Перайсці да зместу

Клецкае гета

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Клецкае гета (ідыш: קלעצקער געטאָ, Klecker geto) — яўрэйскае гета ў Клецку, створанае нацыстамі ў перыяд акупацыі Беларусі.

Напярэдадні вайны ў Клецку пражывала 4190 яўрэяў. Заснаванае адразу пасля заняцця горада немцамі 27 ліпеня 1941 года. На тэрыторыі яго жыло каля 1,5 тысячы асоб прызнаных яўрэямі.

28 чэрвеня 1941 былі расстраляны Соф'я Тайц і Хана Гелер. 20 жніўня 1941 немцы расстралялі яшчэ 35 чалавек, сярод якіх Юзаф Жухавіцкі, Рыгор Каваль, Г.А. Тарабура, М. Розенфельд і інш.

30 кастрычніка 1941 (па іншых дадзеных у канцы верасня[1] ) на рыначнай плошчы было сабрана ўсё яўрэйскае насельніцтва. Немцы выбралі выбралі спецыялістаў, рабочых і іх сем'і, а тых хто не трапіў у іх лік — каля 3500 чалавек — вывелі да загадзя выкапаных равоў каля хрысціянскіх могілак і расстралялі. У снежні 1941 былі расстраляны старшыня і члены юдэнрата, якіх абвінавацілі у тым, што яны спрабавалі паставіць у гета харчы звыш нормы.

Пастанова аб ліквідацыі была прынята немцамі ў ліпені 1942 года. У ноч з 20 на 21 ліпеня аддзелы СС і літоўскай і беларускай паліцыі атачылі гета, але сустрэлі ўзброенае супраціўленне ад жыхароў гета. На чале паўстанцаў стаяў Мойша Фіш, былы салдат Войска Польскага. На другім паверсе сінагогі быў усталяваны кулямёт. Паўстанцы мелі дзве вінтоўкі, восем пісталетаў і дзесяць гранат.

Пад час бою былі забіты тры нямецкія афіцэры і чатыры беларускіх паліцэйскіх[2].

Клецкія яўрэі падпалілі гэта, каб пад заслонай дыму ўцячы з агароджанай тэрыторыі. Уцячы здолелі каля 400 чалавек, але вайну перажыло толькі 25 з іх, сярод якіх Янкель Гелер. Частка збеглых трапіла ў партызанскую брыгаду генерала Ф. Капусты.

Забітыя ў гета яўрэі былі пахаваны на ўскрайку горада каля лесу з назвай "Старына".

12 красавіка 1945 камісія даследавала 6 пахаванняў каля могілак. Першая мела 42 м і шырыню 4 м (1020 забітых), другая - 32 м х 4 м (1300), трэцяя - 32 м х 3 м (720), чацвёртая - 20 м х 4 м (470), пятая - 15 м х 2 м (600). У шостая яме былі пахаваныя 48 дзяцей ва ўзросце ад двух месяцаў да 15 год, якіх закапалі жыўцом.

Лічыцца, што агулам у Клецку загінула каля 7 тысяч яўрэяў[3]. У 1996 г. ўсталяваны помнік ахвярам Халакосту.

Зноскі

  1. а б Гетто Белоруссии - примеры геноцида(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 3 снежня 2013. Праверана 15 снежня 2012.
  2. Клецк // Электронная еврейская энциклопедия — eleven.co.il
  3. Справочник о немеко-фашистских лагерях, гетто, других местах принудительного содержания гражданского населения на временно оккупированной территории Беларуси в период Великой Отечественной войны 1941 - 1945 годов / Авт.-сост. В. И. Адамушко и др. — Мн.: Натако, 1998. — 80 с. — С. 51. — ISBN 985-6075-10-6
  • Relacja Jankiela Gellera o zagładzie Żydów w Klecku, w: Kleck w czasie wojny, w: Nieświeskie wspomnienia, Warszawa 2001, s. 324