Мішэль Нэй
Мішэль Нэй | |
---|---|
Michel Ney | |
![]() Маршал Нэй | |
Мянушка | Руды (Le Rougeaud) |
Дата нараджэння | 10 студзеня 1769[1][2][…] |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 7 снежня 1815[1][2][…] (46 гадоў) |
Месца смерці | |
Месца пахавання | |
Бацька | Pierre Ney[d][4] |
Маці | Margarethe Grevelinger[d][4] |
Жонка | Aglaé Auguié[d] |
Дзеці | Michel Louis Félix Ney[d], Napoléon Joseph Ney[d], Edgar Ney[d] і Eugène Ney[d] |
Грамадзянства | |
Прыналежнасць |
![]() |
Род войскаў | кавалерыя і пяхота |
Гады службы | 1787—1815 |
Званне | Маршал Францыі |
Камандаваў | VI Corps[d] і 3rd Army Corps[d] |
Бітвы/войны | |
Узнагароды і званні | |
Аўтограф |
|
![]() | |
![]() |
Мішэль Нэй (фр.: Michel Ney; 1769—1815) — адзін з найбольш вядомых маршалаў Францыі часоў Напалеонаўскіх войнаў, герцаг Эльхінгельскі (фр.: duc d'Elchingen) і прынц Маскварэцкі (фр.: prince de la Moscowa)[7]. Напалеон зваў яго «le Brave des Braves» — «найадважны з адважных».
Пачатак кар’еры
[правіць | правіць зыходнік]
.
Мішэль Нэй нарадзіўся 10 студзеня 1769 года ў тагачасным французскім анклаве Сар-Луі з пераважна нямецкамоўным насельніцтвам (цяпер горад Саарлуіс у нямецкім Саарландзе). Ён стаў другім сынам у сям’і бондара П’ера Нэя (1738—1826) і Маргарэт Грэвелінгер. Пасля заканчэння каледжу працаваў пісцом у натарыуса, потым наглядчыкам на ліцейным заводзе.
У 1788 радавым уступіў у гусарскі полк, удзельнічаў у рэвалюцыйных войнах Францыі, атрымаў раненне пры аблозе Майнца.
У жніўні 1796 стаў брыгадным генералам у кавалерыі. 17 красавіка 1797 Нэй у баі пад Нойвідам патрапіў у палон да аўстрыйцаў і ў маі таго ж года вярнуўся ў войска ў выніку абмену на аўстрыйскага генерала.
У сакавіку 1799 павышаны ў званні да дывізіённага генерала. Пазней у тым жа годзе пасланы для падмацавання Масена ў Швейцарыю, каля Вінтэртура быў цяжка паранены ў сцягно і кісць.
У 1800 адзначыўся пры Гагенліндэне. Пасля Люневільскага перамір’я Банапарт прызначыў яго генерал-інспектарам кавалерыі. У 1802 г. Нэй быў паслом у Швейцарыі, дзе правёў мірны дагавор і медыяцыйныя акты 19 лютага 1803 г.
Асноўныя бітвы
[правіць | правіць зыходнік]Атрымаўшы пры абвяшчэнні імперыі маршальскую булаву, Нэй у вайне 1805 г. з Аўстрыяй разбіў эрцгерцага Фердынанда пры Гюнцбургу і 14 кастрычніка штурмам на Эльхінгельскія бастыёны прывёў да капітуляцыі Ульма. У бітве пры Іене ён давяршыў паражэнне прусакоў, потым прымусіў да здачы Эрфурт і Магдэбург; у 1807 г. вырашыў зыход бітвы пры Фрыдландзе, заслужыўшы тут мянушку le brave de braves. У Іспаніі, з 1808 г., ён здзейсніў шэраг бліскучых подзвігаў, але ў 1811 г. пасварыўся з галоўнакамандуючым Масенай з-за плану кампаніі і вярнуўся ў Францыю. Тытул le brave de braves Нэй атрымаў 17 лістапада 1812 года пры адыходзе ад Масквы[8]
Паход у Расію і адступ
[правіць | правіць зыходнік]

У Расійскай кампаніі 1812 года Нэй камандаваў корпусам і за бітву пры Барадзіно атрымаў тытул князя Маскварэцкага (de la Moscowa; часта няправільна перакладаюць як «князь Маскоўскі», але «Маскоўскі» ад горада па-французску будзе de Moscou, а Барадзінская бітва адбылася ў вярхоўях Масквы-ракі і адпаведна завецца bataille de la Moscowa). Пасля акупацыі Масквы займаў Багародск, а яго раз’езды даходзілі да ракі Дубны.
Падчас адыходу з Расіі, пасля бітвы пад Вязьмай, устаў на чале ар’ергарду, змяніўшы корпус маршала Даву. Пасля адыходу галоўных сіл Арміі з Смаленска прыкрываў яе адыход і распараджаўся падрыхтоўкаю ўмацаванняў Смаленска да падрыву. Прамарудзіўшы з адступленнем, ён быў адрэзаны ад Напалеона расійскімі войскамі пад кіраўніцтвам Міларадавіча; ён спрабаваў прабіцца, але, панёсшы вялікія страты, не змог ажыццявіць свайго намеру, адабраў лепшыя часткі корпуса лікам каля 3 тысяч салдат і з імі перайшоў Днепр паўночней, каля вёскі Сыракарэнне, кінуўшы вялікую частку сваіх войскаў (у тым ліку ўсю артылерыю), якія на наступны дзень капітулявалі. У Сыракарэнні войскі Нэя перабіраліся праз Днепр па тонкім лёдзе; на ўчасткі адкрытае вады кідалі дошкі. Значная частка салдат пры пераходзе праз раку патанула, таму калі Нэй злучыўся ў Оршы з галоўнымі сіламі, у яго атрадзе заставалася толькі каля 500 чалавек.[9] З жалезнаю строгасцю падтрымліваў ён дысцыпліну, пры пераходзе праз Бярэзіну выратаваў рэшткі войска.
Пры адступе з Расіі ён стаў героем вядомага выпадку. 15 снежня 1812 года ў Гумбінене, у рэстаран, дзе абедалі французскія старэйшыя афіцэры, увайшоў валацуга ў ірванай адзежы, са зблытанымі валасамі, з барадою, якая закрыла твар, брудны, страшны і, перш чым яго паспелі выкінуць на маставую, падняўшы руку, голасна заявіў: «Не спяшайцеся! Вы не пазнаяце мяне, панове? Я — ар’ергард „войска“. Я — Мішэль Нэй!»
У 1813 г. ён, пасля паразы Удзіно пры Гросберэне, атрымаў галоўнае начальства над войскамі, якія прызначаліся да нападу на Берлін, але 6 верасня быў пабіты Бюлавым каля Дэневіца. У кампаніі 1814 г. ён ваяваў ля Брыена, Манміраля, Краона і Шалён-сюр-Марна. Пасля ўзяцця Парыжа ўгаварыў імператара адрачыся ад прастола. Людовік XVIII прызначыў яго членам ваеннай рады і пэрам і даручыў яму начальства над шостаю дывізіяю.
Сто дзён. Пакаранне смерцю
[правіць | правіць зыходнік]

Калі Напалеон вярнуўся з вострава Эльба, Нэй абяцаў Людовіку XVIII прывесці Напалеона жывым ці мёртвым, але 17 сакавіка 1815 года з-за ціску свайго войска перайшоў на бок Напалеона. «Нібы плаціна прадралася, — казаў Нэй, — я павінен быў саступіць сіле акалічнасцей».
Пры адкрыцці кампаніі 1815 года Нэй з рук Напалеона прыняў начальства над 1-м і 2-м карпусамі. 16 чэрвеня ваяваў у Катрбра з герцагам Уэлінгтанам і пры Ватэрлоа з вялікаю адвагаю кіраваў цэнтрам. Вярнуўшыся ў Парыж пасля паразы, ён у палаце пэраў раіў заклікаць Бурбонаў прыйсці зноў. Хаваючыся ўцёкамі ў Швейцарыю, быў арыштаваны 19 жніўня і прывезены ў Парыж.
Ніводны генерал не жадаў судзіць военачальніка. Нэй адмаўляў у кампетэнцыі ваеннаму трыбуналу ў гэтай справе і патрабаваў перадачы яе ў палату пэраў. Ваенны трыбунал, які складаўся з былых паплечнікаў Нэя, вынес рашэнне пра сваю некампетэнтнасць у дадзенай справе. Палата ж толькі і чакала выпадку прадэманстраваць сваю стараннасць. З усіх пэраў у ліку ста шасцідзесяці аднаго знайшоўся толькі адзін, які выказаўся за невінаватасць маршала: гэта быў малады герцаг дэ Бральі, які толькі за дзевяць дзён да гэтага дасягнуў узросту, што даваў яму права засядаць у палаце пэраў. Сто трыццаць дзевяць галасоў пададзена было за неадкладнае смяротнае пакаранне — без права абскарджання прысуду. 7 снежня 1815 года Нэй быў расстраляны як дзяржаўны здраднік непадалёк ад Парыжскай абсерваторыі. Сваім расстрэлам кіраваў сам. Салдаты не жадалі страляць у маршала і толькі цяжка паранілі яго. У 1853 годзе на гэтым месцы была ўзведзена статуя Нэя.
— Напалеон на востраве Святой Алены ўспамінаў Нэя[10]:
Нэй быў чалавекам адважным. Яго смерць такая ж незвычайная, як і яго жыццё. Іду ў заклад, што тыя, хто засудзіў яго, не адважваліся глядзець яму ў твар.
Нэй пакінуў чатырох сыноў, якія апублікавалі пасля яго «Memoires» (П., 1833).

Зноскі
- ↑ а б Kurtz H. Michel Ney duc dElchingen // Encyclopædia Britannica Праверана 9 кастрычніка 2017.
- ↑ а б Michel Ney // Brockhaus Enzyklopädie
- ↑ Ней Мишель // Большая советская энциклопедия: [в 30 т.] / под ред. А. М. Прохорова — 3-е изд. — М.: Советская энциклопедия, 1969. Праверана 28 верасня 2015.
- ↑ а б Pas L. v. Genealogics — 2003.
- ↑ C.-P. Arnaud Recueil de tombeaux des quatre cimetières de Paris — 1817.
- ↑ Pierre-François Piétresson de Saint Aubin Promenade aux cimetières de Paris, aux sépultures royales de Saint-Denis, et aux catacombes — Paris: 1826. — P. 60.
- ↑ Дваццаць пятага сакавіка 1813 года Напалеон дараваў Нэю тытул прынца імя Масквы-ракі за Барадзінскую бітву, якую французы называлі бітвай пры Маскве-рацэ
- ↑ Д. Чандлер. Ваенныя кампаніі Напалеона, с. 507.
- ↑ А. І. Міхайлаўскі-Данілеўскі. Апісанне Айчыннай вайны ў 1812 годзе. — М.: Яўза, Эксмо, 2007. — С. 450—455. — 576 с. ISBN 978-5-699-24856-8
- ↑ Думкі вязня Святой Алены па рукапісу, знойдзеным у паперах Лас Каза
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]![]() |
Мішэль Нэй у Вікіцытатніку |
---|---|
![]() |
Мішэль Нэй у Вікікрыніцах |
![]() |
Мішэль Нэй на Вікісховішчы |
- Біяграфія Нэя: артыкул С. Захарава
- Трагедыя военачальніка. Маршал Нэй у 1815 годзе: даследаванне С. Захарава
- [1].
- [2]
- Зотаў А. В. Забыты Маро. — СПб.: ЗНАК, 2009.
- Нарадзіліся 10 студзеня
- Нарадзіліся ў 1769 годзе
- Нарадзіліся ў Францыі
- Памерлі 7 снежня
- Памерлі ў 1815 годзе
- Памерлі ў Парыжы
- Пахаваныя на могілках Пер-Лашэз
- Кавалеры Вялікага крыжа ордэна Ганаровага легіёна
- Кавалеры ордэна Жалезнай кароны
- Асобы
- Імёны, высечаныя пад Трыумфальнай аркай (Парыж)
- Масоны Францыі
- Маршалы Напалеона I
- Бітва пры Ватэрлоа