Барыс Міхайлавіч Мікуліч

З пляцоўкі Вікіпедыя
(Пасля перасылкі з Барыс Мікуліч)
Перайсці да: рух, знайсці
Барыс Міхайлавіч Мікуліч
Асабістыя звесткі
Дата нараджэння:

19 жніўня 1912(1912-08-19)

Месца нараджэння:

Бабруйск, Бабруйскі павет, Мінская губерня, Расійская імперыя

Дата смерці:

17 чэрвеня 1954(1954-06-17) (41 год)

Грамадзянства:

Беларусь

Літаратурная дзейнасць
Род дзейнасці:

літаратуразнавец, пісьменнік

Лагатып Вікікрыніц Творы ў Вікікрыніцах

Барыс Міхайлавіч Мікуліч (6 (19) жніўня 1912, Бабруйск — 17 чэрвеня 1954, с. Машукоўка, Краснаярскі край; Псеўданімы: Б.Міхайлаў, Барыс М.; Крыптанімы: Б. М., БаМ, Б.М-ч, М. Б.) — беларускі пісьменнік, празаік, крытык.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

З 1928 член бабруйскага філіяла «Маладняка». З 1929 працаваў у бабруйскай газеце «Камуніст». У 1930 пераехаў у Мінск. Працаваў карэктарам у Дзяржвыдавецтве БССР; стыльрэдактарам, адказным сакратаром у газеце «Літаратура і мастацтва». Потым зноў вярнуўся ў выдавецтва на пасаду рэдактара (падчас арышту загадчык аддзела газеты). У 1930 вучыўся ў Мінскім беларускім педагагічным інстытуце (МБПІ), на літаратурных курсах у Маскве (1934—1936). У 1936 у Камуністычным інстытуце журналістыкі ў Мінску. Член СП БССР з 1934. У 1936 чытаў курс гісторыі літаратурных жанраў і гісторыі нарыса ў Інстытуце журналістыкі (Мінск). Да 1936 выдаў 7 мастацкіх кніг. Быў членам ВЛКСМ.

Творчасць[правіць | правіць зыходнік]

Пачаў публікавацца з 1927 (часопіс «Маладняк»). У даваенны час выдаў зборкі апавяданняў «Удар» і «Чорная вірня» (1931), «Яхант» (1935), аповесці «Наша сонца» і «Ускраіна» (1932), «Дужасць» (1934), «Дружба» (1936). Тэматыка твораў гэтага перыяду: падзеі грамадзянскай вайны, паслякастрычніцкая рэчаіснасць, складанасць барацьбы новага і старога ў тагачаснай вёсцы. Адлюстраваў рамантыку рэвалюцыйнай эпохі, небывалы ўздым і працаздольнасць свайго пакалення. Друкаваў рэцэнзіі, агляды тэатральнага рэпертуару. Перажыў нападкі на свае творы («Наша сонца», «Дужасць») з боку крытыкаў-вульгарызатараў (А. Кучар). У пасляваенны час у Ашгабадзе напісаў 1-ю частку рамана «Адвечнае» (надр. 1972) з задуманай эпапеі пра руска-французскую вайну 1812. У 1947—1949 шмат пісаў, асабліва пра падзеі Вялікац Айчыннай вайны (аповесці «Цяжкая гадзіна», «Жыццяпіс Вінцэся Шастака», «Палеская аповесць»), аднак апальнага пісьменніка ніхто не друкаваў. Аповесць «Развітанне» прысвечаная М. Багдановічу апублікаваная ў 1959. У 1946—1949 напісаў у жанры дзённікавых запісаў «Аповесць для сябе» апублікаваную ў 1987—1988 і 1993, у якой змясціў успаміны пра беларускіх пісьменнікаў, літаратурнае і тэатральнае жыццё Беларусі ў 1920—1950-я, сваё жыццё ў лагерах і турмах. Лепшыя творы Б. Мікуліча вылучаюцца псіхалагізмам, глыбінёй пранікнення ў чалавечыя характары, жывой выразнай мовай.

Рэпрэсіі[правіць | правіць зыходнік]

Арыштаваны 26.11.1936 у Мінску па адрасе: вул. Чырвоназвёздная, д. 7, кв. 2., асуджаны пазасудовым органам НКУС 5.10.1937 як «член контррэвалюцыйнай нацыянал-фашысцкай арганізацыі» і за «антысавецкую дзейнасць» да 10 гадоў ППК. У 1937 пераведзены ў Марыінск Новасібірскай вобласці, у 1938 г. — у Рашоты Краснаярскага края. У 1943 г. быў пераведзены ў катэгорыю ссыльных. Пасля вызвалення ў 1946 г. пераехаў у Ашгабад да старэйшай сястры Кацярыны, нягледзячы на тое, што яму было забаронена жыць у сталіцах. У чэрвені 1947 г. без дазволу ўлад вярнуўся ў Беларусь. Жыў у Бабруйску, у Цераховічах на Лагойшчыне. У лістападзе 1947 г. з яго была знята судзімасць. У 1947—1949 гг. працаваў у бабруйскай бібліятэцы. Звярнуўся да гістарычнай тэматыкі, падрыхтаваў аповесць пра М. Багдановіча. Актыўна пісаў, але яго творы не публікаваліся. Арыштаваны паўторна 28 красавіка 1949 г., высланы ў Сібір на вечнае пасяленне. Жыў у сяле Машукоўка Краснаярскага края, дзе і памёр. Рэабілітаваны 29 снежня 1954, праз тры месяцы пасля смерці. Асабовая справа М. № 9935-с з фотаздымкам захоў­ваецца ў архіве КДБ Беларусі.

Творы[правіць | правіць зыходнік]

  • Выбранае. Мн., 1959;
  • Аповесці. Мн., 1985;
  • Палеская аповесць: Аповесці, апавяданні. Мн., 1991;
  • Аповесць для сябе. Мн., 1993.

Зноскі

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 10: Малайзія — Мугаджары / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 2000. — 544 с.: іл. ISBN 985-11-0169-9 (т. 10), ISBN 985-11-0035-8.;
  • Бугаёў Д. Станаўленне мастака // Бугаёў Д. Шматграннасць. Мн., 1970;
  • Грахоўскі С. Слова пра друга // ЛіМ. 1962, 31 жн.;
  • Грахоўскі С. Так і застаўся маладым… // Грахоўскі С. Так і было. Мн., 1986;
  • Маракоў Л. У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. — Т. 2. — Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9;
  • Маракоў Л. У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. — Т. 3. Кн. 2. — Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9;
  • Мікуліч Барыс // Беларускія пісьменнікі: Біябібліяграфічны слоўнік. У 6 т. / пад рэд. А. І. Мальдзіса. — Мн.: БелЭн, 1992—1995., т. 4;
  • ЭГБ, т. 5.