Патрокл

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Чара з выявай Ахіла, які перавязвае руку Патрокла

Патро́кл Менеці́д (стар.-грэч.: Πατροκλῆς або Πάτροκλος, лац.: Patroclus) — у старажытнагрэчаскай міфалогіі[1] сын Менеція і Сфенелы (або Перыяпіды; або, паводле Філакрата, Палімеды; або Філамелы[2]), сваяк Ахіла.

Быўшы хлопчыкам, ён падчас гульні ў косці забіў свайго таварыша Клітаніма (або Эана), з-за гэтага бег з бацькам да Пелея, сябра бацькі па паходзе арганаўтаў, у Фтыю. Пелей ачысціў яго ад забойства[3].

У Фтыі ён быў выгадаваны разам з Ахілам. З гэтых пор пачалося іх сяброўства, якое не спынялася да самай смерці Патрокла і працягвалася ў царстве Аіда. Жаніх Алены[4] Быў старэй Ахіла[5]. Сябар Ахіла, яго спадарожнік на паляванні[6]. Выгадаваны Хіронам[7]. Каханы Ахіла[8].

Паводле версіі, прыйшоў пад Трою на 10 караблях[2]. У бітве на Тэўфранцкіх палях (супраць войска Тэлефа) не пакінуў Ахіла[9]. Ёсць выявы, дзе Ахіл лечыць рану Патрокла. Мабыць, яны ілюструюць менавіта гэту вайну[10].

Падчас паходу на Трою Патрокл быў спадарожнікам Ахіла і разам з ім перастаў удзельнічаць у бітвах, калі Ахіл быў абражаны Агамемнанам. Аднак, калі становішча грэкаў зрабілася цяжкім, Патрокл, надзеўшыся ў даспехі сябра, выступіў супраць траянцаў, адціснуў іх ад грэчаскага лагера, патушыў пажар на караблях, забіў Сарпедона і Сфенела і змагаўся з Гектарам з-за Сарпедонава трупа. У «Іліядзе» забіў 26 траянцаў, названых па імі. Паводле Гігіна, усяго забіў 54 воіна[11].

Тры разу нападаў ён на траянскае войска ля сцен горада, але пры чацвёртым націску быў забіты: перш Апалон нанёс удар, затым Еўфорб паразіў Патрокла ў спіну, а Гектар дабіў яго і сцягнуў з яго Ахілаву зброя[12]. Смерць Патрокла глыбока ўразіла Ахіла, які, каб адпомсціць траянцам, вырашыў ізноў уступіць у шэрагі грэчаскай арміі.

Быў пахаваны ў адной залатой урне з Ахілам[13]. У Аідзе яго цень неразлучная з Ахілам[14].

  • См. Lowenstam S. The Death of Patroklos: A Study in Typology. // 1981.

Зноскі

  1. Мифы народов мира. М., 1991-92. В 2 т. Т.2. С.294-295
  2. 2,0 2,1 Гігін. Міфы 97
  3. Авідзій. Фасты II 39
  4. Псеўда-Апаладор. Міфалагічная бібліятэка III 10, 8; 13, 8; IV 6-7; V 5; Гігін. Міфы 81
  5. Гамер. Іліяда XI 787; XXIII 94
  6. Стацый. Ахілеіда I 174
  7. Валерый Флак. Арганаўтыка I 407
  8. Гл. Авідзій. Трыстыі II 409—412; Секст Эмпірык. Піронавы палажэнні III 199
  9. Піндар. Алімпійскія песні IX 75
  10. Клейн Л. С. Анатомия «Илиады». СПб, 1998. С.341
  11. Гігін. Міфы 114
  12. Гамер. Іліяда XVI 855
  13. Гамер. Іліяда XXIII 92; Сіманід, фр.11 Уэст
  14. Гамер. Адысея XI 468 = XXIV 15

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]