Валянціна Міхайлаўна Кукса

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Валянціна Міхайлаўна Кукса
Асабістыя звесткі
Дата нараджэння 3 студзеня 1951(1951-01-03)
Месца нараджэння
Дата смерці 13 верасня 2014(2014-09-13) (63 гады)
Пахаванне
Грамадзянства
Альма-матар
Прафесійная дзейнасць
Род дзейнасці пісьменніца
Грамадская дзейнасць
Член у
Прэміі
Узнагароды

Валянціна Міхайлаўна Кукса (у дзявоцтве Леанюк; 3 студзеня 1951, в. Гнеўчыцы, Іванаўскі раён, Брэсцкая вобласць — 13 верасня 2014) — беларуская пісьменніца.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Нарадзілася 3 студзеня 1951 г. у вёсцы Гнеўчыцы Іванаўскага раёна Брэсцкай вобласці ў шматдзетнай сялянскай сям’і. Бацька працаваў манцёрам сувязі рачнога транспарту Пінскага параходства. Вясковае выхаванне змалку навучыла цярплівасці, адказнасці, у поце здабываць свой хлеб. Васьмігадовая школа была ў Гнеўчыцах, а вось у дзесяцігодку прыйшлося хадзіць у суседні Крытышын.

Пасля заканчэння сярэдняй школы Валянціна Кукса вучылася ў Брэсцкім педагагічным вучылішчы. Пасля вучылішча паступіла ў Брэсцкі педагагічны інстытут імя А. С. Пушкіна на дашкольны факультэт. Паспяхова скончыўшы інстытут, паступіла ў аспірантуру. Здала два экзамены, рыхтавалася да напісання дысертацыі, як напаткала трагедыя — цяжка захварэла старэйшая дачка Света.

В. М. Кукса працавала выхавацелем у дзіцячых садах г. Брэста. Была стваральнікам першых беларускамоўных груп у дашкольных установах горада. Распрацавала шэраг метадычных работ для выхавацеляў і настаўнікаў па вывучэнні беларускай мовы дзяцьмі дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту. У часопісе «Пралеска» друкавала «Заняткі па развіцці маўлення ў дзяцей дашкольнага ўзросту». Набыткам для выхавацеляў сталі яе дапаможнік «Колеры вясёлкі. Вучымся гаварыць па-беларуску» (1998) і кніга для бацькоў «Створым прастору любові» (2005).

Пісаць мастацкую прозу пачала ў студэнцкія гады. Палескія песні і мова на ўсё жыццё запалі ва ўражлівую душу, таму «вясковасць» і радаводу, і маральна-духоўнага стану ў пісьменніцы была ўвабрана ад нараджэння. Першае сваё апавяданне «Калінавая слёзка» надрукавала ў абласной газеце «Заря», праўда, яго пераклалі на рускую мову. Затое наступны твор — «Вясковыя малюнкі» — рэдакцыя змясціла на беларускай (19 сакавіка 1987 г.). Валянціна Кукса пісала толькі пра тое, што ведала, што перажыла, а ведала больш за ўсё дзяцей. Іх перажыванні і свае вакол іх клала сардэчным словам на паперу. Друкавалася ў перыядычных выданнях, у калектыўных зборніках «З палескіх крыніц. Чый бэз?» (1993), «Карані» (1994), «Берестейське багаття» (2012), альманаху «Жырандоля». Выдала дзве кнігі прозы «І верыла ў цуд…» (1999), «Кнігаўка» (2005).

Мела высокі аўтарытэт сярод творчага асяроддзя Брэстчыны. Сябравала з Нінай Мацяш, Алесем Каско, Міколам Пракаповічам, Аляксеем Філатавым і інш.

У чэрвені 2001 г. прынята ў Саюз беларускіх пісьменнікаў.

Валянціна Міхайлаўна клапацілася, каб аднавіць у Гнеўчыцах разбураную святыню — царкву Параскевы Пятніцы. Адпраўным момантам, які прадвызначыў будаўніцтва новага храма, стаў яе зварот да землякоў у іванаўскай раённай газеце «Чырвоная звязда» 19 сакавіка 1999 г. 27 лістапада 2007 г. адбылося ўрачыстае асвячэнне храма.

Пасля цяжкай працяглай хваробы Валянціны Міхайлаўны Куксы не стала 13 верасня 2014 г., пахавана на могілках в. Камяніца-Жыравецкая Брэсцкага раёна.

Узнагароды[правіць | правіць зыходнік]

Аблвыканкам па выніках 1999 г. назваў яе «Чалавекам года» ў галіне адукацыі. Узнагароджана прэміяй «Берасцейская зорка», Ганаровай граматай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь (2001). У 2005 г. стала лаўрэатам Берасцейскай мядовай літаратурнай прэміі за кнігу «Кнігаўка».

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]