Павел Мажэйка
Павел Мажэйка | |
---|---|
Род дзейнасці | журналіст |
Дата нараджэння | 25 мая 1978 (46 гадоў) |
Месца нараджэння | |
Грамадзянства | |
Месца працы | |
Альма-матар | |
Член у |
Павел Іванавіч Мажэйка (нар. 25 мая 1978, Гродна) — беларускі журналіст, грамадскі актывіст, культурны менеджар, палітзняволены, вязень сумлення.
Біяграфія
[правіць | правіць зыходнік]Маці працавала на кансервавым заводзе і ў гандлі, бацька працаваў у Дэпартаменце аховы, але быў вымушаны звольніцца пасля першага зняволення сына.
Скончыў Гродзенскі дзяржаўны універсітэт імя Янкі Купалы (2000), выкладчык гісторыі і культаралагічных дысцыплін.
Дыпломная работа: «Моладзь Беларусі на пераломе эпох: 80-ыя — 90-тыя гады ХХ ст».
Працаваў журналістам у газеце «Пагоня» (Гродна 1996—2001), рэдактарам газеты «Дзень» (2003—2004). Супрацоўнічаў з інфармацыйным агенцтвам БелаПАН, тэлевізійнай кампаніяй TVP (Польшча), друкаваўся ў шэрагу польскіх і амерыканскіх выданняў.
Стажыраваўся ў Польшчы («Gazeta Wyborcza»), ЗША («The Asheville Citizen-Times»), Чэхіі (Радыё Свабода).
Сябра грамадскага аб’яднання «БАЖ» (з 1997), старшыня Гродзенскай філіі БАЖ (з 2003)[1].
У 2005—2007 — прэс-сакратар палітыка, лідара апазіцыі, кандыдата ў прэзідэнты Аляксандра Мілінкевіча.[2].
Сябра рады Рэспубліканскага праваабарончага грамадскага аб’яднання «Рух „За свабоду“» (з 2007).
Ганаровы сябра Беларускага і Брытанскага ПЭН-цэнтраў[3].
З 2007 г. — журналіст на Белсаце[4]. Аўтар і вядучы праграм «Два на два», «Госьць „Белсату“», Intermarium[2].
У 2009 годзе заявіў пра зыход з Белсата па прычыне звальнення дырэктара канала Агнешкі Рамашэўска-Гузы[5]. Пасля вырашэння канфлікту вярнуўся ў тэлекампанію і ў чэрвені 2009 года стаў выканаўчым дырэктарам «Белсата»[6].
Мае жонку і дваіх дзяцей.
Выдавецкая і грамадская дзейнасць
[правіць | правіць зыходнік]У 2006 годзе стаў адным з заснавальнікаў выдавецкай ініцыятывы і кніжнай серыі «Гарадзенская бібліятэка»[2][7]. У ёй выходзілі кнігі гродзенскіх аўтараў і выданні, прысвечаныя Гродну. У серыі пабачылі свет больш за 30 выданняў: гістарычныя манаграфіі, біяграфіі і мемуары, мастацкая, гістарычная і сучасная проза, даведнікі па Гродне. Сярод выдадзенага пры падтрымцы Паўла Мажэйкі — невядомыя раней творы Васіля Быкава, эсэ Віктара Шалкевіча, грунтоўны даведнік «Біяграфія гарадзенскіх вуліц», падручнік па гісторыі Гродна «Гродназнаўства»[8].
З 2008 года быў адным з арганізатараў штогадовых гістарычных канферэнцый у Гродне («Гарадзенскі палімпсест», «Гарадзенскі соцыум», «Grodnae et orbi») і «Гарадзенскіх дыктовак».
У 2016 годзе заснаваў у Гродне прастору «Цэнтр гарадскога жыцця», якая спачатку дзяліла памяшканне з прыватнай галерэяй «Крыга» на вуліцы Савецкай, а пазней пераехала ў асобнае памяшканне на вуліцы Кірава. У Цэнтры адбываліся культурніцкія імпрэзы: навуковыя канферэнцыі, мастацкія і фотавыставы, прэзентацыі кніг, кінапаказы, курсы беларускай мовы «Мова Нанова», канцэрты і адукацыйныя мерапрыемствы, «Беларускія ялінкі» для дзяцей. Шмат спраў Павел рабіў непублічна, у тым ліку дапамагаў людзям у патрэбе[9].
У 2020 годзе Цэнтр гарадскога жыцця аддаў сваё памяшканне для працы валанцёраў, якія дапамагалі гродзенскім медыкам у барацьбе з пандэміяй каранавіруса[10].
12 траўня 2021 года эканамічны суд Гродзенскай вобласці пастанавіў ліквідаваць «Цэнтр гарадскога жыцця». Пад зваротам у абарону прасторы падпісаліся больш за 1200 чалавек[11].
Пераслед за журналісцкую дзейнасць
[правіць | правіць зыходнік]Павел Мажэйка быў адным з першых палітычных зняволеных у незалежнай Беларусі[8]. 1 верасня 2002 г. быў арыштаваны і абвінавачаны ў паклёпе на кіраўніка дзяржавы. Падставай стала публікацыя ў газеце «Пагоня» падчас прэзідэнцкай кампаніі 2001 г[12].
Следствам былі праігнараваныя тры літаратуразнаўчыя экспертызы, якія паказалі, што паклёп у тэкстах «Пагоні» адсутнічаў. Адна экспертыза была незалежнай, дзве іншыя праводзіліся самім следствам.
24 чэрвеня 2002 года разам з рэдактарам «Пагоні» Мікалаем Маркевічам быў асуджаны на два гады абмежавання волі (галоўны рэдактар Мікалай Маркевіч асуджаны да двух з паловай год абмежавання волі). Суд Ленінскага раёна г. Гродна (суддзя Таццяна Клімава) прызнаў журналіста вінаватым у паклёпе на прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (арт. 367 ч.2 Крымінальнага кодэксу РБ)[13].
Адбываў пакаранне ў г. Жлобін Гомельскай вобласці ў папраўчай установе адкрытага тыпу — працаваў чорнарабочым на лесапільні[3].
Міжнароднай праваабарончай арганізацыяй Amnesty International прызнаны вязнем сумлення[14]. Ліст падтрымкі Мажэйку і Маркевічу даслаў, будучы яшчэ на пасадзе прэзідэнта Чэхіі, Вацлаў Гавел[15]. Акцыі ў падтрымку зняволеных журналістаў праводзілі ў тым ліку Беларуская асацыяцыя журналістаў і Партыя БНФ[16].
Паводле амністыі тэрмін пакарання быў зменшаны на год. Вызвалены ўмоўна-датэрмінова 22 сакавіка 2003 г., да 1 верасня таго ж года мусіў адзначацца ў міліцэйскай установе[17].
22 мая 2017 года П. Мажэйка судом Ленінскага раёна г. Гродна быў прызнаны вінаватым у незаконным вырабе і распаўсюджанні інфармацыі для замежных СМІ. Падставай для абвінавачання сталі падзеі 25 сакавіка 2017 года, калі Павел Мажэйка ў Дзень Волі на дазволеным мітынгу ў Гродна праводзіў каментаванне. Суддзя Алена Пятрова вынесла пастанову аб пакаранні Паўла Мажэйкі штрафам на 23 базавыя велічыні — 529 рублёў[18].
26 сакавіка 2021 года Генеральная пракуратура завяла крымінальную справу на Паўла Мажэйку, а таксама на Алеся Пушкіна за ягоны партрэт Яўгена Жыхара, выстаўлены ў мажэйкавым «Цэнтры гарадскога жыцця», за «рэабілітацыю і апраўданне нацызму». 29 сакавіка Паўла Мажэйку выпусцілі з гродзенскай турмы[19].
Зноў Паўла Мажэйку затрымалі 30 жніўня 2022 года, калі ён прыехаў у Гродна з Польшчы[20]. У кватэры журналіста, а таксама па месцы жыхарства яго бацькоў былі праведзеныя ператрусы[21]. 20 верасня 2022 года праваабарончыя арганізацыі Беларусі прызналі яго палітычным зняволеным[22]. У ліпені 2023 года Мажэйку прысудзілі 6 гадоў калоніі[23]. Па справа разам з ім праходзіла былая гродзенская адвакатка Юлія Юргілевіч — нібыта яна ў змове з Мажэйкам перадала інфармацыю «экстрэмісцкаму фармаванню»[24].
Узнагароды
[правіць | правіць зыходнік]- Лаўрэат нацыянальнай прэміі за абарону правоў чалавека, заснаванай Хартыяй’97[25].
Зноскі
- ↑ [Хто ёсць хто ў Беларусі / укл. Л. А. Андросік, В. Ф. Голубеў і інш. — Вільня , 2007. — 256 с. (С.130) УДК 32 ББК 92.2 Х 97.]
- ↑ а б в Павал Мажэйка: мяне ўжо дасталі каньюнктурныя палякі.(недаступная спасылка)
- ↑ а б [Хто ёсць хто ў Беларусі / укл. Л. А. Андросік, В. Ф. Голубеў і інш. —Вільня , 2007. — 256 с. (С.130) УДК 32 ББК 92.2 Х 97.]
- ↑ Павел Мажэйка: Мой сыход абсалютна звязаны са звальненнем Рамашэўскай
- ↑ Павел Мажэйка: Мой сыход абсалютна звязаны са звальненнем Рамашэўскай.
- ↑ Выканаўчым дырэктарам «Белсату» стаў Павел Мажэйка. Архівавана 15 лістапада 2016.
- ↑ Гарадзенская бібліятэка . Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка Kamunikat.org. Праверана 16 кастрычніка 2023.
- ↑ а б Рабіў Гродна горадам, якім хочацца ганарыцца. Чым вядомы журналіст і актывіст Павел Мажэйка, які зараз у СІЗА . Hrodna.life (9 верасня 2022). Праверана 16 кастрычніка 2023.
- ↑ freepavelmazhejka . freepavelmazhejka.tilda.ws. Праверана 16 кастрычніка 2023.(недаступная спасылка)
- ↑ Як гродзенцы робяць для медыкаў ахоўныя экраны і як ты можаш дапамагчы . Hrodna.life (16 кастрычніка 2023). Праверана 16 кастрычніка 2023.
- ↑ “Цэнтр гарадскога жыцця” ўсё ж ліквідуюць. Апеляцыйная камісія пакінула у сіле рашэнне суда . Hrodna.life (21 чэрвеня 2021). Праверана 16 кастрычніка 2023.
- ↑ Павал Мажэйка.(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 3 кастрычніка 2017. Праверана 18 чэрвеня 2017.
- ↑ Агляд-хроніка парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі ў 2002 годзе. С.23-31.
- ↑ . [Хто ёсць хто ў Беларусі / укл. Л. А. Андросік, В. Ф. Голубеў і інш. —Вільня , 2007. — 256 с. (С.130) УДК 32 ББК 92.2 Х 97.]
- ↑ Биржа информации. Гродно. Вацлав Гавел написал письмо осужденным журналистам . gazeta.grodno.net. Праверана 16 кастрычніка 2023.
- ↑ Биржа информации. Гродно. Книги для осужденных . gazeta.grodno.net. Праверана 16 кастрычніка 2023.
- ↑ Павал Мажэйка(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 3 кастрычніка 2017. Праверана 18 чэрвеня 2017.
- ↑ У Гародні судзілі Паўла Мажэйку.
- ↑ Вызвалілі гаспадара «Цэнтра гарадскога жыцця» Мажэйку, якога затрымалі за карціну . Новы Час (29 сакавіка 2021).
- ↑ К, А.. У Гродне затрыманы Павел Мажэйка. Ён у ізалятары . Hrodna.life (31 жніўня 2022). Праверана 16 кастрычніка 2023.
- ↑ «Адпусціце сітуацыю, не нагнятайце». Палітзняволены журналіст Павел Мажэйка даслаў на волю першы ліст . Новы Час (27 верасня 2022).
- ↑ Заява праваабарончых арганізацый аб прызнанні 11 новых палітвязняў . Праваабарончы цэнтр «Вясна» (20 верасня 2022).
- ↑ Паўлу Мажэйку і Юліі Юргілевіч прысудзілі па 6 гадоў калоніі . Наша Ніва (26 ліпеня 2023).
- ↑ К, А.. Стала вядома, у чым абвінавачваюць Паўла Мажэйку і Юлію Юргілевіч . Hrodna.life (10 ліпеня 2023). Праверана 16 кастрычніка 2023.
- ↑ Лідары свабоднай Беларусі.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Адзін дзень палітвязьня. — Радыё Свабодная Еўропа / Радыё Свабода : Бібліятэка Свабоды. ХХІ стагодзьдзе, 2009, — 364 с. ISBN 978-0-929849-27-0.
- Хто ёсць хто ў Беларусі / укл. Л. А. Андросік, В. Ф. Голубеў і інш. —Вільня , 2007. — 256 с. (С.130) УДК 32 ББК 92.2 Х 97.
- Асобы
- Нарадзіліся 25 мая
- Нарадзіліся ў 1978 годзе
- Нарадзіліся ў Гродне
- Супрацоўнікі Белсата
- Выпускнікі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы
- Члены Беларускай асацыяцыі журналістаў
- Члены руху «За Свабоду»
- Члены Беларускага ПЭН-цэнтра
- Асобы, прызнаныя палітычнымі зняволенымі праваабарончым цэнтрам «Вясна»
- Журналісты Беларусі