Перайсці да зместу

Ян Мацэлі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Янка Мацэлі
Дата нараджэння 1892
Месца нараджэння
Дата смерці невядома
Прыналежнасць Літва Літва (1919)
Сцяг Беларускай Народнай Рэспублікі Беларуская вайсковая камісія (1920)
Сцяг Беларускай Народнай Рэспублікі Зялёны дуб (з 1921)
Род войскаў пяхота
Гады службы 1919 — 1926
Званне Літва падпаручнік (1919)
Сцяг Беларускай Народнай Рэспублікі паручнік (1920)
Сцяг Беларускай Народнай Рэспублікі штабс-капітан (1920)
Камандаваў 2-гі батальён 2-га Грозаўскага палка
Бітвы/войны Слуцкі збройны чын

Ян (Янка, Іва́н) Мацэ́лі (Мацэллі, Мацэля, Мяцеля) (1892[1], Малая Млынка[2], цяпер Слуцкі раён, Мінская вобласць, Беларусь — ?) — беларускі вайсковы дзеяч. Удзельнік Слуцкага збройнага чыну, камандзір 2 батальёна 2-га Грозаўскага палка, адзін з арганізатараў і кіраўнікоў слуцкай народнай міліцыі.

У публікацыях беларускіх гісторыкаў прысутнічаюць розныя варыянты яго прозвішча — Мацэллі, Мацэля, Мяцеля. Але сам Мацэлі ў сваім лісце да рэдакцыі віленскай беларускай газеты «Народная справа» падпісаўся як Янка Мацэлі.

Біяграфічныя звесткі

[правіць | правіць зыходнік]

Паводле Ніны Стужынскай, Янка Мацэлі нарадзіўся ў 1892 годзе ў Лунінецкім павеце. Аднак укладальнікі кнігі «Слуцкі збройны чын 1920 г.» называюць вёску Малую Млынку Цараўскай воласці Слуцкага павета. Імаверна, удзельнічаў у Першай сусветнай вайне ў складзе расійскага войска. У пачатку 1919 года ён у ранзе падпаручніка быў ад’ютантам Першага беларускага гарадзенскага палка у складзе літоўскага войска. Браў удзел у падрыхтоўцы Беларускага з’езду Віленшчыны і Гарадзеншчыны. Пазней апынуўся ў Рызе, дзе стаў супрацоўнікам Беларускай вайскова-дыпламатычнай місіі увосень 1919 года[2]. А ў пачатку 1920 года Янка Мацэлі быў ужо ў Менску, у ранзе паручніка быў у 1-й роце рэзерву Беларускай вайсковай камісіі (БВК).

Слуцкі збройны чын

[правіць | правіць зыходнік]

У маі 1920 года БВК накіравала Мацэлі ў Слуцкі і Пінскі паветы для вярбоўкі добраахвотнікаў у беларускае войска, якое мусіла стварацца з дазволу польскіх уладаў. У Слуцку ён развіў актыўную дзейнасць ды летам-восенню 1920 года стварыў беларускую гарадскую і павятовую народную міліцыю. Яна налічвала 500 чалавек, а ў рэзерв былі запісаныя 5 тысяч добраахвотнікаў. Менавіта гэтыя ўзброеныя фармаванні ў лістападзе сталі ядром будучай Слуцкай брыгады стральцоў БНР. Як піша Алег Латышонак, яшчэ да таго Янка Мацэлі меў намер выкарыстаць міліцыю для стварэння воінскіх часцей для генерал-маёра Станіслава Булак-Балаховіча. І ў канцы кастрычніка пэўныя сілы перайшлі са Случчыны пад Тураў, у лагер балахоўцаў, якія рыхтавалі свой палескі паход. Мацэлі заставаўся ў Слуцку, працягваў рыхтаваць узброенае выступленьне супраць бальшавікоў. Адначасова ён перашкаджаў прапольскай агітацыі.

На з’ездзе Случчыны ў лістападзе 1920 года Янка Мацэлі выбралі ў склад Беларускай рады Случчыны, ён належаў тады да «антыэсэраўскай апазіцыі». Адначасова Рада Случчыны даручыла паручніку Янку Мацэлі, Паўлу Жаўрыду і капітану Анастасу Анцыповічу арганізацыю збройных сілаў. Неўзабаве Мацэлі стаў камандзірам 2-га батальёна 2-га Грозаўскага палка 1-й Слуцкай брыгады. Цяпер з’яўляецца згадка пра Мацэлі, як пра штабс-капітана. Праз нейкі час Мацэлі накіравалі да генерал-маёра С. Булак-Балаховіча, войска якога адступіла ад Мазыра на польскі бок дэмаркацыйнай лініі, «дзеля наладжвання сувязі», а насамрэч, каб пазбавіцца ад балахоўца ў радзе[2].

У канцы 1920 года, пасля паразы случчакоў у баях з бальшавікамі, Янка Мацэлі апынуўся ў Давід-Гарадку (або ў ваколіцах Нясвіжа), хацеў змагацца далей. А. Латышонак называе яго «начальнікам штабу… беларускіх атрадаў» (на красавік 1921 года). Якраз вясной 1921 года разам з іншымі камандзірамі слуцкіх паўстанцаў (Гаўрыловічам, Самусевічам) Янка Мацэлі сфармаваў з добраахвотнікаў атрады (па 100—150 чалавек у кожным), якія перайшлі на акупаваную бальшавікамі тэрыторыю Беларусі, каб партызаніць. Неўзабаве ён стаў удзельнікам паўстанцкай арганізацыі «Зялёны Дуб», імаверна, быў знаёмы з атаманам Дзергачом з часу працы ў БВК.

У 1921 годзе Мацэлі камандаваў адной з найбольш буйных партызанскіх груповак. Яна складалася з аддзелаў паручніка Антона Мірановіча (знаходзіўся каля Мазырскага павета) і капітана Канстанцінава (знаходзіўся недзе каля Ігуменшчыны).

Ва ўспамінах Сяргея Бусла абвінавачваецца ў супрацоўніцтве з польскай Дэфензівай і ў выдачы Уласа Дубіны савецкім уладам[3].

Пра далейшы лёс Янкі Мацэлі вядома мала. Ёсць ягоны ліст, дасланы ў рэдакцыю віленскай беларускай газеты «Народная справа». Ён быў апублікаваны ў жніўні 1926 года. Мацэлі абвяргаў сваё дачыненне да агітацыі вяскоўцаў за ўдзел у з’ездзе паланафільскай Часовай беларускай рады Арсеня Паўлюкевіча. Сяргей Ёрш мяркуе, што на 1926 год Янка Мацэлі жыў у Заходняй Беларусі ў адным з памежных з БССР раёнаў. Паводле Ніны Стужынскай, Янка Мацэлі працягваў антысавецкую партызанскую дзейнасць да канца 20-х гадоў[1]. Але з гэтым не пагаджаецца Сяргей Ёрш, які ліча, што 1925—1926 гады былі апошнімі, калі Мацэлі ўдзельнічаў у рэйдах на савецкі бок.

Зноскі