Эканоміка Аўстрыі
Аўстрыя з’яўляецца адной з 11 самых багатых краін па аб’ёме ВУП (валавы ўнутраны прадукт) на душу насельніцтва, мае добра развітую сацыяльна-арыентаваную рынкавую эканоміку і высокі ўзровень жыцця. Да 1980-х гадоў многія з найбуйнейшых прамысловых прадпрыемстваў Аўстрыі былі нацыяналізаваныя, аднак у апошнія гады прыватызацыя скараціла дзяржаўную маёмасць да ўзроўню, супастаўнага з іншымі еўрапейскімі эканомікамі. У Аўстрыі асаблівую сілу мае рух працоўных, які мае вялікі ўплыў на працоўную палітыку. Разам з высокаразвітай прамысловасцю найбольш важнай часткай нацыянальнай эканомікі з’яўляецца міжнародны турызм.
Гістарычна галоўным гандлёвым партнёрам Аўстрыі была Германія, што робіць аўстрыйскую эканоміку ўразлівай да зменаў у эканоміцы Германіі. Аднак членства Аўстрыі ў Еўрапейскім Саюзе дапамагло ёй набыць больш цесныя сувязі з эканомікамі іншых дзяржаў-членаў ЕС. У 2000-х гадах рост ВУП Аўстрыі паскорыўся, склаўшы 3,3 % у 2006 годзе.
У 2004 годзе Аўстрыя была чацвёртай самай багатай краінай у Еўрапейскім Саюзе пасля Люксембурга, Ірландыі і Нідэрландаў, маючы ВУП на душу насельніцтва каля €27666. У сваю чаргу сталіца Аўстрыі Вена заняла пятае месца сярод самых багатых рэгіёнаў Еўропы пасля Унутранага Лондана, Люксембурга, Брусельскага сталічнага рэгіёна і Гамбурга з ВУП на душу насельніцтва €38632.