Аляксандр Іванавіч Цыркуноў
Аляксандр Іванавіч Цыркуноў | |
---|---|
Дата нараджэння | 28 сакавіка 1948 (76 гадоў) |
Месца нараджэння | |
Грамадзянства | |
Род дзейнасці | мастак |
Жанр | партрэт, нацюрморт і пейзаж |
Вучоба | |
Член у | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Аляксандр Іванавіч Цыркуноў (нар. 28 сакавіка 1948, Лясань, Жлобінскі раён, Беларусь) — беларускі мастак, жывапісец, грамадска-культурніцкі дзеяч, педагог, даследчык гісторыі і культуры.
Біяграфія
[правіць | правіць зыходнік]Нарадзіўся 28 сакавіка 1948 года ў сялянскай шматдзетнай сям’і ў вёсцы Лясань, Жлобінскага раёна, Гомельскай вобласці, Беларусь. Выхаванец дзіцячых дамоў: вёска Дзям’янкі, Добрушскага раёна; в. Пірэвічы, Жлобінскага раёна; г. Ветка. Першыя крокі ў мастацтве былі здзейснены дзякуючы Сяргею Гаробчанку і Фёдару Шкляраву.
У 1964—1967 гадах навучаўся і працаваў на Пятра-данецкім рудніку Луганскай вобласці ва Украіне. Разам з гэтым першасную мастацкую адукацыю атрымаў у Завочным народным універсітэце мастацтваў імя Н. Крупскай у Маскве. У 1967—1969 гадах служыў у арміі.
Асновы прафесійных навыкаў атрымаў у студыі Анатоля Бараноўскага. У 1970—1976 гадах навучаўся ў Беларускім дзяржаўным тэатральна-мастацкім інстытуце (цяпер Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў) у мастакоў Хаіма Ліўшыца, Барыса Аракчэева, Мая Данцыга, Пятра Крохалева. У мастацкіх выставах бярэ ўдзел з 1975 года. Сябар Беларускага саюза мастакоў з 1983 года, быў сябрам суполкі «Няміга», з утварэннем творчай суполкі «Пагоня» перайшоў у яе склад.
У 1979—1982 гадах займаўся педагагічнай дзейнасцю (выкладчык малюнка і жывапісу кафедры архітэктуры Беларускага політэхнічнага інстытута) і ў 1983—1984 гадах (настаўнік малюнка і жывапісу ў сярэдняй школе з мастацка-архітэктурным ухілам № 75 г. Менска).
Быў затрыманы 10 сакавіка 2022 года, калі прыйшоў на суд над мастаком Алесем Пушкіным, і асуджаны на 15 сутак зняволення.[1]
Жанаты. Мае двух дачок.
Творчасць
[правіць | правіць зыходнік]Працуе ў галіне станковага жывапісу пераважна ў жанрах партрэта, тэматычна-гістарычнай карціны, краявіду, рэчавіду. Найбольш значныя творы: «Бабуліна спадчына» (1975), «Веткаўчанін Хведар Шкляраў» (1976), «Гусляр» (1980), «Белая мелодыя» (1982), «Спрадвеку ад Нараджэння» (1983), «Дудары» (1983), «Хрост ліцьвінаў» (1987), «Барвяны шчыт. Прысвячэнне Уладзіміру Караткевічу» (1990), «Памяці Язэпа Драздовіча» (1990), «Знак бяды. Прысвячэнне Васілю Быкаву» (1991), «Покліч» (1991), «Курапаты, прывід», (1992), «Поступ» (1992), «Рассунуўшы цемру. Прысвячэнне Міколу Ермаловічу» (1993), «Ані канца, ані пачатку» (1995), «Плашчаніца нацыянальнай ідэі» (2000), «Янка Купала. На куццю.» (2012), «Містэрыя плошчы ў Паставах» (2014); трытворы: «На досвітку» (1978), «Лявоніха» (1980), «Агмень» (1983), «Свята» (1988), «Героям Монтэ-Касіна» (2015).
Ранейшым творам уласціва схільнасць да распрацовак суворага стылю. Зараз Алесь Цыркуноў працуе ў сімвалічна-рэалістычным стылі, які выяўляе выразную эстэтызацыю фармальнага жывапісу з характэрнай каларыстычнай дынамікай.
Шмат увагі ў творчасці мастака надаецца партрэту. Гэтым творам уласціва гармонія спалучэнняў духоўных і характэрна-тыпалагічных адметнасцяў натуры выдатных дзеячаў Беларусі, якія найбольш глыбока кранаюць свядомасць гледача. Створаныя вобразы пазбаўлены літаратурнай фабулы, успрымаюцца на ўзроўні шчырай і светлай асабістай эмоцыі ды інтуітыўнага духу іх творчага генія.
Шмат якія кампазіцыі прысвечаны як сучаснай рэчаіснасці, так і мінулай гісторыі Беларусі. Пры гэтым закрануты тэмы Другой сусветнай вайны, чарнобыльскай трагедыі.
Шэраг персанальных і групавых мастацкіх выставаў праведзена як у Беларусі, так і за мяжой: Літва, Латвія, Расія, Украіна і іншыя.
Творы захоўваюцца ў фондах Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, Музея сучаснага выяўленчага мастацтва, Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь, Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, Магілёўскага абласнога мастацкага музея імя Паўла Масленнікава, Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея, Гомельскага музея сядзібна-паркавай архітэктуры, Полацкага краязнаўчага музея, Веткаўскага музея народнай творчасці, Жлобінскага гісторыка-краязнаўчага музея, Пастаўскага краязнаўчага музея, у прыватных зборах Беларусі, Расіі, Італіі, Польшчы, Украіны і іншых.
З 1998 года акрамя жывапісу займаецца разьбярскай творчасцю, а з 2000 года ім усталяваны шэраг манументальна-мемарыяльных помнікаў і памятных Знакаў прысвечаных памятным гістарычным падзеям і выбітным асобам Беларусі. Такія як: юбілейны Крыж усім Святым Беларусі перад вёскай Чэхі Мядзельскага раёна (2000); намагільны помнік Вандзе Ромар ля вёскі Канябічы Пастаўскага раёна (2001); помнік паўстанцу 1863—1864 гадоў Фларыяну Даноўскаму з выявай у мармуры ля вёскі Канябічы (2002); Капліца пашаны ў памяць палеглых змагароў-паўстанцаў за Айчыну ў 1794, 1831, 1863 гадах ля вёскі Страча Астравецкага раёна (2004); Брамная капліца на хрысціянскіх могілках ля вёскі Радута Пастаўскага раёна (2005); Памятны знак жаўнерам-суайчыннікам, палеглым у 1920 годзе ў гарадскім пасёлку Лынтупы (2008); Памятны крыж ксяндзу Вінцэнту Гадлеўскаму ва ўрочышчы Трасцянец, пераўсталяваны ля касцёла Святога Роха ў Мінску (2009); Памятны крыж Вацлаву Ластоўскаму з ягонай выявай ва ўрочышчы Курапаты (2016); Памятны знак Міколу Гусоўскаму ў горадзе Томску (2017) і іншыя. Некаторыя з іх рэалізаваны пры саўдзеле іншых асоб.
Узнагароды
[правіць | правіць зыходнік]Узнагароджаны ордэнам «Гонар Айчыны» (Мінскі культурна-асветны клуб «Спадчына», 1993)[2] і чэшскім медалём Масарыка (Чэшская амбасада ў Рэспубліцы Беларусь, 2005).
Зноскі
- ↑ «Затрыманы за тое, што размаўляў па-беларуску». Як 73-гадовы мастак Алесь Цыркуноў правёў 15 сутак на Акрэсьціна і ў Магілёве . Радыё Свабода (28 сакавіка 2022).
- ↑ ЦЫРКУНОЎ Алесь Іванавіч
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Беларускі Саюз Мастакоў 1938—1998: Энцыклапедычны даведнік / Аўтар-склад. Б. А. Крэпак і інш. — Мн.: ВТАА «Кавалер Паблішэрс», 1998. — с. 584
- Гаранская Т. Запаліць агмень, каб памятаць… Жывапіс Алеся Цыркунова. // Мастацтва. — № 5 (май) 2011.- с. 48-51.
- Творчая суполка Пагоня Беларускага саюза мастакоў. — Мінск; пад рэдакцыяй Зміцера Санько, 2016. — с. 182—183.
- Фатыхава Г. А. Цыркуноў А. І. // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі: У 5 тамах — Том 5: Скамарохі — «Яшчур». — Мн.: Выдавецтва «Беларускае савецкая энцыклапедыя», 1987. — с. 487—488.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 2: Усвея — Яшын; Дадатак / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 2003. — 616 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0276-8.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Беларусь у творчасці Алеся Цыркунова
- Персанальная выстава ў Палацы Козел-Паклеўскіх (м. Чырвоны Бераг) 2018 г.
- Прызентацыя твораў жывапісу мастака Алеся Цыркунова да яго 70-годдзя і з нагоды 100-годдзя БНР
- А. Цыркуноў прадстаўляе творы мастакоў суполкі Пагоня на выставе памяці. 2014 г.
- На Куцьцю
Галерэя
[правіць | правіць зыходнік]-
«Еўфрасіння Полацкая з вярыгамі»
-
Памятны крыж ксяндзу Вінцэнту Гадлеўскаму
-
Памятны знак жаўнерам-суайчыннікам
-
Капліца пашаны