Міхал Казіміравіч Валовіч

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Міхаіл Валовіч)
Міхал Валовіч
Паўстанцы Міхал Валовіч і Лявон Працлаўскі, гравюра XIX стагоддзя
Паўстанцы Міхал Валовіч і Лявон Працлаўскі, гравюра XIX стагоддзя
Герб «Багорыя»
Герб «Багорыя»
Нараджэнне 18 чэрвеня 1806(1806-06-18)
маёнтак Парэчча Слонімскі павет Літоўска-Гродзенская губерня, Расійская імперыя
Смерць 2 жніўня 1833(1833-08-02) (27 гадоў)
Гродна, Літоўска-Гродзенская губерня, Расійская імперыя
Род Валовічы
Бацька Казімір Валовіч
Маці Марыя з Фёлькерзамбаў[d]
Адукацыя Віленскі ўніверсітэт
Камандаваў сялянамі-паўстанцамі
Бітвы Паўстанне 1830—1831 гадоў
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Міхал Казіміравіч Валовіч[1] (польск.: Michał Wołłowicz, руск.: Михал Казимирович Воллович; 18 чэрвеня 1806, маёнтак Парэчча Слонімскага павета Літоўска-Гродзенскай губерні, цяпер Слонімскі раён, Гродзенская вобласць — 2 жніўня 1833, Гродна) — філарэт, філамат, удзельнік паўстання 1830—1831 гадоў, ваеннай экспедыцыі Юзафа Заліўскага  (руск.) і кіраўнік сялянскага паўстання на Слонімшчыне (1833).

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Скончыў Віленскі ўніверсітэт, дзе быў членам таварыства філарэтаў і таварыства філаматаў і сябраваў з Ігнатам Дамейкам, Аляксандрам Ходзькам і інш.

Прыняў удзел у паўстанні 1830—1831 гадоў у складзе войск генерала Антонія Гелгуда, у сувязі з яго паражэннем быў вымушаны эміграваць у Францыю[1], дзе зблізіўся з дэмакратычнымі арганізацыямі, рухам карбанарыяў.

Паўстанцы Міхал Валовіч і Артур Завіша  (руск.) каля шыбеніцы, гравюра М. Ходзькі

Пад уплывам Юзафа Заліўскага вырашыў прыняць удзел у яго ваеннай экспедыцыі Юзафа Заліўскага на тэрыторыю Беларусі і Літвы, каб узняць там (у адрозненне ад папярэдняга) сялянскае паўстанне. Меркавалася, што карбанарыі Заходняй Еўропы, перамогшы ў сябе, дапамогуць паўстанцам. Па рашэнні Юзафа Заліўскага Валовіч узначаліў слонімска-навагрудскую акругу. 19 сакавіка 1833 года[1] паўстанцы перайшлі расійскую мяжу і пачалі дзейнічаць на Слонімшчыне і Гродзеншчыне. У атрад Валовіча прыйшлі сяляне з Парэчча, Вострава і Бардашоў. Каб здабыць грошы, паўстанцы напалі на пошту. Меркавалася ўзяць штурмам турму ў Слоніме з тым, каб вызваленыя вязні далучыліся да паўстанцаў. Але такія дзеянні ўстрывожылі ўлады. Гродзенскі губернатар Мураўёў даў загад акружыць атрад над Шчарай.

Валовіч спрабаваў скончыць жыццё самагубствам, але пісталет даў асечку. Паўстанцы трапілі ў палон. Усяго па Гродзеншчыне было арыштавана звыш 150 чалавек. На допыце Валовіч сведчыў, што «хацеў выкарыстаць мяркуемае паўстанне, каб здзейсніць свой намер і вызваліць сялян». 11 чэрвеня 1833 года ў Гродне пачаўся судовы працэс. Побач з Валовічам на лаве падсудных сядзелі 10 сялян, быў прысуджаны (па чарзе) да 8 тыс. шпіцрутэнаў, калесавання і чацвертавання, аднак Мураўёў «змякчыў» прысуд. Валовіча павесілі ў Гродне (на Скідзельскай заставе, за парахавымі складамі; зараз паміж вул. Белуша, вул. Лідская, зав. Парахавы і пр. Касманаўтаў) 2 жніўня 1833[1]. Цела павешанага ўначы перавезлі ў закінуты вапнавы кар’ер і закапалі такім чынам, каб ніхто яго не адшукаў і не зрабіў месцам таемных набажэнстваў, а Валовіч не стаў мучанікам[крыніца?]. Астатнія паўстанцы былі сасланы ў Сібір — на катаржныя работы, у арыштанцкія роты, на пасяленне. У ссылку адправілі таксама паўстанцаў з Воранава на чале з М. Шыманскім.

Ідэалогія[правіць | правіць зыходнік]

М. Валовіч крытычна ацэньваў вопыт паўстання 1830-31 гадоў, якое, на яго погляд, не мела «агульначалавечай мэты», паколькі адпавядала інтарэсам шляхты[1]. Падыйшоў да разумення таго, што ў вызваленчай барацьбе асноўнай сілай павінны быць народныя масы, пераважна сялянства. Выступаў за адмену прыгоннага права, за права кожнага народа на самастойнае развіццё[1].

Памяць[правіць | правіць зыходнік]

У вёсцы Парэчча, побач з уніяцкай царквой, якую збудавалі Валовічы, стаяў крыж у гонар М. Валовіча і 12 паўстанцаў, якія загінулі ў барацьбе супраць расійскага імперыялізму. Аднак у 2003 святар Маскоўскага патрыярхату, які прыехаў у прыход з Прыднястроўя, загадаў выкапаць крыж. Пазней крыж адшукалі побач са Шчарай і паставілі на могілках[2].

Мясцовы скульптар Лявон Богдан плануе паставіць помнік Міхалу Валовічу паміж парэцкімі могілкамі і былой уніяцкай царквой, аднак не можа атрымаць дазвол ад уладаў[3].

Зноскі

  1. а б в г д е Валович Михаил Казимирович // Биографический справочник. — Мн.: «Белорусская советская энциклопедия» имени Петруся Бровки, 1982. — Т. 5. — С. 121. — 737 с.
  2. Слонімшчына: у Парэччы ўшанавалі памяць паўстанцаў Міхала Валовіча // «Радыё Свабода», 1 ліпеня 2007.
  3. На Гарадзеншчыне ўшанавалі Міхала Валовіча // «Радыё Свабода», 22 чэрвеня 2008.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]