Перайсці да зместу

Натчэз

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Натчэз
(W'Nahk'-Chee)
Малюнак 1835 г.
Агульная колькасць каля 6000
Рэгіёны пражывання ЗША
Мова натчэз
Рэлігія анімізм, монатэізм, хрысціянства
Блізкія этнічныя групы

Натчэз (саманазва: W'Nahk'-Chee) — індзейскі народ у ЗША. Агульная колькасць (2003 г.) — каля 6000 чалавек.

Натчэз — адзін з народаў-носьбітаў Плакемінскай культуры ў ніжняй плыні Місісіпі. Лічыцца, што ўпершыню яны ўступілі ў кантакт з еўрапейцамі ў 1542 г., калі іх землі наведала іспанская экспедыцыя Эрнанда дэ Сота. З 1698 г. сярод іх дзейнічалі французскія каталіцкія місіянеры. У пачатку XVIII ст. іх агульная колькасць ацэньвалася французамі ў 4000 — 6000 чалавек. У іх склад уваходзілі выхадцы народа туніка, што падпарадкоўваліся вярхоўнаму правадыру натчэз.

Першапачаткова натчэз актыўна супрацоўнічалі з французскімі гандлярамі і нават перадалі ім частку сваіх зямель. Аднак у 1716 г. адбыўся канфлікт гандляроў з групай узброеных воінаў. Для аховы гандлёвай сеткі на землях натчэз была пабудавана французская крэпасць Разалі. У яго ваколіцах былі створаны паселішчы каланістаў. Злоўжыванні з боку ваеннай адміністрацыі выклікалі паўстанне 1728 г., калі натчэз захапілі крэпасць і забілі 150 французаў. Падчас ваенных дзеянняў у 1729 г. і 1730 г. французы здолелі захапіць болей за 450 натчэз, якіх прадалі ў рабства. Астатнія паўстанцы збеглі ў землі чакта. Далейшая кампанія супраць іх была правалена з-за сутычак з чыкаса. Тым не меней, натчэз згубілі свае землі, у далейшым былі вымушаны сяліцца сярод іншых плямён.

У 2003 г. натчэз, што жылі сярод чэрокі і маскогі ў Аклахоме, зноў аб'ядналіся ў нацыю, якая прыняла сваю Канстытуцыю.

Традыцыйная культура

[правіць | правіць зыходнік]
Вярхоўны правадыр

Натчэз здаўна займаліся ручным земляробствам, вырошчвалі кукурузу, фасолю, гарбузы, тытунь і г. д. Важнымі заняткамі для забеспячэння харчам былі паляванне, збіральніцтва і рыбалоўства. Распаўсюджанае хатняе рамяство — выраб керамікі. У ранні каланіяльны перыяд узброеныя групы натчэз рабілі напады на суседзей для захопу палонных і продажу іх у рабства.

Вопратку выраблялі са скур дзікіх жывёл, якія сшывалі лубянымі ніткамі. Высакародныя апраналі плашчы і вянкі з птушынага пер'я. Мужчыны і жанчыны ўпрыгожвалі цела татуіроўкамі, у асаблівых выпадках фарбавалі твар.

Натчэз насялялі 5 буйных вёсак уздоўж ракі. Вярхоўны правадыр жыў у вёсцы, якую французы называлі Вялікай. Яна была пабудавана вакол адкрытай пляцоўкі з 2 штучнымі пляскатымі пагоркамі. На адным пагорку знаходзілася рэзідэнцыя вярхоўнага правадыра, на другім — храм Сонца. Пераважалі каркасныя хаціны, абмазаныя глінай.

Палітычная арганізацыя натчэз уяўляла сабою канфедэрацыю, дзе кожная вёска з'яўлялася аўтаномнай палітычнай адзінкай на чале правадыра. Улада правадыроў перадавалася па спадчыне па жаночай лініі. Усе яны лічыліся нашчадкамі мужчыны і жанчыны, заснавальнікаў рэлігійнага культу. Вярхоўны правадыр жыў у Вялікай вёсцы, меў тытул-імя Вялікае Сонца і шанаваўся як божая асоба. Яго насілі на насілках. Астатнія натчэз падзяляліся на 2 сацыяльныя групы, якія былі ўспрыняты французамі як саслоўі, але сучасныя даследчыкі разглядаюць іх як фратрыі. Вышэйшую групу складала так званая «шляхта», а ніжэйшую — «смерды». Групы былі экзагамнымі. Шляхта павінна была браць шлюб са смердамі. Сем'і з 2 груп, злучаныя шлюбам, аказвалі ўзаемную дапамогу. Падчас рытуальных гульняў у мяч каманды фарміраваліся па групавой прыкмеце.

Родная мова натчэз ізалявана, не ўваходзіць у пэўную моўную сям'ю. У 1930-х гг., калі амерыканскія антраполагі арганізавалі даследаванне натчэз, заставалася толькі 2 яе носьбіты. Апошняя памерла ў 1957 г. Тым не меней, запісы французскіх вандроўнікаў і амерыканскіх даследчыкаў дазваляюць у значнай ступені рэканструяваць фаналогію і граматыку.

Традыцыйныя рэлігія мела прароцкі характар. Згодна міфам, яна ўкаранілася дзякуючы мужчыне і жанчыне, што далучыліся да продкаў натчэз звонку. Мужчына навучыў астатніх людзей шанаванню Вялікага Духа, будаўніцтву храма на штучным пагорку, дзе правадыры маглі мець зносіны з Вялікім Духам, што ўяўляўся ў форме вечнага вогнішча або крылатай змяі, а таксама даў першасныя законы. Выключную ролю ў рытуальным жыцці адыгрываў вярхоўны правадыр. Яго ўлада была тэакратычнай. Вядомыя святы былі прысвечаны земляробчаму працоўнаму цыклу. Пахавальныя абрады ўключалі чалавечыя ахвярапрынашэнні.

У нашы дні большасць вернікаў спавядае хрысціянства.