Янка Шутовіч

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Я. Шутовіч)
Янка Шутовіч
Род дзейнасці літаратуразнавец, грамадскі дзеяч, дзеяч культуры, журналіст, рэдактар, літаратар
Дата нараджэння 24 студзеня 1904(1904-01-24)
Месца нараджэння
Дата смерці 9 снежня 1973(1973-12-09) (69 гадоў)
Месца смерці
Месца пахавання
Грамадзянства
Жонка Она Міцюце
Месца працы
Альма-матар
Партыя
Член у
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Янка (Іван Іосіфавіч) Шутовіч (24 студзеня 1904, в. Шутавічы, цяпер Смаргонскі раён Гродзенскай вобласці — 9 снежня 1973) — беларускі грамадскі і культурны дзеяч, літаратуразнавец.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Нарадзіўся ў сялянскай шматдзетнай сям’і. Па паспяховым сканчэнні ў 1915 годзе народнага вучылішча ў суседняй вёсцы Сукневічы атрымаў у падарунак кнігу. Затым навучаўся ў беларускай школе пры дзіцячым прытулку, зладжаным яго дзядзькам ксяндзом Віктарам Шутовічам у в. Бадзенічы (Дзісенскі павет Віленскай губерні), дзе выкладалася французская мова. Скончыў Глыбоцкае гарадское вучылішча.

Янка Шутовіч у 1925 годзе

Увосень 1919 г. яго залічылі ў 4-ы клас Віленскай беларускай гімназіі. Па яе сканчэнні ў 1924 годзе паступіў на юрыдычны факультэт Віленскага ўніверсітэта. У час вучобы ва ўніверсітэце прымаў удзел у працы Беларускага студэнцкага саюза, быў членам яго рэвізійнай камісіі, Беларускага навуковага таварыства, Таварыства прыяцеляў беларусаведы, Беларускага інстытута гаспадаркі і культуры, рэдагаваў з 1928 год часопіс «Студэнцкая думка», «Шлях моладзі». Таксама працаваў карэктарам у беларускай друкарні імя Францішка Скарыны. Адзін з кіраўнікоў Беларускага нацыянальнага аб’яднання.

Пачаў друкавацца ў 1927 годзе. У 1934 скончыў ВНУ з дыпломам магістра права. Член партыі хрысціянскіх дэмакратаў. У 1936 кіраваў агульным Школьным сакратарыятам. У 1935—1939 выдавец і рэдактар часопісаў «Калоссе», «Шлях моладзі».

За актыўную дзейнасць у справе беларускага нацыянальнага адраджэння напачатку 1939 года арыштаваны польскімі ўладамі. Зняволены ў лагеры Бяроза-Картузская. Вызвалены ў верасні 1939 года савецкімі войскамі. 3 восені 1939 займаўся асветніцкай і выдавецкай дзейнасцю, з 1940 выкладаў у Беларускай настаўніцкай семінарыі.

З 1940 працаваў у Беларускім музеі ў Вільні, з лютага 1941 да лістапада 1944 яго загадчык. Хаваў ад вывазу экспанаты ў сутарэннях касцёла Святога Міхаіла пад апекай ксяндза Адама Станкевіча[1].

Арыштаваны органамі НКУС 19 лістапада 1944 года. Рашэннем Асобай нарады пры НКДБ прысуджаны да 10 гадоў пазбаўлення волі. Сасланы ва Унжлаг (Горкаўская вобласць, РСФСР), пасля да Пясчанлагу (Карагандзінская вобласць, Казахская ССР). Вызвалены з лагера 28 жніўня 1954 года. Да 10 красавіка 1956 — у высылцы ў Карагандзе і Сарані (Карагандзінская вобласць).

Пасля высылкі вярнуўся ў Вільню. З 1957 г. працаваў пажарнікам у Віленскім дзяржаўным мастацкім музеі. Рэабілітаваны 25 красавіка 1958 года. Быў пазаштатным карэспандэнтам часопіса Саюза пісьменнікаў БССР «Полымя».

Творчасць[правіць | правіць зыходнік]

Друкаваўся з 1927. Выступаў з артыкуламі пра Я. Драздовіча, Ш. Руставелі, Т. Шаўчэнку, рыхтаваў матэрыялы пра М. Гарэцкага, А. Гурыновіча, М. Забейду-Суміцкага, Я. Карскага, А. Уласава, Беларускі музей у Вільні. У 1940 пад яго рэдакцыяй у Вільні выдадзена кніга «Ксёндз Адам Станкевіч: У 25-я ўгодкі свяшчэнства і беларускай нацыянальнай дзейнасці (10.1.1915 — 10 студзеня 1940)».

Разам з жонкай, літоўскай паэткай Онай Міцюце, займаўся перакладамі твораў літоўскіх і беларускіх пісьменнікаў. Адшукаў у архіве рукапіс рамана-хронікі Максіма Гарэцкага «Віленскія камунары». Сярод неапублікаванай спадчыны застаўся вялікі нарыс пра Міхала Забейду-Суміцкага. Знайшоў і перахоўваў дзённік Адама Станкевіча, перад смерцю зрабіў некалькі копій і раздаў розным надзейным людзям[2].

Рукапісны і ўласны архіў Я. Шутовіча захоўваецца ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы Нацыянальнай АН Беларусі[3].

Магіла Яна Шутовіча на Павіленскіх могілках у Павільнісе, Вільня, 2021

Зноскі

  1. ЕГУ(недаступная спасылка)
  2. Жыццё ў слове ксяндза Адама Станкевіча(недаступная спасылка)
  3. Таццяна Жук, Марына Ліс. Рукапісы не гараць. Янка Шутовіч: пакутлівая біяграфія беларуса з беднай сям’і(недаступная спасылка). Tut.by (24 студзеня 2014). Архівавана з першакрыніцы 5 сакавіка 2016. Праверана 26 студзеня 2014.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]