Перайсці да зместу

Станіслаў Сымонавіч Грынкевіч

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Станіслаў Сымонавіч Грынкевіч
Асабістыя звесткі
Дата нараджэння 2 лютага 1902(1902-02-02)
Месца нараджэння
Дата смерці 25 ліпеня 1945(1945-07-25) (43 гады)
Месца смерці
Грамадзянства
Альма-матар
Месца працы
Прафесійная дзейнасць
Род дзейнасці публіцыст, перакладчык, грамадскі дзеяч
Мова твораў беларуская
Грамадская дзейнасць
Партыя
Член у
Лагатып Вікікрыніц Творы ў Вікікрыніцах
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Станіслаў Сымонавіч Грынкевіч (старэйшы; 2 лютага 1902, в. Новы Двор, Сакольскі павет, Гродзенская губерня (цяпер Падляшскае ваяводства, Польшча) — 25 ліпеня 1945, Магілёў, НКДБ) — беларускі грамадскі, рэлігійны і культурны дзеяч, лекар-псіханеўролаг, публіцыст, перакладчык, папулярызатар навукі. Брат[1] беларускага святара Францішка Грынкевіча.

Біяграфічныя звесткі

[правіць | правіць зыходнік]

Паступіў на медыцынскі факультэт адноўленага Віленскага ўніверсітэта, скарыстаўшыся «ветэранскімі» льготамі, як удзельнік польска-савецкай вайны 1920 года. Вывучаючы медыцыну, Грынкевіч зразумеў, што яму больш адпавядае тэалагічны факультэт. Але паколькі з медыцынскага нельга было адразу туды перайсці, спярша ён перавёўся на гуманітарны факультэт, а пасля ўжо на тэалагічны. Аднак не вытрымаў паланізацыі, якая там панавала, і вярнуўся да медыцыны[1].

Пасля ён, разам з аднакурсніцай Янінай з Сувалкаў, выехаў у Познань, дзе яны, відаць, і пажаніліся ў 1927 годзе. 15 сакавіка 1929 года скончыў медыцынскі факультэт Пазнаньскага ўніверсітэта, атрымаўшы дыплом доктара «ўсіх лекарскіх навук». Яшчэ студэнтам, з 16 мая 1927 года, працаваў у нейралагічна-псіхіятрычнай клініцы Пазнаньскага ўніверсітэта спачатку быў асістэнтам, пасля — старшым асістэнтам[1]. У 19311936 г. віцэ-старшыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі. У 1933 г. чатыры месяцы быў на стажыроўцы ў Мюнхене, дзе практыкаваўся ў галіне гістапаталогіі. Пасля вяртання заснаваў у клініцы гістапаталагічную лабараторыю[1].

У 1934 годзе сям’я пераехала ў Харошчу пад Беластокам. Станіслаў Грынкевіч узначаліў лабараторыю і шпітальны аддзел у мясцовай псіхіятрычнай бальніцы. У тыя гады ён напісаў шмат навуковых артыкулаў, якія публікаваліся ў медыцынскіх часопісах, польскіх і замежных. Актыўна ўдзельнічаў у з’ездах псіхіятраў. У 1937 годзе быў прызнаны найлепшым маладым псіхіятрам у Польшчы. Тады ж ён купіў пад Вільняй у Еразалімцы[lt] 17 гектараў зямлі з вясковым домам і да 1939 г. разбудаваў там гаспадарку. Жыў у Харошчы, прыяжджаючы з сям’ёй у Еразалімку толькі на вакацыі. А гаспадарцы давалі рады сваякі з Новага Двара — сям’я Яна Точкі і Ян Замана[1].

Працаваў у літоўскай клініцы ў Вільні, выкладаў гігіену ў Віленскай беларускай гімназіі і псіхіятрыю ў Медыцынскім інстытуце ў Новай Вілейцы. У Віленскай беларускай гімназіі вучыліся і ягоныя дзеці[1]. У гэты час не ўваходзіў у Беларускі нацыянальны камітэт, хоць яго туды запрашалі[1]. Узначальваў Беларускага навуковага таварыства[1]. Друкаваўся ў часопісах «Студэнцкая думка», «Калоссе», «Шлях моладзі», газетах «Беларуская крыніца», «Хрысціянская думка», «Новае жыццё». У 1936 г. яго брашура «Асвета», якая апавядала пра пазашкольныя формы беларускай асветнай працы (народны ўніверсітэт, курсы для дарослых, бібліятэкі, народны тэатр, хор і г.д.)[1], была канфіскавана паліцыяй, а сам аўтар аштрафаваны і на два тыдні зняволены. Аўтар навукова-папулярных прац па медыцыне і гігіене, з лекцыямі ездзіў па заходнебеларускіх мястэчках і вёсках[2].

З прыходам у Вільню савецкіх войск арыштаваны, але здолеў уцячы з цягніка падчас вывазу вязняў. У гады нямецкай акупацыі ў Вільні, займаўся культурніцкай дзейнасцю. Устрымліваўся ад супрацоўніцтва з немцамі. Браў удзел у нацыянальным падполлі. У 1939 г. у Вільні разам з іншымі беларускімі дзеячамі заснаваў Беларускую незалежніцкую партыю. Зноў арыштаваны савецкімі ўладамі ў лістападзе 1944. Вывезены спачатку ў Мінск, потым у Магілёў[2]. 18 мая 1945 ваенным трыбуналам Беларуска-Літоўскай ваеннай акругі прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Расстраляны.

Сведка, які вярнуўся ў Польшчу пасля лагераў і адшукаў сям’ю Станіслава Грынкевіча, казаў, што той памёр на этапе, захварэўшы на дызентэрыю. Паводле інфармацыі Чырвонага крыжа, Грынкевіч памёр 25 ліпеня 1945 г. у лагеры на тэрыторыі СССР[1].

Творчасць Станіслава Грынкевіча можна падзяліць на прафесійную медыцынскую і навукова-папулярную, публіцыстычную і літаратурную. Пісаў па-беларуску ў «Крыніцу», «Калоссе», «Хрысціянскую думку», «Заранку» і іншыя часопісы[1].

Публікацыі С. Грынкевіча вызначаюцца праблемным падыходам, актуальнасцю, грунтоўным навуковым узроўнем («3 зацемак аб характары беларусаў», «Аб праве на Бацькаўшчыну», «Культура і задачы нацыянальнай працы», «Гігіена псіхічная як праблема асноўных адносін да жыцця», «Псіхааналіз і праблемы літаратурныя і грамадскія», «Узгадаванне характару» і інш.). Аўтар працы «Народ», кнігі «Аб тэатры», п’есы «Жанімства па радыё», апавядання «Арлянё» (усе 1927), аповесці «Царква. Помста. Вязніца» (1928), кнігі «Парады хворым і здаровым» (1935), эсэ «У братоў украінцаў» (1936). Праца С. Грынкевіча «Асвета» (1936) была канфіскавана, а аўтар аштрафаваны і на два тыдні зняволены польскімі ўладамі. Пераклаў з лацінскай мовы працу вядомага аскета і містыка Тамаша Кемпійскага «Следам за Хрыстом»[2].

У шлюбе з полькай Ядвігай Грынкевіч (19021963) меў чатырох дзяцей: Вітаўта, Вольгу, Ганну і Багдана[3]. Паводле ўспамінаў Галіны Войцік, дома ў Грынкевічаў гаварылі па-польску, бо гаспадыняй была жонка[3]. Між тым Ядвіга добра валодала беларускай мовай і разам з мужам пісала навуковыя працы па-беларуску. Насля арышту Станіслава Грынкевіча была канфіскаваная сканфіскавалі хату і ўсю маёмасць. Ядвіга з дзецьмі выехала ў Польшчу[4].

Вокладка кнігі Т. Кемпійскага «Следам за Хрыстом» на беларускай мове ў перакладзе С. Грынкевіча 1934 г.
  • Ab teatry: Praktyčny padručnik dla amatarskich teatrau. Wilnia, 1927;
  • Arlanio. Wilnia, 1927;
  • Narod. Wilnia, 1927;
  • Žanimstva pa radyjo: Pjesa u 3-ch abrazoch. Wilnia, 1927;
  • Carkwa, pomsta, wiaźnica: Apowieść. Wilnia, 1928;
  • Rady chworym i zdarowym. Častka I. Wilnia, 1935 (разам з Я. Грынкевіч);
  • Рады хворым і здаровым. Вільня, 1935 (разам з Я.Грынкевіч);
  • Aświeta. Wilnia, 1936;
  • У братоў украінцаў. Вільня, 1936 (2 выд. Вільня, 1937);
  • Rady chworym i zdarowym. Častka II. Wilnia, 1937 (разам з Я. Грынкевіч);
  • Народ. Вільня, 1937;
  • Алкагалізм. Вільня, 1937 (разам з Я.Грынкевіч);
  • Умовы і загады, неабходныя для здароўя. Вільня. 1939 (разам з Я.Грынкевіч).

Зноскі