Перайсці да зместу

Язэп Юр’евіч Лёсік

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Я. Лёсік)
Язэп Юр’евіч Лёсік
Дата нараджэння 6 (18) лістапада 1883
Месца нараджэння
Дата смерці 1 красавіка 1940(1940-04-01) (56 гадоў)
Месца смерці
Грамадзянства
Жонка Ванда Лявіцкая
Род дзейнасці публіцыст, пісьменнік, журналіст, палітык
Месца працы
Альма-матар
Партыя
Член у
Лагатып Вікіцытатніка Цытаты ў Вікіцытатніку
Лагатып Вікікрыніц Творы ў Вікікрыніцах
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Язэп Юр’евіч Лёсік (18 лістапада 1883, в. Мікалаеўшчына, цяпер Стаўбцоўскі раён, Мінская вобласць, Беларусь — 1 красавіка 1940, Саратаў) — беларускі мовазнаўца, пісьменнік, публіцыст, педагог, нацыянальны і палітычны дзеяч. Дзеяч Беларускай сацыялістычнай грамады, удзельнік Першага Усебеларускага з’езда, адзін з ініцыятараў абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі. 2-і старшыня Рады БНР, па расколе старшыня Найвышэйшай Рады БНР.

Выкладчык БДУ і Белпедтэхнікума, правадзейны сябра Інбелкульта (1922), Акадэмік Беларускай акадэміі навук (1928), у Інстытуце мовазнаўства. Адзін з ініцыятараў правядзення Акадэмічнай канферэнцыі па рэформе беларускага правапісу і азбукі ў Менску (1926), аўтар шматлікіх прац па беларускім мовазнаўстве.

Родны дзядзька Якуба Коласа, брат Антона Лёсіка.

Дзяцінства і маладосць

[правіць | правіць зыходнік]

Нарадзіўся 18 лістапада[A] (ст. ст. 6 лістапада) 1883 года ў сяле Мікалаеўшчына Мінскага павета. Яго бацькі, Юрка і Хрысціна Лёсікі былі беззямельнымі сялянамі і арандавалі землі ў князёў Радзівілаў. Яны мелі сем сыноў і трох дачок[2]. Язэп быў іх малодшым дзіцем, таму ў першыя гады жыцця не быў моцна загружаны абавязкамі. Скончыў другі клас Мікалаеўскай народнай школы, пасля чаго два гады рыхтаваўся да экзаменаў у настаўніцкую семінарыю. Здаваў экзамены ў Настаўніцкую семінарыю ў Нясвіжы, але не паступіў[3].

У 1898 годзе Язэп паступіў у Маладзечанскую семінарыю. Аднак на другі год быў выключаны з яе без права паступлення ў іншыя навучальныя ўстановы. Пераехаўшы ў Ноўгарад-Северскі (Чарнігаўская губерня), дзе працаваў ягоны брат, паступіў у гарадское вучылішча і скончыў яго ў 1902 годзе. У Ноўгарадзе-Северскім вытрымаў экзамен на годнасць настаўніка народнай школы[3].

Удзел у рэвалюцыі 1905 года і царскія рэпрэсіі

[правіць | правіць зыходнік]
Язэп Лёсік і Алесь Гарун у Бадайбо, 1914

Быў прызначаны выкладчыкам рускай мовы ў Бабруйскую сельскагаспадарчую школу (Мінская губерня). Працаваў у Бабруйску адзін год, у 1903 годзе вярнуўся ў Ноўгарад-Северскі і быў прызначаны настаўнікам у школу ў мястэчку Грамяч. Неўзабаве стаў знаёміць з палітычнымі пытаннямі грамяцкіх сялян на сходах у школе, пра што стала вядома паліцыі. У 1905 годзе арыштаваны, зняволены ў Ноўгарад-Северскую турму[4][3].

У 1907 годзе прывезены на суд у горад Старадуб на Чарнігаўшчыне. Тут яму ўдалося збегчы з горада і такім чынам унікнуць суда. Некаторы час хаваўся ў Стоўбцах (Мінскі павет), Санкт-Пецярбургу, два гады жыў на станцыі Красноўка, недалёка ад Луганска (Екацярынаслаўская губерня), дзе адзін з ягоных старэйшых братоў быў дзяржаўным служачым.

У 1911 годзе прыехаў у Ноўгарад-Северскі да брата Антона, дзе яго ізноў арыштавалі і перавезлі ў Старадуб на суд. Яму прысудзілі бестэрміновае высяленне ў Сібір, дзе ён жыў да 1917 года, спачатку ў Кіранску (Іркуцкая губерня), а потым у некаторых сёлах Кіранскага павета. Нядоўгі час жыў у Бадайбо.

У часе знаходжання ў ссылцы, Язэп займаўся самаадукацыяй. Здабываў сродкі на сваё існаванне фізічнай працай і толькі ў Бадайбо рабіў пісарам, а ў адной вёсцы арганізаваў пачатковую школу, але паліцыя хутка яе закрыла, бо ў ссылцы ў тыя часы забаранялася працаваць паводле сваёй спецыяльнасці. У Сібіры Язэп сустрэўся з Алесем Гаруном, з якім потым не разлучаўся[3].

Супрацоўнічаў з газетай «Наша Ніва»[4], падтрымліваў сувязь з пісьменнікамі і знаёмымі настаўнікамі ў Беларусі[3].

Палітычная дзейнасць у беларускім нацыянальным руху

[правіць | правіць зыходнік]
2-я сесія Цэнтральнай рады беларускіх арганізацый (15 (28) кастрычніка 1917, Мінск). Язэп Лёсік сядзіць пяты з левага боку

Вярнуўся ў Беларусь пасля Лютаўскай рэвалюцыі, у сакавіку 1917 года. Спыніўся ў Мінску, дзе ўключыўся ў дзейнасць беларускага нацыянальнага руху[3]. З красавіка 1917 года ў Беларускай сацыялістычнай грамадзе (мінская секцыя), адзін з актыўных сяброў партыі. Кандыдат ад партыі ва Устаноўчы сход на Міншчыне. Як прадстаўнік БСГ увайшоў у склад створанага 7—9 красавіка 1917 года Беларускага нацыянальнага камітэта (БНК), рэдагаваў яго газету «Вольная Беларусь»[5].

21—23 ліпеня 1917 года прыняў удзел у З’ездзе беларускіх арганізацый і партый, у ходзе якога БНК быў распушчаны. У апошні дзень з’езда быў абраны ў прэзідыум створанай замест БНК Цэнтральнай рады беларускіх арганізацый. Уваходзіў у склад Вялікай беларускай рады, створанай на 2-й сесіі Цэнтральнай рады беларускіх арганізацый 28 кастрычніка—6 лістапада (ст. ст. 15—24 кастрычніка) у Мінску. Удзельнік Першага Усебеларускага з’езда 1917 года[5]. Выступіў публічна супраць разгону кангрэсу і супраць бальшавікоў.

Адзін з ініцыятараў абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР) 25 сакавіка 1918 года[5]. У 1918 годзе, у часе функцыянавання структур БНР пад нямецкай акупацыяй, ён падтрымаў развіццё беларускай асветы. Разам з Язэпам Варонкам і Кастусём Езавітавым рэарганізаваў беларускае культурна-асветніцкае таварыства «Прасвета» ў культурна-асветніцкае таварыства «Бацькаўшчына»[6]. Уваходзіў у склад Рады БНР[7]. У сярэдзіне красавіка 1918 года ён разглядаўся палітыкамі БНР, як адзін з кандыдатаў на пасаду кіраўніка ўрада — старшыні Народнага сакратарыята[8]. 25 красавіка разам з іншымі падпісаў ад імя Рады БНР тэлеграму на імя кайзера Германіі Вільгельма II. Тэлеграма змяшчала падзяку за «вызваленне Беларусі» і просьбу аб аказанні падтрымкі БНР у яе хаўрусе з Германіяй[7]. Гэтым Рада разлічвала на прызнанне дзяржавы з боку Германіі. Аднак гэты крок быў негатыўна ўспрыняты некаторымі сябрамі Рады, у выніку чаго многія з іх пакінулі Раду БНР, а Беларуская сацыялістычная грамада распалася[9].

Старшыня Рады БНР

[правіць | правіць зыходнік]
Народны Сакратарыят Беларусі. На фота злева направа: Аркадзь Смоліч, Іван Серада, Язэп Лёсік, Аляксандр Цвікевіч, Антон Аўсянік, Язэп Варонка, Васіль Захарка, Пётра Крачэўскі. Здымак зроблены 17 чэрвеня 1918 года з нагоды прыезду старшыні беларускай дэлегацыі ў Кіеве Аляксандра Цвікевіча ў час яго справаздачы пра дзейнасць дэлегацыі. Сход адбыўся ў кабінеце старшыні ў будынку па Захар’еўскай, 43

14 траўня 1918 года Язэп Лёсік быў абраны старшынёй Прэзідыума Рады БНР (фармальным кіраўніком дзяржавы)[5][10]. Замяніў на гэтай пасадзе Івана Сераду[11]. Пасля распаду Беларускай сацыялістычнай грамады стаў адным са стваральнікаў і кіраўнікоў Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі. Як старшыня Рады імкнуўся давесці да прызнання незалежнасці БНР на міжнароднай арэне, а таксама прадухіліць страту тэрыторый, якія палітыкі БНР разглядалі як частку Беларусі.

Пасля падпісання 27 жніўня дадатковай нямецка-савецкай дамовы да Брэсцкага міру, Язэп Лёсік, старшыня Народнага сакратарыяту і народны сакратар замежных спраў Іван Серада і народны сакратар, начальнік канцылярыі Народнага сакратарыята Лявон Заяц накіравалі канцлеру Германіі Георгу фон Гертлінгу пратэст супраць планаў перадачы беластоцкага, бельскага і гарадзенскага паветаў, на якія прэтэндавала БНР, у рукі палякаў[12]. 20 кастрычніка быў у складзе дэлегацыі БНР да канцлера Германіі, якая павінная была данесці просьбу аб прызнанні БНР Германіяй і просьбу аб фармаванні беларускага войска. Дэлегацыя не была прынятая. 22 кастрычніка быў адным з прадстаўнікоў БНР, які папрасіў прэзідэнта ЗША аб прызнанні дзяржавы, палітычнай падтрымцы і абароне тэрыторыі пасля эвакуацыі нямецкіх войскаў[13]. Пасля прыходу бальшавікоў у Менск у пачатку снежня 1918 года быў абвешчаны апошнімі па-за законам разам з іншымі раднымі.

У часе польскай акупацыі 1919—1920 гадоў супрацоўнічаў з газетамі «Звон» і «Беларусь» (рэдактар з 1920). Па акупацыі Гарадзеншчыны і Віленшчыны Войскам польскім Язэп Лёсік удзельнічаў у перамовах з генеральным камісарам Ежы Асмалоўскім на тэму палітычнай будучыні тых зямель, у тым ліку пра плебісцыт[14]. 10 жніўня 1919 года ў Менску ўвайшоў у склад утворанага там Часовага беларускага нацыянальнага камітэта — нацыянальнага прадстаўніцтва беларусаў, якое не выключала федэрацыі з Польшчай пры ўмове прызнання БНР[15].

19 верасня 1919 года ў якасці старшыні Рады БНР прыняў удзел у сустрэчы з кіраўніком польскай дзяржавы Юзафам Пілсудскім у Менску. У ходзе сустрэчы дэлегацыя БНР папрасіла Пілсудскага аб прызнанні незалежнасці і цэласнасці БНР, дазваляючы аднаўленне працы яе органаў, аб паступовай перадачы ўлады ў рукі Рады, аб фармаванні беларускага войска і сумеснай барацьбе супраць бальшавікоў. Дэлегацыя не атрымала якіх-небудзь абавязацельстваў з боку Пілсудскага[16].

Дзейнасць пасля расколу ў Радзе БНР

[правіць | правіць зыходнік]

На пасяджэнні 13 снежня 1919 года ў Менску адбыўся раскол Рады БНР праз пытанне стаўлення да польскіх акупацыйных уладаў. Група, што ініцыявала пераварот, стала называцца Народнай Радай БНР. 14 снежня была створаная Найвышэйшая Рада БНР, якую ўзначаліў Язэп Лёсік, і якая пацвердзіла паўнамоцтвы прэм’ера Антона Луцкевіча.

20—24 сакавіка 1920 года Язэп Лёсік удзельнічаў у перамовах паміж польскімі прадстаўнікамі грамадзянскага ўпраўлення ўсходніх зямель і беларускім акружэннем. Лёсік прадстаўляў на перамовах пазіцыю Цэнтральнай беларускай рады Віленшчыны і Гарадзеншчыны, у адпаведнасці з якой беларускі бок звяртаўся да польскіх уладаў з просьбай абараніць усю Беларусь, прызнаць волю беларускага народа, прызнаць роўнасць беларускай мовы і спрыяць развіццю беларускай асветы. Пры гэтым беларускія палітыкі падкрэслілі, што чакаюць незалежнасці БНР, але бачаць яе будучыню ў звязе з Польшчай[17]. Польскі бок не выканаў патрабаванняў.

Дзейнасць у Савецкай Беларусі

[правіць | правіць зыходнік]
Навуковая камісія Інбелкульта 1922, Менск. Сядзяць злева направа: Я. Купала, А. Круталевіч, Я. Лёсік, С. Некрашэвіч, У. Чаржынскі, Л. Дашкевіч, М. Байкоў. Стаяць злева направа: невядомы, Л. Більдзюкевіч, Ч. Родзевіч, Я. Колас, К.М. Гадыцкі-Цвірка, Я. Дыла

Па заканчэнні польска-савецкай вайны застаўся ў ССРБ, абвясціў аб «прызнанні прынцыпаў Савецкай улады» і адышоў ад палітычнай дзейнасці. Займаўся навуковай, культурна-асветнай, літаратурнай працай[18]. 3 ліпеня 1921 года выкладаў у Беларускім дзяржаўным універсітэце, на беларукіх лектарскіх курсах, у Белпедтэхнікуме[19].

У 1922 годзе абраны правадзейным сябрам Інстытута беларускай культуры. Удзельнічаў у рабоце Тэрміналагічнай камісіі, з пачатку 1930-х яе старшыня. Пераклаў на беларускую мову (1923) «Маніфэст комуністычнай партыі» Карла Маркса і Фрыдрыха Энгельса. Быў адным з ініцыятараў правядзення Акадэмічнай канферэнцыі па рэформе беларускага правапісу і азбукі ў лістападзе 1926 года, на якой выступіў з двума асноўнымі дакладамі. У 1928 годзе зацверджаны правадзейным сябрам Беларускай акадэміі навук[19]. Быў намеснікам дырэктара Інстытута мовазнаўства.

Савецкія рэпрэсіі і смерць

[правіць | правіць зыходнік]

У 1922 годзе, пасля выхаду ў свет кнігі «Практычная граматыка беларускае мовы», газета «Звезда» назвала падручнік «контррэвалюцыйным». У пачатку лістапада 1922 года Язэп Лёсік быў арыштаваны, але ў абарону яго выступіў тагачасны наркам асветы ССРБ Усевалад Ігнатоўскі. 11 лістапада 1922 года Ігнатоўскі ён накіраваў у Прэзідыум ЦК КП(б)Б зварот, у якім паказаў значэнне Язэпа Лёсіка для будаўніцтва нацыянальнай культуры і паставіў пытанне аб яго вызваленні. У снежні 1922 года Лёсік быў адпушчаны[18].

14 ліпеня 1930 года Язэп Лёсік быў арыштаваны па сфабрыкаванай справе «Саюза вызвалення Беларусі» на курорце ў Мацэсце (Сочынскі раён, Чарнаморская акруга, Паўночна-Каўказскі край, Расійская СФСР), дзе ён лячыўся ад ішыясу: 2 гады не мог хадзіць без кія. Закончыць курс лячэння яму не далі, з Каўказа арыштаваным прывезлі ў Менск і пасадзілі ў турму Дзяржаўнай палітычнай управы НКУС, так званую «амерыканку». Адначасова з ягоным арыштам у яго доме на Шпітальнай вуліцы праходзіў ператрус. Пачаўся ператрус а 10-й гадзіне вечара і працягваўся да 8-й гадзіны раніцы[3].

6 снежня 1930 года Савет народных камісараў БССР за подпісам Мікалая Галадзеда і М. Калевіча на патрабаванне бюро Цэнтральнага камітэта Камуністычнай партыі (бальшавікоў) Беларусі пазбавіў яго звання акадэміка[20]. Пастановай калегіі АДПУ БССР ад 10 красавіка 1931 года ён быў сасланы на 5 гадоў у горад Камышын Саратаўскай вобласці. Жыў у горадзе Нікалаеўскі, дзе выкладаў у педтэхнікуме. У лістападзе 1934 года пастановай ВЦВК атрымаў амністыю без дазволу на вяртанне ў Беларусь. У 1935 годзе пераехаў з сям’ёй на Браншчыну, выкладаў рускую мову ў Малавышкаўскай школе на ст. Злынка. Увосень 1937 года перасяліўся ў Актарск Саратаўскай вобласці, працаваў у педтэхнікуме. У чэрвені 1938 года арыштаваны па справе «Контррэвалюцыйнай арганізацыі палітссыльных у Саратаве». 31 сакавіка 1940 года асобай нарадай асуджаны на 5 гадоў ГУЛАГу за «антысавецкую агітацыю». Паводле афіцыйнай версіі, памёр ад сухотаў у саратаўскай турме на наступны дзень. Паводле іншай версіі, быў застрэлены адразу па абвяшчэнні прысуду. У гэты час ён быў зусім здаровы, і сям’я не думала, што той неўзабаве памрэ. Апошні раз яго сям’я мела кантакт з ім 16 ліпеня 1938 года, калі атрымала развітальную паштоўку. Месца пахавання невядомае.

Быў пасмяротна двойчы рэабілітаваны: 8 кастрычніка 1958 года па другім прысудзе праз Акруговы суд Саратава і 10 чэрвеня 1988 года — Вярхоўным Судом Беларускай ССР па першым прысудзе.

У 1990 годзе яму вярнулі званне акадэміка. Групавая справа Лёсіка і іншых разам з фотаздымкамі захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі (№ 20951-с).

Язэп Лёсік з жонкай Вандай Лявіцкай і дзецьмі Юрасём, Люцыяй і Алесяй

З восені 1917 года — у шлюбе з Вандай Лявіцкай, дачкой Ядвігіна Ш., у іх было трое дзяцей (Юрась, Люцыя, Алеся).

Брат Антона Лёсіка. Дзядзька Якуба Коласа.

Спачатку Язэп Лёсік быў прыхільнікам аўтаноміі Беларусі ў складзе Расійскай федэрацыі, на той час гэта было папулярнае меркаванне, а поўная незалежнасць не ўяўлялася магчымай. Акрамя Беларусі, лічыў ён, у федэрацыю павінны былі ўвайсці Украіна, Літва, Латвія, Вялікаросія, Сібір, землі Каўказа, Фінляндыя, Эстонія і інш. Ён пісаў: «Мы павінны мець свой беларускі парламент, сваю Беларускую Краёвую Раду, цалкам незалежную ў межах свайго краёвага заканадаўства ад цэнтральнага, агульнадзяржаўнага ўрада. Толькі такія справы, як зносіны з загранічнымі дзяржавамі, мытна-грашовая сістэма, вярхоўнае кіраўніцтва ваеннымі сіламі, важнейшыя жалезныя дарогі, павінны знаходзіцца пад загадам агульнадзяржаўнай уласці, каторая гэтаксама павінна складацца з прадстаўнікоў усіх нацый і краёў».[21] Пасля разгону Усебеларускага з’езда 1917 года і падпісання Брэсцкага міру 1918 года перайшоў на пазіцыі незалежнай Беларускай дэмакратычнай рэспублікі. Ідэолаг і прапагандыст беларускай незалежнасці[18].

Пасля 1920 года ад палітычнай дзейнасці адышоў.

Навуковая дзейнасць

[правіць | правіць зыходнік]
Практычная граматыка беларускае мовы, 1921

Удзельнік Беларускага навуковага з’езда. Сябра Інбелкульта (1921—1930). Вытокі беларускай нацыянальнай культуры Язэп Лёсік даследаваў у артыкуле «Культурны стан Беларусі к моманту Лютаўскае рэвалюцыі» (1924), дзе прыйшоў да высновы, што «як свядомасць вызначаецца быццём, так культурны стан народа вызначаецца яго эканамічна-грамадзянскімі ўзаемаадносінамі». Аўтар артыкулаў і нарысаў па гісторыі Беларусі: «1517—1917 (да юбілею 400-лецця беларускага друку» (1917), «Гісторыя Вялікага княства Літоўска-Беларускага», «Памяткі старасвецкай беларускай мовы і пісьменства» (1918), «Памятка» (1919), «Літва-Беларусь» (1921), «Бітва пад Грунвальдам у апісанні хронікі Быхаўца, Длугаша, Бельскага і інш.» (1922), старадрукаў: «Графіка, правапіс і мова ў тэстаменце кн. Саломерацкага і ў двух другіх дакументах з папер Саломерацкіх XVI ст.» (1929).

Адназначна вызначаў пераемнасць Беларуссю Вялікага Княства Літоўскага і крытыкаваў замахі на згаданую пераемнасць з боку Літоўскай Рэспублікі, што знайшло адлюстраванне ў артыкуле «Літва — Беларусь: гістарычныя выведы» ў выданні «Школа и культура Советской Белоруссии» 1921 года[22][23].

На працягу 1921—1927 Язэп Лёсік выдаў навуковыя мовазнаўчыя працы: «Практычная граматыка беларускае мовы», «Беларуская мова: Пачатковая граматыка», «Беларуская мова: Правапіс», «Сінтаксіс беларускае мовы», «У справе рэформы нашае азбукі», «Спрашчэнне правапісу», «Да рэформы беларускага правапісу», «Граматыка беларускае мовы: Фанетыка», «Граматыка беларускае мовы: Марфалогія». Асобныя з іх вытрымалі некалькі перавыданняў. Удзельнік Акадэмічнай канферэнцыі па рэформе беларускага правапісу і азбукі (1926).

Адназначна выступаў за захоўванне кірылічнага алфавіта. Дужа ўхваляў «навуковасць і лагічнасць» сербскай кірылічнай азбукі.

У 1923—1925 гадах выступіў з крытыкай граматыкі Браніслава Тарашкевіча, прапаноўваў значныя змяненні ў беларускім алфавіце, правапісе, граматыцы, прызначаныя да іх спрашчэння, асноўваючыся на народнай беларускай традыцыі. Між іншым, у алфавіце: замены «ы->и», «й->ј», «э->є», увядзенне літар «ӡ» і «ӡ̌» для перадачы афрыкат «дз» і «дж»; у правапісе: пісанне галосных «я, е, ё, ю» на пачатках складоў у форме «ј+а, е, о, у», значнае пашырэнне прынцыпу «акання», скасаванне пісанне мяккага знака («мёртвай літары») між падвойных зычных і пасля «з-с, ц-дз» перад мяккімі зычнымі.

У друку, апроч уласнага прозвішча (таксама ў напісаннях Лесік, Лосік, Ліосік) выступаў пад псеўданімамі (тагач. «крыптанімамі») Павал Ксяневіч, Язэп Ксяневіч, Язэп Ліхадзіеўскі, М. Кепскі, J. L. (Apalczeńniec) і іх разнастайнымі скарачэннямі і варыянтамі[24].

Адзін з першых арганізатараў бясплатных беларускіх курсаў (Мінск, восень 1917). Выкладаў на Менскіх беларускіх настаўніцкіх курсах (1918—1919). Ініцыятар аднаўлення «Беларускага вучыцельскага хаўруса», адзін з аўтараў яго статута. Выкладчык у БДУ (1921—1930). Аўтар шэрагу падручнікаў па беларускай мове: «Практычная граматыка» (1921)[B], «Беларуская мова. Пачатковая граматыка» (1924), «Беларуская мова. Правапіс» (1924)[C].

Літаратурная дзейнасць

[правіць | правіць зыходнік]

Аўтар шэрау літаратурных твораў. Першы вядомы твор: апавяданне «Рабы Міхась Крэчка, што быў за суддзю», надрукаваны ў «Нашай Ніве» (19 ліпеня 1912). Апавяданне «Не ўсе ж разам, ягамосці!..», выходзіла асобнай кніжкай (1914). «Апавяданне без назвы» (друкавалася ў газетах «Вольная Беларусь» і «Беларусь», 1917—1920). Язэп Лёсік — аўтар твораў «Геркулес і селянін», «Бусел і бусляняты», «Па-валачобнаму», некалькі вядомых вершаў. Шмат твораў у публікацыях і рукапісах страчаныя.

Яго літаратурны талент заўважыў і высока ацаніў Максім Гарэцкі, асабліва адзначыўшы «Апавяданне без назвы». У 1921 годзе Язэп Лёсік падрыхтаваў да друку зборнік мастацкай прозы «Родныя вобразы», але ён быў забаронены да друку Галоўлітам БССР праз «нацыяналістычны» і «рэлігіёзна-дагматычны» характар.

У публіцыстыцы Язэпа Лёсіка 1917—1920 гадоў асноўнае месца займалі праблемы незалежнасці Беларусі, яе нацыянальнага адраджэння, гісторыі і будучыні, нацыянальнае пытанне (брашура «Аўтаномія Беларусі», арт. «Вольная Беларусь», «Нацыянальны ўціск», «Цёмныя сілы заварушыліся», «Хто вінавайца вайны», «Праціўнікам беларускага руху», «Чаму гэта так?», «Нашы патрэбы», «Нашто нам федэрацыя?» (усе 1917), «Гістарычная няўхільнасць», «Рабочы стан пануючых і прыгвалчаных нацый» (абодва 1918) і інш.

Як літаратар, адзначаны як «талентны апавяданнік»; яго творчасць «вельмі нацыянальная, народна-беларуская…» (Максім Гарэцкі, 1919). У пазнейшыя савецкія часы (1960—1970-я) адзначалася, што ён «у творах… дапускаў памылкі нацыяналістычнага характару».

У гонар Язэпа Лёсіка названыя вуліцы ў Маладзечне, Мікалаеўшчыне і Стоўбцах.

Кнігі, брашуры

[правіць | правіць зыходнік]
  • Аўтаномія Беларусі. — Мн., 1917 (2 выд.: Мн., 1990).
  • Беларуская мова: правапіс / Язэп Лёсік. — Менск: Беларускае кааперацыйна-выдавецкае таварыства «Савецкая Беларусь», 1924. — 190 с.
  • Беларускі правапіс / Язэп Лёсік. — Менск: Дзяржаўнае выдавецтва Беларусі, 1925. — VIII, 179, [5] с.
  • Беларускі правапіс / Язэп Лёсік. — Менск: Беларускае дзяржаўнае выдавецтва, 1927. — 204, [4] с.
  • Граматыка беларускае мовы: морфолёгія: для настаўнікаў педтэхнікумаў і самаасьветы / Язэп Лёсік. — Менск: Дзяржаўнае выдавецтва Беларусі, 1927. — 190 с.
  • Граматыка беларускае мовы: фонэтыка / Язэп Лёсік. — Менск: выдана коштам аўтара, 1926. — 131 с.
  • Граматыка беларускай мовы: фанетыка / Язэп Лёсік. — Мн.: Народная асвета, 1995—131 с. — (Беларуская мова: гісторыя і сучаснасць). — ISBN 985-03-0249-6.
  • Да рэформы беларускага правапісу. — Мн., 1926 (сааўт. А.Лёсік)
  • Літва — Беларусь: гістарычныя выведы / Язэп Лёсік; [прадмова З. Санько; пасляслоўе А. Жлуткі]. — Мн.: Тэхналогія, 2016. — 33, [2] с. — ISBN 978-985-458-266-5.
  • Мы перш за ўсё беларусы: проза, публіцыстыка / Язэп Лёсік; [уклад. В. Дранчука; прадм. В. Міцкевіч]. — Мн.: Беларускі кнігазбор, 2004. — 71 с. — (Серыя «Мне сонцам свеціць Наднямонне»). — ISBN 985-6730-80-6.
  • Наша крыніца: чытанне для беларускіх школ / Я. Лёсік. — Берлін: выданне Навукова-літэрацкага аддзела Камісарыяту асветы БССР, 1922. — 275 c., [4] л. іл.
  • Наша крыніца: чытаннне для беларускіх школ у Латвіі / Я. Лёсік. — Рыга: выданне Беларускага выдавецтва ў Латвіі, 1927. — 275, [1] с.
  • «Ня ўсё-ж разам, ягомосці!…» / А. Лёсік. — Вільня: Беларускае выдавецкае таварыства, 1914. — 32 с.
  • Практычная граматыка / Язэп Лёсік. — Менск: Беларускае кааперацыйна-выдавецкае таварыства «Адраджэнне», 1922.
  • Практычная граматыка беларускай мовы: курс 1-шы / Язэп Лёсік; Соц. Радн. Рэспубліка Беларусі, Народны камісарыят асветы. — Менск: Дзяржаўнае выдавецтва Соц. Радн. Рэспублікі Беларусі, 1921. — 72 с.
  • Практычная граматыка беларускай мовы / Язэп Лёсік; Народны камісарыят асветы. Ч. 2: Кароткі курс этымалогіі і сінтаксу. — Менск: Дзяржаўнае выдавецтва Беларусі, 1922. — 314, [2] с.
  • Творы: апавяданні, казкі, артыкулы / Язэп Лёсік; [укладанне, прадмова і каментарыі А. Жынкіна]. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. — 334, [1] с., [8] л. іл., партр., факсім. — ISBN 5-340-01250-6.
  • У справе рэформы нашай азбукі / Язэп Лёсік. — [Мн.: б. в., 1926]. — 10 с. — (Матэрыялы да акадэмічнай канферэнцыі па рэформе правапісу і азбукі; 1).
  • Школьная граматыка беларускай мовы / Язэп Лёсік. — Менск: Беларускае дзяржаўнае выдавецтва, 1927. — 184, [4] с.
  • Школьная граматыка беларускай мовы. — Мн.: Белдзяржвыд, 1928. — 188 с.
  • Асноўны матыў у творчасці Максіма Багдановіча (Пасляслоўе, публіхацыя і заўвагі І. Багдановіч) // Полымя. — 1991. — № 12.
  • Бітва пад Грунвальдам у апісаньні кронікі Быхаўца, Длугоша, Бельскага і інш. // Спадчына. — 1996. — № 4.
  1. Часам падавалася дата 19 лістапада. Аднак, верагодна, гэта памылка пераводу з Юліянскага на Грыгарыянскі каляндар[1].
  2. Паўтор граматыкі Тарашкевіча 1918 года.
  3. Граматыка 1921 з пэўнымі змяненнямі і дапаўненнямі.
  1. Жынкін А. 2003, с. 3.
  2. Гарон, А. «Новая земля» дзядзькі Антося: малавядомыя старонкі з жыцця Якуба Коласа / Антаніна Гарон // Звязда. — 2007. — 31 кастрычніка. — С. 7.
  3. а б в г д е ё Антон Лёсік. З жыцця Язэпа Лёсіка. represii-by.info (archive.is). Архівавана з першакрыніцы 8 студзеня 2013. Праверана 10-7-2019.
  4. а б Мяснікоў А. 1997, с. 359.
  5. а б в г Michaluk D. 2010, с. 302.
  6. Michaluk D. 2010, с. 289.
  7. а б Michaluk D. 2010, с. 297.
  8. Michaluk D. 2010, с. 295.
  9. Michaluk D. 2010, с. 298—299.
  10. Michaluk D. 2010, с. 314.
  11. Michaluk D. 2010, с. 281.
  12. Архівы Беларускай Народнай Рэспублікі = Archives of the Belarusian democratic republic / Беларускі інстытут навукі й мастацтва, Таварыства беларускага пісьменства; [Уклад., падрыхт. тэксту, уступ. арт., камент., пер., паказ. С. Шупы]. Т. 1: У 2-х кн. Кн. 1: Фонд N 582 Дзяржаўнага архіва Літвы («Рада Міністраў Беларускай Народнай Рэспублікі»). — Вільня — Нью-Ёрк — Менск — Прага: Беларускі інстытут навукі й мастацтва — Таварыства беларускага пісьменства — «Наша ніва», 1998. — 850, [16] с. — С. 242—243. — (Bibliographic series; № 4). — ISBN 9986-9219-2-9.
  13. Michaluk D. 2010, с. 333.
  14. Michaluk D. 2010, с. 417.
  15. Michaluk D. 2010, с. 455.
  16. Michaluk D. 2010, с. 462.
  17. Michaluk D. 2010, с. 497—498.
  18. а б в Мяснікоў А. 1997, с. 360.
  19. а б Біяграфія Язэпа Лёсіка на сайце Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа НАН Беларусі(недаступная спасылка). csl.bas-net.by. Архівавана з першакрыніцы 11 студзеня 2012. Праверана 10-7-2019.
  20. Ворагі пралетарскай дыктатуры Ластоўскі, Пічэта, Лёсік, Некрашэвіч, Гарэцкі і Дубах — пазбаўлены годнасьці акадэмікаў // Зьвязда № 286 (3884) : газета. — Менск: 8 сьнежня 1930. — С. 1.
  21. «Аўтаномія Беларусі» (1917).
  22. Лёсік Я. Літва — Беларусь: гістарычныя выведы // Школа и культра Советской Белоруссии. — 1921. №2. — С. 12—22.
  23. Літва — Беларусь: гістарычныя выведы / Язэп Лёсік; [прадмова З. Санько; пасляслоўе А. Жлуткі]. — Мн.: Тэхналогія, 2016. — 33, [2] с. — ISBN 978-985-458-266-5
  24. Жынкін А., с. 325
  • Багдановіч І., Жынкін А «Гэтага слаўнага пісьменніка чакаець яшчэ слаўнейшая будучыня» // За передовую науку. — 1990. — 4 мая.
  • Беларускія пісьменнікі: Біябібліяграфічны слоўнік. Т. 4. — Мн., 1994.
  • Будзько І. Язэп Юр’евіч Лёсік (Да 120-годдзя з дня нараджэння) // Беларуская лінгвістыка. 2004. Вып.54.
  • Гарэцкі М. Лёсік Язэп // Гарэцкі М. Гісторыя беларускае літаратуры. — Вільня, 1920.
  • Лёсік Я. Творы: Апавяданні. Казкі. Артыкулы / Уклад., прадм. і камент. А. Жынкіна. — Мн.: Маст. літ., 1994. — 335 с., [1] л. партр.; [8] л. іл. — (Спадчына). ISBN 5-340-01250-6.
  • Лёсік Я. 1921—1930: Зб. тв. / Уклад., прадм. і камент. А. Жынкіна. — Мн.: НАРБ: Выд. Логвінаў, 2003. — 396 с. ISBN 985-6372-31-3 (НАРБ); ISBN 985-6701-29-5 (І. П. Логвінаў).
  • Michaluk D. Białoruska Republika Ludowa 1918–1920. U podstaw białoruskiej państwowości. — Toruń: Wydawnictwo Naukowe Uniwersytetu Mikołaja Kopernika, 2010. — 597 с. — ISBN 978-83-231-2484-9.
  • Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі. Энцыклапедычны даведнік у 10 тамах (15 кнігах). Т. 2 / Укладальнік Л. У. Маракоў. — Смаленск, 2003.
  • Мяснікоў А. «Жывіце без мяне…» // Полымя. — 1992. — № 1.
  • Мяснікоў А. Лёсік Язэп (Іосіф) Юр’евіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 4: Кадэты — Ляшчэня / Беларус. Энцыкл. / эдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мінск: БелЭн, 1997. — С. 359—360. — 432 с. — ISBN 985-11-0041-2.
  • Мяснікоў А. Нацдэмы. Лёс і трагедыя Фабіяна Шантыра, Усевалада Ігнатоўскага і Язэпа Лёсіка. — Мн., 1993.
  • Хвіланчук, Ю. Навуковая дзейнасць Язэпа Лёсіка ў перыяд станаўлення нацыянальнага мовазнаўства / Юлія Хвіланчук // Роднае слова. — 2014. — № 4. — С. 41—43.