Рубель (Столінскі раён)
Аграгарадок
Рубель
| ||||||||||||||||||||||||||
Рубе́ль[1] (трансліт.: Rubieĺ, руск.: Рубель) — аграгарадок у Столінскім раёне Брэсцкай вобласці, на рацэ Чаква (старыца Рубельская Рака). Уваходзіць у склад Рубельскага сельсавета. Размешчана за 10 км на паўднёвы захад ад Альпеня, за 6 км на ўсход ад Беражнога, за 3 км на поўнач ад Хотамля, за 18 км паўночны ўсход ад Століна, за 263 км — ад Брэста, за 26 км — ад чыгуначнай станцыі Гарынь.
Цэнтр сельскагаспадарчага вытворчага кааператыва «Рубельскі» (былога калгасу). Другая паводле велічыні вёска ў Брэсцкай вобласці (пасля Альшан).
Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Першыя згадкі пра вёску належаць да 1458 года, калі яна згадваецца пад назвай Любра (Любер). Да канца XVIII стагоддзя гэтая назва ператварылася ў назву Рубля, Рубель. У XVI-XVIII стагоддзях вёска знаходзілася ў складзе Пінскага павета Берасцейскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага, з’яўлялася ўладаннем Зышчынічаў, Пашкевічаў, Рэзановічаў. З 1793 года вёска знаходзіцца ў складзе Расійскай імперыі, у Хорскай воласці Мазырскага павета Мінскай губерні. З 1921 года знаходзіцца ў складзе Польшчы. З 1939 года ў складзе Беларускай ССР. 15 студзеня 1940 года ў складзе Давыд-Гарадоцкага раёна Пінскай вобласці быў створаны Рубельскі сельсавет. Падчас Другой сусветнай вайны, у 1944 годзе, нямецка-фашысцкія захопнікі забілі 122 жыхары і спалілі вёску падчас адступлення (730 хат). Уцалела толькі царква. Вёска Рубель увекавечаная ў мемарыяльным комплексе «Хатынь» як адна са спаленых вёсак. З 1954 года ў Брэсцкай вобласці. З 1961 года ў Столінскім раёне.
Насельніцтва[правіць | правіць зыходнік]
У 1886 годзе ў вёсцы налічвалася 450 жыхароў і 46 гаспадарак, у 1897 годзе — 450 жыхароў і 38 дамоў[2], у 1909 годзе — 3259 жыхароў і 448 двароў, у 1921 годзе — больш за 2800 насельнікаў і 457 гаспадарак. У 1932 годзе ў Рублі зарэгістравана 4166 жыхароў. У 1939 годзе — 541 двор, дзе пражывалі 3887 чалавек.
Колькасць жыхароў перад пачаткам Вялікай Айчыннай вайны склала 3688 чалавек, было 730 гаспадарак.
У 1959 годзе налічвалася 4668 насельнікаў, у 1970-м — 5565 жыхароў, у 1999-м — 4186 жыхароў 440 двароў. Па стане на пачатак 2001 года было 1350 двароў і 4138 жыхароў. У 2004 годзе налічвалася 1444 двароў і каля чатырох з паловай тысяч жыхароў. У 2005 годзе — 4034 чал., 1453 двары[2], у 2007 годзе — 4300 чал. і 1461 двор[3], у 2010 годзе — 4700 чал.[4].
Да 1973 года Рубель была самай вялікай вёскай у Беларусі[3]. Зараз другая па велічыні вёска ў Столінскім раёне і Брэсцкай вобласці (пасля Альшан), да 2005 года — трэцяя ў Брэсцкай вобласці (пасля Альшан і Моталя).
Інфраструктура[правіць | правіць зыходнік]
У вёсцы знаходзяцца льнокамбінат (не працуе), аддзяленне сувязі РУП «Белпошта», аддзяленне ААТ «Беларусбанк», аптэка, 7 прыватных крам (Вераніка, Людміла, Вольга, аўтазапчасткі), 4 дзяржаўных крамы, два ўнівермага (Сілуэт і Прамтавары), кафэ «Івушка», школьная сталовая, кнігарня (зачынена), дзве хлебныя крамы, бібліятэка, Дом культуры, камбінат бытавога абслугоўвання, сярэдняя школа, два яслі-сада, рынак, аўтазаправачная станцыя, два млыны.
У ліпені 2008 года ў вёсцы адкрылася новая амбулаторыя.
Славутасці[правіць | правіць зыходнік]
- У 1965 годзе ўзведзены помнік землякам, якія загінулі ў Вялікую Айчынную вайну.
- Каля вёскі знаходзяцца курганы, паселішчы і могільнік зарубінецкай культуры.
- Царква Святога Міхаіла Арханёла (Рубельская Міхайлаўская царква). Пабудавана ў 1796 годзе. Адзін з самых яскравых прыкладаў палескай школы драўлянага дойлідства ў стылі барока.
- Успенская царква. Пабудавана ў 1996 годзе.
- Малітоўны дом хрысціян веры евангельскай (хрысціян-баптыстаў).
Тэрытарыяльны падзел[правіць | правіць зыходнік]
Традыцыйная вёска дзеліцца на 11 мікравёсак:
- Вакза́л — паўднёва-заходняя частка вёскі, на захад ад цэркваў
- Вялі́кі Лес — паўднёва-заходняя частка вёскі, за Вакзалам
- До́ўгае — усходняя частка вёскі, каля Салабаі
- Жыды́ — усходняя частка вёскі
- Запо́лле — паўночна-ўсходняя частка вёскі
- Зарэ́чча — заходняя частка вёскі, на левым беразе Чаквы
- Машлякі́ — паўднёвая частка вёскі
- Но́вы Пасёлак — на ўсход ад Туразы
- Салабаі́ — усходняя частка вёскі
- Сяло́ — цэнтральная частка вёскі
- Ту́раза — паўночна-ўсходняя частка вёскі
Цікавая інфармацыя[правіць | правіць зыходнік]
Прыклады вясковага вымаўлення:
- Бага́то — шмат
- Вон — ён
- Вона́ — яна
- Воны́ — яны
- Дзе́ўчына — дзяўчына
- Дзярэ́ўня — вёска
- Е́сцяка — ёсць
- Кого́ — кагосьці
- Колі́ — калі
- Кра́ма — ларок
- Ла́ўка — крама
- Ма́мо — мама
- Пое́хаў — паехаў
- Пошо́ў — пайшоў
- Та́то — тата
- У мане́ — у мяне
- Фа́йно — цудоўна
- Хоро́шы — прыгожы
- Цяпэр — сёння
- Шо-то — штосьці
- Шчо — што
- Якэ́ — які
Вядомыя выхадцы[правіць | правіць зыходнік]
- Віктар Аляксандравіч Вабішчэвіч (нар. 1989) — беларускі плывец.
- Пётр Андрэевіч Вабішчэвіч (нар. 1963) — беларускі палітык.
Зноскі
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Брэсцкая вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2010.— 318 с. ISBN 978-985-458-198-9. (DJVU). Сустракаецца таксама варыянт Рубэ́ль
- ↑ 2,0 2,1 Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 4, кн. 2. Брэсцкая вобласць / Рэдкалегія: Г. П. Пашкоў (галоўны рэдактар) і інш. — Мн.: БелЭн, 2007. — 608 с.: іл. ISBN 985-11-0303-0. С. 591.
- ↑ 3,0 3,1 Вось гэта Рубель! // Звязда
- ↑ Пра «маё» і «не маё»(недаступная спасылка) // Звязда
Літаратура[правіць | правіць зыходнік]
- Рубель // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 2001. — Т. 13: Праміле — Рэлаксін. — С. 418—419. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0216-4 (т. 13), ISBN 985-11-0035-8.