Перайсці да зместу

Міхаіл Кірылавіч Баброўскі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з М. Баброўскі)
Міхаіл Кірылавіч Баброўскі
Дата нараджэння 8 (19) лістапада 1784
Месца нараджэння
Дата смерці 21 верасня (3 кастрычніка) 1848 (63 гады)
Месца смерці
Месца пахавання
Грамадзянства
Род дзейнасці навуковец
Навуковая сфера палеаграфія і багаслоўе
Месца працы
Навуковая ступень доктар навук
Альма-матар
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Міхаіл (Міхал) Кірылавіч Баброўскі (8 (19) лістапада 1784, в. Волька Выганоўская, цяпер Бельскі павет, Падляскае ваяводства, Польшча — 21 верасня (3 кастрычніка) 1848, мяст. Шарашова Пружанскага павета) — славіст, арыенталіст, багаслоў, даследчык старажытных славянскіх рукапісаў і старадрукаваных кірылічных выданняў, доктар багаслоўя (1823)[1], канонік Брэсцкага капітула (1817).

Член Археалагічнай акадэміі ў Рыме, парыжскага і лонданскага азіяцкіх навуковых таварыстваў, Таварыства гісторыі і старажытнасцяў расійскіх пры Маскоўскім універсітэце, камітэта па выпрацоўцы харвацкага правапісу ў Далмацыі[1].

Міхаіл Баброўскі разам з Ігнатам Даніловічам лічыцца адным з першых творцаў «беларускага нацыянальнага адраджэння»[2] альбо «беларускай нацыянальнай ідэі»[3].

Валодаў беларускай мовай, за якую лічыў падляшскі дыялект без «акання», «дзекання», «цекання», з мяккімі «дзь» і «ць» і поўнымі канчаткамі інфінітываў, напрыклад «ходити»[4].

Паходзіць са старадаўняга беларускага шляхецкага роду. Бацька — Кірыла Баброўскі — быў высвечаны на ўніяцкага святара берасцейскім грэка-каталіцкім біскупам Сімяонам Млоцкім у 1779 годзе, яго маці — Ганна з роду Крупскіх. У сям’і было пяцёра сыноў, аднак у жывых засталіся толькі старэйшы Язэп і малодшы Міхал[5].

Навучаўся ў Кляшчэляўскай царкоўнай школе і піярскім вучылішчы ў Драгічыне, Беластоцкай гімназіі (скончыў у 1806 годзе) і Галоўнай духоўнай семінарыі пры Віленскім універсітэце (скончыў у 1812 годзе). У 1811 годзе атрымаў ступень магістра філалогіі, у 1812 годзе стаў магістрам багаслоўя, у 1814 — магістрам філасофіі[5]. Прыняў пасвячэнне ў 1815 годзе, з 1817 года канонік брэсцкі.

Праца ў Віленскім універсітэце

[правіць | правіць зыходнік]

У 1817—1822 гадах у замежнай навуковай камандзіроўцы ад Віленскага ўніверсітэта[1], наведаў славянскія землі, Францыю і Італію і вывез адтуль значную колькасць кніг, якія ён прадаў потым Віленскай семінарыі.

З 1822 года прафесар Віленскага ўніверсітэта. У 1822—1824 гадах і пасля перапынку з 1826 года прафесар экзегетыкі і герменеўтыкі Віленскага ўніверсітэта. З 1823 года доктар тэалогіі. Заснавальнік беларуска-літоўскага філалагічнага гуртка ў Віленскім універсітэце[1]. Выступаў супраць паланізацыі і лацінізацыі[1].

Следства і высылка

[правіць | правіць зыходнік]

У сувязі са следствам, разгорнутым М. М. Навасільцавым па справе тайных студэнцкіх таварыстваў філаматаў і філарэтаў, быў разам з прафесарамі Ю. Галухоўскім  (руск.), І. Даніловічам, І. Лялевель адхілены ад выкладання і высланы з Вільні.

У 1824—1826 гадах знаходзіўся ў ссылцы ў базыльянскім манастыры ў Жыровіцах.

Дзякуючы заступніцтву мецэната М. П. Румянцава ў 1826 годзе Баброўскі атрымаў магчымасць вярнуцца ва ўніверсітэт[6]

У 1833 годзе практычна быў сасланы ў мястэчка Шарашова, дзе быў святаром да канца жыцця. У сувязі з пераследаваннем грэка-католікаў перайшоў у праваслаўе. Займаўся навукай і выхаваннем пляменніка Паўла, бацька якога заўчасна памёр. Памёр ад халеры. Пахаваны на шарашоўскіх могілках за алтаром царквы св. Пятра і Паўла.

Навуковая дзейнасць

[правіць | правіць зыходнік]

Даследаваў унікальныя калекцыі славянскіх рукапісаў і старадрукаў, увёў у навуковы ўжытак многія помнікі пісьменства. Адзін з пачынальнікаў скарыназнаўства, які нанова адкрыў для еўрапейскай навукі імя Ф. Скарыны. Толькі невялікая частка яго рукапіснай спадчыны апублікавана пры жыцці, частка знікла адразу пасля смерці даследчыка.

Супрасльскі рукапіс

[правіць | правіць зыходнік]
Супрасльскі рукапіс

Яшчэ гімназістам зацікавіўся архівам і бібліятэкай Супрасльскага манастыра каля Беластока, дзе ў 1822 годзе выявіў Супрасльскі зборнік[1], адзін з вельмі важных кірылічных помнікаў царкоўнаславянскай мовы. Баброўскі паведаміў пра гэта Вастокаву, які ў 1825 годзе надрукаваў вынікі сваіх даследаванняў. Частка рукапісу (118 лістоў) трапіла да Копітара і захоўваецца ў Любляне; яна была выдадзена Міклошычам  (руск.) пад назвай «Monumenta linguae paleoslovenicæ е codice Supraslensi» (Вена, 1851). Частка (два сшыткі) захоўваецца ў пецярбургскай Расійскай нацыянальнай бібліятэцы; астатняя частка патрапіла ў бібліятэку графаў Замойскіх у Варшаве і захоўваецца цяпер у польскай Нацыянальнай бібліятэцы.

Іншая дзейнасць

[правіць | правіць зыходнік]

Збіраў матэрыялы пра дзейнасць Швайпольта Фіёля, Францыска Скарыны, Івана Фёдарава, Пятра Мсціслаўца. Склаў навуковае апісанне старажытных кірылічных і глаголічных помнікаў пісьменства, якія захоўваюцца ў Ватыканскай бібліятэцы. Увёў у навуковы абарот шэраг важных помнікаў гісторыі і культуры.

За свае навуковыя працы Баброўскі быў абраны членам археалагічнай акадэміі ў Рыме, Азіяцкага грамадства ў Парыжы і Лондане, Таварыства гісторыі і старажытнасцяў Расійскіх пры Маскоўскім універсітэце  (руск.).

  • шмат дробных артыкулаў у «Dziennik Wileński» 1824—1826
  • Wyobrażenie nauki Pisma św., jej części i literatury (в «Dzieje dobroczynności Krajowej i zagranicznej», 1823)
  • «Archeologia biblica» (Вільна, 1829)
  • «Wiadomość historiczna o Universytecie Wileńskim» (1828)

Імя Баброўскага нададзена Лабараторыі вывучэння духоўнай культуры Падляшша (Масква) і вуліцы ў Шарашове.

  1. а б в г д е Бобровский Михаил Кириллович // Биографический справочник. — Мн.: «Белорусская советская энциклопедия» имени Петруся Бровки, 1982. — Т. 5. — С. 62. — 737 с.
  2. ЭГБ 1993.
  3. Латышонак А. Народзіны беларускай нацыянальнай ідэі // Спадчына. — Мінск: Полымя, 1992. — № 1. — С. 14.
  4. Латышонак А. Народзіны беларускай нацыянальнай ідэі. — Спадчына. — 1992. — С. 12.
  5. а б Марціновіч, А. Як дрэва з белавежскай пушчы // Наша Вера. — 2000. — № 1.
  6. Баброўскі Міхаіл Кірылавіч(недаступная спасылка). Ганцавіцкі краязнаўча-інфармацыйны партал (22 жніўня 2011). Архівавана з першакрыніцы 17 лютага 2012. Праверана 31 кастрычніка 2012.