Ад’юнкт
Ад'юнкт (ад лац.: adiunctus «далучаны (да справы)» праз фр.: adjoint «асістэнт, памочнік», англ.: adjunct) – шматзначны тэрмін. Часцей за ўсё гэта пасада або званне памочніка або намесніка ў розных галінах.
У некаторых краінах так называюцца памочнікі мэраў (пераважна франкамоўныя краіны). Таксама гэтую назву носяць некаторыя ніжэйшыя ваенныя чыны (у сэнсе «памочнік камандзіра») ці служачыя паліцыі («памочнік камісара»).
У сферы адукацыі — гэта пасада і званне ў вышэйшых навучальных і навукова-даследчых ўстановах многіх краін свету для навуковых або навукова-педагагічных супрацоўнікаў, якія маюць навуковую ступень не ніжэй за доктара філасофіі (гэта значыць, з'яўляюцца «памочнікам прафесара»). Напрыклад, гэты тэрмін актыўна ўжываецца ў Польшчы для абазначэння навукова-педагагічнай пасады ў ВНУ, блізкай па сваім статусе да беларускага дацэнта.
У пратэстанцкай царкве ад'юнктам называецца памочнік пастара, які мае права здзяйсняць набажэнствы і трэбы (гэта значыць прыкладна адпавядае пазіцыі вікарыя). У прыватнасці, ад'юнкт прыстаўляецца да састарэлага царкоўнага іерарха ці клірыка, які ўжо не ў стане выконваць сваіх абавязкаў у поўным аб'ёме.
У некаторых выпадках ад'юнктам называюць асоб, якія праходзяць стажыроўку або практыку.