Маларыцкі строй
Маларыцкі строй — традыцыйны комплекс беларускага народнага адзення ў Заходнім Палессі. Бытаваў у 19 — сярэдзіне 20 ст. пераважна ў Маларыцкім і на поўдні Кобрынскага раёнаў.
Жаночае адзенне
[правіць | правіць зыходнік]Адметны архаічнасцю, класічнай завершанасцю форм адзення, арыгінальнымі галаўнымі ўборамі замужніх жанчын, выкарыстаннем багата аздобленых дэкаратыўных тканін. Летні жаночы гарнітур складалі кашуля, спадніца, фартух.
Кашулю шылі з прамымі плечавымі ўстаўкамі і адкладным каўняром. Аздаблялі чырвона-карычневым геаметрычным арнаментам, скампанаваным у папярочныя палосы ў верхняй частцы рукава, на плячах, манішцы і па краі каўняра.
Гарманічным спалучэннем натуральнага колеру бела-шэрай і карычнева-чырвонай воўны, белага лёну і пянькі вылучаюцца пругкія накшталт лямцу святочныя спадніцы — буркі, характэрныя толькі для Маларыцкага строю. Фартух (1- і 2-полкавы) часта меў дэкаратыўныя вышытыя завязкі. Падпяразвалі спадніцу тканым на кроснах чырвоным поясам.
Асаблівую выразнасць касцюму надавала намітка, якую, у адрозненне ад намітак іншых строяў, багата аздаблялі вышыўкай: разеткамі-зоркамі на адным рагу і ўзорыстым шлякам на двух краях. У касцюме свацці своеасаблівай маляўнічасцю вызначаўся галаўны ўбор (каробачка-лямец, аздобленая разнаколернымі паскамі саціну, шоўку, тасёмкамі, пацеркамі і двума пукамі-рожкамі пярэстафарбаванага пер'я).
Шыйныя і нагрудныя ўпрыгожанні — пацеркі, крыжыкі, лычманы (3, 5, 7 круглых медальёнаў-абразкоў, прымацаваных да тасёмкі).
Мужчынскае адзенне
[правіць | правіць зыходнік]У мужчынскі гарнітур уваходзілі кашуля навыпуск, пояс і нагавіцы; галаўны ўбор — саламяны капялюш. Верхнім адзеннем былі світы-латушкі з белага, шэрага або цёмна-карычневага валенага сукна, кажухі.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Этнаграфія Беларусі: энцыклапедыя / Беларуская Савецкая Энцыклапедыя; рэдкалегія: І.П. Шамякін (галоўны рэдактар) [і інш.]. — Мінск: БелСЭ, 1989. — 375 с.
- Романюк, М.Ф. Белорусская народная одежда / М.Ф. Романюк. — Мінск : Беларусь, 1981. — 473 с.