Свята-Міхайлаўская царква (Сынкавічы)
Славутасць | |
Царква Святога Міхаіла | |
---|---|
| |
53°07′23,20″ пн. ш. 25°09′25,10″ у. д.HGЯO | |
Краіна | Беларусь |
Вёска | Сынкавічы |
Канфесія | Беларуская праваслаўная царква |
Епархія | Гродзенская і Ваўкавыская епархія |
Благачынне | Зэльвенская |
Архітэктурны стыль | Готыка |
Статус | Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 410Г000282 |
Матэрыял | цэгла |
Стан | дзейнічае |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Царква Святога Архангела Міхаіла (Міхайлаўская царква) — царква ў вёсцы Сынкавічы, адзін з самых ранніх гатычных праваслаўных храмаў Беларусі.
Размяшчэнне[правіць | правіць зыходнік]
Царква знаходзіцца на паўночным ускрайку Сынкавіч Зэльвенскага раёна Рэспублікі Беларусь, за 15 км на захад ад Слоніма.
Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]
На фасадзе выяўлены літары, выкладзеныя перапаленай цэглай, якой славяне раней пазначалі лічбы. Гэтыя надпісы можна трактаваць як 320, што некаторыя лічаць за 1320 год[1].
Ёсць таксама паданне, што Сынковіцкую царкву заснаваў вялікі князь Вітаўт у падзяку за ўратаванне ў мясцовых лясах ад пагоні караля Ягайлы. Аднак сучасныя мастацтвазнаўцы і гісторыкі архітэктуры сыходзяцца ў меркаванні, што храм пабудаваны ў пачатку XVI стагоддзя, магчыма на сродкі вялікага гетмана літоўскага Канстанціна Астрожскага, фундатара падобных Траецкай і Прачысценскай цэркваў у Вільні.
Пасля абвяшчэння ў 1596 годзе Берасцейскай царкоўнай уніі больш за два стагоддзі царква была ўніяцкай.
У 1880—1881 гадах па праекце інжынера Івана Трубнікава храм рэканструяваны: заменены дах, пабудаваны прытвор і купал над апсідай, разабраны купал над цэнтральнай часткай храма[2].
У 1891 годзе перад храмам узведзена бутава-цагляная двух’ярусная чатырохгранная званіца, адноўленая ў 2007 годзе.
У 1926 годзе царква зноў стала цэнтрам уніяцкай парафіі, якой пэўны час апекаваліся святары з езуіцкай місіі ў Альбярціне (Слонім). Сярод яе душпастыраў тады быў а. Антон Неманцэвіч, які пазней стаў экзархам Грэка-каталіцкай Царквы ў Беларусі, які зрабіў рамонт храму. Зноў адкрыта як праваслаўная ў 1988—1990 гадах.
У 2011 годзе на паўднёвай сцяне храма пад слаямі фарбы і тынкоўкі былі знойдзены старажытныя графіці, якія ўтрымліваюць цытату з Евангелля на старажытнагрэчаскай мове[1].
Архітэктура[правіць | правіць зыходнік]
У плане ўяўляе сабой крыху перакошаны чатырохвугольнік памерам 17,5х13 м з трохнефавым чляненнем. Усе нефы маюць амаль аднолькавую шырыню — 4 м. Таўшчыня сцен дасягае 1,5 м. Высокі двухсхільны дах надае будынку стройнасць і лёгкасць. Чатыры вежы, размешчаныя па вуглах, адрозніваюцца памерамі і архітэктурнымі формамі. Дзве заходнія вежы стаяць на квадратных фундаментах, з трох бакоў іх падтрымліваюць контрфорсы. Верхняя частка веж — васьміграннік з трыма ярусамі байніц. Дзве ўсходнія вежы маюць цыліндрычную форму, тут таксама ёсць байніцы. У вежах знаходзяцца лесвіцы, якія некалі вялі да байніц, размешчаных у франтоне. Верхняя частка сцен, акрамя ўсходняй, ахоплена магутнай аркатурай, якая трымаецца на ступеньчатых убудаваных кранштэйнах. У прамежках паміж аркамі знаходзяцца акруглыя байніцы, над імі зроблены назіральныя адтуліны. Гэта дазваляла абаронцам храма сачыць за дзеяннямі праціўніка і весці агонь на большыя адлегласці. Байніцы былі зроблены ў першую чаргу для абароны. Акрамя таго, яны з’яўляюцца важным элементам і сродкам упрыгожвання храма. Асабліва ўмацавана заходняя сцяна царквы. У шчыце франтона зроблены байніцы. У верхняй частцы выкарыстаны «ліхтарык» — своеасаблівы і рэдкі архітэктурны элемент, які выконваў ролю назіральнага пункта.
У архітэктуры выяўляюцца рысы раманскага і гатычнага стыляў. У шчыце франтона неглыбокія, розныя па форме і памерах атынкаваныя і пабеленыя нішы. Яны здымаюць уражанне цяжкаватасці і масіўнасці, надаюць будынку яркасць і лёгкасць. На ўсходніх вежах і алтарных апсідах прыблізна на вышыні 3 м знаходзіцца дэкаратыўны паясок у выглядзе плоскай рэльефнай аркатуры з паўцыркульных арак раманскага тыпу, якія абапіраюцца на маленькія кранштэйны. Гэта ўпрыгажэнне арганічна спалучаецца з арачным поясам байніц. Высокі конусападобны дах над алтарнымі апсідамі адпавядае форме ўсходняга франтона. Выразнымі элементамі готыкі з’яўляюцца стральчатыя аркі аконных праёмаў з жалезнай агароджай, зорчатыя скляпенні правай апсіды храма і высокі двухсхільны дах.
Невялікая перакошанасць плана будынка, некаторая скрыўленасць восі апсід у адносінах да нефаў даюць падставы меркаваць, што храм узводзілі мясцовыя майстры, якія выкарыстоўвалі для разбіўкі плана простыя, не вельмі дакладныя вымяральныя інструменты.
У дакуменце 1760 года паведамлялася, што царква была закладзена ў перыяд кіравання каралевы Боны, паміж 1518 і 1556 годам. У «Акце візітацыі сынковіцкага храма за 1760 г.» адзначана, што пасярэдзіне даху царквы знаходзіўся вежападобны купал з жалезным крыжам. Купал існаваў да канца XVIII ст. і знік, імаверна, падчас аднаго з рамонтаў. Ёсць звесткі, што ў кожнай вуглавой вежы быў склеп. У 1760 годзе ўжо існаваў мураваны бабінец.
Інтэр’ер[правіць | правіць зыходнік]
У інтэр’еры чатыры васьмігранныя слупы падзяляюць прастору храма на нефы, перакрытыя крыжовымі скляпеннямі з нервюрамі. Цэнтральная і паўночная апсіды перакрыты крыжовымі, паўднёвая — зорчатымі скляпеннямі. Сцены атынкаваны і расчлянёны прамавугольнымі лапаткамі, аб’яднанымі з слупамі падпружнымі аркамі. Унутры веж вітыя ўсходы, што злучаюць залу з паддашкам, на якім размяшчаўся абарончы ярус царквы. Абраз 1-й чвэрці 19 ст. «Святыя Касма і Даміян». Пастаўлены ў 1-ярусны іканастас.
Перад храмам бутава-цагляная двух’ярусная чатырохгранная званіца, завершаная шатровым дахам.
Зноскі
- ↑ а б Ірына ПРЫМАК, Аляксандр ЧАРНУХА. Як рэстаўрацыя “састарыла” царкву.. — Народная газета. Архівавана 1 жніўня 2012.
- ↑ Кулагин А. Н. Гродненские зодчие XIX — начала XX веков (новые архивные изыскания). // Пытанні мастацтвазнаўства, этналогіі і фалькларыстыкі. Выпуск 24. — Мінск, «Права і эканоміка». — 2018. — С. 79
Літаратура[правіць | правіць зыходнік]
- Багласаў С. Г. Сынко́віцкая царква́-крэ́пасць // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 15: Следавікі — Трыо / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 15. — С. 320. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0251-2 (т. 15).
- Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін; маст.: З. Э. Герасімовіч, У. П. Свентахоўскі. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 653 с. — 2 000 экз. — ISBN 978-985-11-0389-4.
- Сяргей Багласаў. Сынко́віцкая царква́-крэ́пасць // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 2001. — С. 458—459. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0214-8.
- Вабішэвіч А. М. Гісторыя культуры Беларусі: вучэб.-метад. комплекс / А. М. Вабішчэвіч ; Брэсц. дзярж. ун-т імя А. С. Пушкіна. — Брэст: БрДУ, 2016. — С. 7, 41, 43, 53, 54. — 194 с. — 100 экз. — ISBN 978-985-555-517-0.
Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Свята-Міхайлаўская царква (Сынкавічы)
- Свята-Міхайлаўская царква (Сынкавічы) на сайце Праваслаўная архітэктура Беларусі (бел.)
- Свята-Міхайлаўская царква (Сынкавічы) на сайце Radzima.org
- Свята-Міхайлаўская царква (Сынкавічы) на сайце Глобус Беларусі (руск.)
- Сынковичи
- Сынкавічы: праваслаўная готыка Беларусі
- Свята-Міхайлаўская царква (Сынкавічы) на сайце «Архіварта»