Алорцы

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Алорцы
Агульная колькасць 200000 (2020)
Рэгіёны пражывання Алор (архіпелаг)
Мова папуаскія мовы, малайская мова
Рэлігія хрысціянства, іслам, анімізм
Блізкія этнічныя групы бунак, папуасы, аўстранезійцы

Алорцы (індан.: Suku Alor, Suku Pantar, нідэрл.: Aloreezen) — група малых папуаскамоўных народаў, карэнныя жыхары архіпелага Алор у Інданезіі. Агульная колькасць (2020 г.) — каля 200 000 чалавек.

Алорцамі таксама называюць аўстранезійцаў, што на працягу некалькіх стагоддзяў асядалі на паўночным узбярэжжы вострава Алор і размаўляюць на асаблівым алорскім дыялекце малайскай мовы. Іх культура даволі блізкая да культуры папуасамоўных алорцаў.

Паходжанне[правіць | правіць зыходнік]

Архіпелаг Алор быў населены да пачатку неаліта. Першыя насельнікі займаліся рыбалоўствам, пра што кажуць знаходкі рыбалоўных кручкоў у іх пахаваннях. Радыёвугляродны аналіз знаходкі 2014 г. сведчыць пра тое, што пахаванне адбылося каля 12 тысяч гадоў таму[1]. Сучасныя алорцы могуць быць прамымі нашчадкамі як першабытных рыбаловаў, так і прадстаўнікоў пазнейшай міграцыі з Новай Гвінеі.

Алорцаў пачалі вывучаць толькі з канца XIX ст., прычым доўгі час даследаванні тычыліся пераважна іх моў і антрапалогіі. У выніку лінгвісты здолелі вылучыць алор-пантарскую групу моў, блізкую або нават сукупную з трансновагвінейскай галіной папуаскіх моў, а таксама паказаць іх адзінае паходжанне і часткова рэканструяваць старажытную протаалорскую мову[2]. Антрапалагічна алорцы з’яўляюцца мангалоідамі, але маюць ясна адрозныя паўднёва-ціхаакіянскія рысы: адносна кароткае цела, даволі цёмную скуру, шырокія плечы, кудлатыя валасы.

Наяўнасць супольнай для ўсіх алорцаў старажытнай мовы можа сведчыць пра адзіную міграцыю яе носьбітаў, а фізічныя рысы — пра паступовае змешванне мангалоіднага і аўстралоіднага насельніцтва. Гэта пацвярджаюць і генетычныя даследаванні. Так, аўтары даследавання, апублікаванага ў 2012 г.[3], прыйшлі да высновы, што алорцы займаюць прамежкавае становішча паміж іншымі жыхарамі Паўднёва-Усходняй Азіі і меланезійцамі.

Культура[правіць | правіць зыходнік]

Барабан мока, выраблены да 1919 г.

Горная перасечаная мясцовасць астравоў Алор дазваляла тубыльцам захоўваць традыцыйны лад жыцця, палітычную і моўную разнастайнасць да сярэдзіны XX ст. Жыхары ўзбярэжжа болей залежалі ад знешніх зносін, чым насельнікі ўнутраных раёнаў. Тым не меней, актыўнае перасяленне ў прыбярэжныя раёны выхадцаў з іншых астравоў Галандскай Ост-Індыі, што пачалося ў другой палове XIX ст., амаль не паўплывала на карэнных астравіцян.

Галоўным заняткам алорцаў здаўна было падсечнае земляробства. У мінулым яны вырошчвалі проса, клубневыя культуры, садавіну. У нашы дні асноўнай культурай стала кукуруза. Акрамя таго, вырошчваюць рыс, фасолю, для камерцыйных патрэб — гваздзік, каву. У мінулым важную ролю адыгрывала збіральніцтва, якое забяспечвала такімі прадуктамі, як сага, тамарынд, малюскі, яйкі дзікіх птушак і казурак. Праца на палетках і збіральніцтва традыцыйна лічылася справай жанчын і падлеткаў. Жанчыны таксама займаліся некаторымі відамі рамяства — выраб тканіны ікат з раслінных валокнаў, пляценнем кашоў, ганчарствам.

Мужчынскія заняткі мелі, хутчэй, дадатковы характар. Так, жыхары ўзбярэжжа займаліся рыбалоўствам. Аднак нават у нашы дні са з’яўленнем прамысловых суднаў гэты занятак цалкам забяспечвае толькі невялікую колькасць насельніцтва. З-за адсутнасці буйных наземных жывёл паляванне было болей прэстыжным, чым сапраўды давала здабычу. Болей важнай з’яўлялася жывёлагадоўля — трыманне курэй і свінняў. За свойскую жывёлу адказвалі менавіта мужчыны, паколькі да развіцця грашовых адносін свойская жывёла выступала ў якасці адзінкі абмену паміж сем’ямі і абшчынамі. Мужчыны таксама расчышчалі новыя палеткі, займаліся будаўніцтвам і вырабам зброі.

Асноўны від паселішча — вёска з сярэдняй колькасцю жыхароў каля 150 чалавек. Звычайна вёскі ўзводзяцца на вяршыні пагоркаў. У цэнтры месціцца пляцоўка для арганізацыі супольных рытуалаў і танцаў. У вялікіх вёсках можа мецца некалькі пляцовак. Планіроўка раскіданая. Паміж пабудовамі часцяком робяць палеткі. Вылучаюць 3 віды пабудоў:

  • Вялікія родавыя хаціны каданг для арганізацыі піроў
  • Звычайныя сямейныя хаціны фала
  • Часовыя палявыя сховішчы

Традыцыйныя пабудовы каркасныя, ладзяцца з драўніны і бамбука. Дахі крыюць саломай.

Галоўнай сацыяльнай адзінкай з’яўляецца род, які падзяляецца на пашыраныя і нуклеарныя сем’і. Амерыканская антраполаг Кора Дзюбуа, якая вяла даследаванні на Алоры ў 1930-я гг., паведамляла, што шлюбы пераважна заключаюцца паміж закаханымі. Звычайна маладыя паходзяць з розных родаў. Але насуперак забаронам вядомы шлюбы са стрыечнымі братамі і сёстрамі. У часы Дзюбуа пераважала манагамія, хаця палігамія не была забаронена. На чале сям’і заўсёды стаяў мужчына. Жанчыны амаль увесь дзень працавалі на палетках, таму дзяцей даглядалі падлеткі. Адлік сваяцтва вёўся па мужчынскай і жаночай лініям пры выразным першынстве мужчынскай. Сем’і з’яўляліся ўласнікамі зямельных надзелаў, якія апрацоўвалі.

Родавыя арганізацыі кіраваліся дарослымі мужчынамі. Яны рэгулявалі адносіны паміж чальцамі, выступалі пасрэднікамі ў спрэчках з прадстаўнікамі іншых родаў, арганізоўвалі супольныя піры і рытуалы. Буйныя роды маглі займаць цэлую вёску, але звычайна ў адной вёсцы жылі чальцы 2 розных родаў, паміж якімі падтрымліваўся саюз. Частыя ваенныя дзеянні патрабавалі супольнасці, і роды шукалі саюзнікаў не толькі ў сваёй, а яшчэ і ў суседніх вёсках. Грамадства не мела акрэсленага сацыяльнага падзелу. Усе жанатыя мужчыны сярэдняга ўзросту разглядаліся як роўныя. Тым не меней, стары ўзрост або багацце падвышалі статус і ўплыў абшчынніка. Багацце падлічвалася дзякуючы колькасці свойскай жывёлы і наяўнасці барабанаў мока.

У мінулым кожная вёска ва ўнутраных раёнах была асобнай палітычнай арганізацыяй, кантралявала пэўныя тэрыторыі. На поўначы вострава Алор у сярэднявеччы ўзнікла дзяржаўнае фарміраванне на чале з манархам-султанам. Але ўлада султана абмяжоўвалася некалькімі вёскамі. Іх жыхары, у адрозненне ад астатніх алорцаў, размаўлялі на аўстранезійскіх мовах. Да сярэдзіны XIX ст. «султанат» фактычна распаўся на 5 супольнасцей на чале з правадырамі-раджамі, якія абвясцілі, што паходзяць з Маджапахіту. Палітычны лад папуасамоўных вёсак да сярэдзіны XIX ст. не вядомы. У 1851 г. Алор быў далучаны да Галандскай Ост-Індыі. Галандскія чыноўнікі правялі рэформу кіравання. Пасля яе ўзніклі пасады вясковых правадыроў кепала і правадыроў саюзных вёсак тумукун. Яны падпарадкоўваліся і выплочвалі падаткі каланіяльнай адміністрацыі. Пасля ўваходжання Алора ў склад Інданезіі адбыўся падзел на акругі на чале з чыноўнікамі камат. У вёсках існуе пасада старасты лурах.

Алорцы славіліся як цягавітыя воіны. Ваенныя дзеянні часцяком успыхвалі паміж вёскамі з-за спрэчак паміж іх абшчыннікамі. Арганізоўваліся супольныя рэйды супраць жыхароў суседніх раёнаў. У некаторых выпадках войны прадухіляліся дзякуючы перамовам паміж родамі, калі адзін з бакоў выплочваў кампенсацыю. Але ваенныя дзеянні лічыліся меней затратнымі, затое пачэснымі. Алорцы аддавалі перавагу засадам і імклівым нападам. Галоўную ролю адыгрывалі стральцы з лукаў. Навершы стрэл выраблялі з курыных костак. Яны наносілі ірваныя раны, што доўга не загойваліся. Ахвярамі ваенных дзеянняў былі не толькі мужчыны, але таксама жанчыны і дзеці.

Алорцы маюць багаты вусны фальклор: генеалагічныя паданні, міфы, казкі і легенды. Адметная рыса — перыядычныя родавыя святы, што суправаджаюцца танцамі і пірамі. Распаўсюджаныя музычныя інструменты: гонгі і бронзавыя барабаны мока. Яны з’яўляюцца сімваламі багацця і ўплыву ўладальнікаў.

Мовы[правіць | правіць зыходнік]

Распаўсюджанне моўных груп на Алоры

Родныя мовы алорцаў адносяцца да алор-пантарскай групы моў трансновагвінейскай сям’і папуаскіх моў. Лічыцца, што ўсе яны паходзяць ад адзінай мовы-продка. Аднак дзякуючы адноснай ізаляванасці сучасныя алор-пантарскія мовы істотна адрозніваюцца адна ад іншай, так што ўзаемна не зразумелыя для іх носьбітаў.

У сярэднявеччы на поўначы Алора склалася група насельніцтва, якая размаўляла на аўстранезійскіх мовах. У XIX ст. на іх аказалі ўплыў гаворкі перасяленцаў з іншых астравоў. Такім чынам узнікла супольная аўстранезійская алорская мова, якая з’яўляецца дыялектам малайскай мовы, але разглядаецца ў Інданезіі, а таксама часткай замежных даследчыкаў у якасці асобнай мовы. У каланіяльны перыяд алорская аўстранезійская мова выкарыстоўвалася прадстаўнікамі галандскай адміністрацыі.

З другой паловы XX ст. сярод астравіцян імкліва пашыраецца інданезійская мова. Яна з’яўляецца афіцыйнай. На ёй адбываецца школьная адукацыя. Інданезійская мова хутка выціскае родныя мовы алорцаў, якім пагражае паступовае знікненне.

Рэлігія[правіць | правіць зыходнік]

Выява духа-ахоўвальніка

Традыцыйныя рэлігійныя вераванні алорцаў засноўваліся на анімістычных уяўленнях. Алорцы верылі ў існаванне 2 чалавечых душ. Пасля смерці першая душа трапляла ў падземны замагільны свет, другая — на нябёсы. Пахаванне суправаджалася пірамі, падчас якіх трацілася значная частка спадчыны. Лічылася, што парушэнне пахавальных рытуалаў магло прывесці да незадаволенасці і нават помсты з боку духа памерлага. Вылучалі духаў прыроды і духаў-ахоўнікаў вёсак і родаў. Ім прыносілі ахвярапрынашэнні, выразалі іх выявы з дрэва. Таксама верылі ў злых духаў мужчынскага і жаночага полу, што авалодвалі чалавекам, спакушалі яго.

Ролю жрацоў у традыцыйных культах выконвалі «валадары вады». Яны арганізоўвалі рытуалы атрымання добрага ўраджаю. У вёсках таксама сустракаліся «празорцы» тыманг, што лекавалі з дапамогай духаў.

З перыяду сярэднявечча на ўзбярэжжы Алора распаўсюджваўся іслам, але ва ўнутраных раёнах яго ўплыў быў вельмі слабым. У першай палове XX ст. пачалося распаўсюджванне хрысціянства. У нашы дні большасць вернікаў спавядае пратэстантызм. Захоўваюцца некаторыя анімістычныя культы.

Зноскі

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]