Перайсці да зместу

Бярозкі (Брагінскі раён)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Вёска
Бярозкі
Краіна
Вобласць
Раён
Сельсавет
Каардынаты
Першая згадка
1596 год
Насельніцтва
153 чалавекі (2004)
Часавы пояс
Тэлефонны код
+375 2344
Паштовыя індэксы
247637
Аўтамабільны код
3
СААТА
3203843006
Бярозкі на карце Беларусі ±
Бярозкі (Брагінскі раён) (Беларусь)
Бярозкі (Брагінскі раён)
Бярозкі (Брагінскі раён) (Гомельская вобласць)
Бярозкі (Брагінскі раён)

Бяро́зкі[1] (трансліт.: Biarozki, руск.: Берёзки) — вёска ў Брагінскім раёне Гомельскай вобласці. Уваходзіць у склад Новаялчанскага сельсавета.

У 42 км на паўднёвы ўсход ад Брагіна, 3 км ад чыгуначнай станцыі Ёлча (на лініі ОўручЧарнігаў), 161 км ад Гомеля.

На ўсходзе возера Кулічоўка і пойма ракі Дняпро.

Побач аўтадарога Камарын — Брагін.

Планіроўка складаецца з просталінейнай вуліцы, блізкай да мерыдыянальнай арыентацыі, да якой з захаду далучаецца ледзь выгнутая шыротная вуліца. Забудова драўлянымі хатамі сядзібнага тыпу.

Карона Каралеўства Польскага

[правіць | правіць зыходнік]

Вёска Бярозкі, паводле звестак І. В. Кандрацева, вядомая з 7 кастрычніка 1596 года, калі разам з Ёлчай трапіла ў пажыццёвую пасэсію да пана Івана Лобава[2]. У 1614 годзе папярэдні пасэсар, са згоды караля, «саступіў» добры на тых жа ўмовах князю Сямёну Лышко (Лычко) і яго жонцы пані Катарыне Каменскай. У Бярозках[A] на той час было 3 службы, з якіх штогод разам збіралася 22 злотых, 15 грошаў, жыта 4 з паловай бочкі, кожная па злотаму, разам складалі 4 злотыя, 15 грошаў; меўся млын.[3]. Паселішча месцілася тады на землях Любецкага староства Кіеўскага ваяводства Каралеўства Польскага.

Паводле тарыфа падымнага падатку 1628 года, з маёнтку пана Яна Мікалая Яніцкага Ёлчы і Бярозак з 12 дымоў скарб мусіў атрымаць па 3 злотыя, з 18 агароднікаў па паўтары злотыя, са святара 6 злотых, з кола млыновага 3 злотыя[4]. Тая пасэсія была пацверджана каралеўскім прывілеем ад 12 сакавіка 1631 года. Валодаў М. Яніцкі Бярозкамі і ў 1636 годзе[5].

14 снежня 1656 года каралеўскім прывілеем Ёлча і Бярозкі (Berezki) перададзеныя ў пажыццёвае валоданне пану Лукашу Бялабжэскаму. 20 сакавіка 1659 года тыя ж добры пажыццёва падараваныя пану Юрыю Нячаю (Грузевічу[6]) і жонцы яго пані Даміцэлі з Хадыкаў. 22 мая 1660 года датаваны прывілей, якім пацверджана пажыццёвае права на Ёлчу і Бярозкі сужэнства Лукаша і Ганны з Сілічаў Бялабжэскіх. Але новымі каралеўскімі прывілеямі 1662, 1667, 1668 гадоў вёскі былі замацаваныя за панамі Нячаямі; адначасова скасаваныя ўсе папярэднія наданні[7].

У люстрацыі падымнага падатку Оўруцкага павета Кіеўскага ваяводства 1683 года засведчана, што з 13 дымоў вёскі Бярозкі пана Нячая да скарбу выплачваліся 2 злотыя[8].

Згаданыя Бярозкі (Beruzki) ў тарыфах падымнага падатку Кіеўскага ваяводства 1711 і 1714 гадоў. У 1734 годзе ў Бярозках налічвалася крыху больш за 20 двароў, з якіх выплачваліся 2 злотыя і 11 з паловай грошаў[B][9]. Паводле тарыфу 1754 года, з 40 двароў[C] (×6 – каля 240 жыхароў) вёскі Бярозкі[D] «do grodu» (Оўруцкага замка) выплачвалася 6 злотых, 7 з паловай грошаў, «na milicję» (на вайсковыя патрэбы павета і ваяводства) 25 злотых[10]. У апошніх двух выпадках прыналежнасць паселішча пазначаная як спрэчная (in controverso). Але ўладальнік названы ў датаваным 15 лютага 1754 года запісе «wieczystego prawa darownego» на добры Ёлча, Бярозкі, Савічы, Грушна «і іншых», відавочна, прыналежных да Ёлчанскага ключа[E], ад падканцлера літоўскага графа Міхала Сапегі войскаму ашмянскаму пану Францішку Ракіцкаму, за подпісам вялікага канцлера літоўскага князя Міхала Чартарыйскага, замацаваным вялікай пячаткай[F][11].

Расійская імперыя

[правіць | правіць зыходнік]

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Бярозкі апынуліся ў межах Рэчыцкай акругі Чарнігаўскага намесніцтва (губерні), з 1796 года — у складзе адноўленага Рэчыцкага павета Маларасійскай, а з 29 жніўня 1797 года — Мінскай губерні Расійскай імперыі[12]. З крыніцы, заснаванай на матэрыялах рэвізіі 1795 года, вядома, што вёскі Бярозкі, Савічы, Галкі і іншыя былі ў заставе ў пана Ігнацыя Шышкі, а належалі (відавочна, зноў жа застаўным правам[G]) ротмістру троцкаму пану Валенцію Зялёнку[13].

Паводле ведамасці Ёлчанскай Свята-Міхайлаўскай царквы за 1818 год, прыналежная да яе прыходу вёска Бярозкі была ўласнасцю маршалка Мінскай губерні пана Людвіка Ракіцкага[14]. У 1850 годзе — уласнасць паноў Прозараў. У «Списках населённых мест Минской губернии по уездам, приходам, еврейским обществам со сведениями об их расположении и народонаселении [Дело] : 1857 г.» засведчана, што 253 жыхары вёскі Бярозкі з'яўляліся прыхаджанамі Ёлчанскай Свята-Міхайлаўскай царквы, 3 мужчыны і 3 жанчыны з ліку жыхароў фальварка Бярозкі былі парафіянамі Астраглядаўскага касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі[15].

У парэформенны перыяд — у Ёлчанской воласці. Згодна са звесткамі на 1876 і 1879 гады, Бярозкі заставаліся ў прыходзе Ёлчанскай царквы[16]. На 1909 год у Бярозках налічвалася 77 двароў, 635 жыхароў[17].

9 лютага 1918 года, яшчэ да падпісання Брэсцкай мірнай дамовы з бальшавіцкай Расіяй (3 сакавіка), Германія перадала паўднёвую частку Беларусі Украінскай Народнай Рэспубліцы. У адказ на гэта, 9 сакавіка Другой Устаўной граматай тэрыторыя абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Бярозкі ў складзе Рэчыцкага павета, аднак, апынуліся ў часова створанай 15 чэрвеня Палескай губерні з цэнтрам у Рэчыцы, з кастрычніка — у Мазыры. З 18 мая тут дзейнічала «варта Украінскай Дзяржавы»[18].

1 студзеня 1919 года, згодна з пастановай І з’езда КП(б) Беларусі, Рэчыцкі павет увайшоў у склад Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі, але 16 студзеня разам з іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі быў далучаны да РСФСР.

Пасля ўз’яднання з БССР, ад 8 снежня 1926 года па 30 снежня 1927 года вёска — цэнтр Бярозкаўскага сельсавета Камарынскага раёна Рэчыцкай акругі (з 9 чэрвеня 1927 года — Гомельскай акругі). У 1930 годзе арганізаваны калгас «Дняпроўскі араты», працавалі гамарня, вятрак. Падчас Вялікай Айчыннай вайны у верасні 1943 года нямецкія карнікі спалілі 140 двароў, забілі 21 жыхара. Вызвалена 24 верасня 1943 года 15-м стралковым корпусам 13-й арміі Цэнтральнага фронта. У баях за вёску адмеціліся сяржант І. А. Юсупаў капітан М. А. Паўлоцкі, камандзір аддзялення разведкі Герой Савецкага Саюза І. Г. Лысанаў. На франтах і ў партызанскай барацьбе загінулі 68 жыхароў, памяць пра якія ўвекавечвае абеліск, пастаўлены ў 1968 годзе ў цэнтры вёскі. У складзе саўгаса «Краснае» (цэнтр — вёска Краснае). Ёсць клуб.

  • 1834 год — 56 двароў.
  • 1850 год — 271 жыхар.
  • 1897 год — 87 двароў, 618 жыхароў (паводле перапісу).
  • 1940 год — 180 двароў, 821 жыхар.
  • 1959 год — 655 жыхароў (паводле перапісу).
  • 2004 год — 87 двароў, 153 жыхара.
  1. Назва паселішча запісаная тут публікатарамі па-рознаму — Bereszki, Bereczki.
  2. У крыніцы паведамляецца пра «puł ćwierci, puł szesnastki» дыму, які складаўся з 120 двароў (г. зн. каля 19), ды пра «астатнія халупы» (2-3, бо нават меней паўшаснаццаткі).
  3. Усяго ў паселішчы налічвалася «puł ćwierci dymu», а 1 дым у той час складалі 320 двароў.
  4. У гэтым выпадку назва пададзена ў малапазнавальным выглядзе — Berwiki. Але, як заўсёды, побач з Ёлчай.
  5. Ёсць згадка пра інвентар Ёлчанскага ключа 1771 года: APiJ. Sygn. 1. S. 1.
  6. Інакш кажучы, Бярозкі другой паловы XVIII ст. былі вёскай у складзе прыватнаўласніцкага маёнтку, а не дзяржаўнага, як тое паказана ў Вялікім гістарычным атласе Беларусі: Вялікі гістарычны атлас Беларусі ў 4-х тамах: Т. 2. — Мінск: Белкартаграфія, 2013. С. 122, 191.
  7. Далейшы лёс паселішчаў паказвае, што яны, як і раней, былі ўласнасцю паноў Ракіцкіх, пакуль не перайшлі да Прозараў.

Зноскі

  1. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гомельская вобласць: нарматыўны даведнік / Н. А. Багамольнікава і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2006. — 382 с. ISBN 985-458-131-4 (DJVU).
  2. Кондратьєв І. Любецьке староство (XVI — середина XVII ст.). — Чернігів: Видавець Лозовий В., 2014. С. 300
  3. Архив Юго-Западной России (Архив ЮЗР). Ч. 7. Т. 1. Акты о заселении Юго-Западной России. — Киев, 1886. С. 301—302
  4. Архив ЮЗР. Ч. 7. Т. 1. С. 394
  5. Źródła dziejowe. T. V. Lustracye królewszczyzn ziem ruskich Wołynia, Podola i Ukrainy z piérwszéj połowy XVII wieku. / Wydał Aleksander Jabłonowski. — Warszawa, 1877. S. 208
  6. Uruski S. Rodzina. Herbarz szlachty polskiej. — Warszawa, 1915. T. XII. S. 76
  7. Archiwum Główny Akt Dawnych w Warszawie. Archiwum Prozorów i Jelskich (далей: APiJ). Sygn. 1. S. 202
  8. Архив ЮЗР. Ч. 7. Т. 1. С. 490
  9. Тарифи подимного податку, сеймикові лауди і люстрації Київського воєводства першої половини XVIII століття. /Вид. друге, доп. Укл. Конрад Жеменецький. — Біла Церква, 2015. С. 21, 22, 39, 40, 66, 75, 295
  10. Тариф подимного податку Київського воєводства 1754 року. /Опрацював Конрад Жеменецький. — Біла Церква, 2015. С. 187; гл. таксама: С. 13—15, 20—22
  11. APiJ. Sygn. 1. S. 205
  12. Насевіч В., Скрыпчанка Т. Рэчыцкі павет / В. Насевіч, Т. Скрыпчанка // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: у 6 т. — Т. 6. Кн. 1. — Мінск: БелЭн, 2001. C. 181—182
  13. Петреченко І. Є. «Камеральное описание… Речицкой округи» 1796 р.: інформаційний потенціал пам’ятки // Днепровский паром. Природное единство и историко-культурное взаимодействие белорусско-украинского пограничья / Материалы международной конференции (26-27 апреля 2018 г., г. Гомель). — Минск: Четыре четверти, 2018. С. 73
  14. НГАБ. Ф. 136. Воп. 1. Спр. 40523. А. 41
  15. Расійскі дзяржаўны гістарычны архіў. Ф. 1290. Воп. 4. Спр. 79. А. 381адв., 706
  16. Минские епархиальные ведомости. — Минск, 1876. № 10. С. 456; Описание церквей и приходов Минской епархии. VIII. Речицкий уезд. — Минск, 1879. С. 75
  17. Список населённых мест Минской губернии. / Сост. В. С. Ярмолович. — Минск, 1909. С. 8
  18. Ціхаміраў А. В. Станаўленне і развіццё беларуска-украінскіх адносін у 1918—1920 гг. // Веснік БДУ. Сер. 3. 2005. № 3. С. 28 — 32; Грицкевич А. П. Борьба за Украину, 1917—1921 / А. П. Грицкевич; под науч. ред. А. Е. Тараса. — Минск: Современная школа, 2011. С. 92 — 93; Ільїн, О. Західне Полісся в Українській Державі гетьмана Скоропадського (Історія в документах) / О. Ільїн // Над Бугом і Нарвою : український часопис Підляшшя. — 2014. № 3. С. 42; Замойский А. С. Брагин и местечки юго-восточной Беларуси в условиях перехода от войны к миру. 1918—1922. // Брагинщина в контексте истории белорусско-украинского пограничья: сборник научных статей / редкол. А. Д. Лебедев. — Минск, 2018. С. 85
  • Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т.1, кн.1. Гомельская вобласць/С. В. Марцэлеў; Рэдкалегія: Г. П. Пашкоў (галоўны рэдактар) і інш. — Мн.: Белэн, 2004. 632с.: іл. Тыраж 4000 экз. ISBN 985-11-0303-9 ISBN 985-11-0302-0