Лівы
| Лівы | |
|---|---|
| Агульная колькасць | 400 |
| Рэгіёны пражывання | Латвія: 179 чал. Расія: 64 чал. Эстонія: 5 чал. |
| Мова | латышская, руская, ліўская |
| Рэлігія | лютэранства |
| Блізкія этнічныя групы | эстонцы, фіны, венгры і інш. фіна-угорскія народы |
Лівы (латв.līvi або lībieši, ліўск. līvlizt, рус.: либь) — фіна-угорскае племя. Пачынаючы з ІІІ тыс. да н.э. лівы засялялі тэрыторыю сучаснай Латвіі, прыбыўшы на прыбалтыйскія землі з поўначы ці паўночнага ўсходу. Пазней лівы былі часткова выцесненыя, часткова асіміляваны балцкімі плямёнамі.
У Сярэднявеччы лівы займалі землі ў паўночных і заходніх раёнах сучаснай Латвіі. Да канца І тыс. тэрыторыя рассялення ліваў, якія асіміляваліся куршамі і латгаламі, зменшылася. У ІХ—ХІІ ст. лівы займалі землі на ўзбярэжжы Рыжскага заліва.
Асноўным заняткам ліваў было земляробства, значную ролю ў гаспадарчым жыцці адыгрывала рыбалоўства і бортніцтва, а таксама гандль. У ІХ—ХІІ ст. адбываецца моцнае расслаенне ліваў з вылучэннем раннефеадальнай верхавіны. Пра гэта сведчаць летапісныя крыніцы, якія згадваюць «князёў і старэйшын» ліваў (Каўпа, Дабрэл і інш.), а таксама археалагічныя матэрыялы (пахаванні з вялікай колькасцю прадметаў, што сведчаць пра высокі сацыяльны статус пахаваных, скарбы рэчаў з срэбра).
У ХІ — пачатку ХІІ ст. лівы плацілі даніну Полацкаму княству, але напрыканцы ХІІ ст. трапілі пад моцны нямецкі ўплыў. У 1205 годзе значная частка ліўскага насельніцтва прымае ад немцаў хрысціянства. Нягледзячы на гэта, лівы працягваюць барацьбу супраць нямецкай прысутнасці, карыстаючыся дапамогаю латгалаў і Полацкага княства. У 1220-я гады лівы канчаткова падпарадкоўваюцца Лівонскаму ордэну і пачынаюць браць удзел у ваенных кампаніях супраць эстаў, латгалаў, палачан і князёў паўночнай Русі. Пачынаючы з канца ХІІІ ст. звестак пра ліваў у летапісах вельмі мала. З-за сваёй малалікасці, а таксама культурнай і палітычнай дамінацыі іншых народаў лівы актыўна асімілююцца.
Найбліжэйшыя крэўныя ліваў — сучасныя эстонцы, з якімі лівы падтрымлівалі эканамічныя і культурныя сувязі да пач. ХХ стагоддзя. Кантакты з эстонцамі бачныя і на ўзроўні мовы ліваў.
Нашчадкі старажытных ліваў у Латвіі — малалікая этнічная група, якая займае тэрыторыю галоўным чынам на ўзбярэжжы Балтыйскага мора, у межах Вентспілскага раёна. Ліўскай мовай валодае толькі старэйшае і сярэдняе пакаленне, сярод моладзі і дзяцей больш распаўсюджана латышская мова. Паводле веравызнання лівы, у асноўным, з'яўляюцца пратэстантамі-лютэранамі.
Літаратура [правіць]
- Народы России: живописный альбом, Санкт-Петербург, типография Товарищества "Общественная Польза", 3 декабря 1877, ст. 118
- История Латвийской ССР, Рига, 1952.
- Alenius K. Viron, Latvian ja Liettuan historia. — Jyväskylä 2000, Gummerus Kirjapaino Oy, ISBN 951-796-216-9
Спасылкі [правіць]
- Інфармацыя пра ліваў (лат.)
- Ліўскія блогі (лат.)
- Віртуальная Лівонія (лат.)
Шаблон:Народы Латвіі Шаблон:Фіна-вугорскія плямёны