Перайсці да зместу

Юрка Лявонны

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Юрка Лявонны
Асабістыя звесткі
Дата нараджэння 16 (29) ліпеня 1908
Месца нараджэння
Дата смерці 29 кастрычніка 1937(1937-10-29) (29 гадоў)
Месца смерці
Альма-матар
Месца працы
Прафесійная дзейнасць
Род дзейнасці паэт, пісьменнік, перакладчык
Мова твораў беларуская
Грамадская дзейнасць
Член у
Лагатып Вікікрыніц Творы ў Вікікрыніцах
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Ю́рка Ляво́нны, сапраўднае імя Леані́д Мікала́евіч Юрке́віч[1] (16 (29) ліпеня 1908, Чавусы, цяпер Магілёўская вобласць — 29 кастрычніка 1937[заўв 1], Менск, НКУС; Псеўданімы: Леанідаў; Леонидов; Крыптанімы: Ю. Л.; Л-ны; Юр. Л-ны; Юр. Ля-ны[2]) — беларускі паэт. Адзін з забітых падчас Ночы растраляных паэтаў.

Паходзіў з сям’і служачага. Вучыўся ў Чавускай сямігодцы, Магілёўскім педтэхнікуме, Мінскім педінстытуце[1] (за распаўсюджванне «контррэвалюцыйных вершаў» выключаны, але пазней аднавіўся і ў 1934 годзе скончыў крытыка-творчае аддзяленне літаратурнага факультэта)[3]. Друкавацца пачаў у 1924[4] або 1925 годзе[заўв 2][1]. Першыя зборнікі паэзіі «Камсамольскія вершы» і «Штурм» выйшлі ў 1930 годзе, наступныя — «Жалезныя віхуры» і «Разбег» (1931), «Стала і мужна» (1932)[1]. Сябра Саюза пісьменнікаў БССР з 1934 года[4].

Працаваў у рэдакцыях газет «Магілёўскі селянін», «Звязда», часопіса «Работніца і калгасніца Беларусі»[4]. Выдаў зборнік нарысаў «Крок пяцігодкі» (1931). Разам з Сяргеем Грахоўскім пераклаў на беларускую мову раман Жуль Верна «20 000 лье пад вадой» (1937)[4]. Некаторыя вершы Юркі Лявоннага пакладзены на музыку кампазітарамі Мікалаем Чуркіным, Несцерам Сакалоўскім, Ісакам Любанам. Пасмяротна выйшаў зборнік вершаў «Выбранае» (1960).

З успамінаў Сяргея Грахоўскага: «Ён гадзінамі чытаў па памяці Маякоўскага і Кірсанава, Ціханава і Лугаўскога. У яго быў тонкі густ да слова, да формы, а пра сябе ён часта гаварыў: „Сапраўднае я яшчэ напішу, значнае наперадзе…“»[5][4]. 

Арыштаваны 30 кастрычніка 1936 года ў Менску па адрасе вуліца Фур­манская, д. 9, кв. 2. З тых падследных, хто праходзіў з ім разам, толькі Юрка Лявонны не пацвердзіў, што Цішка Гартны «контррэвалюцыянер», «нацдэм» і таму падобнае. 28 кастрычніка 1937 года прыгавораны пазасудовым органам (спецтройкай НКУС БССР) як «член шпіёнска-дыверсійнай арганізацыі» да вышэйшай меры пакарання (расстрэл) з канфіскацыяй маёмасці[4].

Рэабілітаваны ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР 25 красавіка 1957 года. Асабовая справа № 10242-с захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі[4].

5 лістапада 1938 года ў Менску па адрасе: вул. Фурманская, д. 9, кв. 2 арыштавана бухгалтар «Белсельэнерга» Яўгенія Абрамаўна Гольдберг[заўв 3], жонка Юркі Лявоннага. 28 лістапада 1938 года асобай нарадай НКУС як «член сям’і ворага народа» прыгаворана да 8 гадоў працоўна-папраўчых лагераў. Этапавана ў АЛЖЗР НКВД Казахскай ССР. Вызвалена 5 лістапада 1945 года. Далейшы лёс невядомы. Рэабілітавана 2 чэрвеня 1956 года трыбуналам Беларускай вайсковай акругі. Асабовая справа № 6656-с захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі[4].

Лёс дачкі Іны, якую забралі ў дзіцячы дом, невядомы.

  1. ↑ За савецкім часам падавалася несапраўдная дата 13.12.1943, напрыклад, у даведніку «Пісьменнікі Савецкай Беларусі».
  2. ↑ Паводле даведніка «Пісьменнікі…» і Беларускай энцыклапедыі ў 18 т.
  3. ↑ нарадзілася ў 1907 г. ў Мелітопалі (цяпер Украіна)
  1. 1 2 3 4 Беларуская энцыклапедыя 1999, p. 417—418.
  2. ↑ Маракоў 2003.
  3. ↑ Маракоў 2007, p. 54—56.
  4. 1 2 3 4 5 6 7 8 Маракоў 2007, p. 56.
  5. ↑ Грахоўскі С. Савецкая № 68: Трыццатыя гады…: Успаміны // Дзень паэзіі. Мн., 1978.