Народны Сакратарыят Беларусі
Народны Сакратарыят Беларусі | |
---|---|
Агульная інфармацыя |
|
Дата стварэння | 20 лютага 1918 |
Дата скасавання | 11 лістапада 1918 |
Заменена на | Рада Народных Міністраў БНР |
Наро́дны Сакратарыя́т Белару́сі — выканаўчы орган Беларускай Народнай Рэспублікі, створаны ў Менску Выканаўчым камітэтам Рады Усебеларускага з’езда. Стварэнне Сакратарыята было абвешчана ў Першай Устаўнай грамаце да народаў Беларусі. Народны сакратарыят быў утвораны 20 лютага 1918 года і прыступіў да выканання абавязкаў 21 лютага. Пасада, раўназначная пасадзе міністра, называлася народны сакратар.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Магчымасць склікання такога органа з’явілася пасля эвакуацыі Аблвыканкамзаха ў ноч на 19 лютага 1918, пасля пераходу ў наступленне нямецкага войска (Гл. таксама: Падзеі ў Мінску 19—21 лютага 1918 года). Сакратарыят абвясціў сябе вярхоўнай уладай у краі да «склікання на дэмакратычных асновах Устаноўчага Сходу Беларусі». Сядзіба Народнага Сакратарыята Беларусі месцілася ў колішнім Доме губернатара. Пасля абвяшчэння Першай Устаўной граматы Народны Сакратарыят Беларусі ў якасці часовай улады быў падтрыманы Менскай гарадской думай[1]. 20 лютага была заснаваная рускамоўная грамадска-палітычная газета «Белорусская земля», якая друкавала рашэнні Народнага Сакратарыята і фактычна была яго друкаваным органам.
Першы склад Народнага Сакратарыята Беларусі: Язэп Варонка (старшыня і адначасова народны сакратар замежных спраў), Палута Бадунова (апекі), Гелій Белкінд (фінансаў), Яфім Бялевіч (юстыцыі), Тамаш Грыб (земляробства), Мойша Гутман (яўрэйскіх спраў), Кастусь Езавітаў (вайсковых спраў), Павел Злобін (вялікарускіх спраў), Аляксандр Карабач (пошты і тэлеграфа), Пётра Крачэўскі (кантролю), Іван Макрэеў (унутраных спраў), Віктар Рэдзька (шляхоў зносін), Іван Серада (народнай гаспадаркі), Аркадзь Смоліч (асветы), Васіль Захарка (казначэй), Лявон Заяц (кіраўнік канцылярыі). Сябрамі ўрада былі пераважна прадстаўнікі Беларускай сацыялістычнай грамады (БСГ).
25 лютага 1918 году ўладу ў Менску ўзялі нямецкія войскі, яны выгналі Народныя Сакратарыят з яго сядзібы і канфіскавалі грашовыя сродкі. 28 лютага дзейнасць Народнага Сакратарыята ў якасці беларускага нацыянальнага прадстаўніцтва дазволеная Нямецкай вайсковай адміністрацыяй[2]. Паводле Другой Устаўной граматы, Народны Сакратарыят Беларусі вызначаўся органам выканаўчай і адміністрацыйнай улады, ён вылучаўся і быў адказны перад Радай Усебеларускага з’езда (пазней перайменаванай у Раду БНР). Паводле ініцыятывы Народнага Сакратарыята мог быць скліканы надзвычайны сход Рады[3]. 19 сакавіка Народны сакратарыят перамясціўся ў новы будынак па адрасе вул. Захар’еўская, 43 (Дом Маліна), дзе арандаваў памяшканне на трэцім паверсе. Пасля абвяшчэння незалежнасці БНР 25 сакавіка 1918 года, немцы разагналі Раду БНР і Народны Сакратарыят БНР. У наступныя дні беларускім дзеячам удалося дамовіцца з нямецкай адміністрацыяй пра аднаўленне дзейнасці Рады БНР, але ў кампетэнцыю Народнага Сакратарыята цяпер былі перададзеныя толькі народная асвета, культура і сацыяльная апека. Адначасова абвяшчэнне незалежнасці прывяло да спынення падтрымкі Народнага Сакратарыята з боку расійскіх саыялістаў-рэвалюцыянераў[4]. У апазіцыі да ўрада Народнага Сакратарыята былі прагерманскі настроеныя правыя, якія згуртаваліся ў Менскім беларускім прадстаўніцтве. 12 красавіка 1918 года правыя былі кааптаваныя ў склад Рады Беларускай Народнай Рэспублікі. 25 красавіка 1918 года адбыўся раскол Рады БНР праз тэлеграму кайзеру Вільгельму II. БСГ распалася на Беларускую партыю сацыялістаў-рэвалюцыянераў (БПС-Р), Беларускую партыю сацыялістаў-федэралістаў (БПС-Ф) і Беларускую сацыял-дэмакратычную партыю (БСДП). У пачатку траўня сацыялісты-рэвалюцыянеры Бадунова, Грыб, Заяц і сацыял-дэмакрат Смоліч выйшлі з Народнага Сакратарыята. Быў створаны другі урад БНР, які больш вядомы як Рада пяцёх. Карыстаючыся адсутнасцю ў Менску бальшыні левых членаў Рады БНР, правыя стварылі ў траўні 1918 года Народны Сакратарыят альтэрнатыўны Радзе пяцёх. У яго склад уваходзілі Раман Скірмунт (старшыня), Кіпрыян Кандратовіч (народны сакратар унутраных спраў), менскі гарадскі галава Станіслаў Хржантоўскі (казначэй, у чэрвені яго замяніў Тодар Вернікоўскі), Павел Аляксюк і Радаслаў Астроўскі (сябры ўрада). Трэці ўрад спыніў існаванне ў ліпені 1918 года (часам урад Рамана Скірмунта лічаць несфрамаваным, а трэцім завецца наступны ўрад Серады). У выніку кампрамісу паміж левымі і правымі Рада БНР сфармавала чацвёрты Народны Сакратарыят Беларусі, у склад якога ўваходзілі сябры БПС-Ф і БПС-Р: Іван Серада (старшыня), Васіль Захарка, Лявон Заяц, Тодар Вернікоўскі (народны сакратар гандлю і прамысловасці). З 17 жніўня 1918 года Народны сакратарыят займаў другі паверх Юбілейнага дома ў Менску.
11 лістапада быў сфармаваныя новы ўрад пад кіраўніцтвам Антона Луцкевіча, перайменаваны ў Раду Народных Міністраў Беларускай Народнай Рэспублікі.
Гл. таксама
[правіць | правіць зыходнік]Зноскі
- ↑ Міхалюк Д. 2015, с. 197.
- ↑ Міхалюк Д. 2015, с. 198.
- ↑ Міхалюк Д. 2015, с. 203.
- ↑ Міхалюк Д. 2015, с. 204.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Сідарэвіч А. Народны Сакратарыят Беларусі // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 5: М — Пуд / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1999. — 592 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0141-9. С. 291
- Сідарэвіч А. Урады БНР і кабінэт Рамана Скірмунта // ARCHE Пачатак. № 4, 2008.
- Турук Ф. Белорусское движение. — М., 1921.
- Міхалюк Д. Беларуская Народная Рэспубліка 1918 — 1920 гг.: ля вытокаў беларускай дзяржаўнасці / навук. рэд. Станіслаў Рудовіч; пераклад з польскай мовы Алесь Пілецкі. — Смаленск: Інбелкульт, 2015. — 496 с. — 1 000 экз. — ISBN 978-5-00076-016-1.