Перайсці да зместу

Усвейка

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Усвейка
Характарыстыка
Даўжыня 116 км
Басейн 708 км²
Расход вады 4,5 м³/с (у вусці)
Вадацёк
Выток  
 • Месцазнаходжанне вёска Курчэўская Усвейка
 • Каардынаты 54°33′07″ пн. ш. 29°46′35,12″ у. д.HGЯO
Вусце Ула
 • Месцазнаходжанне Чашнікі
 • Вышыня 125 м
 • Каардынаты 54°51′12,21″ пн. ш. 29°11′27,48″ у. д.HGЯO
Ухіл ракі 0,8 м/км
Размяшчэнне
Водная сістэма Ула → Заходняя Дзвіна → Балтыйскае мора

Краіна
Рэгіён Віцебская вобласць
physical
выток
выток
вусце
вусце
physical
выток
выток
вусце
вусце
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Усве́йка, Альшанка, Усвея, Усвіж-Бук, Усвіца, Язва — рака ў Талачынскім і Чашніцкім раёнах Віцебскай вобласці, правы прыток ракі Ула (басейн Заходняй Дзвіны).

Корань Us- у гідронімах звязваюць з індаеўрапейскім *aus- / *us- «блішчэць, ззяць», ад якога літоўскае aušra «зара», apy-ūšris «час перад світанкам», латышскае *Ūss (балцкае боства зары)[1][2]. Водныя назвы з коранем Us- / Uš- матываваныя блішчастасцю воднай паверхні, адпаведна назва ракі Усвеі значыць «Блішчастая (рака)».

На думку В. Жучкевіча, назва Усвейка паходзіць ад тэрміна свей — звеяны пясок, не замацаваны расліннасцю, звычайна ля берага возера, ракі. Гэта ж аснова прадстаўлена ў назве Асвея і іншых. Пачатковае у — прыназоўнік[3].

Пачынаецца на вышыні 221 м над узроўнем мора каля ўсходняй ускраіны вёскі Курчэўская Усвейка Талачынскага раёна, вусце за 2 км на паўднёвы ўсход ад г.п. Чашнікі. Цячэ ў межах Аршанскага ўзвышша (у паўночнай частцы) і Чашніцкай раўніны.

Даўжыня ракі 116 км. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 4,5 м³/с Агульнае падзенне ракі 94,4 м. Сярэдні нахіл воднай паверхні 0,8 ‰.

Асноўныя прытокі — Чарвінка і Чарнуха (справа).

Вадазбор — дробнаўзгорыстая, перасечаная асушальнымі каналамі, значна забалочаная (найбольшае балота Усвіж-Бук) і аблесеная раўніна. Берагі пераважна ракі стромкія, зарослыя мяшаным лесам. Плошча вадазбору 708 км². Густата рачной сеткі 0,55 км/км². Азёры трапляюцца ў нізоўі па правабярэжжы ракі, найбольшае возера Жэрынскае.

Даліна трапецападобная, шырыня яе ў высокай плыні да 0,3 км, найвялікшая 1—1,5 км. Пойма двухбаковая (шырыня 200—300 м), у нізкай плыні зліваецца з балотамі. Рэчышча ў сярэдняй і нізкай плыні звілістае і моцназвілістае, на працягу 28 км у высокай плыні каналізаванае; шырыня яго 2—5 м, у сярэдняй і нізкай плыні 6—10 м, у вусці да 28 м.

Разводдзе звычайна з 3-й дэкады сакавіка да 3-й дэкады мая. Сярэдняе перавышэнне ўзроўню над межанню 2,9 м, найвялікшае 4 м. Замярзае ў 2-й дэкадзе снежня, крыгалом у канцы сакавіка. Рака выкарыстоўваецца ў якасці прыёмніка меліярацыйных сістэм.

  1. Топоров В. Н. Балтийский элемент в гидронимии Поочья III // Балто-славянские исследования 1988—1996. Москва, 1997. С. 282—283.
  2. J. Pokorny. Indogermanisches etymologisches Wörterbuch. Bern / München 1959 / 1969. C. 86—87.
  3. В. А. Жучкевич. Краткий топонимический словарь Белоруссии. Минск, 1974. С. 273-274.
  • Сяцко Ф. І. Усвейка // Энцыклапедыя прыроды Беларусі. У 5-і т. Т. 5. Стаўраструм — Яшчур / Рэдкал. І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ імя Петруся Броўкі, 1986. — 583 с., іл. — 10 000 экз.
  • Блакітная кніга Беларусі : Энцыклапедыя / рэдкал.: Н. А. Дзісько і інш. — Мн.: БелЭн, 1994. — 415 с. — 10 000 экз. — ISBN 5-85700-133-1.
  • Республика Беларусь. Атлас охотника и рыболова: Витебская область / Редактор Г. Г. Науменко. — Мн.: РУП «Белкартография», 2010. — С. 30, 37, 38. — 72 с. — 10 000 экз. — ISBN 978-985-508-136-5. (руск.)