Пятро Глебка

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці
Пятро Глебка
Пятро Глебка 1.jpg
Псеўданімы:

Язэп Касіла

Дата нараджэння:

23 чэрвеня 1905({{padleft:1905|4|0}}-{{padleft:6|2|0}}-{{padleft:23|2|0}})

Дата смерці:

18 снежня 1969({{padleft:1969|4|0}}-{{padleft:12|2|0}}-{{padleft:18|2|0}}) (64 гады)

Месца смерці:

Мінск

Грамадзянства:

Flag of the Soviet Union.svg СССР

Род дзейнасці:

паэт, перакладчык, драматург

Гады творчасці:

1925-1969

Кірунак:

Сацыялістычны рэалізм

Жанр:

верш, паэма, лібрэта, вершаваная п'еса

Мова твораў:

беларуская

Дэбют:

зборнік лірыкі «Шыпшына» (1927)

Узнагароды:
Ордэн ЛенінаОрдэн Працоўнага Чырвонага СцягаОрдэн Працоўнага Чырвонага СцягаОрдэн «Знак Пашаны»Ордэн Чырвонай Зоркі

Пятро Глебка (6 ліпеня 1905, в. Вялікая Уса(руск.) бел., цяпер Уздзенскі раён, Мінская вобласць — 18 снежня 1969; Псеўданімы: Язэп Касіла) — беларускі паэт, драматург, перакладчык, арганізатар навукі. Акадэмік АН Беларускай ССР (1957). Член Саюза пісьменнікаў СССР (1934)[1].

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

П. Глебка стаіць крайні справа

Пятро Глебка нарадзіўся ў сялянскай сям'і. Пасля заканчэння сямігодкі (1923), спрабаваў паступіць у БДУ, але няўдала, паступае ў Белпедтэхнікум (1924—1927), дзе ў той час выкладаў Я. Колас. У Белпедтэхнікуме П. Глебка пазнаёміўся з П. Трусам і М. Лужаніным, актыўна супрацоўнічаў з імі ў насценнай газеце. У 1925 П. Глебка ўступае ў шэрагі «Маладняка», у гэтым жа годзе ў газетах «Беларуская вёска», «Савецкая Беларусь», часопісах «Работніца і сялянка», «Беларускі піянер» з'явіліся першыя вершы П. Глебкі. Пачынаў П. Глебка як тыповы маладняковец — з «маладняцкім задорам», са «стальной» верай у «залатое ранне» краіны. З пераходам П. Глебкі ў 1926 у літаратурна-мастацкае аб'яднанне «Узвышша» мяняецца яго творчая манера. Яна становіцца больш стрыманай, рэфлексійна-разважлівай, псіхалагічна-паглыбленай.

У 1927 П. Глебка пераводзіцца на літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне БДУ, дзе атмасфера ў цэлым спрыяла інтэлектуальнаму росту і мастацкай творчасці.

Пасля заканчэння ўніверсітэта ў 1930 годзе[1] П. Глебка працаваў загадчыкам літаддзела ў газеце «Калгаснік Беларусі», у часопісе «Полымя рэвалюцыі». У 1934—1936 — кансультантам па паэзіі ў СП БССР. Падчас Вялікай Айчыннай вайны — у рэдакцыях франтавых газет «За Савецкую Беларусь», «За свабодную Беларусь». Пад псеўданімам Язэп Касіла друкаваў сатырычныя творы ў газеце-плакаце «Раздавім фашысцкую гадзіну» і ў «Партызанскай дубінцы». У 1943—1945 — рэдактар выдавецтва ЦК КП(б)Б «Савецкая Беларусь», галоўны рэдактар Дзяржаўнага выдавецтва БССР у Маскве[1].

З 1945 года працаваў у Інстытуце літаратуры, мовы і мастацтва Акадэміі навук Беларускай ССР, узначальваў групу па складанні «Руска-беларускага слоўніка» (1953). У 1952—1956 гадах кіраваў сектарам лексікаграфіі, з 1957 года — дырэктар Інстытута мовазнаўства. У 1957—1969 гадах Глебка узначальваў інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Акадэміі навук Беларускай ССР. У 1966—1969 гадах — акадэмік-сакратар Аддзялення грамадскіх навук Акадэміі навук Беларускай ССР[1].

Абіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета Беларускай ССР у 1955—1967 гадах[1]. Удзельнічаў у рабоце сесій Генеральнай Асамблеі ААН (1955, 1956, 1957, 1964).

Меў багаты хатні кнігазбор, экслібрысы для якога стварылі такія знаныя мастакі, як Яўген Красоўскі, Мікола Купава, Мікалай Тарасікаў, Анатоль Тычына і Яўген Ціхановіч[2].

Творчасць[правіць | правіць зыходнік]

Друкаваўся з 1925 года[1]. Першы зборнік П. Глебкі — «Шыпшына» (1927) — красамоўны ўзор лірычнай паэзіі, сведчанне яго самабытнага таленту[1]. Лірыка паэта набывае сімволіка-алегарычныя абрысы, становіцца выразна медытатыўнай. Лірычны герой усё часцей самавыяўляецца праз мінорныя таны, праз вірлівы каскад супярэчлівых думак і перажыванняў. Тэма кахання стала адным з важных сродкаў самавыяўлення П. Глебкі. Вобраз каханай лейтматывам праходзіць праз цыкл вершаў «Краса маладосці» (1927). Створаны паэтам эскіз прыроды ў яго прыродаапісальных цыклах таксама спрыяе раскрыццю стану лірычнага героя («Дрыжаць у шэрані», «Клён завяў», «Гнуцца вербы», «Спаткаем вясну», «Месяц нурцуе» і інш.). У пазнейшых зборніках паэзіі — «Урачыстыя дні» (1930), «Хада падзей» (1932), «Чатыры вятры» (1935), «Мужнасць» (1938) — яскрава адбілася атмасфера літаратурнага жыцця 30-х гадоў з яе натхнёным услаўленнем гераічнай сучаснасці і апафеозам рэвалюцыі.

Рэчаіснасць бачылася маладому Глебку ў рамантычным святле, а будучыня Беларусі — мройліва і светла. Беларускія інтэнцыі паэта часам набываюць ясенінскія інтанацыі, пра што П. Глебка сам прызнаецца пазней у аўтабіяграфіі.

Сярод лепшых вершаваных твораў ваеннага часу варта назваць «Партызаны», «Смерць салдата», «Родны хлеб», «Пасылка», «Гай», «Жывое слова», «Пра кнігі», «Беларусі», «Пералом», «Зварот» і інш. У цэлым жа лірыка ваеннага перыяду адметная ў маштабе ўсёй беларускай савецкай літаратуры 1941—1945, і, мабыць, не будзе памылкай лічыць яе вяршыняй літаратурна-мастацкай працы паэта.

Творы паэта перакладзены на многія мовы народаў СССР і іншыя[1].

Глебка і Янка Купала[правіць | правіць зыходнік]

Пазнаёміўся з Купалам вясной 1926 года на кватэры паэта. На працягу многіх гадоў быў у цесным сяброўстве з Купалам і адчуваў яго падтрымку і дапамогу як паэт. Стаў адным з вучняў і паслядоўнікаў Купалы. Разам з Купалам рэдагаваў творы Т. Шаўчэнкі. У некаторых творах Глебкі адчуваецца ўплыў паэмы Купалы «Безназоўнае». Услед за Янкам Купалам развіваў у беларускай літаратуры жанр драматычнай паэмы. Прысвяціў Купалу свае вершы «Песня» і «Жывое слова». Аўтар шматлікіх артыкулаў, прысвечаных Купалу, і ўспамінаў пра паэта: «Аб мове Янкі Купалы» («ЛіМ», 10 жніўня 1948 года), «Неапублікаваныя купалаўскія радкі» («ЛіМ», 30 чэрвеня 1951 года), «Шлях да сэрца народа» («Огонёк», 1952, № 28), «Вялікі пачатак» («ЛіМ», 28 мая 1955 года і іншыя[3].

Навуковая дзейнасць[правіць | правіць зыходнік]

П. Глебка вылучаўся глыбокім разуменнем ролі гуманітарнай навукі ў лёсе народа. Задоўга да таго, як акадэмік АН Беларусі П. Ф. Глебка (з 1957) узначаліў Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору (ІМЭФ) АН БССР (1957—1969), а затым усё аддзяленне грамадскіх навук, ён клапаціўся аб развіцці мовы, яе культуры і дзяржаўным статусе, аб шляхах мовазнаўства і іншых галін навукі ў рэспубліцы. П. Ф. Глебка ініцыіраваў і прымаў непасрэдны ўдзел у распрацоўцы плана выдання зводу беларускай народнай творчасці. На сённяшні дзень ініцыяваная ім серыя БНТ налічвае каля 50 тамоў твораў традыцыйнай культуры. Па яго прапанове навуковыя супрацоўнікі ІМЭФ АН Беларусі пачалі збор і падрыхтоўку да выдання помнікаў гісторыі і культуры Беларусі (7 тамоў). Як вучоны і арганізатар навукі П. Ф. Глебка далучыўся да выпрацоўкі стратэгічных кірункаў развіцця тэатразнаўства і фалькларыстыкі, мастацтвазнаўства і этнаграфіі, кіназнаўства і этнамузыкалогіі. П. Ф. Глебка выбіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР (1955—1967). Як член дэлегацыі Беларускай ССР неаднаразова ўдзельнічаў у рабоце сесій Генеральнай Асамблеі ААН. Вынікам гэтых паездак з'явіліся «Вершы аб заграніцы», «Размова з акіянам».

Літаратурная бібліяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Зборнікі паэзіі[правіць | правіць зыходнік]

  • «Шыпшына» (1927)
  • «Урачыстыя дні» (1930)
  • «Хада падзей» (1932)
  • «Чатыры вятры» (1935)
  • «Мужнасць» (1938)
  • «Пад небам бацькаўшчыны» (1947)
  • «Нашай славы зара» (1947)
  • «Размова аб шчасці» (1948)
  • «Вершы» (1975)
  • «На спатканні дарог» (1990)
  • «Выбраныя творы» (1952)
  • «Збор твораў» ў 2 тамах (1958)
  • «Збор твораў» у 3 тамах (1969—1971)
  • «Збор твораў» у 4 тамах (1984—1986)

Паэмы[правіць | правіць зыходнік]

  • «Арка над акіянам» (1932)
  • «Арлянка» (1932)
  • «У тыя дні» (1957)

Дзіцячая паэзія[правіць | правіць зыходнік]

  • «Пад сцягам перамог» (1952)
  • «Прывітанне Радзіме» (1961)
  • «Вобразы роднай краіны» (1964)
  • «Наш сцяг» (1972)
  • «Наш лес» (1973)
  • «Шчаслівы май» (1985)

Драматургічныя творы[правіць | правіць зыходнік]

  • драматычная паэма «Над Бярозай-ракой» (1940, пастаўлена ў 1940)
  • лібрэта оперы «Андрэй Касценя» («Лясное водгулле») (1947, пастаўлена ў 1970)[1]
  • вершаваная драма «Святло з Усходу» (1957, пастаўлена ў 1957)[1]

Крытыка і публіцыстыка[правіць | правіць зыходнік]

  • кніга нарысаў «Ураджай» (з П. Броўкай) (1933, саўмесна з П. Броўкам)
  • зборнік артыкулаў «Паэзія барацьбы і перамогі» (1973)
  • «Пытанні гісторыі, філалогіі і мастацтва» (1975)

Пераклады[правіць | правіць зыходнік]

Перакладаў на беларускую мову з рускай і ўкраінскай моў. Пераклаў на беларускую мову творы М. Горкага, А. Пушкіна, М. Лермантава, М. Някрасава, А. Чэхава, У. Маякоўскага, А. Міцкевіча, Т. Шаўчэнкі, М. Бажана, А. Пракоф'ева(руск.) бел., А. Суркова(руск.) бел. і іншых[1].

Узнагароды[правіць | правіць зыходнік]

Памяць[правіць | правіць зыходнік]

У Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Я. Коласа НАН Беларусі створаны мемарыяльны кабінет Пятра Глебкі.

Імем П. Глебкі названа вуліца ў Мінску. На доме, дзе ён жыў, усталявана мемарыяльная дошка[1].

Зноскі

  1. 1,00 1,01 1,02 1,03 1,04 1,05 1,06 1,07 1,08 1,09 1,10 1,11 Глебка Петро // Биографический справочник — Мн.: «Белорусская советская энциклопедия» имени Петруся Бровки, 1982. — Т. 5. — С. 148-149. — 737 с.
  2. Віктар Свякла Ад Тычыны да Купавы: З гісторыі экслібрыса Пятра Глебкі // Літаратура і Мастацтва : Газета. — 24 жніўня 2012. — № 34 (4680). — С. 21. — ISSN 0024-4686.
  3. Янка Купала: Энцыкл. даведнік. — Мн., БелСЭ, 1986. — Артыкул «Глебка». — С. 158.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Барадулін Р. І. Акадэмік / Р. І. Барадулін // Аратай, які пасвіць аблокі / Р. І. Барадулін. — Мн., 1995. С. 165—167.
  • Глебка Петр Федорович // Национальная академия наук Беларуси: персональный состав. 3-е изд., доп. и перераб. — Мн., 2003. С. 45-46.
  • Глебка Пятро // Бел. энцыкл. : у 18 т. Мн., 1997. Т. 5. С. 293.
  • Глебка Пятро // Энцыкл. гісторыі Беларусі : у 6 т. Мн., 1996. Т. 3. С. 44.
  • Глебка Пятро // Беларускія пісьменнікі : біябібліягр. слоўн. : у 6 т. Мн., 1993. Т. 2. С. 210—224.
  • Ліс А. С. Пятро Глебка, 1905—1969 / Ліс А. С. // Гісторыя беларускай літаратуры XX стагоддзя: у 4 т. Мн.:, 2003. Т.4, кн.2. С. 224—247.
  • Максімовіч В. А. «… І сябе асудзіў на пакуты»: творчасць П.Глебкі 20-30-х гг. / Валеры Максімовіч // Шыпшынавы край / Валеры Максімовіч. — Мн.:, 2002. С. 32-45.
  • Пятро Глебка // Беларускія пісьменнікі (1917—1990) : даведнік. Мн., 1994. С. 143—144.
  • Фядосік А. С. Пятро Фёдаравіч Глебка / А. С. Фядосік // Весці АН Беларусі. Серыя гуманітарных навук. 1995. № 2. С. 124—126.
  • Барсток, М. (белор.)русск. Петро Глебка // Очерк истории белорусской советской литературы. — М., 1954.
  • Перкiн, Н. Пятро Глебка / Н. Перкін. Мінск : Выд-ва АН БССР, 1955. — 35 с.
  • Пясняр мужнасці : Кніга пра Пятра Глебку / Пер. і апрац. тэксту А. Ліс, К. Цвірка, П. Ліпай ; Рэд. М. Лужанін. — Мінск : Мастацкая літаратура, 1976. — 320 с.
  • Грынчык, М. Пятро Глебка // Гiсторыя беларускай савецкай лiтаратуры, т. 2. — Miнск, 1966.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]

Commons