Музей гісторыі горада Мінска
Музей гісторыі горада Мінска | |
---|---|
Заснаваны | 8 мая 2010 |
Адкрыты | 8 мая 2010 |
Месцазнаходжанне | Беларусь |
Наведвальнікі | болей за 110 000 |
Адрас | Беларусь, г. Мінск, Плошча Свабоды, 15 (Цэнтральны раён) |
Дырэктар | Галіна Пятроўна Ладзісава |
Афіцыйны сайт | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Дзяржаўная ўстанова «Музей гісторыі горада Мінска» — комплекс экспазіцый на тэрыторыі Верхняга горада і Лошіцкага сядзібна-паркавага комплекса ў Мінску. Уласнік — Упраўленне культуры Мінгарвыканкама.
Аснову фондаў музея складаюць калекцыі археалагічных раскопак Мінска XI—XIX ст., створаная Мінскім царкоўным гісторыка-археалагічным камітэтам, прадметаў гарадскога побыту, фотаапаратаў канца XIX-ХХ ст., жывапісу, графікі, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, мемарыяльныя зборы знакамітых мінчан і іншыя.
У музеі праходзяць зменныя тэматычныя выставы, у тым ліку міжнародныя, на аснове збораў калекцыянераў, мастакоў, фатографаў, розных арганізацый і ўстаноў, а таксама розныя творчыя праэкты: канцэрты, семінары, канферэнцыі, творчыя акцыі, пленэры.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Музей створаны рашэннем Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта ад 08.04.2010 № 815[1].
Спачатку ўстанова размясцілася ў двухпавярховых цагляных будынках тыповай гарадской забудовы 2-й паловы XIX ст. па адрасах вул. Рэвалюцыйная № 8а і 10, агульнай плошчай 860 м². Будынкі маюць статус помнікаў архітэктуры міжнароднага значэння і занесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.
Ва ўнутраным дворыку музея размяшчалася выстаўка аднаго твора Уладзіміра Жбанава — скульптурнай кампазіцыі «Гусар» (2004 г., бронза, ліццё)[2].
8 мая 2010 года па вуліцы Рэвалюцыйнай-10 адбылося ўрачыстае адкрыццё першай музейнай экспазіцыі «Мастак. Грамадзянін. Герой», прысвечанай святкаванню 65-годдзя сканчэння Вялікай Айчыннай вайны. Экспанаваліся творы Героя Беларусі, Народнага мастака СССР, Народнага мастака Беларусі, ганаровага грамадзяніна горада Мінска Міхаіла Андрэевіча Савіцкага.
У 2011 годзе ў структуру музея ўключаны флігель Лошыцкага сядзібна-паркавага комплексу (праезд Чыжэўскіх-8). Новы філіял Музея гісторыі горада Мінска пачаў працу з адкрыцця ў верасні 2011 года доўгатэрміновага праекта — «Кола часу», дзе прадстаўлены прадметы гарадской і сельскай культуры канца XIX — сярэдзіны ХХ ст.
8 мая 2012 года па адрасе плошча Свабоды-15 адкрылася першая чарга Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага ў гістарычным будынку — былой гарадской сядзібе XVIII ст. 7 верасня 2012 года з удзелам А. Р. Лукашэнкі адбылося ўрачыстае адкрыццё галерэі.
У маі 2012 года музею перададзены памяшканні адноўленай Мінскай ратушы. У верасні 2012 года ў ратушы адкрыта першая экспазіцыя «Беларуская кніга — гісторыя і сучаснасць», прысвечаная Году кнігі. У 2013 годзе адбылося адкрыццё стацыянарнай экспазіцыі «Мінск у гістарычным прасторы. Картаграфічны кабінет». Станам на 2021 год працы па музеефікацыі прасторы ратушы працягваюцца.
Вядзецца навуковая распрацоўка стацыянарнай экспазіцыі Мінскага замчышча (пр-т Пераможцаў-2)[3].
Структура
[правіць | правіць зыходнік]- Арт-гасцёўня «Высокае места» (Мінск, вул. Герцэна, 2а)
- «Мінская гарадская ратуша» (Мінск, пл. Свабоды, 2а)
- Мастацкая галерэя Міхаіла Савіцкага (Мінск, пл. Свабоды, 15)
- Гарадская мастацкая галерэя твораў Л. Д. Шчамялёва (Мінск, вул. Рэвалюцыйная, 10)
- Майстэрня-музей народнага мастака Беларусі Івана Міско (Мінск, вул. Інтэрнацыянальная, 11а)
- Музей «Лошыцкая сядзіба» і прысядзібны флігель у Лошыцкім сядзібна-паркавым комплексе (Мінск, праезд Чыжэўскіх, д. 8-2, 10)
- Экспазіцыя «Карэтная» (Мінск, вул. Кірылы і Мефодзія, 8)
- Археалагічны музей (Мінск, вул. Кірылы і Мефодзія, 6)
- Экспазіцыя «Мінская конка» (Мінск, вул. Кірылы і Мефодзія, 6а)
-
Арт-гасцёўня «Высокае места»
-
"Мінская гарадская ратуша"
-
Мастацкая галерэя Міхаіла Савіцкага
-
Гарадская мастацкая галерэя твораў Л. Д. Шчамялёва
-
Майстэрня-музей народнага мастака Беларусі Івана Міско
-
Музей «Лошыцкая сядзіба»
-
Прысядзібны флігель
-
Экспазіцыя «Карэтная»
-
Археалагічны музей
-
Экспазіцыя «Мінская конка»
Арт-гасцёўня «Высокае места»
[правіць | правіць зыходнік]Канцэпцыя Арт-гасцёўні «Высокае места» — паказаць сучасны горад у яго гістарычным цэнтры праз сучаснае мастацтва.
У галерэі арганізуюць персанальныя і калектыўныя выставы, на якіх можна прасачыць развіццё сучаснага беларускага мастацтва адначасова ў жывапісе, скульптуры, графіцы, дэкаратыўна-прыкладным мастацтве.
Творчыя праекты выставачнай пляцоўкі дазваляюць гаварыць з публікай на мове сучаснага мастацтва, адлюстроўваць мастацкае жыццё сталіцы на сучасным этапе, прадстаўляць творчасць вядомых беларускіх майстроў і адкрываць новыя імёны.
Арт-гасцёўня «Высокае места» знаёміць наведвальнікаў з новымі напрамкамі ў сучасным мастацтве.
«Мінская гарадская ратуша»
[правіць | правіць зыходнік]Мінская ратуша — будынак адноўлены ў 2002—2004 гадах на сваім гістарычным месцы, у выглядзе адпаведным сярэдзіне XIX стагоддзя. Гісторыя ратушы звязана з наданнем Мінску магдэбурскага права ў 1499 годзе, будынак быў разбураны ў сярэдзіне XIX ст., калі пасля падзелаў Рэчы Паспалітай беларускія землі аказаваліся ў Расійскай імперыі, а магдэбурскае права было скасавана.
З 2012 года ратуша адкрыта для наведвання, але працягвае выконваць і функцыі адміністрацыйнага будынка.
У ратушы працуюць два доўгатэрміновыя выставачныя праекты — экспазіцыя «Мінск у гістарычнай прасторы. Картаграфічны кабінет» і экспазіцыя «Мінск сярод сяброў. Гарады-пабрацімы сталіцы Беларусі».
Цяпер у ратушы праходзяць важныя для горада і краіны ўрачыстыя мерапрыемствы, ушаноўваюць лаўрэатаў звання «Мінчанін года» і ўдзельнікаў міжнародных форумаў, дзеячаў культуры і зорак спорту. Штогод у ратушы ўрачыста адкрываецца Свята горада і выступаюць з канцэртамі лепшыя творчыя калектывы.
Ратуша ўсё болей уцягваецца ў культурнае жыццё горада. Так, 5 мая 2012 года адкрылася музычна-турыстычная праграма «Верхні горад».
Мастацкая галерэя Міхаіла Савіцкага
[правіць | правіць зыходнік]Мастацкая галерэя Героя Беларусі, Народнага мастака Беларусі і СССР, ганаровага грамадзяніна горада Мінска Міхаіла Андрэевіча Савіцкага адкрылася 7 верасня 2012 г., уваходзіць у структуру Музея гісторыі горада Мінска.
Галерэя размяшчаецца ў будынку на тэрыторыі Верхняга горада па адрасе пл. Свабоды, 15 — былой гарадской сядзібе XVIII стагоддзя з прыбудовай. Месца размяшчэння галерэі было абрана самім мастаком яшчэ пры жыцці. Будынак былой гарадской сядзібы рэканструявалася як музейны аб’ект падвойнага прызначэння, які сумяшчае ўласна мастацкую галерэю і экспазіцыю, звязаную з гісторыяй дадзенага помніка архітэктуры.
У адкрыцці культурнага цэнтра прыняў удзел А. Р. Лукашэнка.
Гарадская мастацкая галерэя твораў Л. Д. Шчамялёва
[правіць | правіць зыходнік]Экспазіцыя прысвечана творчасці Народнага мастака Беларусі Леаніда Дзмітрыевіча Шчамялёва (1923—2021). Прадстаўлена больш за 60 жывапісных твораў мастака.
Размяшчаецца ў гістарычным цэнтры Мінска на тэрыторыі Верхняга горада ў будынку-помніку архітэктуры XIX стагоддзя.
Наведвальнікі галерэі пазнаёмяцца з усімі жанрамі жывапісу, у якіх працаваў майстар, здолеюць ацаніць яго яркую палітру, адчуць непаўторны стыль Л. Д. Шчамялёва.
Акрамя пастаяннай экспазіцыі ў галерэі працуюць зменныя тэматычныя выставы.
Майстэрня-музей народнага мастака Беларусі Івана Міско
[правіць | правіць зыходнік]Экспазіцыя прысвечана творчасці народнага мастака Беларусі Івана Якімавіча Міско. Музей размяшчаецца ў гістарычным цэнтры Мінска, у будынку XIX стагоддзя, дзе на працягу ўжо амаль 50 гадоў творыць выбітны беларускі скульптар.
Наведвальнікі змогуць пабываць у майстэрні, пазнаёміцца з экспазіцыяй і паназіраць за працэсам стварэння скульптуры.
Музей адначасова з’яўляецца і месцам працы скульптара. Знаёмства і экскурсія па музею-майстэрні ад Івана Якімовіча стане незабыўнай падзеяй для кожнага наведвальніка.
Музей «Лошыцкая сядзіба» і прысядзібны флігель у Лошыцкім прысядзібна-паркавым комплексе
[правіць | правіць зыходнік]Музей размешчаны ў будынках былога сядзібнага дома і прысядзібнага флігеля — помніках архітэктуры другой паловы XVIII—XIX стст. на тэрыторыі Лошыцкага сядзібна-паркавага комплексу.
У 2014 годзе завяршыліся работы па рэстаўрацыі сядзібнага дома: адноўлены архітэктурныя элементы, фрагменты жывапіснага дэкору, ляпніна, рэканструяваны ўнікальныя кафляныя печы і камін.
Экспазіцыя музея знаёміць з гісторыяй Лошыцы і Лошыцкай сядзібы. Прадстаўлены адноўленыя інтэр’еры жылога дома з сапраўднымі прадметамі канца XVIII — пачатку ХХ стст.
У прысядзібным флігелі працуе доўгатэрміновы выставачны праект «Кола часу» — прадметы матэрыяльнай культуры Мінска і наваколляў канца XIX — першай паловы ХХ стст.
Экспазіцыя «Карэтная»
[правіць | правіць зыходнік]Экспазіцыя «Карэтная» разам з археалагічнае музеем «Верхні горад» і музеем «Мінская конка» уваходзіць у музейны комплекс на тэрыторыі былога кляштара бернардзінцаў.
Акрамя магчымасці ўбачыць сапраўдныя музейныя прадметы, наведвальнікі апынуцца ў свеце гукаў мінскай вуліцы канца XIX стагоддзя, змогуць зазірнуць у «акно часу» і перанесціся ў стары горад.
Зручны электронны даведнік-інфакіёск дапаможа зарыентавацца ў гісторыі транспарту. Дзецям прапануецца пазнавальная гульня «Карэтны майстар».
Археалагічны музей
[правіць | правіць зыходнік]Археалагічны музей «Верхні горад» разам з экспазіцыямі «Карэтная» і «Мінская конка» уваходзіць у музейны комплекс на тэрыторыі былога кляштара бернардзінцаў.
Гібель першай калекцыі
[правіць | правіць зыходнік]Мінская археалагічная калекцыя, заснаваная археолагам Васілём Тарасенкам і збіраная з 1948 года, улючала кераміку, калекцыю вырабаў са скуры з XIII ст., драўляныя вырабы, вялікую калекцыю шкляных вырабаў і прылад працы. Калекцыя мусіла скласці аснову будучага Музея гісторыі Мінска, да 2003 года захоўвалася па адрасе вул. Кірыла і Мяфодзія-8. Пасля пачатку рамонта ў будынку, калекцыя заняла сутарэнні дома па вул. Рыбалкі-2, пра што быў падпісаны дагавор арэнды з ЖРЭУ Ленінскага раёна Мінска. Пад канец 2005 года ЖРЭУ папярэдзіла навукоўцаў, што будынак па вул. Рыбалкі-2 можа быць пастаўлены на капітальны рамонт, аднак пагадзілася пакінуць калекцыю і рамантаваць сутарэнні паэтапна. Але паводле слоў археолага С. Тарасава, ЖРЭУ Ленінскага раёна, пачаўшы рамонт, выставіла скрыні з калекцыямі на вуліцу, якія праз некалькі дзён ЖЭС № 2 загадаў прыбраць з двара і іх звезлі на звалку[4].
Сучасная экспазіцыя
[правіць | правіць зыходнік]Экспазіцыя «Мінск. Верхні горад. Археалагічны музей» знаходзіцца ў будынку, спраектаваным над археалагічным раскопам 2007—2008 гадоў з арачнымі падмуркамі гаспадарчай пабудовы манахаў-бернардзінцаў пачатку XVIII стагоддзя.
Наглядная гісторыя Мінска захаваная ў паўтары тысячах сапраўдных прадметаў з калекцыі Музея гісторыі горада Мінска.
Асноўныя экспанаты — артэфакты з археалагічных даследаванняў кляштароў і гандлёвых радоў Верхняга горада, вуліц Зыбіцкай, Кірылы і Мяфодзія, Нямігі і іншых частак гістарычнага цэнтра Мінска. Большая частка прадметаў выяўлена ў 1980-2010-я гады падчас выратавальных раскопак (археолагі Ю .А. Заяц, Ю. В. Каласоўскі, У. І. Кошман, А. М. Мядзведзеў, П. А. Русаў, В. Е. Собаль, С. В. Тарасаў, А. А. Трусаў, Г. В. Штыхаў і іншыя). Перад тым як стаць экспанатамі, многія знаходкі прайшлі кансервацыю (рэстаўратары М. В. Жыткевіч, Д. У. Сманцэр).
Экспазіцыя «Мінская конка»
[правіць | правіць зыходнік]Экспазіцыя «Мінская конка» разам з археалагічным музеем «Верхні горад» і экспазіцыяй «Карэтная» уваходзіць у музейны комплекс на тэрыторыі былога бернардзінскага манастыра.
Пастаянная экспазіцыя «Мінская конная чыгунка» адкрылася для наведвальнікаў у 2017 годзе ў дзень 950-годдзя першай летапіснай згадкі пра Мінск — 3 сакавіка.
У экспазіцыі прадстаўлены ўнікальныя экспанаты, якія адлюстроўваюць гісторыю станаўлення і развіцця грамадскага транспарту горада Мінска.
Гл. таксама
[правіць | правіць зыходнік]Зноскі
- ↑ Звесткі пра арганізацыю Архівавана 27 мая 2011.
- ↑ выстаўка аднаго твора ва ўнутраным дворыку Музея гісторыі горада Мінска Архівавана 9 верасня 2011.
- ↑ Музей истории города Минска Архівавана 23 кастрычніка 2013. // Мінск стары і новы
- ↑ 57 гадоў на сьметнік. Зьніклі 300 тысячаў экспанатаў музэю гісторыі Менску. Чытаць цалкам
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Музей гісторыі горада Мінска
- Афіцыйны сайт
- Афіша