваліся паўлегендарныя звесткі пра іх паходы далёка на поўнач, да берагоў Белага мора і нават да вусця ракі Об у пошуках славутай Залатой бабы — паганскага стода, якому пакланяліся вугра-фінскія народы Поўначы[1].

Усутыч да восені 1616 года лісоўчыкі размяшчаліся на беларуска-маскоўскай мяжы. 11 кастрычніка 1616 года Аляксандр Юзаф Лісоўскі сканаў ад нечаканай хваробы.

Наступным камандзірам лісоўчыкаў стаў Станіслаў Чаплінскі. У 1616 годзе лісоўчыкі захапілі Курск і разбілі маскоўскія войскі пад Болхавам. У 1617 годзе яны засцераглі Смаленск ад нападу маскавітаў: тыя адышлі ад Смаленску, як толькі даведаліся, што лісоўчыкі мешкаюць паблізу. Па смерці Чаплінскага ў Калузе новым камандзірам лісоўчыкаў быў абраны Валянцін Рагаўскі. Пад яго кіраўніцтвам лісоўчыкі далучыліся да войскаў каралевіча Уладзіслава IV ў паходзе на Маскву ў 1617 годзе.

У Трыццацігадовай вайне[правіць | правіць зыходнік]

Лісоўчыкі на Рэйне

У 1619 годзе лісоўчыкі ў колькасці 10 000 чалавек былі накіраваны каралём Рэчы Паспалітай на службу германскаму імператару Фердынанду II. Удзельнічалі ў вайне супраць пратэстантаў у межах маштабнага еўрапейскага канфлікту, які пазней атрымаў назву Трыццацігадовая вайна. Пад кіраўніцтвам Валянціна Рагаўскага яны нанеслі шэраг адчувальных паразаў Дзьёрдзю I Ракацы ў Сяміграддзі, пасля чаго прыняліся за рабаванні і забойствы, «не мінаючы нават дзяцей і сабакаў», як занатавана ў тагачаснай хроніцы. Прыблізна ў гэты час яны атрымалі мянушку «Вершнікі Апакаліпсісу».

Далей лісоўчыкі падзяліліся: частка пад камандаваннем Рагаўскага вырашыла вярнуцца ў Рэч Паспалітую (па дарозе разрабаваўшы паселішчы ў Славакіі), астатнія пад камандаваннем Яраша Клячкоўскага вырашылі застацца на імперскай службе.

Па гібелі Клячкоўскага пад Крэмсам 4 сакавіка 1620 года новым камандуючым лісоўчыкаў стаў Станіслаў Русіноўскі. Пад яго камандаваннем лісоўчыкі змагаліся ў бітве на Белай Гары 8 лістапада 1620 года, у якой захапілі 20 штандараў.

7 мая 1621 года імператар, саступіўшы шматлікім скаргам насельніцтва на рабаванні лісоўчыкаў, сплаціў тым жалаванне і вызваліў ад службы. Некаторыя лісоўчыкі вярнуліся ў Рэч Паспалітую, астатнія паступілі на службу да баварскага курфюрста Максімільяна I. У 1622 годзе яны прынялі ўдзел у паходзе на Рэйн супраць курфюрста Пфальца Фрыдрыха V. Іх камандуючым быў князь Зыгмунт Караль Радзівіл.

У войнах з Асманскай імперыяй[правіць | правіць зыходнік]

Лісоўчыкі прымалі ўдзел у войнах Рэчы Паспалітай з Асманскай імперыяй, у прыватнасці, у Цэцорскай і Хоцінскай бітвах, у часе якой палкоўнік Русіноўскі загінуў.

Удзельнічалі таксама ў войнах польска-літоўскіх магнатаў у Малдавіі.

У Прусіі і Францыі[правіць | правіць зыходнік]

Жыгімонт III Ваза паўторна адаслаў лісоўчыкаў на службу імператару Фердынанду. Гэтым разам імі кіравалі Станіслаў Страйноўскі і Ідзі Каліноўскі. Прымалі ўдзел у бітвах пад Гляцам (Glatz), Габельсвердам (Habelswerd) і Мансфельдам (Mansfeld). Мясцовае нямецкае насельніцтва лічыла, што атакаванае татарскімі ордамі ці нееўрапейскімі варварамі.

У вайне са Швецыяй[правіць | правіць зыходнік]

Па вяртанні на радзіму ізноў заняліся нападамі на грамадзянскае насельніцтва. Разрабавалі і спалілі горад Радомска. Былі асуджаныя шляхтай і шматлікімі соймікамі і абвешчаныя ў вышук мясцовымі ўладамі і рушаннем. Атрад Страйноўскага быў разбіты ў 1624 годзе, сам ён быў пакараны праз два гады.

Падчас вайны са Швецыяй у 16261629 гадах ваявалі на тэрыторыі Каралеўскай Прусіі. Кіраваў імі спярша Андрэй Каліноўскі, і іх сілы складаліся ўсяго з двух харугваў, праўда, надзвычайна вялікіх колькасна: харугвы Мікалая Мачарскага (400 коней) і Уладзіслава Сляшынскага (300 коней). Ваенныя дзеянні былі не надта ўдалымі, лісоўчыкі нават адправілі ў адстаўку палкоўніка Каліноўскага і выбралі замест яго Мачарскага. Ваенныя дзеянні паказалі, што войска Рэчы Паспалітай пачынае саступаць перадавым узорам заходнееўрапейскай ваеннай думкі, і вайна завяршылася ў 1629 годзе перамір'ем на нявыгадных для Рэчы Паспалітай умовах.

У 16331634 гадах пад кіраўніцтвам ломжынскага старасты Паўла Нішчыцкага і Яна Грамадскага лісоўчыкі ўзялі ўдзел у выправе Фердынанда Габсбурга ў вайне з Францыяй, дзе ваявалі ў Пікардыі. Апошнім палкоўнікам лісоўчыкаў стаў Мікалай Мачарскі.

Былі асуджаныя сэймавымі рэзалюцыямі і распушчаныя каля 1635 года.

Арганізацыя[правіць | правіць зыходнік]

Юліюш Косак Лісоўчык на белым кані (копія карціны Рэмбранта)

Лісоўчыкі ўяўляюць сабою асобную главу ў гісторыі ваеннай справы Рэчы Паспалітай XVII ст. Яны былі прыкладам польскіх кандацьераў, такіх сама адданых, як нямецкія ландскнехты ці швейцарская пяхота. Ад гэтых найманых войскаў іх адрознівала спецыфічная ўнутраная арганізацыя. Лісоўчыкі ўяўлялі сабой салдацкую грамаду, што паступала на найманую вайсковую службу цалкам, з умовай захавання правоў кіравацца ўласнымі звычаямі, падпарадкавання выключна ўласнаму, абранаму грамадой правадыру, з уласнымі ваеннымі пасадамі і судом.

Найвышэйшым органам кіравання лісоўчыкаў было «генеральнае кола», альбо сход усіх удзельнікаў. Генеральнае кола выбірала камандуючага (палкоўніка, або часам гетмана), яго паручніка, ці намесніка, абознага, суддзяў, ротмістраў, паручнікаў і сцяганосцаў. Кола таксама прымала законы, якімі каралі парушальнікаў унутранага жыцця канфедэрацыі.

Падобна жаўнерам рэгулярнага войска, кожны лісоўчык (таварыш) меў 3—5 баявых памочнікаў і да 10 слугаў (джур). Таварышы і іх памагатыя аб'ядноўваліся ў «барскія» харугвы. Слугі былі аб'яднаныя ў асобныя харугвы, якія мелі ўласныя штандары. Ротмістар камандаваў двума падраздзяленнямі — гасподскім і джураўскім. Палкоўнік камандаваў чатырма харугвамі — двума адборнымі гасподскімі і двума джураўскімі. Уся сукупнасць канфедэратаў аб'ядноўвалася ў «полк», колькасць якога складала ў розныя часы ад 2000 да 10 000 шабляў.

Таварышы былі збольшага прадстаўленыя дробнай шляхтай, аднак мелі і нямала выбітных прастачынаў. Паслугачамі былі рамеснікі і сяляне, а здараліся злачынцы і бадзягі, у тым ліку цыганы. Галоўнай сілай лісоўчыкаў былі гасподскія харугвы, у той час як дапаможныя джурскія падраздзяленні ахоўвалі тэрыторыю і ладзілі разведку. Яны ж галоўным чынам і здзяйснялі рабаванні грамадзянскага насельніцтва. Ускосным доказам жахлівых паводзінаў да мясцовага насельніцтва служыць факт, што ажно да часоў напалеонаўскіх войнаў у Германіі мацеры застрашалі сваіх дзяцей «польскімі казакамі».

Узбраенне[правіць | правіць зыходнік]

Лісоўчыкі не насілі ніякае абарончае амуніцыі, але мелі дужа добрае наступальнае ўзбраенне. Яго складалі тры штукі вагняагнястрэльнай зброі, два пісталеты і мушкет (магчыма, бандалет або карабін), лук, шаблю, канчар або палаш пад сядлом, а таксама рагаціну (кароткае кап'ё). Насілі мяккую вопратку: жупаны, башмакі (скураныя боты), капелюшы тыпу каўпакоў і характэрную для іх споднюю бялізну.

Тактыка і стратэгія[правіць | правіць зыходнік]

Лісоўчыкі спецыялізаваліся ў набегах на варожую тэрыторыю, таму пры перамяшчэннях не ўжывалі ані павозак, ані абозаў: жывіліся тым, што здабывалі самі. Падчас маршу мелі толькі коняў, што дазваляла дасягнуць высокай мабільнасці перамяшчэння: у дзень маглі пераадольваць да 150 км. Каб захаваць у тайне свае перамяшчэнні, лісоўчыкі не спыняліся ні перад якімі спосабамі: так, забівалі кожнага сустрэтага на ўласным шляху чалавека. Забівалі ўласных таварышаў, якія праз хваробы або раны не моглі паспець за тэмпам хады.

Для пераправаў лісоўчыкі абіралі толькі невядомыя мясціны. Перапраўляліся заўжды плыўцом, трымаючыся за конскі хвост; толькі зняты багаж перавозілі складзеным спешна плотам, або «паромам».

Добрыя коні і адсутнасць абозаў давалі ім перавагу ў хуткасці над пераследнікамі, а тое, што яны міналі асноўныя шляхі камунікацый, масты і брады, рабіла немажлівым стварэнне засады на іх. Усе гэтыя захады дапамагалі лісоўчыкам стаць незаменнымі для разведкі, пераследу і правядзення глыбокіх дыверсыйных аперацый.

Падчас бою лісоўчыкі біліся «лавай», гэта значыць адкрытым баявым парадкам, захоўчаючы прамежкі міжсобку, дастатковыя, каб жаўнер мог вольна разгарнуць каня. Іхняя тактыка зводзілася да паражэння суперніка агнём і стрэламі. Пры неабходнасці ўмелі таксама біцца ў шчыльным страі.

Лісоўчыкі былі майстрамі ва ўменні захаплення ворагу знянацку. Нападалі перад світаннем, калі сон наймацнейшы (як у бітве пад Мангеймам, 1622). Рэдка калі давалі бітву без ужывання «фартэля» — засады. Найчасцей імітавалі ўцёкі, а калі ў выніку пагоні варожыя парадкі разстройваліся, вярталіся і раптоўна ўдаралі па ворагу (Бітва пад Гуменнем 13 кастрычніка 1619 года). Перад пачаткам бітвы лісоўчыкі часта таемна абкружалі адзін ці абодва варожыя флангі.

Лёгкая конніца лісоўчыкаў умела нават захопліваць гарады. Частка джураў рабіла напады на жывёлу, што пасвілася каля муроў, або на перадмесце. Калі абаронцы горада выходзілі з яго на абарону, іх ужо чакала рэшта лісоўчыкаў і ўрывалася праз адкрытую браму ў горада. (Злабінск у Маравіі — 1620, Клодска ў Сілезіі — 1622, Понт-а-Муссон над Мозэлем — 1635). Час ад часу перад світаннем лісоўчыкі перакідалі праз сцяну спрытнага слугу з інструментамі, які адчыняў браму (Лампсхцім — 1622).

Ваеннае мастацтва лісоўчыкаў было прыкладам ненавуковай і ненапісанай, але набытай дарагою цаною шматгадовае несупыннай традыцыі досведу.

У мастацтве[правіць | правіць зыходнік]

Успаміны пра выправы лісоўчыкаў апісаў іх капелан Войцах Дэмбалецкі ў «Przewagach elearów polskich, co ich niegdy Lisowczykami zwano, które czynili w państwach Cesarskich przeciwko Heretykom, za czasów niezwyciężonych Monarchów Ferdynanda II Ceszrza, Zygmunta III Króla Polskiego, w leciech Pańskich r. 1619 do 1623, krótko naprędzce zgromadzone przez Wielebnego Wojciecha Dembołęckiego z Konojad Franciszkanina S. Th. bakałarza: z rozkazania Ojca Św. ich kronikarza (1619-1623)» (бел.: «Перамогах польскіх элеараў, якіх некалі звалі лісоўчыкамі, якія чынілі ў імператарскіх дзяржавах супраціўленне ератыкам, у часы непераможных манархаў імператара Фердынанда II, караля польскага Жыгімонта III, у гадах Гасподніх 1619-1623, каротка naprędzce сабраных вялебным Войцахам Дэмбалецкім з Канаядаў францысканца S. Th. бакалаўра, іх летапісца, па загаду Св. Ойчы (1619-1623)»).

Пасля замежных паходаў 1619—1623 гадоў вобраз лісоўчыка на кані, з шабляй на баку і «рушніцаю» за плячыма, які ідзе ў бой без абозаў і намётаў, стаў незвычайна папулярны ў польскай літаратуры і жывапісе[2]. Гісторыя ўзнікнення і дзейнасці лісоўчыкаў апісаная ў трохтомавым гістарычным рамане аўтарства Казіміра Карказовіча пад назвай «Jeźdźcy Apokalipsy» (бел.: «Вершнікі Апакаліпсісу»).

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

  1. а б 72. Хто такія «лісоўчыкі»? // 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Складанне: Іван Саверчанка, Зміцер Санько. — Мінск, 1999.
  2. а б в г Ярослав Леонтьев. Казак с картины Рембрандта (руск.)(недаступная спасылка). Живая история. «Политический журналъ» (7 верасня 2010). Архівавана з першакрыніцы 24 верасня 2015. Праверана 5 кастрычніка 2015.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Wojskowy Instytut Historyczny, Zakład Historii Dawnego Wojska Polskiego. «Zarys Dziejów Wojskowości Polskiej Do Roku 1864. Tom I, Do Roku 1648» / Redaktor Naukowy Janusz Sikorski. — Warszawa: Wydawnictwo Ministerstwa Obrony Narodowej, 1966.
  • Henryk Wisner. «Lisowczycy». — Warszawa: Książka i Wiedza, 1976.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]