Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
скарочана — Белстат
Выява лагатыпа
Геральдычны знак — эмблема Нацыянальнага статыстычнага камітэта Рэспублікі Беларусь
Агульная інфармацыя
Краіна Рэспубліка Беларусь
Юрысдыкцыя Беларусь
Дата стварэння 26 жніўня 2008
Папярэдняе ведамства Міністэрства статыстыкі і аналізу Рэспублікі Беларусь
Кіраўніцтва дзейнасцю ажыццяўляе Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь
Штаб-кватэра 220034, Мінск, Партызанскі пр-т, д. 12
Старшыня Іна Мядзведзева
Сайт belstat.gov.by

Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (Белстат) — рэспубліканскі орган дзяржаўнага кіравання ў галіне дзяржаўнай статыстыкі, праводзіць дзяржаўную палітыку ў галіне дзяржаўнай статыстыкі, ажыццяўляе рэгуляванне і кіраванне, а таксама каардынацыю дзейнасці іншых дзяржаўных органаў, іншых арганізацый у гэтай галіне.

Белстат падпарадкоўваецца непасрэдна Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь.

З 29 снежня 2014 года пасаду старшыні камітэта займае Іна Мядзведзева.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР ад 12 жніўня 1987 № 1652-1 Цэнтральнае статыстычнае ўпраўленне БССР пераўтворана ў саюзна-рэспубліканскі Дзяржаўны камітэт Беларускай ССР па статыстыцы. Пастановай Вярхоўнага Савета БССР ад 18 ліпеня 1990 г. Дзяржаўны камітэт БССР па статыстыцы перайменаваны ў Дзяржаўны камітэт БССР па статыстыцы і аналізе, у 1991 — у Дзяржаўны камітэт Рэспублікі Беларусь па статыстыцы і аналізе.

Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 23 верасня 1994 года Дзяржаўны камітэт Рэспублікі Беларусь па статыстыцы і аналізе пераўтвораны ў Міністэрства статыстыкі і аналізу Рэспублікі Беларусь.

Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 26 жніўня 2008 г. № 445 Міністэрства статыстыкі і аналізу Рэспублікі Беларусь пераўтворана ў Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь. Дадзенае пераўтварэнне выклікана неабходнасцю захавання аднаго з асноўных прынцыпаў афіцыйнай статыстыкі, замацаванага ў Законе Рэспублікі Беларусь «Аб дзяржаўнай статыстыцы» — прынцыпу незалежнасці пры ажыццяўленні дзяржаўнай статыстычнай дзейнасці.

За 2017 год Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь склаў звыш 2 000 000 справаздач. На кастрычнік 2018 года Нацстаткам Беларусі налічваў звыш 1500 супрацоўнікаў[1], з іх 93% складалі жанчыны[2].

Структура[правіць | правіць зыходнік]

Сістэму Белстата складаюць:

  • Цэнтральны апарат Белстата:
    • Галоўнае ўпраўленне каардынацыі і развіцця статыстычнай сістэмы
    • Галоўнае ўпраўленне комплексных інфармацыйна-аналітычных работ
    • Галоўнае ўпраўленне нацыянальных рахункаў
    • Галоўнае ўпраўленне статыстыкі прадпрыемстваў
    • Галоўнае ўпраўленне статыстыкі сельскай гаспадаркі і навакольнага асяроддзя
    • Галоўнае ўпраўленне статыстыкі інвестыцый і будаўніцтва
    • Галоўнае ўпраўленне статыстыкі знешняга гандлю
    • Галоўнае ўпраўленне статыстыкі цэн
    • Галоўнае ўпраўленне статыстыкі фінансаў
    • Галоўнае ўпраўленне статыстыкі паслуг і ўнутранага гандлю
    • Аддзел статыстыкі транспарту і інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій
    • Упраўленне дэмаграфічнай статыстыкі
    • Упраўленне статыстыкі працы
    • Упраўленне статыстыкі ўзроўню жыцця насельніцтва і абследаванняў хатніх гаспадарак
    • Упраўленне статыстычных класіфікацый
    • Упраўленне статыстычнага рэгістра
    • Упраўленне міжнароднага супрацоўніцтва і распаўсюджвання статыстычнай інфармацыі
    • Галоўнае ўпраўленне развіцця інфармацыйных сістэм
    • Галоўнае ўпраўленне фінансава-эканамічнай працы
    • Упраўленне кантролю і справаводства
    • Упраўленне бухгалтарскага ўліку і кантролю
    • Юрыдычнае упраўленне
    • Упраўленне па рабоце з персаналам
  • Упраўленні Белстата па абласцях і горадзе Мінску;
  • Дзяржаўныя арганізацыі, падпарадкаваныя Белстату:
    • Рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства «Інфармацыйна-вылічальны цэнтр Нацыянальнага статыстычнага камітэта Рэспублікі Беларусь»
    • Рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства «Цэнтр інфармацыйных тэхналогій Нацыянальнага статыстычнага камітэта Рэспублікі Беларусь»

Задачы[правіць | правіць зыходнік]

Асноўнымі задачамі Белстата з’яўляюцца:

  • фармаванне навукова абгрунтаванай афіцыйнай статыстычнай метадалогіі, якая адпавядае міжнародным стандартам у галіне статыстыкі;
  • ажыццяўленне дзяржаўнай статыстычнай дзейнасці з захаваннем прынцыпаў дзяржаўнай статыстыкі;
  • задавальненне патрэбы грамадства, дзяржавы і міжнароднай супольнасці ў афіцыйнай статыстычнай інфармацыі.

Паўнамоцтвы[правіць | правіць зыходнік]

Згодна з уставам ведамства мае паўнамоцтвы на:

  • атрыманне ад устаноў звестак для вядзення падлікаў і стварэння зводаў даных;
  • атрыманне звестак з Адзінага дзяржаўнага рэгістру юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў і іншых баз даных дзяржаўных устаноў;
  • прыцягненне асоб да падліковых назіранняў;
  • бясплатнае атрыманне ад асоб першасных падліковых звестак у запатрабаваным аб’ёме і ў тэрмін;
  • бясплатнае атрыманне ад упаўнаважаных на вядзенне падлікаў устаноў зводных звестак аб праведзеных назіраннях;
  • спраўджанне першасных звестак шляхам супастаўлення са звесткамі першасных уліковых дакументаў;
  • атрыманне тлумачэнняў пры выяўленні скажэнняў справаздач аб падліках;
  • выданне загадаў аб выпраўленні выяўленых скажэнняў справаздач;
  • ухваленне ведамасных пастаноў;
  • прыцягненне для распрацоўкі прыёмаў падліку навукова-даследніцкіх устаноў, навукоўцаў і спецыялістаў;
  • тлумачэнне вядзення дзяржаўных падлікаў у сродках масавай інфармацыі;
  • супрацу з адпаведнымі ведамствамі іншых дзяржаў і міжнароднымі арганізацыямі;
  • распаўсюд зводных звестак аб падліках за плату;
  • стварэнне і вядзенне спіса падлікаў;
  • стварэнне, пераўтварэнне, скасаванне і ўхваленне ўставаў падпарадкаваных устаноў[3].

Зноскі

  1. Тэлеканал «Беларусь 1» (20 кастрычніка 2018). "Сёння ва ўсім свеце адзначаюць Дзень статыстыкі". Белтэлерадыёкампанія. Праверана 24 студзеня 2020. {{cite news}}: Шаблон цытавання мае пустыя невядомыя параметры: |trans_title=, |separator=, |month=, і |coauthors= (даведка)
  2. Тэлеканал «Беларусь 1» (23 жніўня 2018). "Беларусь адзначае Дзень работнікаў статыстыкі". Белтэлерадыёкампанія. Праверана 24 студзеня 2020. {{cite news}}: Шаблон цытавання мае пустыя невядомыя параметры: |trans_title=, |separator=, |month=, і |coauthors= (даведка)
  3. Указ прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 26 жніўня 2008 г. № 445 (руск.). Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал Рэспублікі Беларусь (25 лютага 2011). Праверана 17 чэрвеня 2011.(недаступная спасылка)

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]