Перайсці да зместу

Цэнтральны (стадыён, Гомель)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
«Цэнтральны»
Стадыён «Цэнтральны»
Месцазнаходжанне Беларусь, Гомель, плошча Паўстання, 1
Пабудаваны 1920-я
Рэканструяваны 1999—2008
Хатняя каманда «Гомель»
Умяшчальнасць 14 307[1]
Памеры поля 105×68 м
Пакрыццё натуральнае
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

«Цэнтральны» — футбольны стадыён у Гомелі, Беларусь. З’яўляецца хатняй арэнай для футбольнага клуба «Гомель», які выступае ў Вышэйшай лізе чэмпіянату Беларусі. Умяшчальнасць стадыёна складае 14 307 месцаў.

На тэрыторыі сучаснага стадыёна ў канцы XIX стагоддзя была пустка, на месцы якой затым размяшчаўся іпадром са стайнямі. Крыху пазней на месцы іпадрома быў пабудаваны велатрэк, які належаў пажарнаму таварыству Гомеля (Максімаўскі парк). Сам жа комплекс уключаў не толькі трэк, але і амфітэатр, плошчу, пажарнае дэпо і некалькі іншых пабудоў. У 1920-я гады ў Гомелі з’явілася першая футбольная каманда — «Чыгуначнік». Тады ж фізкультурна-спартыўнае таварыства «Дынама» пачало будаўніцтва стадыёна. За час свайго існавання спартыўны аб’ект шмат разоў мяняў назву: «Школьны», «Спартак», «імя Кірава», «Гомсельмаш».

З 1992 года стадыён стаў прымаць матчы чэмпіянату Беларусі па футболе. Пад канец 1990-х гадоў было прынята рашэнне аб капітальнай рэканструкцыі арэны. Праект рэканструкцыі распрацаваны інстытутам «Гомельграмадзянпраект», аўтарам праекта з’яўляецца С. А. Кацора. Падчас будаўніцтва стары стадыён быў поўнасцю разбураны, на яго месцы была пабудавана цалкам новая спартыўная арэна.

Праектам прадугледжвалася будаўніцтва чыста футбольнага стадыёна, разлічанага на 15 тысяч гледачоў (пазней умяшчальнасць была паменшана да 14 307 месцаў). Над усімі чатырма трыбунамі ўзведзены дах, з’явіліся асвятляльныя мачты. У паўднёвай трыбуне былі абсталяваны распранальні для каманд і суддзяў, ложа для ганаровых гасцей, прэс-цэнтр. На заключным этапе рэканструкцыі ўсталяваныя сучаснае электроннае табло, падагрэў футбольнага поля і сістэма арашэння, заменена дрэнажная сістэма. Падтрыбунныя плошчы былі адведзены пад адміністрацыйна-бытавыя, аздараўленчыя і камерцыйныя памяшканні.

У 2004 годзе скончылася першая чарга будаўніцтва спартыўнай арэны. Стадыён «Цэнтральны» увайшоў у склад установы «Гомельскі цэнтральны спартыўны комплекс». 2 мая 2004 года свой першы матч на новай арэне згуляў футбольны клуб «Гомель». У чацвёртым туры чэмпіянату Беларусі ў Вышэйшай лізе гамяльчане перамаглі віцебскі «Лакаматыў» (сучасная назва «Віцебск»).

Наступная чарга будаўніцтва скончылася ў 2006. Падчас другога этапу рэканструкцыі мясцовы ФК «Гомель» працягваў гуляць на хатнім стадыёне. Афіцыйна новы спартыўны аб’ект быў уведзены ў эксплуатацыю ў лістападзе 2008 года. Футбольнай арэне прысвоена трэцяя катэгорыя УЕФА.

Стадыён «Цэнтральны» неаднаразова прымаў матчы адборачных турніраў чэмпіянатаў свету і Еўропы па футболе з удзелам нацыянальнай зборнай Беларусі. 24 мая 2015 года на ім праходзіў вырашальны паядынак за перамогу ў Кубке Беларусі 2014/2015. У гэтым матчы барысаўскі БАТЭ абыграў салігорскі «Шахцёр». Для наведвальнікаў на стадыёне працуюць трэнажорная зала, фітнес-зала, кафэ.