Мэнцы

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Мэнцы
(Ny Manninee)
Jones Baling Machine Southern Agricultural Show 2009 - geograph.org.uk - 1475570.jpg
Фермеры з вострава Мэн
Агульная колькасць 38 тыс. (востраў Мэн)
Рэгіёны пражывання Мэн
Мова мэнская
Рэлігія пратэстантызм
Блізкія этнічныя групы валійцы, ірландцы, шатландцы

Мэ́нцы (саманазва Ny Manninee) — народ, карэнныя насельнікі вострава Мэн у Ірландскім моры. Агульная колькасць на востраве Мэн (2006 г.) - 38 тыс. Жывуць таксама ў іншых месцах Вялікабрытаніі, ЗША, Канадзе.

Паходжанне і гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Рэшткі кельцкіх круглявых хацін VII ст.

У 1 тысячагоддзі да н. э. востраў Мэн быў заняты кельцкімі плямёнамі, блізкімі да брытаў. Археолагамі былі знойдзены рэшткі кельцкіх круглявых хацін і ўмацаваных паселішчаў, якія будавалі на пагорках. Сама назва вострава паходзіць ад імя Мананана Мак-Ліра, кельцкага бога мора.

Рымскае заваяванне Брытаніі ў I ст. н. э. не распаўсюджвалася на Мэн. Але ў канцы VI ст. ён быў канчаткова заваяваны ірландцамі. Перасяленне з Ірландыі пачалося яшчэ раней - у V ст. Выхадцы з захаду паступова асімілявалі мясцовае насельніцтва, моцна паўплывалі на яго мову і культуру.

У VIII - XI ст. Мэн стаў месцам аселасці скандынаўскіх вікінгаў. Яны называлі востраў Suðreyjar (Паўднёвы). У 979 г. яны стварылі прадстаўнічы орган агульнай улады тынвальд, які захаваўся на Мэне да нашых дзён. У 1079 г. востраў захапіў нарвежац Годрэд. Ён далучыў да сваіх валоданняў Шэтландскія астравы і такім чынам заснаваў Мэнскую дынастыю Каралеўства Астравоў.

У XII ст. была прызначана каталіцкая епархія вострава Мэн, хаця, як мяркуюць, хрысціяне жылі тут і ў ранейшыя часы. У XVI ст. адбылася Рэфармацыя.

У 1266 г. Мэн быў далучаны да Шатландыі, але яго таксама аспрэчвалі англійскія манархі. У выніку гэта прывяло да спусташэнняў Мэна з боку варагуючых бакоў, паўстанняў мясцовага насельніцтва і, як вынік, умацаванню мясцовай тоеснасці, адрознай ад шатландскай, ірландскай або англійскай. З XIV ст. рэчаісны кантроль над востравам перайшоў да Англіі, але ўладары Мэна мелі значную самастойнасць. У 1866 г. Мэн афіцыйна атрымаў самакіраванне.

Асаблівасці культуры[правіць | правіць зыходнік]

Рэшткі старой сельскай хаціны

Галоўнымі гаспадарчымі заняткамі на востраве Мэн здаўна з'яўляюцца сельская гаспадарка і жывёлагадоўля.

Традыцыйныя тыпы паселішчаў блізкія да валійскіх. Жытлы — аднакамерныя каркасныя хаціны са сценамі з каменю і гліны або дзёрну. Каменныя пабудовы больш характэрны для ўзбярэжжа, дзе гэты будаўнічы матэрыял больш даступны. Дах пакрывалі саломай. У мінулым, большасць мэнцаў туліліся разам са свойскай жывёлай ў аднапакаёвых жытлах. Але ўжо з XVIII ст. сярод заможных астравіцян распаўсюджваюцца пабудовы, падобныя на англійскія.

Яшчэ ў XVII ст. мужчыны і жанчыны абгортвалі цела кавалкамі ваўнянай тканіны. Такая простая вопратка часам звалася коўдрай. У XVIII ст. распаўсюдзілася іншае адзенне. Жаночае складалася з ваўняных курткі і спадніцы, пазней з'явіўся каптур. Мужчынскае нагадвала вопратку маракоў. Абутак шылі з дрэнна апрацаванай скуры, так што на ім заставаліся валасы.

Традыцыйная ежа гатавалася са збожжавых культур, гародніны, малака, рыбы і мяса. У XVIII ст. шырока распаўсюдзілася бульба, якая адыгрывала значную ролю ў сілкаванні беднякоў. Авёс ўжывалі ў выглядзе кашы, якую запраўлялі мясным булёнам, або варылі з яго зацірку. Аўсяны кісель лічыўся ласункам. Хлеб пяклі з ячменнай мукі, але быў вядомы і аўсяны хлеб broish. Кукурузу вырошчвалі толькі як кармавую культуру. Распаўсюджаны напой — піва. Калісьці кожны фермер меў свой невялікі бровар. Піва варылі часцяком без хмеля і ўжывалі замест вады або мяшалі з яйкамі, віном і малочнымі вяршкамі, запраўлялі чырвоным перцам.

Кланавая сістэма не распаўсюджана на Мэне, хаця ў мінулым ўзгадваліся заможныя роды. Сем'і звычайна малыя нуклеарныя. Паміж сваякамі першых трох пакаленняў захоўваюцца шчыльныя сацыяльныя і эмацыянальныя сувязі. З часоў сярэднявечча распаўсюджана сістэма несваяцкіх арганізацый - ордэнаў, якія ў мінулым аб'ядноўвалі людзей на прафесійным і рэлігійным грунце, але пазней згубілі выключна прафесійную накіраванасць, з'яўляліся таварыствамі ўзаемадапамогі і арганізатарамі супольнай працы. Так, у XIX ст. найбольш папулярным стаў Ордэн дзівакоў (Order of Odd fellows), што раней з'явіўся ў Англіі як патаемнае таварыства. На Мэне ён аб'ядноўваў рамеснікаў, якія працавалі ў тым ліку за межамі вострава, дапамагаў стыпендыямі вучням майстраў, а таксама хаваў нябожчыкаў.

Фальклор прадстаўлены гістарычнымі паданнямі, марацкімі песнямі, танцамі, тэатральнымі пастаноўкамі. З канца XVIII ст. праводзіліся конныя змаганні. У наш час папулярны гонкі на аўтамабілях і матацыклах.

Мова[правіць | правіць зыходнік]

Мэнская мова належыць да кельцкай групы моў, блізкая да ірландскай і шатландскай гэльскай моў, але мае шмат падабенстваў таксама з валійскай. У нашы дні большасць жыхароў вострава Мэн размаўляе на англійскай мове, але ўлады і грамадства прадпрымаюць істотныя захады для адраджэння мэнскай.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]