Леанід Леанідавіч Судаленка
Леанід Леанідавіч Судаленка | |
---|---|
Род дзейнасці | палітычны вязень, праваабаронца |
Дата нараджэння | 23 верасня 1966 (58 гадоў) |
Месца нараджэння | |
Грамадзянства | |
Месца працы | |
Узнагароды і прэміі |
прэмія «Чалавек чалавеку»[d] (2020) Праваабаронца года[d] (2019) Медаль Няскораных[d] (3 жніўня 2024) |
Леанід Леанідавіч Суда́ленка (нар. 23 верасня 1966) — беларускі праваабаронца, палітычны зняволены рэжыму Лукашэнкі.
Біяграфія
[правіць | правіць зыходнік]Нарадзіўся ў Брагінскім раёне Гомельскай вобласці. Юрыст па адукацыі, скончыў Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт. Працаваў па спецыяльнасці ў розных арганізацыях. У 2006 годзе ўвайшоў у ініцыятыўную групу кандыдата ў прэзідэнты Аляксандра Мілінкевіча, пасля чаго з ім не працягнулі кантракт у гомельскім упраўленні «Белтрансгаза». Судаленка ўладкаваўся працаваць інспектарам па працы ў незалежны прафсаюз работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці. Пасля пачаў супрацоўнічаць з праваабарончым цэнтрам «Вясна». Атрымаў дадатковую адукацыю ў Беларускім доме правоў чалавека. У 2016 годзе Судаленка ўдзельнічаў у гучным судовым працэсе аб гібелі 13-гадовай школьніцы падчас уборкі бульбы ў калгасе «Усход-Агра». Суд стаў на бок калгаса, аднак упершыню ў беларускай практыцы прызначыў буйную грашовую кампенсацыю; на думку праваабаронцы Андрэя Стрыжака, у прызначэнні буйной кампенсацыі ёсць вялікая заслуга Судаленкі. Таксама ён актыўна ўдзельнічаў у вырашэнні працоўных спрэчак і дапамагаў рыхтаваць скаргі ў Камітэт па правах чалавека ААН. У 2020 годзе Судаленка аказваў юрыдычную дапамогу ў абскарджанні прысудаў суда за ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах у Гомелі пасля прэзідэнцкіх выбараў[1].
Палітычны пераслед
[правіць | правіць зыходнік]Старшыня гомельскай філіі Праваабарончага цэнтру «Вясна». У час пратэстаў у Беларусі і рэпрэсій з боку ўладаў арыштаваны 18 студзеня 2021 года ў межах крымінальнай справы па арт. 342 КК РБ (групавыя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак). У той жа дзень адбыўся ператрус у офісе Грамадска-палітычнага цэнтра, дзе месцілася філія.
20 студзеня 2021 года сумеснай заяваю дзесяці арганізацый, сярод якіх Праваабарончы цэнтр «Вясна», Беларуская асацыяцыя журналістаў, Беларускі Хельсінскі камітэт, Беларускі ПЕН-цэнтр, быў прызнаны палітычным зняволеным. 16 чэрвеня 2021 года шэфства над палітвязнем узяў Канстанцін фон Ноц, дэпутат Бундэстагу[2].
Закрыты судовы працэс распачаўся 3 верасня 2021 года ў Гомелі. Дапамогу людзям — юрыдычную, фінансавую — улады трактавалі як «арганізацыю і фінансаванне беспарадкаў»[3]. 3 лістапада Леаніду Судаленку прысудзілі 3 гады турмы[4].
Леанід Судаленка цалкам адбыў тэрмін прызначанага пакарання і выйшаў на волю 21 ліпеня 2023 года. Праз два тыдні пасля гэтага ён з’ехаў з Беларусі[5].
1 лістапада 2023 года супраць Судаленкі распачалі новую крымінальную справу[6]. 17 чэрвеня 2024 года Судаленку па дзвюх частках крымінальнага артыкула аб садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці завочна прыгаварылі да пяці гадоў калоніі строгага рэжыму, а таксама да штрафу[7].
Узнагароды
[правіць | правіць зыходнік]За праваабарончую дзейнасць атрымаў французскую Прэмію «Свабода-Роўнасць-Братэрства» за 2018 год.
У 2019 годзе беларускай праваабарончай супольнасцю быў узнагароджаны Нацыянальнай прэміяй за дасягненні ў галіне правоў чалавека як «Праваабаронца года».
Разам з арыштаванымі калегамі па «Вясне» Марфаю Рабковай, Таццянаю Ласіцаю, Андрэем Чапюком вясной 2021 года атрымаў прэмію «Чалавек чалавеку» , узнагароду ў галіне правоў чалавека, за 2020 год[8][9].
У ліку чатырох беларускіх юрыстаў уганараваны прэміяй «За абарону правоў чалавека-2021» Рады адвакатаў і юрыдычных супольнасцей Еўропы[10].
Асабістае жыццё
[правіць | правіць зыходнік]Жанаты, у сям’і Судаленкаў чацвёра сыноў[1].
Зноскі
- ↑ а б Ганна Ганчар. «Яго баяліся ў райпо і ненавідзелі ў міністэрствах». Андрэй Стрыжак – пра праваабаронцу Леаніда Судаленку . Белсат (21 лістапада 2021). Архівавана з першакрыніцы 26 лістапада 2021. Праверана 26 лістапада 2021.
- ↑ Members of the German Bundestag and the European Parliament sponsor Eduard Kudyniuk, Leanid Sudalenka and Volha Klimkova (англ.). Libereco – Partnership for Human Rights (15 чэрвеня 2021). Архівавана з першакрыніцы 23 верасня 2021. Праверана 23 верасня 2021.
- ↑ «Мы чакаем, калі гэты кашмар закончыцца». Жонка праваабаронцы Судаленкі — пра яго дзень нараджэньня за кратамі . Беларуская служба Радыё «Свабода» (23 верасня 2021).
- ↑ Праваабаронцам Леаніду Судаленку і Тацяне Ласіцы прысудзілі 3 і 2,5 года турмы . Беларуская служба Радыё «Свабода» (3 лістапада 2021).
- ↑ Былы палітзняволены Леанід Судаленка выехаў з Беларусі . Наша Ніва (4 жніўня 2023).
- ↑ На Леаніда Судаленку завялі новую крымінальную справу . Наша Ніва (2 лістапада 2023).
- ↑ Стаў вядомы завочны прысуд Леаніду Судаленку . Наша Ніва (17 чэрвеня 2024).
- ↑ THE HOMO HOMINI AWARD FOR 2020 WILL BE PRESENTED TO MARFA RABKOVA, ANDREI CHAPIUK, LEANID SUDALENKA AND TATSIANA LASITSA (англ.). Чалавек у нядолі (27 красавіка 2021). Архівавана з першакрыніцы 28 ліпеня 2021. Праверана 28 ліпеня 2021.
- ↑ Находящиеся под стражей белорусские правозащитники награждены премией Homo Homini (руск.)(недаступная спасылка). Naviny.by (11 мая 2021). Архівавана з першакрыніцы 3 лістапада 2021.
- ↑ Леанід Судаленка, Лілія Уласава, Максім Знак і Дзмітрый Лаеўскі атрымалі прэмію “За абарону правоў чалавека” . Праваабарончы цэнтр «Вясна» (9 снежня 2021).