Бенгальскі султанат
Гістарычная дзяржава | |||
Бенгальскі султанат | |||
---|---|---|---|
перс.: سلطنت بنگاله | |||
|
|||
|
|||
Рэлігія | іслам, індуізм | ||
Форма кіравання | манархія | ||
Дынастыя | Ільяс-Шахі, Ганеша, Хабшы, Хусейн-Шахі, Карані | ||
Пераемнасць | |||
< Дэлійскі султанат | |||
Імперыя Вялікіх Маголаў > | |||
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Бенга́льскі султанат (перс.: سلطنت بنگاله, бенг.: শাহী বাঙ্গালা) — гістарычная дзяржава ў Паўднёвай Азіі ў 1352 — 1576 гадах.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]З пачатку XIII ст. Бенгалія ўваходзіла ў склад Дэлійскага султаната. У 1325 г. яна была падзелена на 3 адміністрацыйныя акругі на чале з кіраўнікамі, што мелі шырокія паўнамоцтвы. Адным з іх быў Шамудзін Ільяс-Шах, выхадзец з Сістану, прызначаны кіраўніком акругі Сатгаон у дэльце Ганга. Каля 1338 г. ён скарыстаўся праблемамі цэнтральных уладаў, каб весці сябе незалежна ад іх волі. Да 1352 г. Ільяс-Шах заваяваў 2 астатнія бенгальскія акругі і абвясціў пра стварэнне самастойнага Бенгальскага султаната. У 1353 г. ён пацярпеў паражэнне ад войска Дэлійскага султаната, пагадзіўся на выплату даніны і страту часткі заваяваных тэрыторый, але захаваў кантроль над Бенгаліяй. У 1359 г. яго сын Сікандар-шах I здолеў прымусіць дэлійскага султана Фіруз-Шаха прызнаць сябе роўным манархам.
Пасля заваявання Дэлі ў 1398 г. войскам Тамерлана ў Бенгальскім султанаце апынулася мноства ўцекачоў, у тым ліку рамеснікаў і земляробаў. Гэта дазволіла наладзіць ткацкую прамысловасць, пачаць каланізацыю Сундарбана і дагэтуль маланаселенага ўсходу Бенгаліі. Найбольш паспяховую палітыку пранікнення на ўсход праводзіў султан Джалалудзін Мухамад-Шах (1415 – 1433 гг.). Ён паходзіў з бенгальскага індуісцкага роду Ганеша. Яго бацька Раджа Ганеша захапіў уладу, але быў вымушаны абвясціць султанам свайго сына і пагадзіцца на прыняцце ім іслама. Пасля смерці Раджы ў 1418 г. Джалалудзін спрыяў распаўсюджанню іслама сярод сялян, што перасяляліся на новыя землі. Ён падтрымаў араканскіх уцекачоў і аказаў ім дапамогу ва ўзнаўленні сваёй дзяржавы. Тым не меней, нашчадкі Ільяс-Шаха здолелі ўтрымаць за сабою частку Бенгаліі і пасля яго смерці зноў вярнулі прастол.
У другой палове XV ст. усё большы ўплыў на султанаў атрымоўвала іх прыватная гвардыя, што фарміравалася з хабшы. У 1481 г. яна спрыяла зыходу султана Сікандар-шаха II, абвешчанага вар'ятам, і перадачы ўлады Джалалудзіну Фацех-Шаху. Але і ён быў у 1487 г. забіты правадыром хабшы Барбакам. Барбак і яго нашчадкі, што цалкам кантраляваліся рэгентамі з ліку гвардзейцаў, кіравалі ўсяго некалькі гадоў. У 1494 г. уладу захапіў візір Алаўдзін Хусейн-Шах. Ён меў арабскае паходжанне. Заснаваная ім дынастыя імкнулася пашырыць гандлёвыя сувязі. У 1528 г. было створана партугальскае паселішча ў Чытагонгу. У 1564 г. уладу захапіў пуштун Сулейман-Хан Карані. Ён здолеў далучыць да султаната Адышу. Аднак супраць бенгальскіх султанаў выступілі Вялікія Маголы. У 1576 г. яго сын Дауд пацярпеў паражэнне ад Акбара Вялікага, і Бенгалія была далучана да імперыі Вялікіх Маголаў.
Дзяржаўнае кіраванне
[правіць | правіць зыходнік]Фармальна Бенгальскі султанат з'яўляўся абсалютнай манархіяй. Султан быў не толькі цывільным, але ваенным і духоўным валадаром, узначальваў мусульманскую абшчыну дзяржавы. Першапачаткова яна была адносна невялікай, часцяком складалася з іншаземцаў, якія прымалі мясцовае падданства. Аднак у XV ст. прапорцыя мусульманскага насельніцтва значна павялічылася, прычым за лік сялян, што перасяляліся на маланаселены ўсход краіны. Бенгальскія султаны спавядалі суніцкі іслам і прызнавалі духоўную ўладу халіфаў Абасідаў. Джалалудзін Мухамад-Шах абвясціў сябе халіфам, а Бенгальскі султанат — асобным халіфатам.
Адносіны да іншых рэлігій, у першую чаргу да індуізму і будызму, часцяком залежалі ад асобных памкненняў канкрэтных манархаў. Шамудзін Ільяс-Шах быў жанаты на ўдаве з індуісцкай сям'і. Яе дзеці сталі спадчыннікамі заснавальніка султаната. Джалалудзін Мухамад-Шах, які сам паходзіў з індуісцкага роду, вызначыўся пераследам землеўладальнікаў-індуістаў. Тым не меней, у канцы свайго кіравання ён стаў рэлігійна памяркоўным. Прадстаўнікі дынастыі Хусейн-Шахі прыцягвалі індуістаў да кіраўнічых пасад.
Адміністрацыйны апарат фарміраваўся па прызначэнню султана. Адміністрацыйныя пасады спалучаліся з ваеннымі. На вяршыні адміністрацыйнай лесвіцы стаялі візір і блізкія дарадцы, якія складалі ўрад-дыван. У канцы дынастыі Ільяс-Шахі значную ўладу набыла прыдворная гвардыя, што складалася з афрыканскіх рабоў-хабшы. Служба дзяржаве ўзнагароджвалася зямельнымі надзеламі. Фармальна яны атрымоўваліся толькі на гады службы, але часцяком перадаваліся па спадчыне. У Бенгальскім султанаце меўся значны пласт мясцовых землеўладальнікаў-індуістаў.
На перыферыі султаната існавалі дзяржаўныя ўтварэнні, што захоўвалі свае манархічныя дынастыі і ўнутранае самакіраванне. Так, на астраўных тэрыторыях усходняй Бенгаліі захавалася дробнае дзяржаўнае ўтварэнне Чандрадвіп, дзе кіравалі раджы-індуісты. Бенгальскія султаны садзейнічалі ўсталяванню залежных ад іх дынастый у Трыпуры і Аракане.
Бенгальскі султанат меў значнае па колькасці войска, якое складалася з конніцы, пяхоты, слановай арміі, артылерыі і ваеннага флоту. Слановая армія і ваенны флот былі асабліва важнымі падчас сезонных паводак на рацэ Ганг, калі наземныя шляхі станавіліся непераадольнымі для конніцы. Бенгальская артылерыя ўражвала нават партугальцаў.
Эканоміка
[правіць | правіць зыходнік]Асновай эканомікі Бенгальскага султаната з'яўлялася сельская гаспадарка, куды была ўцягнута асноўная частка насельніцтва. Выключную ролю адыгрывалі вырошчванне рысу і бавоўніку. Апошні стаў надзвычай важнай культурай, калі ў канцы XIV — пачатку XV ст. бежанцы з Дэлійскага султаната заснавалі вытворчасць баваўнянай пражы і баваўняных тканін. У большасці выпадкаў яна была прадстаўлена дробнымі рамеснымі майстэрнямі, але на ўзбярэжжы таксама сустракаліся дастаткова буйныя мануфактуры. У той ці іншай ступені яны кантраляваліся дзяржаўнымі чыноўнікамі. У малазаселеных раёнах поўдню і ўсходу пераважала жывёлагадоўля. Яе асноўнай прадукцыяй было топленае масла, якое выкарыстоўвалі не толькі ў якасці ежы, але і як тэхнічны матэрыял. Бенгальскі султанат славіўся суднабудаўнічымі прадпрыемствамі. Тут былі шырока распаўсюджаны апрацоўка металаў, скур, ганчарства, здабыча жэмчугу, вытворчасць паперы.
У XV — XVI стст. Бенгалія ператварылася ў важны гандлёвы цэнтр. Марскія і сухапутныя шляхі злучалі яе з краінамі на поўдні Індастана, Аравійскага паўвострава, Паўднёва-Усходняй Азіі, Мальдыўскімі астравамі і Кітаем. З Бенгальскага султаната вывозіліся пераважна прадукты сельскай гаспадаркі і тканіны, але бенгальскія парты таксама былі месцамі пасрэдніцкага гандлю шоўкам, каштоўнымі металамі, каўры, спецыямі. Выхадзец з Дэлійскага султаната і адміністратар Сундарбана Хан Джахан-Алі (памёр у 1459 г.) праславіўся будаўніцтвам шырокіх дарог, караван-сараяў і мячэцей. Бенгальскія гандляры наведвалі такія аддаленыя мясціны, як Адэн, Малака, Герат, Цяньцзінь.
Эканамічны поспех бенгальскіх гандляроў у немалой ступені залежаў ад грашовай палітыкі султаната. Яна пачала фарміравацца ў XIV ст., калі дынастыя Ільяс-Шахі арганізавала чаканку срэбраных манет-така. Колькасць срэбра ў іх перавышала адпаведны паказчык манет Дэлійскага султаната. У XV ст. адразу дзейнічала некалькі манетных двароў. Срэбра завозілі пераважна з Трыпуры і Асаму. Нават у гады палітычных нягод така заставалася ўстойлівай міжнароднай валютай. На мясцовым грашовым рынку таксама былі шырока прадстаўлены ракавіны каўры, якія абменьвалі ў мальдыўцаў на рыс, масла, цукар і іншыя харчовыя тавары.