Мікалай Мікалаевіч Пракаповіч

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з М. М. Пракаповіч)
Мікола Пракаповіч
Асабістыя звесткі
Імя пры нараджэнні Мікалай Пракаповіч
Дата нараджэння 1 лістапада 1948(1948-11-01) (75 гадоў)
Месца нараджэння
Альма-матар
Месца працы
Прафесійная дзейнасць
Род дзейнасці паэт, тэлежурналіст
Гады творчасці 1966 — цяпер
Кірунак паэзія
Мова твораў беларуская
Грамадская дзейнасць
Партыя
Член у
Прэміі
Узнагароды

Мікала́й Мікалаевіч Пракаповіч (нар. 1 лістапада 1948, в. Пугачова, сёння ў межах Брэста) — беларускі паэт, тэлежурналіст, краязнаўца, грамадска-палітычны дзеяч, адзін з заснавальнікаў брэсцкай грамадска-культурнай сябрыны «Край». Адзін з стваральнікаў і лідараў беларускага адраджэнскага руху ў Брэсце і на Брэстчыне ў канцы 1980-х — 1990-х. Член Беларускага народнага фронту з 1989 года.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Мікола Пракаповіч нарадзіўся ў сям’і рабочага ў вёсцы Пугачова, якая з 1979 года стала адным з мікрараёнаў Брэста. Насамрэч ён нарадзіўся 21 кастрычніка 1948 года, хоць у пашпарце ў яго фактычна запісана 1 лістапада. Сталася так, што праз шматлікія клопаты бацькі не здолелі адразу зарэгістраваць народжанае дзіця менавіта ў тым месяцы, калі яно нарадзілася. А за пратэрміноўку тады накладваўся даволі сур’ёзны штраф. У выніку яго зарэгістравалі ў найбліжэйшы да рэальнага дня нараджэння дзень — 1 лістапада[1].

Выхоўваўся ў колішнім прыгарадзе Брэста за Мухаўцам, які раней быў вёскай Пугачова, дзе паводле ўласнага сведчання, практычна пачуў і пабачыў тое, чым займаўся потым амаль усё сваё жыццё на тэлебачанні: народныя традыцыі, песні, святы. Бегаў за калядоўшчыкамі, сам шчадраваў, бываў на вясковых вяселлях. Мікола Пракаповіч скончыў сярэднюю школу № 4 г. Брэста на Валынцы.

У 1970 годзе скончыў беларускае аддзяленне факультэта мовы і літаратуры Брэсцкага педагагічнага інстытута. Працаваў настаўнікам у Асабовіцкай васьмігадовай школе Пінскага раёна. У 1971—1972 гадах служыў у Савецкай Арміі.

З 1972 года — рэдактар Брэсцкага абласнога радыё, затым загадчык рэдакцыі літаратурна-мастацкіх і музычных перадач Брэсцкай студыі тэлебачання.

З 1975 года — старшы рэдактар, пазней загадчык аддзела мастацкіх праграм Брэсцкага тэлерадыёаб’яднання. Стваральнік, аўтар і вядучы перадач «Творчыя сустрэчы», «Перазовы», «Далягляды», «Гэта было з намі», мастацка-публіцыстычных праграм «Брэст», «Край»[2]. Дыпламант міжнародных тэлефестываляў.

Больш за 40 гадоў аддаў Мікола Пракаповіч журналісцкай працы на тэлебачанні — практычна ўсё свядомае жыццё. Яго аўтарская перадача «Край» — гэта праект, які ведаюць не толькі ўсе творчыя людзі Берасцейшчыны, якіх ён запрашаў на свае перадачы, але і ўсе, хто цікавіцца гісторыяй і культурай роднага края ў рэгіёне. Хіба не засталося ніводнага цікавага кутка на Берасцейшчыне, куды б не выязджаў са здымачнай групай журналіст-краязнавец Мікола Пракаповіч. Усяго ў эфір выйшла больш за 500 выпускаў гэтай перадачы.[1]

У 1981 годзе прыняты ў Саюз пісьменнікаў. У 1984—1990 гадах быў сакратаром Брэсцкага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў БССР.

На працягу 10 гадоў паэт Мікола Пракаповіч кіраваў літаратурнай студыі «Спадчына» ў Брэсцкім абласным цэнтры моладзевай творчасці, якая яднала маладых паэтаў горада[2].

У 1990-я не аднойчы вылучаўся кандыдатам у дэпутаты ў беларускі парламент і мясцовыя органы ўлады рознага ўзроўню ад БНФ «Адраджэнне».

Творчасць[правіць | правіць зыходнік]

У сямейных каранях Пракаповічаў была свая творчая жылка. Яго дзед Ілья (Гальяш) з Слонімшчыны лічыўся майстрам не толькі пілы і сякеры, з якімі хадзіў у заробкі, але і скрыпкі. Не адзін верш прысвяціў яму потым унук-паэт Мікола Пракаповіч. Менавіта такім вершам адкрываецца першы самастойны зборнік Міколы Пракаповіча «Неад’емнае» (1982).

Першы свой верш (па-руску) ён апублікаваў у 1966 годзе ў брэсцкай абласной газеце «Заря» яшчэ будучы шкаляром. Заахвоціў пісаць вершы яго сусед Дзмітрый Васільеў, родам з Масквы, былы танкіст. Ён ваяваў, меў ордэн Славы, працаваў правадніком на чыгунцы і пісаў вершы і песні на іх. Яго прыклад і захапіў юнага Міколу Пракаповіча. Сусед падправіў яго верш і аддаў абласную газету «Заря», дзе ён быў надрукаваны[1]. Юнак стаў героем школы. Пачаў пісаць вершы — і па-руску, і па-беларуску. Аднойчы, ужо ў старэйшых класах, настаўніца беларускай літаратуры сказала «пачынаючаму паэту»: «Мікола, выбірай, на якой мове ты пішаш». Ён выбраў — беларускую.

Пазней Дзмітрый Васільеў прывёў Міколу Пракаповіча на пасяджэнне літаратурнага аб’яднання пры газеце «Заря», пазнаёміў з Міхасём Рудкоўскім, які гэта літаб’яднанне ў Брэсце тады ўзначальваў.

Калі паступіў вучыцца на філалагічны факультэт Брэсцкага педагагічнага інстытута яму, як і многім, хто цягнуўся да прыгожага пісьменства, да літаратуры, вельмі пашанцавала — у той час там працаваў пісьменнік і літартурны крытык Уладзімір Калеснік. Ён і стаў сапраўдным літаратурным настаўнікам для Міколы Пракаповіча.

Першая кніга паэта «Белая вежа» была надрукавана ў калектыўным зборніку «Нашчадкі» (1979). Далей былі ўласныя зборнікі «Неад’емнае» (1982) і «На кругі свае» (1986) і іншыя.

Вершы Міколы Пракаповіча перакладаліся на расійскую і ўкраінскую мовы. Плённа супрацоўнічае паэт з мясцовымі кампазітарамі, супрацоўнічае з мастакамі, з калектывам абласнога тэатра лялек.

Узнагароды[правіць | правіць зыходнік]

За зборнік вершаў «Мяжа надзеі» выдавецтва «Мастацкая літаратура» адзначыла Міколу Пракаповіча прэміяй імя М. Багдановіча (1993). З'яўляецца лаўрэатам Літаратурнай прэміі Брэсцкага аблвыканкама імя Уладзіміра Калесніка (2008), Мядовай прэміі за зборнік вершаў «Прытулак памяці» (2018)[3]. Узнагароджаны Ганаровай граматай Брэсцкага аблвыканкама (2008). Таксама атрымаў званне «Берасцейская зорка» (1999) у намінацыі «Журналістыка».

Неаднойчы Мікола Пракаповіч станавіўся пераможцам абласнога спаборніцтва сярод рэдакцый абласных, раённых і гарадскіх газет, тэлебачання і радыё, прафесійных журналістаў у намінацыі «Захаванне гісторыка-культурнай спадчыны».

Творы[правіць | правіць зыходнік]

  • Мікола Пракаповіч. Нашчадкі (вершы) // Белая вежа. Зборнік паэзіі. Мінск, Мастацкая літаратура, 1979. С. 207—228. (Першая кніга паэта).
  • Неад’емнае (вершы і паэма). Мінск, Мастацкая літаратура, 1982. 54 с.
  • На кругі свае (вершы і паэма). Мінск, Мастацкая літаратура, 1986. 86 с.
  • Мяжа надзеі (вершы і паэма). Мінск, Мастацкая літаратура, 1993. 142 с.
  • Мікола Пракаповіч. Літары на літоўцы (вершы) // М. Рудкоўскі, М. Пракаповіч, А. Каско. Трохперсце (вершы). Мінск, Літаратура і мастацтва, 2008. С. 55-104.
  • Микола Прокопович. На Миколу (стихи) // Белой вежи свет. Зборник поэзии Брестчины в переводах Валерия Гришковца. Мінск: Літаратура i Мастацтва, 2010. С. 61-64.

Зноскі

  1. а б в Вячаслаў Бурдыка. Родны край Міколы Пракаповіча(недаступная спасылка). Портал «СМИ Беларуси». Народная трыбуна (18 лістапада 2016). Архівавана з першакрыніцы 15 сакавіка 2017. Праверана 22.11.2016.
  2. а б Алена Гармель. Край… і рай з Міколам Пракаповічам. Рэй (14 верасня 2013).
  3. Паэту Міколу Пракаповічу ўручылі пуд мёду(нявызн.). БЕЛАРУСКАЕ РАДЫЁ РАЦЫЯ (26 снежня 2018). Праверана 21 сакавіка 2024.