Аршанскае ўзвышша

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Аршанскае ўзвышша (2001)
Аршанскае ўзвышша (1977)

Аршанскае ўзвышша займае ўсходнюю частку Беларускай грады Беларуска-Валдайскай правінцыі. На ўзвышшы часткова знаходзяцца Аршанскі, Дубровенскі, Сенненскі, Талачынскі, Чашніцкі раёны Віцебскай вобласці і частка Крупскага раёна Мінскай вобласці.

Узвышша працягнулася з захаду на ўсход больш чым на 120 км, з поўначы на поўдзень ад 10 да 40, месцамі да 60 км, плошча каля 2,5 тыс. км². Мяжуе на поўначы з Верхнебярэзінскай нізінай, Чашніцкай раўнінай і Лучоскай нізінай, на поўдні — з Горацка-Мсціслаўскім узвышшам і Аршанска-Магілёўскай і Цэнтральнабярэзінскай раўнінамі, на захадзе — з Мінскім узвышшам.

У геаструктурных адносінах прымеркавана да Аршанскай упадзіны. У будове ўзвышша пераважаюць ледавіковыя адклады трох-чатырох зледзяненняў, міжледавіковыя адклады менш развіты. Магутнасць тоўшчы антрапагенавай сістэмы 60—80 м, на лакальных падняццях ложа яна памяншаецца да 18 м, у ледавіковых лагчынах павялічваецца да 200 м. Карысныя выкапні: дэвонскія даламіты і даламітызаваныя вапнякі, антрапагенавыя цагляна-чарапічныя і керамічныя гліны, пясчана-жвіровы матэрыял, торф. Вялікія запасы прэсных і мінеральных водаў у Аршанскім гідрагеалагічным басейне, які ахоплівае ўсе гарызонты асадкавага чахла і частку крышталічнага фундамента.

Аршанскае ўзвышша прыўзнята над прылеглымі нізінамі і раўнінамі на 100 м; вышыня над узроўнем мора да 255 м. Найвышэйшы пункт — 263 м. Сфарміравалася яно на працягу не меней трох зледзяненняў, а ў паўночнай частцы прыкметны ўплыў апошняга паазерскага зледзянення. У рэльефе вылучаюцца 2 няроўныя часткі. Меншая, паўночна-ўсходняя, характарызуецца градава-ўзгорыстым канцова-марэнным і камавым рэльефам Аршанскага стадыяла паазерскага зледзянення. Утварае выгнутую на поўдзень дугу, вышыня асобных узгоркаў 10—12 м, паміж імі шматлікія лагчыны сцёку талых ледавіковых водаў, тэрмакарставыя западзіны. Рэльеф асноўнай часткі Аршанскага ўзвышша (лёдападзельнага масіву Ашмянскага стадыяла перадапошняга зледзянення) узгорыста-ўвалісты і спадзіста-хвалісты, перапрацаваны дэнудацыяй, з перарывістым покрывам лёсападобных парод магутнасцю 0,5—7 м. Месцамі да схілаў прымыкаюць флювіякамы, камавыя масівы і озы. На водападзелах суфазійныя западзіны (да 2 м), у прырэчных частках, асабліва на правабярэжжы Дняпра, глыбокія лагчыны і разгалінаваныя яры да 15—20 м глыбіні. У Мацвеевым Рове (каля гарадскога пасёлка Копысь) агаленне адкладаў александрыйскага міжледавікоўя. Адметная рыса Аршанскага ўзвышша — скразныя даліны, найбольш выразная паміж вярхоўямі рэк Друць і Усвейка.

Па ўзвышшы праходзіць частка водападзелу паміж басейнамі рэк Балтыйскага і Чорнага мораў. Да басейна Заходняй Дзвіны належаць рака Усвейка з прытокамі, да басейна Дняпра — Адроў, Друць, Бобр. Ёсць невялікія зарослыя азёры ў западзінах. Пад ворывам больш за 45 % тэрыторыі. Лясістасць 21 % (пераважаюць ельнікі, суборы, драбналістыя лясы).

Глебы дзярнова-падзолістыя сугліністыя, радзей супясчаныя на лёсападобных пародах, у паніжэннях — тарфяна-балотныя нізінныя, у далінах — поймавыя дзярнова-балотныя.

Тэмпература студзеня −7,8 °С, ліпеня 18 °C, ападкаў 630 мм за год.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]