Перайсці да зместу

Цёця (багіня)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Цёця, багіня)

Цёця, або Цюця, Грамаўніца — персанаж беларускай міфалогіі. Вядома была не ва ўсіх беларускіх губернях.

Паводле рэканструкцый Паўла Шпілеўскага і Адама Кіркора, Цёця лічылася жонкай Перуна ў язычніцкай міфалогіі ўсходніх славян. У каляндарным цыкле яе ўладаранне пачыналася з пачатку жніва і доўжылася да заканчэння збору ўраджаю ў палях, садах і агародах. Шпілеўскі прапаноўваў лічыць яе багіняй урадлівасці і дабрабыту.

Уяўлялі Цёцю мажной, поўнай пажылой жанчынай з жытнім вянком на галаве. У руках яна трымала каравай, садавіну, гародніну, якія дарыла кожнаму сустрэчнаму. З’яўляецца сімвалам дабраты і шчодрасці.

Падчас галоднай зімы сяляне гаварылі: «Голад — не Цёця, падапрэ — лыка з’еш». Ёсць меркаванне[1], што адсюль пайшла прымаўка Голад не цётка.

Праблема верыфікацыі

[правіць | правіць зыходнік]

Гэтая багіня згадваецца толькі ў запісах даследчыка П. Шпілеўскага, вядомага аматарскім падыходам да славянскай міфалогіі. Ніякія крыніцы, ніякія фальклорныя тэксты не дазваляюць сцвярджаць, што багіня Цёця сапраўды існавала ў славян.

Зноскі

  1. Белорусская СССР: Краткая энциклопедия. В 5-ти т. / Редкол. И. П. Шамякин (гл. редактор) и др. — Мн.: БелСЭ им. П. Бровки, 1981. — Т. 4. — 712 с. — 50 000 экз.