Тракайскі замак

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці
Замак
Тракайскі замак
Тракайскі астраўны замак
Тракайскі астраўны замак
54°39′07″ пн. ш. 24°56′02″ у. д.HGЯO
Краіна Літва
Горад Тракай
Архітэктурны стыль готыка з раманскімі элементамі
Заснавальнік Кейстут
Будаўніцтва 2-я палова XIV ст. —1409

Трака́йскі (Троцкі) за́мак — помнік абарончага дойлідства 2-й паловы XIV — пачатку XV ст. ў горадзе Трокі (Тракай, Літва).

Замак размешчаны на востраве ў возеры Гальвэ. Замак часам завуць «Маленькім Марыенбургам». Будаўніцтва каменнага замка было распачата ў 14 стагоддзі Кейстутам, прыкладна ў 1409-м асноўныя работы былі завершаны яго сынам Вітаўтам Вялікім, які памёр у гэтым замку ў 1430 годзе. Трокі былі адным з галоўных цэнтраў Вялікага Княства Літоўскага і адыгрывалі важнае стратэгічнае значэнне.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Першы этап[правіць | правіць зыходнік]

Згодна летапісам, заснаванне замка прыпісваецца князю Гедзіміну. Каменны замак у Старых Троках вядомы з XIV ст. Кіраваў ім сын Гедзіміна князь Кейстут. Ён у 1375 пабудаваў яшчэ адзін замак у абароненых возером Новых Троках, а замак у Старых Троках у 1391 быў разбураны і больш не аднаўляўся. Участак зямлі з рэшткамі замка Вітаўт у 1405 годзе падарыў манахам бенедыкцінцам. Манастыр стаіць на старым замчышча.

Замку быў нанесены сур'ёзны ўрон падчас нападу тэўтонскіх рыцараў ў 1377 годзе. Пасля забойства Кейстута ў 1382 годзе, у краіне разгарэлася жорсткая барацьба за ўладу паміж Ягайлам і Вітаўтам. Замак быў абложаны з абодвух бакоў. Неўзабаве пасля прымірэння паміж імі, пачаўся другі этап будаўніцтва, які працягваўся да 1409 года. Гэты этап разглядаецца як важная падзея ў гісторыі замка. Існуе версія, паводле якой падчас перамір'я з Тэўтонскім ордэнам будаўнічымі работамі кіраваў муляр Ордэна Радзік (Radike). Гэта адбывалася за чатыры гады да легендарнай Грунвальдскай бітвы.[1]

Другі этап[правіць | правіць зыходнік]

Княжацкі палац з 35-ці метровы данжонам з прызамка

У ходзе другога этапа да замка былі дабудаваны два крылы, на паўднёвай баку быў пабудаваны 6-ці павярховы, 35-ці метровы данжон. Данжон меў пад'ёмныя вароты, якія аддзялялі палац ад прызамка. Ён меў некалькі функцый; акрамя таго, што ён выступаў у якасці абарончага збудавання, тут таксама знаходзілася капліца і жылыя памяшканні. Данжон быў звязаны сцяной з шматпавярховых княжацкім палацам; разам яны ўтваралі ўнутраны двор з драўлянымі галерэямі.

Панадворак княжацкага палаца з драўлянымі галерэямі
Княжацкі палац

Усё паўднёвае крыло паўднёвага палаца было аддазена пад Залу Князя. Гэтая зала мела памеры прыкладна 10 на 21 метр, толькі верхні палац у Вільнюсе пераўзыходзіць яго па памерах. Частка яго дэкору захавалася да нашых дзён.

Асноўным будаўнічым матэрыялам пры будаўніцтве Троцкага замка была так званая чырвоная гатычная цэгла. Каменныя блокі былі выкарыстаны толькі ў падмурках і верхніх частках будынкаў, вежаў і сцен. Замак быў упрыгожаны рознымі матэрыяламі, у тым ліку паліванай дахоўкай на даху, абпаленай цэглай і вітражамі. Яго агульны стыль пасля другога этапу будаўніцтва можна ахарактарызаваць як гатычны з некаторымі раманскімі асаблівасцямі.

Трэці этап[правіць | правіць зыходнік]

Сцяна з вуглавой вежай
Замкавая брама

Трэці этап развіцця Троцкага замка адбыўся ў пачатку 15-га стагоддзя. Ён адзначыўся пашырэннем прызамка: сцены былі ўзмоцнены да таўшчыні 2,5 метра, дадаткова былі абсталяваны некалькі агнявых галерэй. Па вуглах замкавай сцяны было пабудаваны тры асноўныя абарончыя вежы. Паўднёва-заходняя вежа пачала выкарыстоўвацца ў якасці турмы. У вежах былі створаны памяшканні для салдат, а таксама размешчана вялікая колькасць гармат. Таксама была пабудавана кардэргардыя, якая як і вежа княжацкага палаца мела пад'ёмныя вароты. Усярэдзіне ўнутранага двара было пабудавана некалькі будынкаў, у тым ліку стайні, кухні і іншых падсобныя памяшканні. Калі адбывалася гэта рэканструкцыя замка, узровень вады ў возеры Гальвэ быў на некалькі метраў вышэйшы чым сёння.

Заняпад[правіць | правіць зыходнік]

Замак на малюнку Н. Орды, каля 1875-77

Тракайскі замак страціў сваё ваеннае значэнне пасля Грунвальдскай бітвы 1410 года. Ён заставаўся адной з рэзідэнцый вялікіх князёў ВКЛ, месцам урачыстых прыёмаў дыпламатаў. На сценах былі намаляваны новыя фрэскі, некаторыя з іх часткова захаваліся да нашых дзён. Вядома, што Ягайла наведаў замак трынаццаць разоў паміж 1413 і 1430 гадамі. У 1430 у замку памірае князь Вітаўт. Затым замак неаднаразова перабудоўваўся і прыстасоўваўся да патрэб сваіх гаспадароў. А ў вайну 1655-60 быў зруйнаваны і з цягам часу прыйшоў у заняпад.

Руіны палаца, малюнак настаўніка Віленскай гімназіі, XIX ст.

У перыяд кіравання Жыгімонта Аўгуста замак быў адноўлены ў стылі рэнесанс і служыў летняй каралеўскай рэзідэнцыяй на працягу кароткага перыяду часу. Пазней замак служыў турмой. Падчас войнаў з Масковіяй у 17 стагоддзі, замак быў пашкоджаны і больш не аднаўляўся.

Рэстаўрацыя[правіць | правіць зыходнік]

План з «Атласу замкаў Віленскай губерні», 1827
З «Атласу замкаў Віленскай губерні», 1827

У 19 стагоддзі былі падрыхтаваны планы рэканструкцыі замка. У 1822 годзе Вінцэнт Смакоўскі ў адной з залаў першага паверху знайшоў і замаляваў эскізы дванаццаці фрагментаў фрэсак, якія былі апублікаваны ў 1841 годзе. У 1888 Імператарская Археалагічная камісія задакументавала рэшткі замка. У 1901 годзе археолаг В. Шукевіч узяў у гарадскога магістрата Троцкі астраўны замак у арэнду на дванаццаць гадоў, абавязваўшыся ахоўваць яго ад далейшага разбурэння. У 1905 годзе царскі ўрад вырашыў закансерваваць руіны і часткова аднавіць замак.

З 1926 года догляд за замкамі стаў пастаянным. Рэстаўрацыйныя працы пачаліся пасля візіту ў замак у маі 1929 года Станіслава Лорэнца(польск.) бел., Юльюша Клоса і Яна Бароўскага(польск.) бел., падчас якога было прынята рашэнне аб неабходнасці выканання неадкладных мер для захавання існуючых рэштак. Для фінансавання работ Станіслаў Лорэнц атрымаў крэдыт 10 000 польскіх злотых у Нацыянальным банку. Спачатку меркавалася правесці толькі рэстаўрацыю, рэканструкцыю замка праводзіць не было магчымасці з-за адсутнасці іканаграфіі.

Пасля Другой сусветнай вайны маштабныя працы па аднаўленню замка пачаліся ў 1950-я гг. У 195161 замак быў адбудаваны паводле праекта архітэктара Бронюса Крумініса. Прызамкавая частка адбудоўвалася з 1961 (праект Станісловаса Мікулёніса). У выніку замку быў па сутнсасці вернуты выгляд XV ст.

Экспазіцыя ў адноўленым замку

Унутры замка з 1962 знаходдзіцца музей гісторыі Тракая і сувенірныя крамы.

Архітэктура[правіць | правіць зыходнік]

Замак нясе адначасова абарончую функцыю як і функцыю княжацкай рэзідэнцыі. Палац складаецца з двух карпусоў і вежы-данжона. Жылыя і гаспадарчыя будынкі з чырвонай цэглы размешчаны вакол невялікага ўнутранага двара. Палац быў абкружаны абарончай сцяной з трох'яруснымі вежамі.Жылыя памяшканні злучаліся паміж сабой унутранымі драўлянымі галерэямі. Паміж спальняй князя і казначэйскай палатай быў тайны ход, які вёў ва ўнутраны двор. Замак быў абсталяваны сістэмай паветранага ацяплення: гарачае паветра падымалася па трубах і саграваў халодныя каменныя сцены. Пра небывалае багацце замка сведчыць той факт, што, паводле з літоўскіх харонік, нават сёдлы ў замку былі залатымі. Некалькі сёдлаў разам з канямі былі падораны маскоўскаму князю Васілю I.

Фрэскі[правіць | правіць зыходнік]

Замалёўкі фрэсак з Троцкага замка

Інтэр'еры Троцкага замка былі ўпрыгожаны фрэскамі, якія загінулі ў сярэдзіне XIX ст. У Вільнюскім гістарычным архіве захаваліся копіі фрэсак, створаныя ў 1822 годзе Вінцэнтам Смакоўскім. Смакоўскі і Сыракомля таксама пакінулі ў сваіх нарысах і апісанні фрэсак. Невялікія па памерах, блізкія да станковага жывапісу троцкія роспісы на мурах і на скосах аконных праёмаў першых двух паверхаў уяўлялі сцэны з жыцця вялікага князя Вітаўта. Намаляваныя на іх сялянкі ў світках, намітках і гарсэтах падобныя да перасанажаў абраза Нараджэння Маці Божай з вёскі Ляхаўцы[2].

Зноскі

  1. Stephen Turnbull. Crusader Castles Of The Teutonic Knights. Vol. 1. Osprey Publishing Ltd, 2003. p. 39. ISBN 1-84176-557-0
  2. Гісторыя беларускага мастацтва: У 6 т. Т. 1: Ад старажытных часоў да другой паловы XVI cт. ; [рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал.рэд.) [і інш.] ; рэд. тома С. В. Марцэлеў, Л. М. Дробаў ; АН БССР, Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору. — Мінск : Навука і тэхніка, 1987. — 303 с. : iл.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]