Негроідная раса
Вялікая негроідная раса — адна з чатырох вялікіх чалавечых рас. Да эпохі Вялікіх геаграфічных адкрыццяў прадстаўнікі негроіднай расы насялялі пераважна Афрыку на поўдзень ад Сахары, хаця ў розныя эпохі былі вядомы і ў іншых частках свету, у тым ліку ў Еўропе. У выніку гандлю рабамі і працэсу міграцый шырока прадстаўлены ў Амерыцы, некаторых краінах Паўднёвай Азіі і Блізкага Усходу. У наш час жывуць ва ўсіх частках свету. Складаюць не меней за 8% усёй чалавечай папуляцыі[1].
Этымалогія
[правіць | правіць зыходнік]Назва негроіднай расы паходзіць ад лац.: niger ("чорны"). У еўрапейскіх краінах чарнаскурых выхадцаў з Афрыкі здаўна называлі "неграмі". Упершыню паняцце "негроід" было ўведзена ў 1859 г.[2] У канцы XIX ст. замацавалася ў антрапалогіі.
Паходжанне
[правіць | правіць зыходнік]Той факт, што людзі сучаснага тыпу паходзяць з Афрыкі, можа сведчыць пра тое, што ўсё чалавецтва да перасялення ў Азію і іншыя мацерыкі было протанегроідным. Архаічнасць негроіднай расы падкрэсліваецца яе прыстасаванасцю да ўмоў трапічнага пояса. Аднак прамых доказаў таго, што першыя людзі сучаснага тыпу былі протанегроіднымі пакуль няма.
Генетыкі не выявілі ў прадстаўнікоў негроіднай расы сведчанняў аб метысацыі з неандэртальцамі, якая адбывалася ў Еўропе і Азіі[3]. Аднак згодна даследаванням групы генетыкаў, якія праводзіліся ў Афрыцы на працягу 1999 - 2009 гг., ДНК некаторых груп негроідаў утрымоўвае сведчанні аб змяшэнні іх прамых продкаў з іншымі архаічнымі відамі чалавека 20 тысяч — 80 тысяч гадоў таму[4].
Характэрныя рысы
[правіць | правіць зыходнік]Негроідная раса адрозніваецца разнастайнасцю прыкмет, фактычна падзяляецца на некалькі малых рас. Згодна класіфікацыі Я. Рагінскага, негроіды разам з аўстралоідамі складаюць адзіную экватарыяльную расу, для якой характэрны цёмны колер скуры, хвалістыя або кудлатыя валасы, шырокі нос, прагнатызм (высунутыя наперад сківіцы) і г. д.[5] Аднак дадзеная класіфікацыя аспрэчваецца некаторымі сучаснымі антраполагамі. Яны абапіраюцца на сцверджанні генетыкаў аб найбольшай генетычнай аддаленнасці паміж прадстаўнікамі аўстралоіднай і негроіднай рас[6][7][8].
Класічнымі характэрнымі рысамі негроідаў[9] з'яўляюцца:
- Цёмны або вельмі цёмны колер скуры
- Цёмны колер вачэй
- Шырокія вочы з высунутымі вочнымі яблыкамі
- Кудлатыя або спіральна завітыя валасы
- Малая колькасць валасоў на твары і целе
- Шырокі ў крылах нос з нізкім пляскатым пераноссем
- Тоўстыя вусны з нібы вывернутай слізістай абалонкай
- Моцны альвеалярны прагнатызм
- Кароткі корпус цела з доўгімі канечнасцямі
- Вузкі таз з прыкметным паяснічным лардозам
Эфіопская малая раса
[правіць | правіць зыходнік]Прадстаўнікі эфіопскай малой расы насяляюць пераважна паўночны ўсход Афрыкі, жывуць уздоўж узбярэжжа Чырвонага мора і Індыйскага акіяна, у гарах Эрытрэі і Эфіопіі, у памежных раёнах Судана і Кеніі. Для іх характэрны высокі рост, хударлявы целасклад, вузкі высокі твар, нізкія арбіты вока, высокае пераноссе, значна меней поўныя, чым у астатніх негроідаў, вусны, хвалістыя валасы. Знешнее падабенства з паўднёвымі еўрапеоідамі спарадзіла заявы некаторых антраполагаў пра значнае ўздзеянне на прадстаўнікоў эфіопскай малой расы перасяленцаў з Аравійскага паўвострава і Паўночнай Афрыкі[10]. Аднак параўнальныя генетычныя даследаванні жыхароў Эфіопіі, Эрытрэі і Емена абвяргаюць гэтую думку. Яны паказалі, што генафонд насельнікаў афрыкансканскага ўзбярэжжа Чырвонага мора вельмі адрозніваецца ад аравійскага, ён фарміраваўся на мясцовай глебе[11]. Расавыя адрозненні жыхароў Эфіопіі выяўляюцца ўжо ў глыбокай старажытнасці.
Негрыльская малая раса
[правіць | правіць зыходнік]Прадстаўнікі негрыльскай малой расы — пігмеі, што насяляюць зону трапічных лясоў Афрыкі. Яны адрозніваюцца малым ростам, кароткімі нагамі, доўгімі рукамі, яшчэ больш шырокім, але выцягнутым носам, развітым валасяным покрывам цела. Нізкі рост пігмеяў, як і іншых асобных невысокіх груп людзей, звычана тлумачаць экалагічнымі ўмовамі жыцця ў трапічным лесе. Гэта спалучаецца з прыстасаванасцю імунітэта да спецыфічных для дадзенай зоны хвароб. Генетыкі выявілі, што продкі пігмеяў адасобіліся ад астатніх негроідаў ужо 70 — 60 тысяч гадоў таму, але 5 — 4 тысячы гадоў таму ўзнавілі кантакты. Цікава, што жанчыны-пігмеі часцяком нараджаюць агульных дзяцей з суседзямі-банту, аднак жанчыны-банту рэдка нараджаюць ад мужчын-пігмеяў, што таксама тлумачыцца генетычнымі асаблівасцямі[12].
Бушменская малая раса
[правіць | правіць зыходнік]Бушменская малая раса або капоідная малая раса прадстаўлена бушменамі і некаторымі іншымі народамі кайсанскай групы. Бушмены жывуць пераважна ў раёне пустыні Калахары. Яны маюць невысокі рост, жаўтлява-бурую скуру, пляскаты твар, вузкія вочы (часам з эпікантусам), малую ніжнюю сківіцу. Лардоз спалучаецца са значным тлушчаадкладаннем на ягадзіцах, асабліва ў жанчын. У дарослых рана развіваецца маршчыністасць скуры. Такія спецыфічныя адрозненні ад астатніх негроідаў вымушаюць некаторых антраполагаў вылучаць бушменскую малую расу ў асобную вялікую расу[13].
Археалагічныя раскопкі і этналагічныя даследаванні паказваюць, што ў старажытнасці капоіды былі значна больш распаўсюджаны ў Афрыцы, у тым ліку жылі на поўнач ад экватара. Генетыкі выявілі, што блізкімі па паходжанню да бушменаў з'яўляюцца некалькі груп афрыканскага насельніцтва ў раёне Чырвонага мора і Заходняй Афрыкі. Вялікая генетычная разнастайнасць бушментаў можа сведчыць пра тое, што яны — найбольш старажытны пласт насельніцтва Афрыкі, які развіваўся бесперапынна[14].
-
Заходняя Афрыка: Жанчыны фулані
-
Усходняя Афрыка: Качэўнік з Самалі
Зноскі
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ THE ORIGIN OF HUMAN “RACES” AND BLOOD GROUPS Архівавана 4 сакавіка 2016.
- ↑ etymonline.com
- ↑ Neanderthals, Humans Interbred, DNA Proves Архівавана 7 сакавіка 2016.
- ↑ NICHOLAS WADE, Genetic Data and Fossil Evidence Tell Differing Tales of Human Origins
- ↑ Хомутов А. Е., Антропология. — Ростов н/Д: «Феникс», изд. 3-е, 2004. С. 282—283
- ↑ Станислав Дробышевский, Родственны ли австралийцы негроидам?
- ↑ The Genetic Origins of the Andaman Islanders
- ↑ Geographic Variation in Human Mitochondrial DNA from Papua New Guinea
- ↑ Апісанне даецца згодна з: Хрисанфова Е. Н. Антропология: учебник / Е. Н. Хрисанфова, И. В. Перевозчиков. — 4-е изд. — М.: Изд-во Моск. ун-та: Наука, 2005. — С. 282
- ↑ The Mediterranean race in East Africa
- ↑ http://www.ncbi.nlm.nih.gov/pmc/articles/PMC1182106/
- ↑ Jennifer Welsh, Why Pygmies of Africa Are So Short
- ↑ Хрисанфова Е. Н. Антропология: учебник / Е. Н. Хрисанфова, И. В. Перевозчиков. — 4-е изд. — М.: Изд-во Моск. ун-та: Наука, 2005. — С. 283
- ↑ World's most ancient race traced in DNA study