Дом Маліна

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Славутасць
Дом Маліна
53°53′51,41″ пн. ш. 27°33′05,69″ у. д.HGЯO
Краіна  Беларусь
Горад Мінск
Будаўніцтва XIXXX стст.
Статус Ахоўная шыльда гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь. Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 713Г000022шыфр 713Г000022
Праблемы з <mapframe>:
  • Атрыбут «latitude» мае няслушнае значэнне
  • Атрыбут «longitude» мае няслушнае значэнне
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Дом Ма́ліна — трохпавярховы будынак у Мінску па вуліцы Валадарскага, 9, пабудаваны ў 1912 годзе з цэглы. Частка гістарычнай забудовы колішняй Захар’еўскай вуліцы.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Дом Маліна з боку вул. Захар’еўскай, пач. XX ст.
Дом Маліна (першы злева) у 1918 г.

Ранейшы адрас — 43/13 на рагу вуліц Захар’еўскай і Серпухаўскай, у 1912 — 45/13. Уладальнікі — Малін Юдаль Лейзеравіч і яго жонка Маліна Хая Абрамаўна. Дом пабудаваны ў 1912 годзе, у гэтым жа годзе ў гэты будынак пераехала мінскае аддзяленне Пазямельна-сялянскага банка. Частка пакояў здавалася пад жыллё. Да 1918 года ў доме размяшчалася канторы і аптовы тытунёвы склад-крама таварыства Маліна Ю. Л. і Шлапакова М. У 1912—1913 гадах тут таксама месцяцца канторы сельскагаспадарчых машын і прылад Рапапорта К. і Рапапорта Э., крама таварыства спажыўцоў Лібава-Роменскай чыгункі. У 1913—1916 гадах будынак займаюць менскае аддзяленне Пазямельна-сялянскага банка, упраўленне вайскова-санітарных арганізацый, упраўленне Усерасійскага земскага саюза, польскае вайсковае ўпраўленне. У 1914—1918 гадах тут месціцца галантарэйная лаўка Глезэра Янкеля Мордухавіча. У 19161917 гадах кабінет Галоўнага ўпаўнаважанага Чырвонага Крыжа Заходняга фронту, аўтамабільны аддзел Камісарыята народнай гаспадаркі Заходняй вобласці, упраўленне Звязу палякаў-ваенных Заходняга фронту, канцылярыя Матэрыяльна-нарыхтоўчага аддзела камандавання Заходняга фронту, кабінет начальніка аддзела Упраўлення будаўніча-тэхнічнай часткі, кабінет прадстаўніка галоўнакамандуючага Заходняга фронту Паржэцкага Р. І., упраўленне будаўніча-тэхнічнай часткі Заходняга фронту (кв. 2). У 1916—1919 гадах — бакалейная лаўка Грынеўскага В. Ф.

З 19 сакавіка 1918 года Народны сакратарыят БНР арандаваў пакоі на 3-м паверсе. 24 сакавіка 1918 года ў кабінеце старшыні Народнага сакратарыята Язэпа Варонкі пачалося пасяджэнне Рады БНР, якое закончылася 25 сакавіка прыняццем Трэцяй Устаўной граматы, якая абвясціла Беларусь вольнай і незалежнай дзяржавай[1]. У пачатку красавіка ў памяшканні Народнага Сакратарыята адкрыліся курсы беларусазнаўства[1][2]. 17 жніўня 1918 года Народны сакратарыят пераехаў у Юбілейны дом.

У 19181919 гадах будынак таксама займала лаўка гандляркі тытунём Меяровіч Хасі Вульфаўны, лаўка па продажы паперы Фішара Аўсея Беньямінавіча, Фішара Ісака Беньямінавіча, пральня (на першым паверсе), аддзел размеркавання рабочай сілы (Біржа працы).

Скрыжаванне вул. Савецкай і Валадарскага, 1930-я гг. Злева дом № 12, справа — № 9
Амерыканская адміністрацыя дапамогі ў 1922 годзе
Будынак у 1929 годзе

У 1920 годзе Маліны выехалі за мяжу. У 1920 годзе ў будынку размяшчаецца інтэрнат № 5. У 1921 годзе маёмасць нацыяналізаваная. У 1920—1921 гадах у доме месцяцца штаб Чырвонага паветранага флоту, Трамот (транспартна-матэрыяльны аддзел). У 1921 годзе — 13 крамаў, дзве з якіх перабудаваныя пад кухні для бежанцаў, слясарная майстэрня, «Губевак». У 1921—1922 — інтэрнат «Белэвако». У 1922 годзе — уласнасць гарадскога жыллёвага пададдзела аддзела камунальнай гаспадаркі менскага акруговага выканаўчага камітэта. У 1922 годзе першы паверх займала Амерыканская адміністрацыя дапамогі (American Relief Administration, ARA). У 19251926 уласнік — Белкаапсаюз. У 19251926 гадах у будынку месцяцца «Белмясгандаль», канцылярыя Белкаапсаюза, канцылярыя Мінцэнтрабкаапа, канцылярыя Усекабанка, канюшня, Менскі цэнтральны рабочы кааператыў, склад Белкаапсаюза, Сялянскі банк, упаўнаважаны Ленінградскага тытунёвага трэста. На 1926 год дом падзелены на 5 кватэраў і памяшканні дзяржаўных устаноў.

У 1928 годзе будынак займае агульны аддзел Усебеларускай канторы Дзяржаўнага банка, аддзел кніжнай і папяровай часткі і кнігарня Белкаапсаюза. У 1928—1929 гадах — праўленне Менскіх цэнтральных рабочых кааператываў, беларускае аддзяленне Усерасійскага камерцыйнага (кааператыўнага) банка, планавае бюро і гараж Белкаапсаюза. У 1935 годзе тут размяшчаецца дзіцячы сад № 18 (беларускі) Белкаапсаюза, крама політэхнічнага абсталявання «Фота-радыё». У 19351938 гадах — Белкаапмясаптушка, трэст Белпрамхлеб (Галоўхлеб). У 1935—1936 гадах — паштова-газетнае агенцтва сувязі, гараж і сталовая Белкаапсаюза, Менская цэнтральная гарадская ашчадная каса № 16 (3 паверх), таксафон. 19361940 гады — трэст Маслапрам, універмаг культавараў Белпрамгандлю. У 19371940 гадах — дзіцячы сад № 53, крама № 8 посуда-гаспадарчых і электратавараў Гарпрамгандлю, Абласны саюз спажывецкіх таварыстваў, медпункт.

За савецкім часам першы паверх займалі Белкаапсаюз і Кафэ № 1[3]. Цяпер у будынку месціцца кафэ Чабурэчная[4].

Разбураны дом пасля Другой сусветнай вайны

У 1993 годзе скульптарам Алесем Шатэрнікам была створана мемарыяльная дошка ў гонар абвяшчэння незалежнасці БНР, якая так і не была ўстаноўлена на будынку[5]. У 2018 годзе, калі неафіцыйна адзначалася 100-годдзе Беларускай Народнай Рэспублікі, па вусновай дамоўленасці з уладамі за сабраныя грамадскасцю грошы была выраблена новая дошка, але ў выніку ва ўстаноўцы было адмоўлена праз «неадназначнасць меркаванняў»[6].

Архітэктура[правіць | правіць зыходнік]

Кавалак фасада, які выходзіў на Захар’еўскую

Цяпер дом уяўляе сабой прамавугольны ў плане будынак накрыты двухсхільным дахам. Асіметрычную кампазіцыю мае галоўны фасад, на якім сіметрычна размешчаны балкончыкі з чыгуннай ажурнай агароджай. Першы паверх буйна руставаны, аддзелены ад наступных карнізным поясам. У цэнтральнай частцы праходзяць дзве руставаныя пілястры. Сцяна расчлянёна прамавугольнымі вокнамі ў ліштвах, на другім паверсе — замковым каменем. Пад карнізам праходзіць вузкі фрыз з лепкай у выглядзе вянкоў і гірляндаў[7].

Зноскі

  1. а б Валянцін Мазец. Тут абвешчана незалежнасць // Навіны Беларускай акадэміі № 18, 697. — 21 мая 1993.
  2. Шыбека З. В. Минскъ сто гадоў таму. — Мінск: Беларусь, 2007. — С. 210. — 304 с. — 3 000 экз. — ISBN 978-985-01-0729-9.
  3. Минск. Краткий справочник. 1967 (руск.). minchanin.esmasoft.com. Праверана 17 жніўня 2014.
  4. Архіўная копія(недаступная спасылка). TUT.BY. Архівавана з першакрыніцы 24 снежня 2016. Праверана 19 жніўня 2014.
  5. Пэтыцыя ў падтрымку ўсталяваньня памятнай шыльды ў гонар БНР Архівавана 20 верасня 2020.
  6. Мінгарвыканкам адмовіў ва ўсталяванні памятнай дошкі БНР
  7. Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с. — ISBN 5-85700-078-5.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]