Трактар (стадыён, Мінск)

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
«Трактар»
Стадыён «Трактар»
Месцазнаходжанне Беларусь, Мінск, вуліца Ванеева, 3
Пабудаваны 1950-я
Рэканструяваны 1997—2000
Хатняя каманда «Дынама» (Мінск)
Умяшчальнасць 17 600[1]
Памеры поля 105×68 м
Пакрыццё натуральнае
Лагатып Вікісховішча «Трактар» на Вікісховішчы

«Трактар» — футбольны стадыён у Мінску, Беларусь. З’яўляецца рэзервовай арэнай для футбольнага клуба «Дынама» (Мінск), які выступае ў Вышэйшай лізе чэмпіянату Беларусі. Умяшчальнасць стадыёна складае 17 600 месцаў.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Будаўніцтва спартыўнай арэны пачалося ў 50-я гады XX стагоддзя. Пасля ўзвядзення драўляных трыбун на стадыёне пачалі праводзіць спаборніцтвы сярод работнікаў Мінскага трактарнага завода. Напрыканцы 1950-х гадоў быў пабудаваны першы ярус арэны. У 1976 абласны савет «Чырвоны Сцяг» перадаў спартыўны аб’ект на баланс МТЗ. У тым жа годзе пачалася рэканструкцыя стадыёна. Над Заходняй трыбунай быў надбудаваны другі ярус, па перыметры арэны былі ўзведзены земляныя трыбуны. З’явіліся асвятляльныя мачты і дрэнаж футбольнага поля.

У 1978 годзе пасля закрыцця стадыёна «Дынама» на капітальны рамонт матчы чэмпіянату СССР па футболе пачалі праводзіць на «Трактары», у тым ліку і спаборніцтвы па лёгкай атлетыцы. Падчас Летніх Алімпійскіх гульняў 1980 мінскі стадыён «Трактар» стаў алімпійскай рэзервовай арэнай.

З 1992 года стадыён стаў прымаць матчы чэмпіянату Беларусі па футболе. Новая рэканструкцыя спартыўнага аб’екта пачалася ў 1997 годзе і скончылася ў маі 2000, калі арэна набыла сучасны выгляд. Былі ўсталяваныя пластыкавыя сядзенні, замест земляных трыбун узведзены жалезабетонныя, падтрыбунныя памяшканні сталі адпавядаць еўрапейскім стандартам. Газон на стадыёне натуральны, усталявана электроннае табло. Памеры поля 105×68 метраў. Падагрэў і асвятленне поля адсутнічаюць.

У 20072010 гадах літоўскі бізнесмен Уладзімір Раманаў, які валодаў футбольным холдынгам, куды ўваходзілі мінскі «Партызан», «Каўнас» і шатландскі «Хартс», быў гатовы пабудаваць у Заводскім раёне сталіцы, у ваколіцах стадыёна «Трактар», спарткомплекс з крытым футбольным стадыёнам, гэты праект ацэньваўся ў 250 млн долараў, і акрамя стадыёна паводле планаў павінен быў уключаць два атэлі, гандлёва-забаўляльны цэнтр і шэраг офісных пабудоў. Пытанне абмяркоўвалася на нарадзе ў прэзідэнта Беларусі. Аднак гэтая задумка не была здзейснена, клуб «Партызан» быў расфарміраваны, а кантракт на будаўніцтва комплексу скасаваны па нявызначыных чынніках.

З 2013 года хатнія матчы на стадыёне праводзіць клуб «Дынама». 13 жніўня 2014 года матч мінскага «Дынама» і барысаўскага БАТЭ, якія перад стартам гульні займалі першае і другое месца адпаведна, здолеў сабраць 7 150 гледачоў, што стала 4-м паказчыкам у наведвальнасці чэмпіянату Беларусі сезону 2014 на той момант.

З 2019 года побач з «Трактарам» будуецца Нацыянальны футбольны стадыён.

Заўвагі[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]