Перайсці да зместу

Мікалай Міхайлавіч Марцінчык

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Мікалай Марцінчык)
Мікалай Міхайлавіч Марцінчык
Мікалай Марцінчык
Мікалай Марцінчык
Род дзейнасці палітык, галоўны ўрач, урач, медыцынскі адміністратар, публіцыст, мемуарыст
Дата нараджэння 3 (16) снежня 1901
Месца нараджэння
Дата смерці 23 мая 1980(1980-05-23) (78 гадоў)
Месца смерці
Месца пахавання
Грамадзянства
Месца працы
Альма-матар
Партыя
Член у

Мікалай Міхайлавіч Марцінчык (3 (16) снежня 1901, в. Кубельнікі Гродзенскага павета, цяпер Бераставіцкі раён — 23 мая 1980, Гродна) — беларускі грамадска-палітычны дзеяч у Заходняй Беларусі, урач, публіцыст, мемуарыст.

Нарадзіўся ў сялянскай сям’і. У Масалянскай царкоўна-прыхадской школе атрымаў пачатковую адукацыю. Разам з бацькамі, Міхасём Рыгоравічам і Фёклай Васільеўнай, быў у бежанстве ў Расіі ў часы Першай сусветнай вайны. Там скончыў пяць класаў гімназіі ў Чыстопалі Казанскай губерні. Пасля вяртання вучыўся ў Гродзенскай руска-польскай гімназіі і беларускай гімназіі. Адрозніваўся адукаванасцю, літаратурнымі здольнасцямі і быў свядомым беларусам.

Паступіў на медыцынскі факультэт Віленскага ўніверсітэта Стэфана Баторыя. Падчас вучобы ва ўніверсітэце стаў кіраўніком Беларускага студэнцкага саюза, рэдагаваў «Студэнцкую думку», супрацоўнічаў з газетамі «Голас беларуса» і «Сялянская праўда», займаўся дабрачыннай дзейнасцю ў Беларускім таварыстве дапамогі пацярпелым ад вайны.

З 1921 па 1938 год сябра Прэзідыума Віленскага нацыянальнага камітэта. Стаяў ля вытокаў Беларускай сялянска-работніцкай грамады. У 1925 годзе ўдзельнічаў у Гданьску ва ўстаноўчым з’ездзе БСРГ. Працаваў у розных рэдакцыях газет Грамады.

Галоўная ўправа ТБШ (злева направа) у першым радзе: Міхаіл Пяткевіч, Фелікс Стацкевіч, Сяргей Паўловіч, Мітрафан Кепель; у другі радзе: Рыгор Шырма, Піліп Кізевіч, Мікалай Марцінчык.

З 1925 года сакратар, а з 1934 года намеснік старшыні Галоўнай управы Таварыства беларускай школы. Прычыніўся да стварэння 12 акруговых упраў ТБШ, спрыяў стварэнню гурткоў ТБШ, беларускіх клубаў і бібліятэк у вёсках. Выязджаў на месцы, каб адстойваць патрабаванні беларусаў да польскіх уладаў аб адкрыцці беларускіх школ. У беларускім друку таксама бараніў правы беларусаў на свае школы на беларускай мове.

Пасля заканчэння ў 1927 годзе Віленскага ўніверсітэта быў пакінуты ардынатарам у педыятрычнай клініцы, меў прыватную практыку, адначасова быў інспектарам ад ТБШ у Віленскай беларускай гімназіі, дзе выкладаў анатомію і гігіену, хімію і біялогію. Абараняў гімназію ад прэтэнзій польскай адміністрацыі і паліцыі.

Быў асабістым урачом Міхася Забэйды-Суміцкага.

Падчас выбараў у Сейм 1927−1928 гадоў у кватэры Марцінчыка знаходзіўся выбарчы штаб. З Ігнатам Дварчанінам рэдагаваў газеты «Наша праца», «Думка працы». У Сейм было абрана 5 беларускіх паслоў. Двойчы сам быў кандыдатам у паслы Сейма (1927, 1930), паліцыя двойчы яго арыштоўвала і ён сядзеў некалькі месяцаў у Лукішскай турме, што перашкодзіла яму ў 1930 годзе завяршыць выбарчую кампанію ў Сейм.

У лістападзе 1931 года правёў чарговы з’езд у апошняй акруговай арганізацыі ТБШ.

У 1932 (па іншых звестках — 1931) годзе польскія ўлады выслалі Марцінчыка з Вільні як «недобранадзейнага» без права вяртання. У Ялоўцы Ваўкавыскага павета (па іншых звестках — Нараўцы Гайнаўскага павета) дасведчаны ўрач і грамадскі дзеяч таксама стаў аўтарытэтнай асобай ды працягваў супрацоўнічаць з ТБШ. У красавіку 1934 года Марцінчык узначаліў сельскі шпіталь у Нараўцы, што каля Гайнаўкі. Нават пад наглядам паліцыі ён наведваў па справах ТБШ Вільню і Варшаву. У 1934 годзе зноў быў абраны сябрам Галоўнай управы. Асветніцтвам у ТБШ займаўся да 2 снежня 1936 года — да закрыцця ТБШ уладамі.

Другую сусветную вайну і прыход савецкіх войскаў у 1939 годзе сустрэў у Нараўцы, дзе працягваў працаваць лекарам.

У 1941 годзе апекаваўся савецкімі параненымі. Перакваліфікаваўся ў вайсковага хірурга. Быў арыштаваны немцамі быццам бы за дапамогу былым параненым жаўнерам, якія пакінулі шпіталь і пайшлі да партызанаў. Доказаў не знайшлося, таму яго выпусцілі з-пад варты, дазволілі пераехаць у Белавежу і адкрыць там амбулаторыю.

Меў добрыя адносіны з камандзірам савецкага партызанскага атрада імя Кастуся Каліноўскага Аляксеем Карпюком, які паходзіў з Беласточчыны. У 1944 годзе, пасля блакады і баёў, партызанскаму атраду імя Каліноўскага былі патрэбны лекі і бінты, чым урач і дапамагаў, рызыкуючы жыццём.

З 1944 года з жонкай пераехаў у Гродна. Працаваў у дзіцячым шпіталі і адначасова выкладчыкам фармакалогіі ў фармацэўтычнай школе ў гарадскім аддзеле аховы здароўя. З 1944 года галоўны ўрач інфекцыйнага шпіталя, па сумяшчальніцтву быў педыятрам у абласной клініцы і ўрачом у санітарнай авіяцыі.

29 жніўня 1948 года бепадстаўна арыштаваны органамі МДБ БССР. 12 сакавіка 1949 года асобай нарадай МДБ СССР прыгавораны да 10 гадоў зняволення з канфіскацыяй маёмасці. Этапаваны ў папраўча-працоўны лагер у Варкуце. Там працаваў лекарам у лагерным шпіталі. Вызвалены 31 кастрычніка 1955 года. Рэабілітаваны 26 снежня 1956 года.

Змог уладкавацца ўрачом-педыятрам у Гродзенскі Дом дзіцяці. Пасля рэабілітацыі быў прызначаны загадчыкам аддзялення абласнога клінічнага шпіталя, адкуль ён у 1965 годзе выйшаў на пенсію.

Пахаваны ў Алекшыцах.