Іван Юр’евіч

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Іван Юр'евіч
аг.-усх.-слав.: Иванъ Гюргевич
Нараджэнне не пазней за 1150
Смерць не раней за 1170
Род Ізяславічы Тураўскія
Бацька Юрый Яраславіч
Маці Ганна Усеваладкаўна[d]
Дзейнасць арыстакрат

Іван Юр’евіч (аг.-усх.-слав.: Иванъ Гюргевич; зг. 1167—1170) — князь з дынастыі Ізяславічаў Тураўскіх.

Паходжанне

Сын тураўскага князя Юрыя Яраславіча і Ганны, дачкі гарадзенскага князя Усеваладкі.

Іван належыць да 10 пакалення Рурыкавічаў і чацвёртага пакалення Ізяславічаў Тураўскіх: з’яўляецца ўнукам князя уладзіміра-валынскага Яраслава Святополчыча (які змагаўся за тураўскі сталец як сваю спадчыну, але загінуў у супрацьстаянні з вялікім князем кіеўскім Уладзімірам Усеваладавічам Манамахам), і праўнукам вялікага князя кіеўскага і князя тураўскага Святаполка Ізяславіча.

Дзед Івана па маці — Усевалад — паходзіў з уладзіміра-валынскіх альбо чарнігаўскіх Рурыкавічаў: па розных меркаваннях, ён быў сынам князя берасцейскага Яраслава Яраполчыча, князя валынскага Давыда Ігаравіча ці князя чарнігаўскага Давыда Святаславіча.

Месца і час княжання

Іван адносіцца да першага пакалення тураўскіх князёў, якія правілі пасля падзелу Тураўскага княства на ўдзельныя княствы — Тураўскае, Пінскае і Дубровіцкае. Падзел адбыўся паміж 1167 і 1174 гадамі.

Сярод пяці сыноў Юрыя Яраславіча ў летапісных паведамленнях трое згадваюцца як «Тураўскі», «з Турава»: Святаполк, Іван і Глеб. Іван з’яўляецца ў летапісах другім па часе пасля Святаполка: Святаполк згаданы як «Тураўскі» ў 1162 г. (яшчэ пры жыцці бацькі і да падзелу на ўдзелы), Іван «з Турава» — у 1167 (1168) і 1170.

Згадка ў летапісах «Гюргевіч Іван з Турава» дае падставу меркаваць, што Іван княжыў непасрэдна ва ўдзельным Тураўскім княстве. Аднак вядома, што Святаполк памёр у 1190 г. Пры гэтым у 1183 г. Глеб названы як князь дубровіцкі, а князем пінскім названы ячшэ адзін сын Юрыя Яраславіча — Яраслаў[1]. Таму парадак княжання Святаполка, Івана і Глеба ў Тураве вызначаецца як верагодны.

Асноўныя звесткі

Гарадзішча сярэдневяковага Турава і археалагічны музей. Тураў, Жыткавіцкі раён, Гомельская вобласць.

Ва Уваскрасенскім летапісе Іван згадваецца пад 1167, у Густынскім — пад 1168 годам. Разам з іншымі князямі Русі выступіў супраць полаўцаў, якія рабавалі на Дняпры купецкія караваны, што плылі з Візантыі:

«…И потом по мале посла Мьстислав по братью свою, и съвкупишася вся братья у него Киеве: Ярослав из Лучьска, Володимир Андреевич из Дорогобужа, Рюрик из Вручего, Давыд из Вышегорода, а Гюргевич Иван из Турова.»

У 1170 годзе зноў удзельнічаў у паходзе на полаўцаў[1].

Паводле Іпацьеўскага летапісу, у 1170 годзе дапамагаў князю Мсціславу Ізяславічу вярнуць кіеўскі сталец, з якога той быў выгнаны вялікім князем ўладзімірскім Андрэем Юр’евічам (Багалюбскім)[2].

Зноскі

  1. а б Лысенко, П. Ф. Древний Туров. — С. 166—167.
  2. Іоў, А. Іван Юр’евіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. Т. 3. Гімназіі — Кадэнцыя / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мінск: БелЭн, 1996. — С. 464. — ISBN 985-11-0041-2.