Эканоміка Азербайджана

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Баку — эканамічнае сэрца краіны

Азербайджан — індустрыяльна-аграрная краіна, дабрабыт якой грунтуецца на развітым нафтавым і газавым сектарах. Нафтавыя звышпрыбыткі робяць краіну самай багатай рэспублікай Каўказа, але ў той жа час — і самай уразлівай да ваганняў цэн на сусветным рынку. Сярод галін прамысловасці, не звязаных з нафтаздабычай, — гідраэнергетыка, каляровая металургія, цэментная. Развітыя сельская гаспадарка, транспарт, турызм.

Грашовая адзінка — азербайджанскі манат. Банкаўскую сістэму ачольвае Цэнтральны Банк, які ажыццяўляе эмісію валюты і кантралюе астатнія банкі, буйнешыя з якіх — прыватны UniBank і дзяржаўны Міжнародны Банк Азербайджана. Рэформы пачатку ХХІ стагоддзя вывелі Азербайджан на высокія пазіцыі па лёгкасці вядзення бізнесу (25 месца ў свеце ў 2019!).[1] ВУП на душу насельніцтва складае каля 18 000 даляраў (2018 г.), што робіць Азербайджан самай багатай краінай Закаўказзя. Аднак трэба адзначыць, што дабрабыт краіны грунтуецца на нафтавым падмурку. На сённяшні дзень сырая нафта складае 80-95 % азербайджанскага экспарту тавараў.[2] У сувязі з вельмі моцнай залежнасцю эканомікі ад цэн на нафту, у ХХІ стагоддзі нярэдкія прыступы галандскай хваробы. Празмерна раздьмуты нафтавы сектар спараджае высокі ўзровень інфляцыі і ўскладняе экспарт іншых тавараў. У 1999 быў заснаваны Дзяржаўны нафтавы фонд Азербайджана, асноўная мэта якога — разумна распараджацца звышпрыбыткамі ад продажу нафты.

Энергетыка[правіць | правіць зыходнік]

Нафтавы сектар[правіць | правіць зыходнік]

Здабыча нафты ў марскім пасёлку Нафтавыя Камяні

Яшчэ ў сярэднія вякі арабскі падарожнік Ахмед аль-Балазуры згадаў пра здабычу белай і чорнай (мазут) нафты на Апшэронскім паўвостраве. У ХІХ стагоддзі Баку стаў нафтавай сталіцай Расійскай імперыі. У час Вялікай Айчыннай вайны Азербайджан даваў каля 80 % савецкага паліва. У 1994 годзе быў падпісаны дагавор з 13 заходнімі нафтавымі кампаніямі, якія з таго часу асвойваюць нафтавыя і газавыя радовішчы Азербайджана, у тым ліку і складаныя глыбакаводныя. Здабыча нафты ў 2015–2018 трымаецца на ўзроўні 790-840 тыс.барэляў у дзень (38-40 млн тон у год), гэта 21-22 месца ў свеце. [3] Дзейнічаюць экспартныя нафтаправоды Баку–Супса, Баку–Джэйхан, Баку–Наварасійск.

Газавы сектар[правіць | правіць зыходнік]

Паўднёвы газатранспартны калідор

Таксама ў ХХІ стагоддзі ў паліўным сектары ўзрастае ўдзельная вага прыроднага газу. У 2016 было здабыта 18,7 млрд. м³ блакітанага паліва. Да 2021 года плануецца завяршыць газіфікацыю ўсёй краіны. У межах праекта «Паўднёвы газатранспартны калідор» праектуецца Трансанаталійскі газаправод (TANAP) і трансадрыятычны газаправод Trans-Adriatic Pipeline (TAP).

Электраэнергетыка[правіць | правіць зыходнік]

Вытворчасць электраэнергіі ў 2017 склала 22,2 млрд квт*гадз, больш за 90 % — на ЦЭС пераважна на прыродным газе, таксама на мазуце. На рацэ Кура ў 1945–1954 была створана найбуйнейшая на Каўказе Мінгечаурская ГЭС магутнасцю 420 МВт, якая дае каля 5 % вырабу электраэнергіі краіны.

Металургія[правіць | правіць зыходнік]

У гарах Малога Каўказа распрацоўваюцца запасы золата, поліметалічных руд, што служаць сыравінай для каляровай металургіі.

Сельская гаспадарка[правіць | правіць зыходнік]

Сельская гаспадарка спецыялізуецца ў асноўным на вінаградарстве, садоўніцтве, тытуняводстве, агародніцтве, жывёлагадоўлі і шаўкаводстве. Галоўныя тэхнічныя культуры — бавоўнік, тытунь, чай. Каспійская рыбная прамысловасць базуецца на запасах асятровых і бялух, што імкліва скарачаюцца.

Транспарт[правіць | правіць зыходнік]

Марка, прысвечаная чыгунцы Баку–Тбілісі–Карс

У 2017 годзе была ўрачыста адкрыта чыгунка Баку–Тбілісі–Карс, што звязала Азербайджан з Турцыяй.

Турызм[правіць | правіць зыходнік]

Хуткімі тэмпамі развіваецца турыстычны сектар, што моцна заняпаў падчас і пасля Карабахскай вайны. У 2010–2016 Сусветная турыстычная арганізацыя аднесла Азербайджан да краін, што дэманструюць найлепшы рост у сферы турызму.

Знешні гандаль[правіць | правіць зыходнік]

Асноўныя гандлёвыя партнёры — Італія, Германія, Расія. Важным гандлёвым партнёрам Азербайджана з'яўляецца Рэспубліка Беларусь. Штогадовы гандлёвы абарот дзвюх рэспублік ў 2013–2018 вагаўся у межах 150–350 млн даляраў з дадатным для Беларусі гандлёвым сальда. Аснову беларускага экспарту ў Азербайджан складае прадукцыя машынабудавання, дрэваапрацоўкі, прадукты харчавання, лекі і інш.. Беларусь імпартуе з Азербайджана палімеры этылену, вуглевадароды ацыклічныя, нафтапрадукты, нечасанае баваўнянае валакно, садавіну і агародніну, сокі, пладовыя кансервы, алкагольныя напоі.[4]

Зноскі