Перайсці да зместу

Беларуская дзяржаўная філармонія

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Беларуская філармонія)
Беларуская дзяржаўная філармонія
Заснаваны 25 красавіка 1937
Краіна
Архітэктар Георгій Міхайлавіч Бенядзіктаў
Сайт philharmonic.by
Map

Беларуская дзяржаўная філармонія, Установа «Беларуская дзяржаўная ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга філармонія» — філармонія ў горадзе Мінску. Архітэктар будынка — Г. М. Бенядзіктаў.

Афіцыйна адкрылася 25 красавіка 1937 года ў складзе сімфанічнага аркестра, аркестра беларускіх народных інструментаў, Беларускага ансамбля народнай песні і танца і Беларускай харавой капэлы. Спачатку не мела нават свайго памяшкання. Першы галоўны дырыжор сімфанічнага аркестра Белдзяржфілармоніі Ілья Мусін успамінаў: «Канцэртнай залай філармоніі служыла памяшканне клуба. Няўтульнае, пустое фае, гэткая ж непрывабная зала. Замест эстрады — тыповая клубная сцэна з кужэльнымі парталамі. Акустыка агідная. Нядзіўна, што гэта памяшканне не спрыяла прыцягненню слухачоў»[1].

У красавіку 1963 года адбылося адкрыццё канцэртнай залы (930 месцаў, раён плошчы Я. Коласа, Бульвар Мулявіна).

На працягу двух гадоў праводзіліся рамонтныя работы, была палепшана акустыка залы, падсвятленне. Колькасць месцаў у Вялікай зале было скарочана да 688 і адкрыта Малая зала імя Р. Шырмы (200 месцаў).

26 студзеня 2005 года адбыўся першы канцэрт у абноўленай зале.

Пасля масавых фальсіфікацый на прэзідэнцкіх выбарах 2020 года, жорсткага разгону акцый пратэстаў, збіцця і катаванняў затрыманых пратэстоўцаў, калектыў філармоніі выйшаў 13 жніўня на акцыю пратэсту з плакатамі «У мяне скралі голас»[2]. Харавая капэла імя Рыгора Шырмы выканала на прыступках будынка песню «Магутны Божа»[3]. Супрацоўнікі філармоніі на працягу 2 тыдняў выходзілі на акцыі пратэстаў, выконваючы таксама «Купалінку», «Пагоню» М. Багдановіча, «Разбуры турмы муры» і іншыя песні як на плошчы Якуба Коласа, так і перад МТЗ[4], у крытым павільёне Камароўскага рынку[5], на станцыі метро «Купалаўская», у атрыумах гандлёвых цэнтраў «Сталіца» і «Галерэя».

Будаўніцтва вялося з 1955 года па паўторна выкарыстанаму праекту, які ў 1959 годзе пасля завяршэння агульных работ перапрацаваны архітэктарам Г. Бенядзіктавым з улікам спецыфікі прызначэння. Будынак адкрыты ў 1963 годзе. Трохпавярховы прамавугольны ў плане аб’ём з двухсхільным дахам. У 1983 годзе да тарца будынка дабудавана пяціпавярховае крыло. Галоўны фасад аформлены порцікамі з 6 канеліраванымі слупамі і трохвугольным франтонам. На бакавых фасадах вылучаюцца паўкруглыя эркеры лесвіц фае. Фасады па тынкоўцы аформлены пад блочную муроўку і завершаны магутным карнізам. Прасценкі паміж вокнамі бакавых фасадаў крапаваны шырокімі лапаткамі з арнаментальнымі паясамі ў завяршэнні. Вокны ў прафіляваным абрамленні з падаконнымі філёнгамі[6].

Канцэртная зала (996 месцаў) вырашана ў форме амфітэатра. Устаноўлены арган работы чэшскіх майстроў. Двухсветлавое фае з антрэсольнай галерэяй мае каланаду. Інтэр’ер аздоблены габеленам «Музыка» (1976; аўтары В. Нямцоў, У. Ткачоў, А. Яскін)[6].

Творчыя калектывы

[правіць | правіць зыходнік]

Адлюстраванне ў культуры

[правіць | правіць зыходнік]
  • У 2008 годзе выйшаў у свет дакументальны фільм «Адкрыты сезон» у гонар 70-годдзя філармоніі (РУП «Беларускі відэацэнтр», рэж. Аляксандр Старчанка)

Зноскі