Перайсці да зместу

Мар’ян Масоніус

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Марыян Масоніус)
Мар’ян Масоніус
Дата нараджэння 1 лютага 1862(1862-02-01)
Месца нараджэння
Дата смерці 20 ліпеня 1945(1945-07-20) (83 гады)
Месца смерці
Месца пахавання
Грамадзянства
Род дзейнасці філосаф, настаўнік, журналіст, палітык
Месца працы
Альма-матар
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Пётр Мар’ян Масоніус або Масоніюс, радзей Пётр Пятровіч Масоніус (польск.: Piotr Marian Massonius, руск.: Пётр Петрович Массониус; Крыптанімы: Mns; 1 лютага 1862, Курск[1] — 20 ліпеня 1945, Вільня[1]) — беларуска-польскі філосаф, псіхолаг i педагог, асветнік, энцыклапедыст і журналіст, шматгадовы выкладчык Універсітэта Стэфана Баторыя.

Паходзіў са шляхты Навагрудскага павета Мінскай губерні, каталік. Сын палкоўніка Рускай імператарскай арміі Пятра Масоніуса і Алены са Слізняў[1], дачкі Атона Слізня — філамата і сябра Адама Міцкевіча[2]. Бацька даслужыў звання генерал-маёра, памёр у 1874 годзе[3]. У 1882 годзе Мар’ян ажаніўся з Анеляй Гоўвальт[1][4].

Вырас у маёнтку Мар’янаўцы Навагрудскага павета[5]. Скончыў Мінскую гімназію, потым матэматычны факультэт Варшаўскага ўніверсітэта, затым з 1890 года вывучаў філасофію, педагогіку, славістыку і гісторыю мастацтва ва ўніверсітэтах Лейпцыга, Берліна, Прагі і Мюнхена[1][3]. У 1890 годзе абараніў ступень доктара філасофіі ў Лейпцыгскім універсітэце працай «Пра трансцэндэнтальную эстэтыку Канта» («Über Kants transcendentale Aestethik»)[5].

Стаў адным з прадстаўнікоў Варшаўскай школы пазітывізму, якая разам з польскімі неакантыянцамі сфарміравала адзіны фронт супраць месіянізму[6]. Погляды Масоніуса прынята называць «крытычным або новакрытычным пазітывізмам»[5]. Аўтар крытычных прац па польскай гісторыі.

Пасля вяртання ў Расію жыў у Пецярбургу, з 1891 года працаваў у рэдакцыі штотыднёвіка «Kraj», дзе блізка супрацоўнічаў з Уладзімірам Спасовічам[1].

У 1892 годзе пераехаў у Варшаву[4]. Публікаваўся ў «Głosie», «Tygodniku Illustrowanym», «Wisłe», «Ateneum», «Gazecie Warszawskiej»[1] і «Gazecie Polskiej»[1][4]. У 1895—1905 гадах быў членам рэдакцыі «Wielkiej Encyklopedii Powszechnej Ilustrowanej»[1], яго артыкулы падпісаны скарачэннем Mns (Шалькевіч інтэрпрэтуе скарачэнне як адсылку да Мінска, як Масоніус усё жыццё лічыў сябе мінчанінам[5]). Быў членам рэдкалегіі і аўтарам біяграфій (Лібэльта, Рыбінскага, Скшынецкага i Трэнтоўскага[7]) для «Albumu biograficznego zasłużonych Polaków i Polek wieku XIX» (1901—1903) Марыі Хелмонскай[7]. У 1897—1914 гадах быў у рэдакцыі «Przeglądu Filozoficznego».

14 красавіка 1906 абраны ў Дзяржаўную думу 1-га склікання ад агульнага складу выбаршчыкаў Мінскага губернскага выбарчага сходу[1]. Уваходзіў у групу Заходніх ускраін, аўтанаміст. Выступаў у Думе па аграрным пытанні, прамаўляў пра грамадзянскую роўнасць, Беластоцкі пагром, наконт даклада Аграрнай камісіі, пра ўрадавае паведамленне па аграрным пытанні. Пасля роспуску Думы імператарам Мікалаем II далучыўся да Саюзу аўтанамістаў і федэралістаў Лядніцкага, дэкларацыю якога падпісаў[4][3].

У 1906—1914 гадах працаваў выкладчыкам гімназій Рэя і Гурскага ў Варшаве[1]. У 1907—1914 гадах выкладчык філасофіі і псіхалогіі на факультэце гуманітарных навук Таварыства навучальных курсаў у Варшаве[3][8] (пазней Свабодны польскі ўніверсітэт).

Падчас 1-й сусветнай вайны апынуўся ў Мінску, дзе ў 1915—1918 гадах кіраваў польскай гімназіяй[1][4], яго вучнем быў Ежы Гедройц[9].

12—15 жніўня 1917 года ўдзельнічаў у працы Дзяржаўнай нарады ў Маскве.

У 1917—1918 гадах кіраваў рэдакцыяй «Dziennika Mińskiego»[10]. Уваходзіў у камісію па стварэнні Беларускага ўніверсітэта ў Менску, а таксама выкладаў курсы беларусазнаўства[4], дзе выкладаў беларускую мову[11]. У 1918 годзе арганізаваў польскую гімназію імя Уладзіслава Сыракомлі ў Нясвіжы, быў яе першым дырэктарам да 1919 года[1]. Двойчы арыштаваны і прыгавораны да расстрэлу бальшавікамі, спачатку ў 1919 годзе, затым падчас польска-бальшавіцкай вайны ў 1920 годзе[1], вызвалены па абмене[3].

У 1918 годзе Антон Луцкевіч называў Мар’яна Масоніуса сярод удзельнікаў беларускага нацыянальнага руху[12].

У незалежнай Польшчы, з кастрычніка 1920 года, працаваў выкладчыкам філасофіі і педагогікі ва Універсітэце Стэфана Баторыя (УСБ)[4]. У сваіх лекцыях надаваў найбольшую ўвагу эпістэмалогіі і эстэтыцы. Падчас наступлення Тухачэўскага эвакуіраваўся разам з універсітэтам спачатку ў Варшаву, потым ненадоўга ў Познань, дзе чытаў лекцыю пра бальшавізм («O bolszewictwie»)[13]. З 1922 года быў дэканам і намеснікам дэкана гуманітарнага факультэта УСБ [4]. Чытаў лекцыі па гісторыі філасофіі і педагогікі, псіхалогіі народаў і эстэтыцы. Выкладаў таксама ў мужчынскай гімназіі і ліцэі на Туравай гары, сярод яго вучняў быў Чэслаў Мілаш[4]. Творы Масоніуса ўключаюць зборы філасофскіх эсэ, вядомы яго пераклады на польскую мову заходнееўрапейскіх філосафаў — Канта, Шапенгаўэра і Тардзьё[14].

У 1928 годзе ўзначаліў спецыяльную экзаменацыйную камісію для выпускнікоў Віленскай і Навагрудскай беларускіх гімназій[15].

У 1932 годзе выйшаў на пенсію[1]. Тады ж быў узнагароджаны Камандорскім крыжам Ордэна Адраджэння Польшчы (9 лістапада 1932)[16].

Належаў, між іншым, да Філасофскага таварыства ў Варшаве[3] і віленскага Таварыства сяброў навук.

Пахаваны на Бернардынскіх могілках у Вільні[4].

Архіўныя матэрыялы Мар'яна Масоніуса захоўваюцца ў Архіве Польскай Акадэміі навук у Варшаве пад сігнатурай III-17[17].

Выбраныя публікацыі

[правіць | правіць зыходнік]
  • Szkice estetyczne (1884)[18]
  • Über den kritischen Realismus (1887, Лейпцыг)[1]
  • Очерк истории польской филозофии (1890, Масква)[5][4]
  • Racjonalizm w teorii poznania Kanta (1898)
  • Rozdwojenie myśli polskiej (1901, Варшава)[1]
  • O bolszewictwie. Odczyt wygłoszony w dniu 21 sierpnia 1920 roku w Poznaniu, Poznań-Warszawa: Księgarnia św. Wojciecha, 1921 (Głosy na czasie (45))[19]
  • Dzieje Uniwersytetu Wileńskiego 1781—1832. Mirosław Supruniuk (red.). Toruń: Uniwersytet M. Kopernika, 2005. ISBN 83-231-1828-0.
  1. а б в г д е ё ж з і к л м н о п р Łoza 1938.
  2. Список филаретов // Гiстарычная брама. — 2001. — Т. 18.
  3. а б в г д е Marian Zaczyński Marian Massonius. Nota wydawcy // Znak. — 1983. — Т. 35. — № 8 (345). — P. 1226–1234. — ISSN 0044-488X.
  4. а б в г д е ё ж з і к Marian Massonius – autor dziejów Uniwersytetu Wileńskiego // Nasz Czas. — 2005. — Т. 660. — № 10/2005.
  5. а б в г д Шалькевич В. Ф. М. Массониус как историк польской философии(руск.) // Философия и социальные науки. — Минск: Белорусский государственный университет, 2008. — № 4. — С. 14–20. — ISSN 2218-1385. Архівавана з першакрыніцы 20 мая 2015.
  6. Władysław Tatarkiewicz, Historia filozofii, 3 vols., Warsaw, Państwowe Wydawnictwo Naukowe, 1978; vol. 3, pp. 177-78.
  7. а б Album biograficzne zasłużonych Polaków i Polek wieku XIX. — Warszawa: Marya Chełmońska, 1901–1903.
  8. Dziesięciolecie Wolnej Wszechnicy Polskiej TKN: sprawozdanie z działalności Towarzystwa Kursów Naukowych, 1906-1916 / Ryszard Błędowski, Stanisław Orłowski, Henryk Mościcki. — Warszawa, 1917. — P. 129.
  9. Hanna Maria Giza Ostatnie lato w Maisons-Laffitte // Roczniki. — Paryż: Polska Akademia Nauk Stacja Naukowa w Paryżu, 2003. — Т. 6.
  10. Zdzisław Julian Winnicki, W Mińsku Litewskim mieście dawnej Rzeczypospolitej, Wrocław 2005.
  11. Калубовіч, А. На крыжовай дарозе. — Менск: ВЦ «БАЦЬКАЎШЧЫНА», 1994. — С. 252. — 318 с.
  12. A. J. Усходняя Беларусь. — Менск: Выданне Народнаго Сэкрэтарства Міжнародовых Справау, 1918. — С. 7. — 13 с.
  13. Anna Supruniuk, Mirosław Supruniuk Uniwersytet Stefana Batorego… czyli tam i z powrotem // Forum Akademickie. — 2020. — Т. 1.
  14. Ośrodek Myśli Politycznej (Center for Political Thought), 1998; Marian Massonius (1862—1945) Архівавана 19 мая 2015. с избранными фрагментами его эссе «О большевизме».
  15. Вабішчэвіч А. М. Асвета ў Заходняй Беларусі (1921 – 1939 гг.). — Брэст: Выдавецтва УА “Брэсцкі дзяржаўны універсітэт імя А. С. Пушкіна”, 2004. — С. 56. — 116 с.
  16. M.P. 1932 nr 259 poz. 295. isap.sejm.gov.pl. — „za zasługi na polu pracy narodowej i oświatowej oraz w dziedzinie nauki”.. Праверана 11 мая 2024.
  17. e-graficy. Spis inwentarzy(нявызн.). archiwum PAN. Праверана 11 мая 2024.
  18. Marian Massonius. Szkice estetyczne. — Warszawa, 1884.
  19. Marian Massonius. O bolszewizmie // Antykomunizm polski. Tradycje intelektualne / Bogdan Szlachta (red.). — 2000. — ISBN 83-7188-422-2.
  • Czy wiesz kto to jest? / Stanisław Łoza (red.). — Warszawa: Wydawnictwo Głównej Księgarni Wojskowej, 1938. — P. 468–469.
  • Teresa Rzepa. Massonius Piotr Marian // Słownik psychologów polskich / Elwira Kosnarewicz, Teresa Rzepa, Ryszard Stachowski (red.). — Poznań: Instytut Psychologii UAM, 1992. — P. 145–147.
  • Anna Hochfeldowa. Filozofia i myśl społeczna w latach 1865–1895. Część II. — Wydawnictwo Naukowe PWN, 1980. — (700 lat myśli polskiej). — ISBN 8301005033.